Знайсці
26.06.2024 / 16:255РусŁacБел

Выйшаў на свабоду 73-гадовы палітвязень Аляксандр Новікаў — кэдэбіст, стваральнік адыёзнага сайта «Літкрытыка»

Літаратар, які некалі абражаў найлепшых беларускамоўных пісьменнікаў, адседзеў два гады па палітычным артыкуле.

Аляксандр Новікаў, фота з базы «Белпола»

Літаратар Аляксандр Новікаў вызваліўся з калоніі №3 Віцебска ў маі 2024 года. Гэта адзін з самых незвычайных беларускіх палітвязняў — былы кэдэбіст, які гадамі пляжыў дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, а пасля стаў крытыкаваць Аляксандра Лукашэнку і расійскую агрэсію.

Праўладны літаратар з антыбеларускай пазіцыяй

Калегі-пісьменнікі адзначалі, што ў савецкі час Новікаў служыў у КДБ, быў звольнены ў званні маёра.

Па звестках «Белпола», Новікаў працаваў у кампаніі «Медыфакт-Эка» (праўладны аналітычны цэнтр «Экаом», які нібыта праводзіць сацыялагічныя даследаванні), у адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, а пасля ў Савеце Рэспублікі.

У 2000-я ў Савеце Рэспублікі Новікаў быў памочнікам сенатара-генерала Мікалая Чаргінца — рэч у тым, што ў свой час яны разам служылі ў Афганістане. Гэтае знаёмства ўрэшце стала лёсавызначальным на Новікава. Услед за Чаргінцом ён апынуўся ў новаствораным праўладным Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

Аляксандр Новікаў у пачатку 2010-х

Прыкладна ў той час Новікаў завёў блог «Літкрытыка», у якім асвятляў літаратурнае жыццё краіны. Гэты блог быў прыватным, але ўспрымаўся афіліяваным з Саюзам пісьменнікаў за кошт блізкасці аўтара да кіраўніцтва арганізацыі.

Новікаў сам не пісаў ніякія творы, але актыўна займаўся крытыкай. У сваіх тэкстах Новікаў зацята пляжыў беларускамоўных аўтараў.

Называў іх «мовафіламі». Напрыклад, сцвярджаў: «Никакая тварь не может указывать, на каком языке мне общаться или писать. Это унижает мои честь и достоинство. Я представляю себе: сменяется власть и у руля становятся мовофилы. Что будет? Правда, это мы уже проходили, но сейчас могут быть кратные последствия».

Публікацыі Новікава ўскосна паўплывалі на тое, што з Саюза пісьменнікаў выйшлі многія значныя творцы: празаікі Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч і Валер Гапееў, паэтка Раіса Баравікова і дзіцячая пісьменніца Алена Масла.

З цягам часу Новікаў рассварыўся з Чаргінцом, сваім былым патронам. У 2014 годзе Новікава выключылі з Саюза пісьменнікаў. Ён сышоў у прыватны бізнэс, працаваў у кампаніі «Метпрамэкспарт», пасля зарэгістраваў ІП.

Вайна з Чаргінцом і трансфармацыя

Новікаў працягваў весці «Літкрытыку» як свой прыватны блог, не саромеючыся ў выразах. Гэта прывяло да таго, што ў 2017-м на яго завялі крымінальную справу за паклёп. Працэс ініцыявалі Чаргінец і яго намеснік Анатоль Аўруцін. Ім не спадабаліся выказванні Новікава ў 10 артыкулах на «Літкрытыцы». Аднак крымінальную справу ўрэшце спынілі праз амністыю.

Тым не менш нейкія грашовыя страты Новікаў панёс. Чаргінец казаў у інтэрв'ю, што яго апанент «будзе сплачваць з дзясятак гадоў амаль усю сваю пенсію».

Што адбывалася з Новікавым пасля, зразумець складана. Выглядае, што погляды літаратара трансфармаваліся. Ён усё часцей стаў падпісвацца «Алесь» замест «Аляксандра», крытыкаваў уладу — прычым і беларускую, і расійскую. Асудзіў Лукашэнку за ігнараванне каранавіруса. А ў 2022-м Новікаў рашуча выступіў супраць пуцінскай агрэсіі.

Крымінальны пераслед

Аляксандр Новікаў. Фота Oo-spb.by

Яшчэ вясной 2020 годзе на сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі з’явіўся артыкул, у якім Новікава вінавацілі ў тым, што ў сваім блогу ён называў савецкіх салдат марадзёрамі, параўноўваў Сталіна з Гітлерам, пісаў, што СССР не вызваліў, а заваяваў Усходнюю Еўропу. Тады магло падавацца, што такая завочная сварка не скончыцца нічым, але ў 2022-м у Беларусі шмат што змянілася — і на Новікава завялі крымінальную справу, за рэабілітацыю нацызму.

Заадно знайшлі, што ён публікаваў у фэйсбуку фотаздымкі і імёны амапаўцаў. За гэта дакінулі яшчэ адну справу — незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці.

Праваабаронцы прызналі Аляксандра Новікава палітвязнем.

Калонія

Да суда Новікаў знаходзіўся дома. 26 чэрвеня 2022 года ён напісаў у фэйсбуку развітальны допіс: «Заўтра могуць пасадзіць на нары. Часам не да законаў, але адказваць давядзецца».

На наступны дзень быў агучаны прысуд — 2 гады калоніі. Новікава ўзялі пад варту ў зале суда. За кошт таго, што ён напісаў апеляцыю (якая не змяніла прысуд) і правёў каля двух месяцаў ва ўмовах следчага ізалятара, ён вызваліўся ў канцы мая 2024 года.

«Я на свае вочы ўбачыў злачынны свет і тое, як ставяцца да асуджаных. А сярод іх нямала невінаватых. Па маіх ацэнках (у мяне багатая статыстыка) такіх каля 10%. А сярод так званых бэчэбэшнікаў — да 90%», — падсумаваў Новікаў у сваім фэйсбуку пасля вызвалення. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
1
0
Мовафил/адказаць/
27.06.2024
Во что мова животворящая даже с русофилами делает!
0
Вася /адказаць/
27.06.2024
[Рэд. выдалена]
0
Свабодны Чалавек/адказаць/
28.06.2024
Топ нечаканых анімэ-канцовак
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031