Знайсці
13.11.2015 / 20:37РусŁacБел

Гран-пры XXII кінафестывалю «Лістапад» атрымала грэчаска-балгарская карціна «Урок»

Кінакарціна «Урок» Крысціны Грозевай і Петэра Вылчанава (Балгарыя — Грэцыя) прызнаная найлепшым фільмам асноўнага конкурсу гульнявага кіно XXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Карціна ўдастоена гран-пры — «Золата «Лістапада». Падвядзенне вынікаў адбылося на цырымоніі закрыцця кінафестывалю вечарам 13 лістапада ў сталічным кінатэатры «Масква».

«Серабро «Лістапада», другая па велічыні ўзнагарода форуму, якая традыцыйна ўручаецца журы кінапрэсы, прысуджана стужцы «Праект стагоддзя» Карласа Кінтэла (Куба — Аргенціна — Германія — Швейцарыя). Гэтая ж карціна стала ўладальніцай спецпрыза журы асноўнага конкурсу гульнявага кіно «За творчую смеласць у спасціжэнні сучаснасці».

Прыз глядацкіх сімпатый, або «Бронза «Лістапада», дастаўся дацка-ісландскаму фільму «Бараны» Грымюра Хаўканарсана. Яму таксама ўручана спецыяльная ўзнагарода Мінгарвыканкама.

У межах асноўнага конкурсу гульнявага кіно прыз за найлепшую рэжысуру прысуджаны рэжысёру фільма «Зеніт» (Сербія — Харватыя — Славенія) Далібору Матанічу, прыз за найлепшую аператарскую працу — аператару гэтага ж фільма Марка Брдару.

Найлепшым фільмам конкурсу гульнявага кіно «Маладосць на маршы» прызнаны расійскі фільм «Піянеры-героі» Наталлі Кудрашовай. Гэтая ж карціна атрымала прыз журы кінапрэсы «За найлепшы акцёрскі ансамбль», а таксама спецпрыз Парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі «За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве», раздзяліўшы гэту ўзнагароду з беларускай кінастужкай «Шлях у Дамаск» Арцёма Лобача.

Спецпрыз журы конкурсу «Маладосць на маршы» прысуджаны балгарскаму фільму «Смага» Светлы Цацоркавай.

Гран-пры асноўнага конкурсу дакументальнага кіно атрымала польская карціна «Браты» Войцаха Староня, а спецпрыз журы — нідэрландска-бельгійскі фільм «Падзея» Сяргея Лазніцы.

Расійская стужка «Ямаха» Іны Амельчанка стала найлепшай у конкурсе маладога дакументальнага кіно — конкурсе нацыянальных кінашкол.

Найлепшым гульнявым фільмам Нацыянальнага конкурсу «Лістапада» стала карціна «Беларускі псіхапат» Мікіты Лаўрэцкага, найлепшым дакументальным — стужка «Госці» Андрэя Куцілы, найлепшым анімацыйным — мультфільм «Пра вала» Яўгена Надтачэя.

Падчас конкурсу «Лістападзік» найлепшым фільмам для дзяцей прызнаны італьянска-французскі фільм «Хлопец-невідзімка» Габрыэле Сальватораса, а найлепшым фільмам для юнацтва — расійская карціна «Чэснае піянерскае — 2» Аляксандра Карпілоўскага.

Апрача таго, прыз прэзідэнта «За гуманізм і духоўнасць у кіно» ўручаны кіргізскай стужцы «Нябеснае качэўе» Мірлана Абдыкалыкава. Гэтая ж карціна ўдастоілася спецпрыза «Кіно без межаў» Выканкама СНД.

Сёлета кінафорум прысвяцілі памяці гісторыка кіно, кінакрытыка і аднаго з найстарэйшых членаў каманды кінафестывалю Алы Бабковай, якая пайшла з жыцця 15 кастрычніка гэтага года.

XXII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» прайшоў 6—13 лістапада пад слоганам «Задавальненне для вачэй». На ім былі паказаныя 184 карціны з 60 краін, у тым ліку 91 гульнявы фільм, 70 дакументальных і 23 анімацыйныя стужкі. Паказы адбыліся ў пяці кінатэатрах Мінска — «Маскве», «Міры», «Перамозе», «Цэнтральным» і «Піянеры».

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930