Знайсці
06.03.2017 / 15:4024РусŁacБел

Завадатарку Маршу дармаедаў у Брэсце адпусцілі з псіхдыспансера: «Мяне проста трымалі там і нікога не пускалі»

Наталлю Папкову затрымалі 3 сакавіка. Гэтая актывістка «Маладой Беларусі» была адной з тых, хто выступаў арганізатарам вулічных акцый пратэсту ў Брэсце. А на 5 сакавіка акурат чакалася чарговае мерапрыемства. У панядзелак пасля абеду Наталля Папкова расказала «Нашай Ніве» аб абставінах затрымання.

«У пятніцу разам з сястрой я выходзіла з пад’езда ўласнага дома. Падышлі два міліцыянты да нас. Адзінае, што сказалі: «Ты едзеш з намі». Не далі патэлефанаваць нікому, сястру не чапалі. Я толькі прасіла, каб ёй аддалі мой тэлефон, але не дазволілі.

Павезлі на вуліцу Савецкую ў псіханеўралагічны дыспансэр. Там па кабінетах мяне не вадзілі. У гэты час адзін з міліцыянтаў — мой участковы — бегаў па кабінетах і збіраў дакументы.

Потым мы паехалі да пракуратуры. У будынак мяне не пусцілі, я сядзела ў машыне і чакала. Хвілін 20 міліцыянты знаходзіліся там.

У выніку мяне павезлі на Плоску [прыгарад Брэста, дзе знаходзіцца псіхіятрычная лякарня — «НН»]. Пры гэтым мне не казалі, куды вязуць і навошта. У Плосцы мне сказалі, што мяне затрымалі па санкцыі пракурора. Пры гэтым ніякіх папер не паказвалі, толькі сказалі, што я застануся тут.

Ніякімі таблеткамі мяне не кармілі, лячэння ўвогуле не было. Проста трымалі і ўсё, нікога не пускалі, апроч сяструні. Прыязджалі мае сябры з «Маладой Беларусі» з Мінску, Віцебску, і іх нейкім цудам таксама прапусцілі разам з сястрой.

У палаце, апроч мяне, было яшчэ трое чалавек — хворыя, няшчасныя людзі.

На выхадных дактары нічога не казалі. Аднак сёння на абходзе сказалі, што быў сігнал ад суседзеў, нібыта я намагалася скончыць жыццё самагубствам. Я ўпэўнена, што гэта фікцыя і нічога падобнага суседзі сказаць не маглі.

Праводзілі нейкія псіхалагічныя тэсты, задавалі пытанні, былі кубікі, якія трэба было складаць…

Канечне, звязваю гэта са сваім удзелам у «акцыях недармаедаў», я была адна з арганізатараў. Была на акцыі 17 лютага ў Мінску, а пазней была на ўсіх у Брэсце. Мяне неаднойчы выклікалі ў міліцыю, але там нічога не было на мяне, то вырашылі зрабіць так, як зрабілі.

Не выключаю, што гэта рабілася для таго, каб я не паўдзельнічала ў маршы ў гэтую нядзелю».

Фота з фэйсбука Артура Фінькевіча.

Наталля Папкова далучылася да «Маладой Беларусі» 7 гадоў таму. Вучылася ў Прыборабудаўнічым каледжы па спецыяльнасці «страхавая справа». Цяпер мае сваю клінінгавую кампанію ў Брэсце.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера