Знайсці
28.06.2024 / 18:311РусŁacБел

«Украіна Беларусі не пагражае, мы вымушаныя абараняцца». Украінская памежная служба адказала беларускай

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў каментары «Радыё Свабода» адказаў на абвінавачванні з боку беларускіх памежнікаў на адрас Украіны.

Фота ілюстрацыйнае

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі сёння заявілі, што ў Жытомірскай вобласці ў зоне адказнасці ўкраінскіх памежнікаў падраздзелы Расійскага добраахвотніцкага корпуса нібыта праводзяць разведку, у тым ліку «з выхадам да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».

У Міністэрстве абароны Беларусі, у сваю чаргу, заявілі, што на баявое дзяжурства на мяжы для абароны нібыта ад украінскай пагрозы вывелі сістэму «Паланез» з поўным боекамплектам.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка на просьбу «Радыё Свабода» пракаментаваў заявы з боку беларускіх памежнікаў на адрас Украіны:

«Апошнім часам Беларусь актывізавала пярэчанні супраць узмацнення Украіны ў Жытомірскай вобласці. Прыемна, зразумела, што яны не забываюць пра нашу дзяржаву, але хай не пераймаюцца.

Украіна ім не пагражае, наадварот, мы вымушаныя абараняцца, у тым ліку і на беларускім кірунку, бо Беларусь працягвае падтрымліваць тэрарыстаў і ў свой час адкрыла мяжу для расійскіх акупантаў.

Ну і, вядома, як заўсёды, у стылі Беларусі казаць то пра зброю і сродкі тэрору з Украіны, то пра правакацыі, на якія будуць жорстка рэагаваць, і г. д. Нягледзячы на ўсё гэта, пакуль Беларусь застаецца ў арбіце ўплыву краіны-тэрарыста, Украіна будзе нарошчваць сваю абароназдольнасць, каб даць адпор усім, хто ідзе да нас з Беларусі з вайной».

Варта адзначыць, што маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», прааналізаваўшы наяўную сітуацыю, таксама робіць адназначную выснову, што

«Дзяржпагранкамітэт сумесна з МА РБ праводзіць скаардынаваную ІПСА».

«Беларускі Гаюн» звяртае ўвагу, што акурат цяпер адбываецца падрыхтоўка да самага маштабнага вайсковага параду ў гісторыі суверэннай Беларусі на 3 ліпеня, і паралельна з гэтым беларускія сілавікі, відаць, вырашылі правесці «маленькую пераможную вайну» ў інфармацыйнай прасторы. Якая ўпісваецца і ў больш глабальны парадак дня:

«У сітуацыі, калі расійскі наступ у Харкаўскай вобласці захлынуўся, а Масква «хоць заўтра» гатовая сесці за стол перамоваў, можна панерваваць украінскую інфармацыйную прастору «пагрозай з беларускага кірунку».

Падсумоўваючы, маніторынгавая група заклікае «не весціся на чарговае ІПСА», падкрэсліваючы:

«На сёння перадумоў паўтарэння ўварвання з тэрыторыі Беларусі (у тым ліку пры ўдзеле УС РБ) няма».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3
0
Ноўнэйм /адказаць/
29.06.2024
Навошта ўкраінскія памежнікі ўвогуле рэагуюць на заявы белОрускіх неда-вайскоўцаў неда-памежнікаў? На людзей, не вартых павагі, не трэба рэагаваць. Хай брэшуць, што заўгодна.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031