Знайсці
07.12.2010 / 11:20РусŁacБел

Гранат ешце з костачкамі

10 прычын, каб з’есці гранат.

Многія думаюць, што сваю назву гранат атрымаў дзякуючы падабенству з кідальным разрыўным снарадам — гранатай. Насамрэч гэта не так
навуковая назва расліны паходзіць ад лацінскага слова «grаnаtus», што азначае «гранёны», «зярністы» (унутры плода знаходзяцца шматлікія зярняткі, кожнае з якіх акружанае сакавітай кісла-салодкай мякаццю). Гранат не толькі смачны, але і карысны. Прычым ён унікальны сваёй універсальнасцю: у гранаце карыснае ўсё! Лупіна, сок, зярняткі і костачкі знайшлі прымяненне ў медыцыне, кулінарыі і касметалогіі.

10 прычын, каб з’есці гранат

1. Павышае гемаглабін. Самая вядомая ўласцівасць граната — барацьба з анеміяй. Пры малакроўі ўжывайце разбаўлены гранатавы сок па 0,5 шклянкі 3 разы на дзень за 30 хвілін да яды на працягу 2 месяцаў.

2. Зніжае ціск. Зярняткі граната мякка зніжаюць артэрыяльны ціск. А перапонкі з пладоў граната, высушаныя і дабаўленыя ў гарбату, дапамогуць супакоіць нервовую сістэму, наладзіць сон.

3. Спыняе дыярэю. Лупіна і плады граната валодаюць вяжучымі ўласцівасцямі, таму іх выкарыстоўваюць супраць паносу. Пракіпяціце 20 г сушанай здробненай лупіны (або 50 г зярнятак) у адной шклянцы вады на слабым агні на працягу 30 хвілін, працадзіце і піце па 2 ст. лыжкі 2 разы на дзень.

4. Дэзынфікуе рот і горла. Водны адвар лупіны граната або яго сок выкарыстоўваецца для паласкання ротавай поласці пры ангіне і фарынгіце, пры гінгівіце і стаматыце. Дубільныя рэчывы здымаюць боль, а арганічныя кіслоты знішчаюць інфекцыю.

5. Зніжае цукар крыві. Плады граната — вельмі карысныя для дыябетыкаў. Ужывайце па 60 кропляў соку 4 разы на дзень да яды — і ўжо на трэці дзень заўважыце істотнае зніжэнне ўзроўню цукру ў крыві.

6. Выводзіць радыяцыю. Сок граната вельмі карысны для тых, хто працуе з радыеактыўнымі ізатопамі або жыве ў зоне павышанай радыяцыі.

7. Лечыць скуру. У вас тлустая скура, вугры або гнойныя высыпанні? Зрабіце маску з 2 ст. лыжак гранатавага соку, мыльнай пены і 1 ч. лыжкі солі. Дастаткова патрымаць маску на твары 2–3 хвіліны. А парашком з высушанай лупіны можна эфектыўна лячыць апёкі, трэшчыны і драпіны.

8. Выганяе глісты. Лупіна спелага граната ўтрымлівае алкалоіды, якія аказваюць моцнае глістагоннае дзеянне. Каб пазбавіцца ад глістоў, настойвайце 40–50 г здробненай лупіны ў 400 г халоднай вады на працягу 6 гадзін, а затым пракіпяціце на слабым агні, пакуль не выпарыцца палова вадкасці. Астуджаны адвар працадзіце і выпіце на працягу гадзіны дробнымі порцыямі. Праз гадзіну выпіце слабіцельнае, а праз 4–5 гадзін зрабіце клізму.

9. Павышае актыўнасць гармонаў. Мілыя жанчыны, ешце гранат з костачкамі, бо яны, костачкі, — крыніца клятчаткі, эфірных алеяў і фітагармонаў, раслінны аналаг эстрагенаў. І шалёныя «гульні» гармонаў, раздражняльнасць, мігрэні ў перыяд клімаксу абыдуць вас бокам.

Смела паіце сваіх мужоў гранатавым сокам: шклянка ў дзень — і сямейнае жыццё не азмрочаць праблемы з патэнцыяй. Акрамя таго, рубінавы нектар змагаецца з ракам прастаты. Пра гэтыя ўласцівасці граната ведалі яшчэ старажытныя грэкі і называлі яго плодам страсці і ўрадлівасці.

10. Здымае запаленне. Пры розных запаленчых захворваннях (нырак, гінекалагічных органаў і г.д.) дапамагае адвар лупіны граната. Прыгатуйце яго так: 2 ч. лыжкі здробненай лупіны заліце 1 шклянкай гарачай вады, патрымайце на вадзяной лазні 30 хвілін, працадзіце, адцісніце і развядзіце гатаванай вадой да зыходнага аб’ёму. Прымайце па 50 г 2–3 разы на дзень за 30 хвілін да яды.

Увага! Лупіна граната ўтрымлівае невялікую колькасць ядавітых рэчываў — алкалоідаў. Ніколі не перавышайце дазіроўку адвараў, інакш магчымае атручэнне. Акрамя гэтага, арганічныя кіслоты гранатавага соку могуць разбураць зубную эмаль. Таму заўсёды разбаўляйце сок вадой.

З гранатам можна смела эксперыментаваць на кухні. Для марынавання і тушэння мяса складана знайсці штосьці больш падыходнае, чым гранатавы сок: энзімы, лімонная, вінная і яблычная кіслоты робяць мяса вельмі мяккім. Дадайце рубінавыя зярняткі ў салату — і яна зайграе новым смакам «з кіслінкай»; проста пасыпце любую страву зверху — і выдатны дэкор не застанецца не заўважаным. Для свята душы прыпраўце зярняткамі граната марожанае або густа ўзбітыя вяршкі — дэсерт спадабаецца і дарослым, і дзецям. Дарэчы, энергетычная каштоўнасць 100 г ядомай часткі пладоў граната складае 62–80 ккал, а 100 мл соку — 42–65 ккал.

Калі сам гранат у сухім халаднаватым месцы ляжыць прыкладна паўтара месяца, то сок граната ў слоіках можа захоўвацца значна даўжэй, і піць яго можна на працягу ўсёй зімы. Ужываць гранатавы сок рэкамендуецца перад ядой: ён паляпшае апетыт і садзейнічае добраму страваванню. Калі сок стэрылізаваць і дадаць да яго цукар, то атрымаецца грэнадзін — незаменны інгрэдыент для многіх кактэйляў. На аснове гранатавага соку таксама гатуюць шмат розных соусаў.

«Правільны» гранат павінен быць сухім звонку і сакавітым унутры. Гэта значыць, што ў спелага плода лупіна павінна быць трохі падсушаная і крыху абцягваць зярняткі. Калі ж лупіна гладкая — гранат сарвалі раней тэрміну. Акрамя лупіны, звяртайце ўвагу на «карону» граната — там не павінна быць зелені. І апошняе: гранат павінен быць цвёрдым навобмацак. Калі ён мяккі — значыць, быў пабіты ў дарозе, падгніў або падмёрз. Адразу адмоўцеся ад такога плода, ён не прынясе ні задавальнення, ні карысці.

Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930