Знайсці
17.01.2016 / 16:524РусŁacБел

Новыя крамы ў Мінску, якія варта наведаць ФОТА 

З кожным годам усё больш і больш крам адчыняецца ў Мінску. Беларуская мова і культура сёння становяцца прыкладам добрага маркетынгу. У навагодняй мітусні вы, магчыма, маглі прапусціць адкрыццё новых крам, якія адкрыліся адносна нядаўна, і вартыя вашага наведвання.

Кніжная крама выдавецтва «Галіяфы» (вул. Старавіленская, 6)

«Галіяфы» не новая кнігарня, але ў Траецкае прадмесце яны пераехалі адносна нядаўна.

У кнігарні стала больш месца, таму цяпер, акрамя продажу кніг, там ладзяцца розныя імпрэзы і творчыя вечары. У прыватнасці літаратурнае аб'яднанне «Вобла» кожны панядзелак з 20:00 да 22:00 праводзіць сустрэчы літаратараў і для літаратараў (маладых і дасведчаных) для супольнага чытання і ўзаемнага абмену думкамі.

«Алексіевіч вельмі хутка раскуплялі. У нас толькі 5 кніг засталося», — распавяла прадавачка. «Усе кнігі расстаўленыя па жанрах, асобныя палічкі — для дзіцячай літаратуры.»

Свежы нумар Наша Нівы ўжо ў кнігарні і чакае вас.

Акрамя кніг можна набыць невялікія сувеніры, саколкі і г.д.

Этнацэнтр «Рагна» (вул. Караля, 22 / вул.Сухая, 4)

Калі коратака, то гэта крама з рознымі беларускімі цацкамі, ўпрыгожаннямі і вопраткай.

Калі тварам стаць да гэтых вокнаў, то ўваход справа.

Сам этнацэнтр не новы, ён існуе ўжо даволі доўгі час. У асартыменце вялізарная колькасць ручных працаў, вокладкі, кнігі, завушніцы і г.д.

Напрыканцы мінулага году этнацэнтру аддалі другі паверх у тым жа будынку, але з іншага боку. Гэта дазволіла ім нашмат павялічыць колькасць і асартымент прадукцыі.

Там, пакуль што, няшмат чаго. Але ўжо можна набыць адзенне фірмы «Honar» і збаны.

Афлайн-крама «LSTR»

Андэграўдны брэнд Беларусі вырашыў адкрыць афлайн-краму. Пры гэтым далёка ісці не трэба. Крама знаходзіцца на тым жа другім паверсе этнацэнтра «Рагна».

Сама крама вытрымана ў мінімалістычным стылі. Выбар, пакуль што, невялікі, але зразумела што калі будзе попыт, то памераў і вопраткі будзе больш.

Тут можна набыць якасную сапраўдную вышыванку.

Крама «Мой родны кут» (ГЦ «Маскоўска-Венскі», павільён 333)

Хтосьці скажа, што «Мой родны кут» існуе ўжо даўно. Але толькі з пачатку снежня туды пачалі масава завозіць прадукцыю Symbal.by, а на прэзентацыі альбома Крамбамбулі у «Маскоўска-Венскім» гандлёвым цэнтры быў аншлаг.

Тут вы зможаце «абвышываніць» сябе, сваякоў, сяброў, кватэру, машыну і г.д. У краме ёсць маленькія і вялікія памеры, прадаюцца саколкі, байкі, шапкі ды шалікі, карацей кажучы, вопратка на кожную пару года.

Цана адпавядае якасці. Імаверна, даступнасць і стала сакрэтам поспеху тых жа вышымаек. Яны прадаюцца ўсяго па 200 тысяч.

Крама «Беларуская Прастора» (ГЦ «Маскоўска-Венскі», павільён 205)

Гэта крама-пачатковец адкрылася ў снежні мінулага году і зладзіла аншлаг невялікім канцэртам NAVI.

Тут вам дапамогуць сабраць дзіця ў школу. Ёсць ўсё неабходнае: сшыткі, асадкі, алоўкі і г.д. Таксама зможаце набыць сувенір ці іншы падарунак для сваіх сяброў, дзяўчыны / хлопца.

Шмат розных вырабаў ручной працы. Кожны тавар ў краме мае беларускую, нацыяльную афарбоўку.

***

Хутчэй за ўсё гэта толькі пачатак і мы зможам пабачыць яшчэ больш месцаў з беларускім і нешаблонным асартыментам. Людзі, якія іх ствараюць, імкнуцца ўнесці штосьці сваё ў культуру. У год культуры беларусы змогуць паказаць, што маюць сваю адметную культуру і традыцыі. Падстава для гэтага ўжо ёсць.

Мікіта Недаверкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера