Знайсці
27.01.2017 / 09:5832РусŁacБел

«Той каментар быў глупствам» — у Гомелі экс-міліцыянта асудзілі за абразу беларускай мовы

У судзе Навабеліцкага раёна Гомеля пачаўся працэс па адміністратыўнай справе: былы міліцыянт напісаў «Укантакце» абразлівы каментар пра беларускую мову. А мясцовы актывіст напісаў на таго заяву.

У суполцы Укантакце папулярнага гомельскага сайта «Моцныя навіны» была змешчаная апытанка: «Якая галоўная мова гамельчукоў?» У варыянтах прапаноўвалася беларуская, руская і трасянка.

Васіль Варушчанка пакінуў пад допісам наступны каментар: «Беларуская мова — гэта труп, які гніе, яго пара ўжо закапаць як мага глыбей. Так лічу».

Карыстальнікі зацікавіліся каментатарам — і асабліва ягонымі неардынарнымі фотаздымкамі. Высветлілася, што мужчына да 2013 года працаваў у мясцовым Дэпартаменце аховы МУС.

А Ігар Случак, гомельскі актывіст, накіраваў заяву ў Гомельскі гарвыканкам з просьбай прыцягнуць да адказнасці грамадзяніна, які абразіў беларускую мову. Актывіст палічыў, што гэтым выказваннем аўтар парушыў заканадаўства аб мовах (артыкул 9.22 КоАП).

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Васіль Зубец паведаміў, што каментарый грамадзяніна пра беларускую мову як «гнілы труп» быў накіраваны на экспертызу з пытаннем, ці можна лічыць такое выказванне абразлівым для беларускай мовы. Эксперты пацвердзілі — выказванне абразлівае.

І вось у выніку Варушчанка ў судзе. Яму пагражае штраф ад 4 да 10 базавых велічынь.

Перад пасяджэннем хлопец прызнаўся, што перагледзеў сваю пазіцыю.

«Перагнуў я палку сваім выказваннем, так. Той каментар быў глупствам. Пакрыўдзіць я нікога не хацеў. Мова не мёртвая, усё ж людзі ей карыстаюцца, — сказаў Васіль. — Але крыўды на актывістаў, што зачапіліся за гэту гісторыю не маю — гэта іх уласная сэксуальная драма. Праца ў іх такая, яны грошы за гэта атрымліваюць, мяркую».

«Ці лічу, што вінаваты я? Ну, калі закон парушыў, то вінаваты», — паціснуў плячыма Варушчанка.

Разглядае справу суддзя Дзмітры Казлоў.

24-гадовы Варушчанка прыйшоў у суд адзін — без сяброў ці праваабаронцаў.

«Мэты кагосьці крыўдзіць я не меў, — паўтарыў Васіль і перад суддзёй. — Віну сваю я прызнаю і раскайваюся. Калі мае словы прызналі абразай, то так і ёсць. Я цалкам згодзен з экспертамі, яны людзі кампетэнтныя — калі вырашылі так, значыць так. Няведанне закона не вызваляе ад адказнасці — і я панясу пакаранне».

Суддзя Казлоў прызнаў Варушчанку вінаватым і даў яму максімальнае пакаранне — 10 базавых (230 рублеў).

«Недапушчальна так паводзіць сябе грамадзяніну Рэспублікі Беларусь», — сказаў суддзя.

Увесь працэс заняў 17 хвілін.

«Ці справядліва пакаралі мяне? Так, цалкам. Ці буду яшчэ пісаць такія каментары? Паглядзім», — сказаў журналістам Варушчанка.

Абскарджваць прысуд Варушчанка не будзе — нават штраф ён пайшоу плаціць адразу пасля абвяшчэння прысуду.

«Да беларускай мовы ставіцца інакш я не стаў. Мне як было фіялетава, так і засталося. Мне мова не перашкаджае», — сказаў на развітанне Варушчанка.

Улад Швядовіч, Гомель — Мінск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930