Знайсці
07.12.2015 / 15:091РусŁacБел

Андарак і абхінанка: як быць жаноцкай і стылёвай у бабуліных рэчах

Ніколі не магла б падумаць, што на закінутым хутары знайду такія скарбы! Насамрэч, гэта не зусім сапраўдны хутар, а звычайны дом у вёсцы ў Шчучынскім раёне. Cёння тут толькі 4 жыхары: тры пажылыя кабеты і адзінокі дзед, аматар выпіць. Старыя могілкі каларытна завяршаюць пейзаж апусцелага паселішча. З-за бязлюддзя я называю свой родавы дом «хутар».

Калі можна залічыць мае рэдкія наезды, я пятая жыхарка яшчэ гадоў 20 таму багатай і жывой вёскі. Апошні гаспадар дома памёр у 2001 годзе. Ягоныя дзеці са сваімі сем’ямі жывуць не так ужо і далёка, аднак ездзілі сюды толькі ў грыбы. Да бацькоўскіх рэчаў банальна не даходзілі рукі.

У адзін з такіх візітаў на «малую радзіму» я палезла ў шафу. Няўклюднае стварэнне савецкай прамысловасці з паліраванымі дзверцамі берагло немалыя пажыткі. У пакеціках, каробачках, металічных футаралах ад перфакарт чаго я толькі не знайшла! Лісты з паштоўкамі ад сваякоў, медычныя карткі, чэкі «Маёмасць», пенсійная кніжка члена калгасу, пасведчанне школы «powszechnej», «Układ pojednawczy» на зямлю…

З 30-х гадоў на «хутары» ёсць яшчэ адна шафа — мэблевы шэдэўр эрганамічнасці ды вытанчанасці! Пустая, яна стаяла ў гаспадарчай прыбудове. Відаць, і ў інтэр'еры густы жыхароў заходняй Беларусі падтачыў вірус «саўка»: усё новае лепш за старое.

Сямейныя дакументы аказаліся не адзінай «спадчынай» з шафы. Адзенне на самаробных вяшаках выглядала настолькі акуратна быццам яго папрасавалі літаральна ўчора. Затым павесілі туды, дзе яно мае быць, пакуль уладальнікі часова ад’ехалі.

Стракатыя халаты і сукенкі, кашулі і пуловеры з Чэхаславакіі (падарунак стрыечнага брата, які там служыў), рабочыя курткі і рукавіцы… Раптам з’явіўся мой цуд! Сярод шэрых апранахаў, якімі калісьці былі заваленыя ўнівермагі, аказаліся ярка-сіняя і ярка-фіялетавая кавалкі даматканай тканіны. 100% воўна. Без аніводнай дзірачкі.

Тут жа была старая абхінанка: вялізная цёплая хустка, што служыла верхняй вопраткай. Праўда, у некаторых месцах яе з’ела моль і мышы. Таксама ў шафе і яшчэ ў куфарах — цэлыя скруткі ваўнянай даматкані: чорная, шэрая, карычневая…

Я буду шыць сабе строй! І тут сталі адбывацца метамарфозы.

Сарочка: варыянт з в. Бондары, Гродзенскі раён; Наста Глушко
Андарак: заходне-гарадзенскі фасон; Наста Глушко, Святлана Клепікава
Фартух: паводле наваградскага варыянту; Святлана Клепікава
Гарсэт: наваградскі варыянт; Наста Глушко
Пас: паводле фасона з в. Збляны, Лідскі раён; Сяргей Макарэвіч

Калі я забрала ў майстрыц свае андаракі — так называюцца спадніцы ў традыцыйным строі — паспрабавала спалучыць іх са звычайнымі рэчамі на штодзень. Які сэнс у традыцыі, калі ты дастаеш строй толькі на стылізаваную вечарынку ці ўрачыстасць?

Тое, што я адчула, ніколі раней не давалі мне ні «Zara» з «H&M», ні ўлюбёная «Galerja Alfa» у Беластоку, ні віленскія «Ozas» ды «Akropolis».

Спадніцы зашпільваюцца строга на таліі, а не на бёдрах (так як гэта масава прапануюць вытворцы аддзення). Паясок шчыльна прыстае да фігуры — спіна выпростваецца сама сабой. Я ўжо не магу дазволіць сабе ссутуліцца, як бы нават і захацела.

Прыклад спалучэння элементаў строю са звычайным адзеннем: Топік — New Look, андарак — заходне-гарадзенскі фасон; Наста Глушко, Святлана Клепікава; каралі - Раксалана Шымчук (Львоў)

Паколькі андаракі з натуральнай воўны (колецца!), давялося пашыць ніжнюю спадніцу. Цяпер я разумею паненак з мінулага стагоддзя! Я адчуваю, што мая жаночая сутнасць, па-першае, далікатна падкрэслена, па-другое, надзейна схавана. Не маю жадання прыцягваць погляды, якія шукаюць лёгкіх асалодаў. Калі вы чуеце, што традыцыйная вопратка — сакральны абярэг, то вось перадусім пра што гаворка.

У такім аддзенні я адчуваю, што мяне зусім не хвалюе, колькі людзей навокал апранутыя гэтаксама. Я цікавая і каштоўная для самой сябе. Ці так ужо і важна, каб нехта яшчэ раз пацвердзіў гэта: «ты прыгожая і харошая»?

Прыклад спалучэння элементаў строю са звычайным адзеннем: вышыванка — Кракаўскі рынак (Львоў), спадніца-аловак — Mohito

У такім убранні ў мяне не ўзнікае інстынкту ці кан’юктурнага жадання, як сцвярджаюць крытыкі вышыванкі, крычаць на ўвесь свет: «Паглядзіце, я беларус!» Бо навошта? Мая нацыянальная ідэнтычнасць ува мне. Я носьбітка сваёй беларушчыны, а не яе эпатажны прамоўтар ці жывы экспанат рэгіянальнага музея.

Дарэчы, адна са знойдзеных мной тканін ужо была раскроена пад заходне-беларускую мадэль спадніцы. Відаць, мае бабулі калісьці пачалі шыць абноўкі, але чамусьці (даведацца прычыну я ўжо не змагу) адклалі іх у шафу.

Карацей, я ўжо замовіла майстрыцам трэці андарак. На гэты раз фасон з украінскага Заходняга Падолля. Думаю, што паспрабую вышыць яго сама!

Хрысціна Марчук, lady.tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера