Знайсці
15.11.2017 / 07:43РусŁacБел

Налепкі для беларускамоўных месцаў ад інтэрнэт-каталога СВАЕ.БЕЛ

СВАЕ.БЕЛ — каталог беларускамоўных бізнэсаў, паслуг, месцаў. Мы збіраем інфармацыю пра бізнэсы, якія абслугоўваюць кліентаў па-беларуску, спрыяльна ставяцца да беларускай мовы, выкарыстоўваюць беларускую мову ў рэкламе і вонкавым афармленні, падтрымліваюць беларускаарыентаваныя культурныя праекты.

З прыемнасцю прадстаўляем шаноўнаму спадарству новую праграму «Налепкі для бізнэсаў СВАЕ».

Для сённяшніх беларускіх рэалій на спажывецкім рынку тыповыя дзве парадаксальныя сітуацыі:

(1) вонкавая (фасадная) беларускасць: шыльды напісаныя па-беларуску, а ўнутры абслугоўванне адбываецца на іншых мовах і беларускай не пачуць, у выніку чаго беларускамоўныя спажыўцы, якія спрабуюць камунікаваць з тымі бізнэсамі па-беларуску, атрымліваюць адмоўны досвед;

(2) вонкавая рэклама бізнэсу і ўнутранае афармленне выканана на рускай, беларускамоўны персанал, можа, і ёсць, але беларускамоўны спажывец, калі ён бачыць шыльды на рускай мове, то і сам камунікуе на рускай — асабліва тыя, хто стаміўся ад змагання за родную мову ці проста яшчэ ня ведае беларускую на дастатковым узроўні і пачуваецца не вельмі ўпэўнена.

Налепкі для бізнэсаў СВАЕ вырашаюць абедзве гэтыя праблемы.

Павесіўшы такую невялікую налепку (7 см у дыяметры, на сантыметр меншую за крэдытную картку) на дзверы ці іншае бачнае месца свайго гандлёвага аб'екта, вы даяце спажыўцам знак, што тут з беларускай мовай няма праблем. Што тут можна і трэба размаўляць на беларускай, вас зразумеюць і вам па-беларуску адкажуць.

Налепкі не ўтрымліваюць ніякай рэкламы, а дызайн распрацаваны так, каб не адпужаць іншамоўных (напр. рускамоўных) спажыўцоў. Каб тыя не падумалі, што тут ТОЛЬКІ па-беларуску.

Варыянты дызайну:

простая зялёная налепка са словам СВАЕ, добра чытаецца з 3—5 метраў. Зялёны колер значыць, што ўнутр можна смела заходзіць

белая налепка, мае вялікае слова СВАЕ, якое чытаецца з 3—5 метраў, і дробны тэкст шэрым «РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ», які можна прачытаць, толькі падышоўшы на метр ці каля таго

тое, што і вышэй, але дробным шрыфтам напісана «БЕЛАРУСКІ БІЗНЭС» і пяць зорачак уверсе

варыянт папярэдняй, без зорачак, слова «СВАЕ» крыху змешчана ўверх

Налепкі выкананыя на вінілавай плёнцы, устойлівыя да метэаўмоваў і не пакідаюць слядоў, калі вам спатрэбіцца іх зняць (хоць з чаго б вам захацелася пазбавіцца ад таемнага знаку і магніту для беларускамоўных спажыўцоў?).

Налепкі даступныя для імгненнай замовы бясплатна ўсім бізнэсам, зарэгістраваным у каталозе СВАЕ.БЕЛ. Каб замовіць, проста трэба ўвайсці на сайт і скарыстацца спасылкай «Замовіць». Усе налепкі дастаўляюцца звычайным паштовым адпраўленнем, тэрмін выканання замовы — 1 дзень, тэрмін дастаўкі звычайнай поштай — 2—5 дзён.

Апцыянальна (крыху павялічвае тэрмін выканання замовы) на налепку можа быць нанесены QR-код са спасылкай на вашую старонку на сайце СВАЕ.БЕЛ, каб кліенты са смартфонамі маглі адразу пакінуць водгук ці звязацца з вамі праз вашыя сацсеткі, калі ваш гандлёвы аб’ект часова закрыты.

На сёння ў каталозе СВАЕ.БЕЛ зарэгістравана 90+ месцаў, дзе беларуская мова прысутнічае сёння, зараз, проста у гэты момант. Дзясяткі бізнэсаў маюць доступ да сваіх дэталяў і могуць мяняць інфармацыю пра сябе самастойна. Запрашаем бізнэсы, якія яшчэ не зарэгістраваныя ў каталозе СВАЕ.БЕЛ, далучацца!

СВАЕ.БЕЛ — таму што тут свае.

Прыватнае прадпрыемства па аказанні паслуг «Майстар Вэб Програмінг Сэрвісэз» УНП 191921466

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера