Знайсці
20.06.2008 / 08:5213РусŁacБел

Адказнасьць за крыж

Днямі раённы суд Старых Дарог аштрафаваў сьвятара Леаніда Акаловіча за набажэнства ў памяць аб бязьвінна загінулых мірных жыхарах і асьвячэньне крыжа. Піша ў сваім блогу Аляксандар Шрамко.

Днямі Старадароскі раённы суд аштрафаваў сьвятара Леаніда Акаловіча за набажэнства ў памяць аб бязьвінна загінулых мірных жыхарах і асьвячэньне крыжа.

“Крыміналу” тут атрымалася шмат. І яшчэ невядома, які крымінал большы - ці тое, што сьвятар аўтакефальны, ці тое, што акцыя апазыцыйная, ці тое, што загінулі мірныя жыхары не ад немцаў, а ад помсты партызанаў. Атрымаўся, прама скажам, моцны ідэалягічны кактэйль.

І гэта пры тым, што нават бяз усіх гэтых кампанэнтаў ужо сам факт усталяваньня крыжа беларускімі ўладамі можа трактавацца як крымінал.

У сувязі з гэтым згадваецца мне падзея, якая адбылася некалькі гадоў таму на нашым прыходзе ў Вяснянцы. Як вядома, тут адначасова і “рэжымнае” месца, і зона адпачынку. Разгарнула тут сваю дзейнасьць і сэкцыя “маржэй”. Нават не проста “маржы”, а пасьлядоўнікі Іванова. І хаця шмат хто лічыць, што гэта антыхрысьціянская сэкта, раптам загарэліся яны ўсталяваць крыж перад маленькай запрудай, дзе яны акуналіся ў халодную крынічную ваду. Зрабілі крыж, папрасілі асьвяціць у нас на прыходзе. Як раз я і асьвячаў. Але асноўныя падзеі адбыліся без майго ўдзелу. Каб усталяваць крыж урачыста, папрасілі ўдзельнічаць сьвятара, які быў у храме у той дзень – айца Васіля. Ён і ўзначаліў працэсію. Што тут пачалося... Прыбеглі працаўнікі службы аховы, нейкія чыноўнікі, сталі патрабаваць айца Васіля. Асабліва лютаваў нейкі дзядзька невялікага росту. Выкрыкваў, што сьвятар будзе адказваць перад судом за “незаконнае” набажэнства. Пры гэтым тут жа ўзгадваў пра нейкіх “голых баб”. Меліся на ўвазе “маржы” ў купальніках, выгляд якіх быццам бы абражае прэзыдэнта. Атрымалася, што да ўсяго сьвятар рассаднік амаральнасьці, а вось прэзыдэнт наадварот - сама нявіннасьць.

Як распавядаюць, глядзеў а. Васіль на крыклівага глядзеў, а потым запытаў: “А Вы хто такі?”. – “Я- Паўлаў!!!”- ажна зайшоўся дзядзька.

Зараз усё гэта ўзгадваецца з гумарам, а тады справа выглядала даволі сур’ёзнай. У рэшце рэшт абышлося, але мы пабачылі, як любіць наша ўлада хрысьціянскі крыж.

Аляксандар Шрамко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера