Знайсці
29.08.2016 / 00:308РусŁacБел

Алесь Бяляцкі: Што я вынес з турмы

Апублікавана ў «Дзеяслоў», №81 (2, 2016).

02 красавіка, 2014
Бабруйск, калонія №2

Жыццё маё павярнулася такім чынам, што ў век, калі такі сродак кантактавання, як ліст, напісаны ад рукі на паперы, і паштоўка — адыходзяць у нябыт, саступаюць месца бяздушнай электроннай пошце ці тэлеграмападобным смс, я наадварот апынуўся ў лістоўнай плыні. Складана апісаць адчуванні чалавека, які за два з паловай гады сам напісаў больш за тысячу лістоў і паштовак і атрымаў разоў у дваццаць болей! У асноўным гэта былі лісты падтрымкі. Пад некаторымі з іх, і на лістах, і на паштоўках, некалькі, а то і дзясяткі подпісаў. Нязвыкла апынуцца ў фокусе гэтакага лістападу. Я мяркую, што не заслужыў такой увагі. Але падобныя рэчы, мабыць, адбываюцца без уліку твайго жадання-нежадання.

Я добрасумленна праглядаю ўсю сваю карэспандэнцыю, гэтыя лісты, паштоўкі, тэлеграмы. Часам яны коратка падпісаныя: толькі подпіс, адно-два словы ці адзін-два стандартныя, выпрабаваныя на іншых вязнях, адпрацаваныя за дзесяцігоддзі, сказы. Часам яны больш разгорнутыя, больш дэталізаваныя і экспрэсіўныя, напісаныя дзецьмі, падлеткамі, моладдзю, людзьмі сярэдняга веку і сталымі людзьмі. Яны прыходзяць з розных краінаў і кантынентаў, і кожны з іх мае сваю асобную неперадавальную энергетыку.

Мяне ўражвае, што кожны з гэтых пераважна незнаёмых людзей у розных абставінах знаходзіў хвіліну часу, і ці спыняўся, ідучы каля пікету, і ставіў подпіс, падпісваў стандартны сказ, ці дома пісаў ад рукі або набіраў на камп'ютары грунтоўны ліст, ці ў кампаніі, у класе ці ў групе маляваў нешта ці выразаў і клеіў аплікацыю альбо выцінанку, ці падпісваў бясплатную паштоўку, выцягнутую з кішэнькі для посткросінгу ў бары.

Яны, усе гэтыя лісты і паштоўкі, вельмі дарагія мне. І ад вядомых людзей — пісьменнікаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, і ад сяброў і знаёмых, і ад зусім невядомых школьнікаў і пенсіянераў, шматдзетных маці, вернікаў і студэнтаў. Гэтыя часцінкі людскіх душаў складаюцца ў адну вялікую, яркую і стракатую мазаіку.

Калі-небудзь я зраблю выставу з гэтых лістоў і паштовак. Як прыклад салідарнасці. Будуць там вясёлыя дзіцячыя малюнкі са снегам і канадскімі хвоямі, з італьянскім сонцам і морам, змагарныя малюнкі з Польшчы з мурамі, якія разлятаюцца ад выбуху ўшчэнт. Будуць рупна выштукаваныя аплікацыі з каляровай паперы, з наклеенымі шматкамі скуры, бліскучымі стразамі і пасыпаныя шкляной пудрай. Будуць адмыслова надрукаваныя ў Галандыі і Бельгіі, Аўстрыі і Нямеччыне паштоўкі. Будуць самаробныя пісулькі, зробленыя з фотаздымкаў, і шыкоўныя крамныя паштоўкі, выдрукаваныя на крэйдавым рэльефным кардоне.

Я заўсёды ўважліва разглядаю выявы на паштоўках. Яны надзвычай разнастайныя. Найбольш выяваў з жывёламі і птушкамі, кветкамі і краявідамі, жывапісам і гарадскімі відарысамі.

Паштоўкі ідуць з усяго свету, з Амерыкі і Канады, з Аўстраліі і розных куткоў Еўропы. Мне шчыра хацелася б адказаць на кожную з іх, з удзячнасцю вярнуць хоць крыху той станоўчай энергіі, якая ахутвае мяне з ног да галавы. Але гэта немагчыма: розныя мовы, неверагодная колькасць лістоў, абмежаваны час. У нас няма ўзаемнага кантакту. І хоць абсалютная большасць з тых, хто піша, не чакае адказу, але немагчымасць адказаць пакрыёма турбуе мяне. Я, як той акумулятар, чорная скрыня з уваходнымі клемамі, накопліваю станоўчыя флюіды. Ці хопіць ёмістасці, памяці і глыбіні, каб захаваць усю гэтую пазітыўную энергію людзей?

Я задумваюся, наколькі варты такой масавай падтрымкі. Звычайны чалавек, у якога хапае сваіх слабасцяў і недахопаў, які наўрад ці хоча быць для каго-небудзь прыкладам у жыцці. Ці, можа, я сапраўды чагосьці не разумею і недаацэньваю ўсёй шматзначнасці і глыбіні абставінаў, у якіх апынуўся?

У свеце існуе безліч іншых розных праблемаў: вайна, уціск, гвалт, жорсткасць і нянавісць. Ёсць цэлыя краіны і рэгіёны, дзе чалавечае жыццё роўнае кошту патрона ад аўтамата Калашнікава. Штосьці ўсё ж з’яўляецца прычынай і нагодай, каб маральна падтрымаць, няхай сабе такім бяскрыўдным спосабам, паштоўкай ці лістом, і мяне. Можа, такім чынам выяўляе сябе сусветная салідарнасць? Можа, праз гэтыя лісты падтрымкі высвечваецца пратэст супраць агульнай несправядлівасці? Можа, з іх выпраменьваецца ірацыянальная спагада, разлітая ва ўсім свеце, да ўсіх пакрыўджаных і зняволеных?

Не так даўно я чытаў успаміны адной інтэлігентнай жанчыны, масквічкі, якая бачыла і запомніла, як пасля разгрому арміі Паўлюса пад Сталінградам палонных немцаў гналі доўгай калонай па цэнтральных вуліцах Масквы. Спагадлівыя жанчыны кідалі ў гэтую калону палоненых ворагаў хлеб.

Іншы пісьменнік згадваў, як іх, «ворагаў народу», на сібірскіх станцыях падкормлівалі вакзальныя гандляркі. Яны падыходзілі да цягнікоў, каб выгадней прадаць малако, сыр, булкі, каб карміць сваіх дзяцей, і аддавалі ўсё задарма вязням.

Пэўна, што я стаў аб’ектам, які дае магчымасць іншым людзям выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, праявіць чалавечую спагаду і чалавекалюбства.

Аб’ектыўна кажучы, мабыць, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Калі людзі гадуюць, берагуць і заступаюцца, больш за тое, часам рызыкуюць і ахвяруюць сабой дзеля жывёлаў, прыроды, навакольнага свету, дык чаму ж не рабіць тое самае, яшчэ і з большым імпэтам, у стасунках да сябе падобных? Крыху незвычайнасці дадае хіба тое, што ахвяраю стаўся праваабаронца, той, хто сам імкнуўся дапамагаць іншым людзям.

У пэўным сэнсе, часткова, праваабаронца можна параўнаць з доктарам. Толькі лякуе ён не фізічныя раны і хваробы, а дапамагае ў тых праблемах, якія часта грамадства стварае само сабе.

Урэшце і з хваробамі часта атрымліваецца такая самая гісторыя. Спачатку будуецца хімічны завод, бо патрэбныя месцы працы і прымальны ўзровень жыцця, а потым лякуецца рак, які накідваецца на чалавека з-за хіміі ў паветры, глебе…

Жыццё людзей пабудаванае з супярэчнасцяў, якія даводзіцца пераадольваць увесь час. Няма ў гэтым свеце спакою. Праваабаронцы змагаюцца, рупяцца, ваю­юць за лепшае жыццё для грамадства, часта для нейкага канкрэтнага чалавека, што трапляе ў бяду. Бывае, што яны, як у вулічнай бойцы, кідаюцца разняць і прымірыць варагуючыя бакі, і атрымліваюць каменем у галаву. Часта праваабаронцы імкнуцца заступіцца за слабейшага, абараніць ад моцных гэтага свету, і зноў ім дастаецца, бо яны ўлазяць «туды, куды не трэба». Людзі зазвычай падтрымліваюць праваабаронцаў, спадзяюцца на іх, і мы мусім быць не горшымі, чым пра нас думаюць.

І ўсё ж мне здаецца, што нябачная сувязь паміж мной і тымі, хто піша мне, не спадзеючыся на адказ, існуе.

У гэтых лістах і паштоўках ахвяра, якой я сябе не адчуваю, часта пераўтвараецца ў героя, якім я не з’яўляюся, але якога хацелі б бачыць ува мне. Ахвяра і герой у адной асобе насамрэч не з’яўляюцца ні ахвярай, ні героем.

Мне здаецца, што напісаўшы некалькі слоў у падтрымку, разам з апусканнем ліста ў паштовую скрыню, тыя, хто мяне падтрымлівае, у гэтае ж імгненне атрымліваюць і нябачны адказ. Гэта лёгка ўявіць: як у электроннай пошце — паслаў паведамленне і адразу ж атрымаў сімвал: дайшло. І ты адразу супакойваешся.

Незнаёмыя і нябачныя сябры і прыяцелі падтрымліваюць мяне і самі напэўна атрымліваюць наўзамен пачуццё задавальнення. Вось жа, чалавек, нягледзячы на мітуслівасць жыцця, безліч уласных праблемаў, знайшоў час і напісаў сваёй рукой ліст, ці, сама меней, надпісаў адрас і паставіў подпіс у падтрымку «ахвяры» ці «героя». Напісаў некаму, хто церпіць, уяўнаму ідэалу, герою, які здаецца ў нечым лепшым, дасканалейшым і больш незвычайным за астатніх. Які, бы ў тых мульціках ці амерыканскіх коміксах, дзе герой трапляе часам у складаную, а то і безнадзейную сітуацыю, заўсёды знаходзіць з яе выйсце. Яму не страшныя змрочныя муры цямніцы, ён разрывае жалезныя путы, вырываецца на волю, і ўрэшце дабро перамагае зло. І не так істотна, ці з’яўляецца гэты ўяўны герой-ахвяра сапраўдным героем.

05 красавіка 2014
Бабруйск, калонія №2

Назаўжды я запомніў цяжкае хрыплае дыханне былога вязня і дысідэнта, прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Пісьменнік і драматург, тусовачнік-нефармал у гады маладосці, чалавек, які розумам і словам намагаўся зламаць бетон камуністычнай дыктатуры, які ўпарта трымаўся сваіх перакананняў, за што і адсядзеў амаль пяць гадоў, і якога лёс з смярдзючай турэмнай «хаты» перасадзіў у крэсла прэзідэнта. Чалавек-легенда, у маіх вачах, несумненна, чалавек-герой, сядзеў насупраць мяне за маленькім столікам, з разуменнем слухаў мой сумны аповед пра Беларусь, а ягоная заўсёды запаленая трахея, з шумам, з сіпам, як кавальскія мяхі ў вясковай кузні, з цяжкасцю ганяла туды-сюды паветра.

«Святых заўсёды трэба лічыць вінаватымі, пакуль недаказаная іхняя невінаватасць» — пісаў Джордж Оруэл пра Гандзі. Ён крыху недалюбліваў Гандзі і як брытанец, і як марксіст. Ён пярэчыў абагаўленню Гандзі, кажучы, што масавы мірны супраціў, гэтак званая «цвёрдасць у праўдзе», якую прапаведваў Гандзі ў змаганні з англійскім каланіялізмам, была выніковай толькі ў той сістэме законнасці і правапарадку, свабоды прэсы, якой прытрымліваліся ангельцы ў Індыі. І што гэтая філасофія нягвалту бессэнсоўная і пагібельная пры такіх таталітарных рэжымах, як фашызм і сталінізм. Таксама неразуменне ў аўтара знакамітага раману «1984» выклікалі і такія «дзівацтвы» Гандзі, як вегетарыянства, адмова ад сэксуальнага жыцця і ад блізкага сяброўства дзеля агульнай любові да людзей.

Але, калі Гандзі не стала, Джордж Оруэл усклікнуў: «які чысты пах пакінуў ён пасля сябе!»

Гэтая гісторыя падаецца мне важнай і павучальнай: няма людзей без хібаў, а нашыя пачуцці і ўяўленні часта падманваюць нас. Гэта як поўня, што ў небе выглядае большай за сонца. Мы памыляемся, мы расчароўваемся, мы губляем веру і надзею і ўсё роўна шукаем, ствараем і знаходзім новых герояў, новых «рыцараў без заганы», якім хочацца давяраць і верыць. Для кожнага чалавека важна мець жыццёвыя, духоўныя, маральныя прыклады і ўзоры. Тады ён адчувае сябе больш упэўнена, трывалей стаіць на зямлі, дакладней уяўляе, куды яму далей ісці.

Бацька маёй жонкі, мой цесць Сяргей Міхайлавіч Пінчук, пражыў 94 гады. Ёсць здымак, дзе ён, забраны ў войска яшчэ да вайны, сядзіць у будзёнаўцы, гэтым дзіўным вастраверхім шаломе чырвонаармейцаў. Усю вайну ён праваяваў на фронце, не аднойчы быў паранены і ўзнагароджаны. Ён распавядаў, як аднаго разу ў Польшчы, пасля пераправы праз Віслу яму з атрадам байцоў загадалі абысці вёску, дзе заселі немцы, і падчас агульнай атакі ўдарыць у фланг абароны. Яны пайшлі і заблукалі, згубілі патрэбны накірунак. Яны не маглі выканаць загаду, бо ісці ўначы наўздагад азначала натыкнуцца на верную смерць. Яны затаіліся там, дзе заспела іх разгубленасць.

«Я вельмі баяўся», — распавядаў ён, бо невыкананне загаду ў вайну лічылася злачынствам і каралася пазбаўленнем звання і штрафным батальёнам ці расстрэлам. «Гэта была адна з самых безнадзейных і самотных начэй у маім жыцці», — казаў ён.

«Але нам пашанцавала, — працягваў, — зранку, калі пачалася атака і завязаўся бой, аказалася, што мы знаходзімся амаль там, дзе і мусілі быць. Мы ўдала ўступілі ў бой, і немцы адступілі, пакінулі вёску. Я нікому не распавёў пра нашае блуканне і пра мае начныя страхі».

На падбароддзі ў цесця быў заўважны, невялікі, тонкі, крыж-накрыж, шнар. У рукапашным баі пад Берлінам куля на злёце рассекла ніжнюю губу, патрапіла яму ў рот і выбіла некалькі зубоў. Цесць выплюнуў яе разам з зубамі на зямлю. І за бой на Вісле, і за бой каля Берліну ён быў узнагароджаны ордэнамі за мужнасць і гераізм.

Ён перажыў пасляваенную сталіншчыну, але цяга да справядлівасці не спрыяла ягонай кар’еры і прывяла ўрэшце ў шэрагі апазіцыйнай партыі. А вось іншы франтавік капітан-артылерыст Аляксандр Салжаніцын за сумненні ў геніі стратэга Сталіна, выказаныя ў лістах да сябра, проста з фронту паехаў у ГУЛаг.

У рамане «У коле першым», асэнсоўваючы свой турэмны досвед, Аляксандр Салжаніцын напіша: «У апісанні турмы заўсёды імкнуліся згушчаць жахі. А ці не жахлівей, калі жаху няма? Калі жах — у шэранькай метадычнасці тыдняў? У тым, што забываешся: адзінае жыццё, дадзенае табе на зямлі, зламанае».

Чалавеку лягчэй аднойчы, у адну хвіліну, пайсці на адважны ўчынак, гледзячы смерці ў вочы, чым вытрымліваць год за годам маральны, псіхалагічны ціск, гэтую «шэранькую метадычнасць тыдняў».

У агульнай, працяглай дэпрэсіўнай сітуацыі, у якой дзесяцігоддзямі боўтаецца наш свет, напэўна важна мець такія прыклады чалавечай годнасці, як Махатма Гандзі, як Аляксандр Салжаніцын і Вацлаў Гавэл. Іхні магутны імпульс ды заклік да справядлівасці, да «цвёрдасці ў праўдзе», да імкнення «жыць не па ілжы» захапляе і вядзе за сабой.

Турэмная ізаляванасць абвастрае пачуцці. Здзіраецца скарынка раўнадушша і абыякавасці, якая міжволі ўтвараецца ад штодзённай мітусні на волі. Я перачытваю раман Льва Талстога «Вайна і мір». Калі ў рамане апісваецца маладзенькая Наташа Растова, яе рухі, думкі, пачуцці, у мяне міжволі пачынаюць ліцца слёзы. Я плачу над раманам, як бабруйскі бабёр, не ведаючы, што ў гэты момант думаюць мае зэкі-суседзі па секцыі.

Гэтаксама больш выразна і эмацыйна я ўспрымаю лісты і паштоўкі, якія прыходзяць да мяне. Сярод масы пажаданняў, добрых словаў, станоўчых пачуццяў ёсць такія, якія запомняцца назаўжды. Такім быў ліст ад Вацлава Гавэла, які ён напісаў за некалькі дзён да таго, як адышоў у іншы свет. Моцна хворы, ён усё ж знайшоў у сабе сілы і жаданне падтрымаць беларусаў у бядзе.

Такім быў і ліст ад беларускага дысідэнта савецкіх часоў Міхася Кукабакі, які прасядзеў у турме і псіхушцы, цяжка сабе ўявіць, 17 гадоў. Я не ведаю, хоць і чытаў ягоныя тэксты з успамінамі, дзе ён браў сілы і натхненне цвёрда стаяць на сваім, не паддавацца, не апусціць рукі. Дзядзька Міхась выйшаў з турмы апошнім з палітзняволеных у СССР, так і не склаўшы просьбы аб памілаванні.

Яшчэ адзін памятны ліст быў ад Набіла, праваабаронцы з Бахрэйну, які перапісала ў сваім лісце да мяне мая каляжанка. Мы неаднойчы спатыкаліся з Набілам у бюро Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека ў Парыжы, размаўлялі, дыскутавалі, слухалі адзін аднаго. Ён добра размаўляў па-англійску, заўсёды быў акуратна і з густам апрануты, здаваўся вельмі сур’ёзным і стрыманым. Затым першым асудзілі мяне, а неўзабаве і яго. Ніякі Парыж, ніякія круглыя сталы і французскія багеты не маглі так зблізіць нас, як беларуская і бахрэйнская турма. Набіл напісаў, што рвецца са зняволення дапамагаць іншым вязням, у тым ліку і мне. Я разумею, што гэта немагчыма, але мне ўсё роўна цёпла на душы.

Побыт у турме аднаўляе бачанне таго, чым займаўся на волі. Часткай душы называў працэс самааналізу Леў Талстой. А яшчэ з’яўляецца вопыт і разуменне таго, што немагчыма ўсвядоміць стан зняволенага, не пабыўшы ім.

Адзін з беларускіх грамадзянскіх лідараў, пасля таго, як у 2011-м годзе выйшаў з «Амерыканкі», дзе яго пратрымалі чатыры месяцы ды так і не прад’явілі абвінавачвання, неяк сказаў, што добра было б, каб турэмнай баланды паспыталі і беларускія праваабаронцы. Маўляў, тады яны будуць лепей разумець — чым і як насамрэч трэба ім займацца. Я было пакрыўдзіўся на яго, бо мы дужа багата рабілі тады, каб арганізаваць як мага больш шырокую і выніковую кампанію дапамогі палітычным зняволеным. А цяпер я ў нечым згодны з ім. Прынамсі, мая ўнутраная матывацыя займацца абаронаю правоў атрымала новы штуршок.

Турма вучыць больш уважліва ставіцца да самога сябе, да сваіх родных, знаёмых і сяброў. Я шкадую, што ў сваім ранейшым жыцці мала часу аддаваў звычайным і простым чалавечым стасункам, размовам з блізкімі людзьмі. Адзін з былых нашых палітычных вязняў, пасля ўсіх сваіх прыгодаў, як ён гаворыць, пачаў хадзіць з жонкай у тэатр. Вось і я так хачу. Адзінае, што мяне бянтэжыць у маіх марах, дык гэта — дзе ўзяць той «вольны час».

Добра было б так збудаваць сваё жыццё, думаю я, каб на ўсё ставала часу. Але як гэтага дасягнуць? Мы захапляемся, хапаемся за адное і непазбежна забываемся на іншае. Адна мая сяброўка, нарвежка, юрыстка, адданая праваабароне, а да ўсяго маці трох дзяцей, распавядала, што яна, бывае, разрываецца паміж сям’ёй, дзецьмі і неадкладнай працай. Важнымі справамі, якія нельга кінуць-пакінуць нязробленымі, бо ад іх часта залежаць лёсы людзей у іншых краінах, дзе не ўсё так з правамі чалавека, як у яе Нарвегіі. І вось, распавядала яна, даходзіла да таго, што яна сядзела апоўначы за камп'ютарам у роспачы і плакала, бо нічога не паспявала. Калі ўжо педантычныя нарвежцы не паспяваюць усяго зрабіць, супакойваю я сябе, дык чаго ўжо мне, беларусу, пераймацца.

І яшчэ адзін кароткі допіс ад азербайджанскага праваабаронцы не выходзіць у мяне з галавы. Летась ён напісаў: «Трымайся, Алесь! Я прасядзеў у турме чатыры гады, і ты прасядзіш!» Мне было адначасова і смешна, і сумна. Сумна, бо чатыры ягоныя гады ў турме — гэта не чатыры дні. А смешна, бо я не верыў, што мне прыйдзецца адсядзець усе свае чатыры з паловай гады. Унутрана я не пагаджаўся з гэтым. Але цяпер, праз два з паловай гады зняволення, я ў думках адказваю яму: сапраўды, калі ты прасядзеў адмераныя табе гады, дык і я нікуды не падзенуся, прасяджу.

07 красавіка 2014
Бабруйск

З чым я ніколі не пагаджуся дык гэта са зняволеннем жанчын. Некалі Антон Чэхаў марыў, што прыйдзе такі час на зямлі, калі знікнуць турмы. Мінула ўжо больш за стагоддзе, а я працягваю за ім следам марыць, што наступіць гадзіна, калі хаця б не будуць знявольваць жанчын. Асабліва несправядлівым гэта бачыцца, калі жанчын пераследуюць за грамадскую дзейнасць, за ўдзел у мірных акцыях нязгоды, за праваабарончую працу.

Згадваю, як на Кубе, куды ездзілі, каб падтрымаць грамадскіх актывістаў, мы сустракаліся з маладой дзяўчынай з упартым бляскам у вачах. Яна распавяла, як яе бацьку пасадзілі ў турму за іншадумства, а яна з маці наладзілі акцыю пратэсту. Яны жылі ў правінцыі, у некалькіх сотнях кіламетраў ад Гаваны. Начапіўшы на шыі самаробныя плакаты, яны ўдзвюх пайшлі «маршам пратэсту» са свайго гарадка ў Гавану. Іх не арыштавалі адразу, дазволілі ісці. Усю дарогу іх «цёпла» сустракалі падрыхтаваныя праўладныя актывісты. Маці і дачку зневажалі, жанчыны штурхалі іх, абплёўвалі, закідвалі гнілой садавіной, драпалі. Некалькі разоў на іх нападалі апранутыя ў цывільнае хлопцы і збівалі іх. Маці разбілі галаву. Іхні марш адчаю ў падтрымку роднага чалавека змяніўся на сапраўднае пекла, на крыжовую праваабарончую дарогу. Але яны не здаваліся і ўпарта ішлі ў Гавану, пакуль ва ўладаў не здалі нервы. Урэшце іх затрымалі, парвалі плакаты, завезлі дадому і пасадзілі пад хатні арышт.

Амаль у той самы час, як я апынуўся ў турме, ва Украіне была зняволеная і неўтаймоўная Юля. Я па-чалавечаму спачуваў ёй. Бо тое, што церпяць зняволеныя мужчыны, часта звязана з вызначаным жыццёвым выбарам. І ў гэтым ёсць нейкая суровая логіка. Але саджаць кабету ў турму, якая б у іх там ні была ўзаемная нянавісць, не, трэба быць вялікім нягоднікам.

Чытаю, як у Егіпце паліцыянты разганяюць жаночую дэманстрацыю ў падтрымку скінутага прэзідэнта Мурсі. «Абаронцы народу» збіваюць жанчын прыкладамі аўтаматаў. Прыклады ў «калашнікавых», аблямаваныя жалезам, памятаю са службы ў войску. Паліцыянты не шкадуючы лупяць жанчын, з размаху, толькі трашчаць зламаныя косткі. Затым дэманстрантак судзяць і даюць неверагодна вялікія тэрміны зняволення.

Я часта згадваю яшчэ адную жанчыну, адвакатку з Ірану Насрын Сатудэх. Яна бараніла правы непаўнагадовых зняволеных, асуджаных на смяротнае пакаранне. Таксама Насрын абараняла ў судзе некалькі іранскіх вязняў, арыштаваных за ўдзел у мірных дэманстрацыях. Так у вачах іранскіх уладаў яна пераўтварылася ў непакорлівую і небяспечную праваабаронку.

Напачатку яе папярэдзілі: правялі вобшукі ў доме і на працы, арыштавалі рахунак. Яна не супынілася, надрукавала артыкул і абвінаваціла ўлады ў падтасоўцы абвінавачанняў іранскіх праваабаронцаў у падаткавых парушэннях. Насрын адкрыта пагражалі арыштам. Яна працягвала публічна пратэставаць супраць пакаранняў непаўнагадовых. Урэшце яе арыштавалі і абвінавацілі ў «прапагандзе супраць дзяржавы» і ў «змове і сходах з мэтай здзяйснення дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі». Рэвалюцыйны суд асудзіў Насрын Сатудэх на шэсць гадоў зняволення, якія яна адбывае ў турэмнай адзіночцы.

Галандскае аддзяленне «Эмнесці» арганізавала ў канцы 2012-га году лістоўную кампанію ў падтрымку некалькіх вязняў сумлення і ўключыла ў гэты шэраг Насрын Сатудэх і мяне. Шараговыя актывісты дасылалі лісты ва ўправу «Эмнесці» ў Амстэрдам. Там іх збіралі, раздрукоўвалі, калі гэта былі электронныя лісты, разбіралі каму які і адсылалі адрасатам. Я атрымаў тысячы «сваіх» лістоў і паштовак з Галандыі. Сярод іх мне трапляліся адасланыя па недаглядзе і лісты да Насрын. Мне падавалася, што нябачная сувязь праз Амстэрдам звязвала мяне з Насрын. Яна не ведала пра гэта, а ў маіх ведах была бязмерная спагада. Маленькая адважная жанчына.

Для мяне заўсёды было загадкай, чаму людзі так лёгка ломяць лёсы і жыцці іншых. Адкуль гэтая жорсткая ўпэўненасць у сваёй рацыі. З гісторыі ўсяго людства? З ягоных горшых цёмных старонак і бакоў? З прагі да помсты? Ці магчыма змяніць людскую натуру да лепшага? Я веру, што — так, магчыма.

Багата з тых, хто хацеў змяніць жыццё людзей да лепшага, чамусьці самі апыналіся ў турме. І таксама часта траплялі ў няволю тыя, хто больш за ўсё на свеце цаніў свабоду. Гэта здаралася праз духоўныя пошукі, сумненні і дзеі. Бясконцыя шэрагі гэтых людзей. Часам здаецца, што турма найперш і стваралася для іншадумцаў. Рознае стаўленне гэтых людзей да турмы. Так, пісьменнік-вязень Аляксандр Салжаніцын лічыў турму выпрабаваннем, якое можа загартаваць і адшліфаваць характар і душу чалавека. «Турма, гэта не толькі пракляцце, а і дабраславенне» — гэтак казаў адзін з герояў ягонага рамана «У коле першым».

Другі пісьменнік-вязень Варлам Шаламаў быў перакананы, што турма — гэта гіблае месца, дзе міжволі запэцкваецца і апаганьваецца чалавечая душа, робіцца горшым любы чалавек.

Нэльсан Мандэла, які адсядзеў у турме 27 гадоў, казаў, што ён удзячны лёсу за гэты час, калі мог пабыць сам-насам з сабой і спакойна падумаць.

Я не бачу супярэчнасці ў гэтых выказваннях і жыццёвых пазіцыях вядомых вязняў. Проста яны сядзелі ў розны час і ў розных умовах. Магаданскія лагеры, у якіх з голаду паміраў Варлам Шаламаў і дзе блатныя маглі лёгка зарэзаць «контрыка» ці «мужыка» за пройгрыш у карты ці за шалік, не былі і блізка падобныя да падмаскоўнай пасляваеннай «шарашкі», у якой трымалі тэхнічную інтэлігенцыю і дзе адбываў першую палову свайго тэрміну Аляксандр Салжаніцын. Там на стале падчас абеду ненармавана ляжаў хлеб! Еш — колькі з’ясі.

І турма Нэльсана Мандэлы была зусім іншай. У ёй не паміралі ад пелагры і дыстрафіі і дажывалі да старасці.

А вось у сталінскіх лагерах, як успамінае вязень і пісьменніца, аўтарка раману «Круты маршрут», Яўгенія Гінзбург, старых не было. Яны не вытрымлівалі і паміралі.

Урэшце за 27 гадоў зняволення Нэльсан Мандэла з лідэра ўзброенай барацьбы супраць каланіялізму ператварыўся ў прапаведніка негвалтоўнага супраціву за раўнапраўе. Стаўшы прэзідэнтам, ён не паддаўся празе помсты і цвёрда трымаўся сваіх поглядаў.

Да ўсіх адрозненняў у турмах трэба дадаць яшчэ і асаблівасці характараў зняволеных. Няма чалавека, падобнага да іншага, і гэтак жа ж па-рознаму людзі ўспрымаюць і ацэньваюць турму. Лёсы вязняў, іхнія ўражанні не падобныя адзін да аднаго. Колькі людзей — столькі і гісторыяў, столькі і ацэнак турмы. Вось для паэта Уладзіміра Някляева ягоная турма — навязлівая каханка, ад якой няма куды падзецца. Асэнсаванне прыходзіць толькі пасля пройдзенага шляху.

[Магчыма 05 сакавіка, 2014]
Бабруйск

Вяртаючыся да лістоў. Моц лістоў да зняволеных — у іхняй відавочнасці і адчувальнасці. Гэтыя знакі ўвагі з волі можна ўзяць, патрымаць, памацаць, разгле­дзець і пачытаць не адзін раз. Лісты да вязня — магутная псіхалагічная падтрымка.

Усе лісты і паштоўкі, якія прыходзяць да мяне, я чытаю, затым дзялю на тыя, на якія трэба адказаць і на якія адпісаць я не даю рады. Калі іх назбірваецца дастаткова, я пакую іх у вялікія пластыкавыя канверты і адсылаю дадому. Жонка піша, што імі закладзена паўпакоя. Няхай, супакоена думаю я, гэта найдаражэйшая частка майго архіву.

Разнастайнасць лістоў і паштовак, якія прыходзяць да мяне, не перастае здзіўляць. Яны напісаныя кірыліцай і лацінкай, іерогліфамі ды яўрэйскімі літарамі-крэскамі. Прыходзяць лісты з пяшчотным і дзіўнаватым тут, у турме, пахам духоў. Ад знаёмай прыйшоў ліст з бруднымі плямкамі ад лапак цікаўнага ката, які паспеў пахадзіць па ім. Другая ж знаёмая даслала ліст, упрыгожаны калякамі яе ўвішнай дачкі. Пакуль маці адыходзіла на хвілінку ад стала, двухгадовая дзяўчынка хуценька замалявала ліст. Іншая мая знаёмая даслала з Лісабону гнуткую паштоўку, зробленую з коркавага дрэва.

Часта лісты і паштоўкі ўпрыгожваюць рознымі каляровымі налепкамі і смайлікамі. Наборы такіх рэльефных гумовых, цэлулоідных і пластыкавых налепак даслалі мне. Я з задавальненнем клею іх на свае лісты. Ёсць у гэтым нешта бесклапотна-дзіцячае, нечаканае, што прымушае ўсміхацца.

У перадкалядных лістах прыходзяць каляндарыкі на наступны год. Я звычайна раздаю іх, пакідаючы сабе адзін ці два. На тумбачцы ў казарме ў мяне стаіць перакідны трохкутны, хаткаю, каляндар. Летась, у 2013-м годзе, гэта быў каляндар «Вясны» з узорамі выцінанак і рознымі варыянтамі «далонькі», новага сусветнага сімвалу праваабаронцаў. Сёлета стаіць «залаты» каляндар Дзяніса Раманюка. Асноўнае тло яго ў залатой фарбе, справа чорна-чырвоныя даты, а злева — руды кот сядзіць на драўлянай сіняй прызбе вясковай хаты, сакавіцкі здымак Дзяніса. Сакавік на двары, сакавік на календары, сакавік і ў мяне ў душы.

На Каляды прыходзяць лісты ад знаёмых каталікоў з аплаткамі. У каталіцкай традыцыі дзяліцца на Божае нараджэнне аплаткай — прасфіркай, тоненькай лустачкай прэснага спечанага цеста, звычайна з выціснутым на ёй рэлігійным сюжэтам. Я ламаю хрусткую аплатку і ў думках дзялюся ёй з роднымі і знаёмымі. Гэтае містычнае ламанне і ўяўнае дзяленне мацнейшае, чым калі б гэта адбывалася б у рэчаіснасці. Нішто не затлумляе ўнутраны спакой, і ўдаецца аддаць і атрымаць наўзаем залатую аблачынку духоўнай энергіі, срэбную крошку душы.

Часам тыя, хто мяне падтрымлівае, просяць адказаць на іхнія лісты. Я абмяжоўваюся і адказваю толькі родным, каб канчаткова не патануць у перапісцы. Родных я люблю і шкадую і адпісваю хоць бы таму, што іхняе становішча не набагата лепшае за маё.

Часта мне пішуць людзі з «групы рызыкі», якія самі цярпелі за грамадскую дзейнасць. Мы ў думках падтрымліваем адзін аднаго і паціху рухаемся наперад па жыцці. У гэтых лістах не чутно матываў жалю, спачування і спагады. Там ёсць разуменне. Мы, як вопытныя байцы, дзе паўзком, дзе перабежкамі, перасоўваемся на паклычанай перадавой лініі жыцця. Мы адступаем, упарта чапляючыся за апошні лапік нашай духоўнасці, паглыбей закопваемся ў абароне, часам контратакуем, часам нас бяруць у палон, але мы не здаемся. Ноты ціхага рашучага супраціву, беларускай някідкай упартасці гучаць у нашых душах.

Са здымкаў, якія даслалі мне, згадаю толькі два. Першы здымак — гэта фота Рыгора Барадуліна з ягоным подпісам. Кароткі аўтограф-пажаданне, подпіс — і ўсё. Гэты здымак гады паўтары таму даслаў мне Глеб Лабадзенка. Некалькі дзён таму вялікі беларускі паэт Рыгор Барадулін памёр, учора было развітанне з ім. Перакладаць паэзію на іншыя мовы амаль немагчыма, таму паэты застаюцца зазвычай дыямантамі ў сваіх нацыянальных культурах. Пераклады вершаў, як чучалы звяроў — падобныя, але не жывыя. Таму каштоўнасць таленту дзядзькі Рыгора — чыста беларуская, і яна — для беларусаў. У гэтым і ягоная драма, якая разам са знікненнем беларускай мовы паволі перацякае ў трагедыю.

А другі здымак — з кошкай Касяй, якая жыла ў нас у хаце ў Ракаве. Яна асірацела пасля майго арышту, і яе пагадзіліся ўзяць суседзі. На здымку Кася сядзіць на руках у суседскай дзяўчынкі і паглядае сваімі вузкімі бурштынавымі азіяцкімі вачыма проста мне ў душу. Я ведаю, як яна не любіць, калі яе трымаюць, лапы ў яе тырчаць у розныя бакі, яна напружаная, але трывае. Гаспадар у турме, і выбіраць не даводзіцца.

Прыходзілі мне ў канвертах замест лістоў кнігі з аўтографамі аўтараў і подпісамі. Прыгадаю з іх толькі дзве. Гэта кніжка вершаў і паэма выдатнага беларускага паэта Уладзіміра Някляева. Яна была напісаная ў зняволенні і моцна ўразіла мяне высокім узроўнем паэтычнага майстэрства і тым, што яна пахне, а дакладней, смярдзіць невытраўляльным духам турмы. Яна ўся, як адзіны вершаваны ліст.

Другая кніга прыйшла з далёкага Квэбэку, франкамоўнай правінцыі Канады. Даслаў яе паэт Нарман дэ Бэльфлёй. Дзе тая Канада, а дзе Беларусь! Норман падпісаў яе: «Алесю, сябру невядомаму, далёкаму і ўсё ж такому блізкаму», ад «сябра невядомага і ўсё ж зусім блізкага». Ён дакладна ўлавіў і перадаў нябачную сувязь салідарнасці, якая ўзнікае ў мяне пры чытанні кожнай паштоўкі і ліста.

Ёсць яшчэ адная паштоўка, якую я не магу не згадаць. Яна ад украінскага пісьменніка Аляксандра Ірванца. Ён даслаў яе з кіеўскага Майдану. Ужо загінуў на Майдане беларус Міхась Жызнеўскі, але яшчэ там не пралілася вялікая кроў. Аляксандр Ірванец напісаў выдатны раман-прадбачанне «Рівне/Ровно», дзе апісаў падзел Украіны ды існаванне дзвюх украінскіх дзяржаваў. Адной — постсавецкай, таталітарнай, зрусіфікаванай, другой жа — дэмакратычнай, еўрапейскай і ўкраіна­моўнай. Гэты раман на беларускую мову пераклаў наш выдатны пісьменнік Уладзімір Арлоў, і я чытаў яго яшчэ на волі. Утопія Аляксандра Ірванца цяпер амаль адбылася. Украіна балансуе на мяжы падзелу.

Я трымаў гэтую паштоўку з Майдану і літаральна адчуваў, як яна праменіць хваляй высакароднай салідарнасці. Як гэта няпроста, у крытычную хвіліну, калі вызначаецца лёс тваёй дзяржавы і твайго народу, не забывацца на іншых, памятаць, што дзесьці ў свеце, бліжэй ці далей, ёсць людзі, якім не зашкодзіць твая ўвага і падтрымка.

Прыгожыя, стракатыя і разнастайныя познамкі — маркі на канвертах і паштоўках, якія прыходзяць да мяне з усяго свету. Некаторыя зняволеныя ў зоне збіраюць познамкі. Да мяне ўжо не раз падыходзілі і цікавіліся. Я ветліва адмаўляю, тлумачу, што адсылаю канверты і паштоўкі дадому і не хачу іх псаваць.

З незлічонага рою матылькоў-познамак найболей мне падабаецца шведская серыя з вязаным адзеннем, упрыгожаным геаметрычным арнаментам. Арнамент падобны да нашага, беларускага: востраканцовыя квадратныя зоркі, крыжы, ромбы і павукі на швэдрах, шапачках і шкарпэтках. Цёплыя вязаныя шкарпэткі з каляднымі вастракутнымі крыжамі-зоркамі на шведскіх познамках — мой любімы малюнак.

Лісты да зняволенага — гэта як масток і ніткі сувязі з светам. Праўда, часам яна працуе як у той гісторыі пра Юрася Зарэцкага, якую я нядаўна пачуў. Жыў некалі адзін такі недарэка ў вёсцы пад Чачэрскам. Працаваў Юрка месяц, забіраў заробак у калгаснай касе і ішоў басанож у Чачэрск, боты купляць. Доўга выбіраў, новыя, спраўныя, каб усё было на месцы, і набойкі, і роўнае шво. Купляў Юрка боты, а потым закідаў іх высока на тэлефонныя драты і клыпаў назад дадому босымі нагамі. «Юрась! — пытаюцца цікаўныя хлопцы, — а дзе твае новыя боты?» «Па дратах перададуць», — адказвае бесклапотны і задаволены Юрка.

Ці дакладна я разумею і адчуваю тое, што мне дасылаюць знаёмыя і незнаёмыя сябры? Я сумняваюся. Тым не менш усе гэтыя «боты па дратах» выклікаюць у мяне моцныя станоўчыя эмоцыі. Яны, як тыя падпоркі для дрэва, якое стаіць на вятры, як каўток вады для засмяглага. Яны ўмацоўваюць дух, яны адпрэчваюць роспач і паняверку, яны паляпшаюць настрой. Лісты — гэта духоўная ежа для зняволенага, гэта віртуальныя вітаміны, якія падсілкоўваюць думку і сэнс жыцця.

Вялікай ластаўчынай чарадой ляцяць да мяне лісты з усяго свету. Сонечнымі зайчыкамі блішчаць і зіхацяць яны. Паштоўкі з наклееным птушыным пер’ем, запэцканыя дзявочай памадай, стэрэаскапічныя і такія, што раскладаюцца ў аб’ёмны сюжэт. Часам я ўяўляю вялізнае дрэва, мусібыць гэта клён, спрэс абвешанае лістамі і паштоўкамі, дасланымі мне, якія трапечуць на вятры. Радаснае дрэва спадзеву і аптымізму.

Яшчэ мне паведамляюць, што частка лістоў і амаль сто тысячаў подпісаў людзей паляцелі ў іншы дом. Цікава, а як там ставяцца да іх: абыякава, з прыхаваным разуменнем ці варожасцю? Ці праглядае хто іх, дзе яны ўвогуле дзяюцца? Чорныя дзіркі космасу некаторых дамоў умеюць хаваць свае таямніцы. Яны багата чаго ўсмоктваюць, зацягваюць у сябе і нічога не аддаюць назад. У таямнічым маўчанні адчуваецца пагрозлівая небяспека ці разгубленасць.

Адкрытасць, шчырасць, дабрыня і спагада адных, і зашпіленасць, зласлівасць і недавер іншых. Паміж гэтымі двума полюсамі прабягаюць дугі разрадаў чалавечай энергіі, сыплюцца яркія іскры пачуццяў. Дзесьці там, у нейкай кропцы гэтай дугі, знаходжуся цяпер і я.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера