Знайсці
19.06.2024 / 16:1620РусŁacБел

Культ асобы Лукашэнкі ўзмацняецца, растуць сумневы ў перамозе Украіны — аналітыкі

Трэнды, якія цяпер назіраюцца ў грамадстве, аналітыкі апісалі ў сёмым выпуску справаздачы «Беларускага трэкера перамен».

Даследчыкі дзеляць беларусаў на чатыры катэгорыі: заўзятыя праціўнікі дзейнай улады, схільныя не давяраць уладзе, схільныя ёй давяраць і заўзятыя прыхільнікі. Сярод іншага ў іх пыталіся: хто перамагае ў вайне? І гэты адказ змяніўся са жніўня 2023-га да мая 2024-га.

У кожнай з катэгорый вырасла колькасць тых, хто лічыць, што перамагае Расія — на 9-12%. «Сумневы ў перамозе Украіны растуць», — трактуюць сацыёлагі. На гэта ўплывае сітуацыя на фронце: даўно не чуваць пра вялікія поспехі ўкраінскай арміі, пра вызваленне значных тэрыторый. Сацыёлаг Філіп Біканаў адзначае таксама сур'ёзнае расчараванне прадэмакратычнай часткі беларусаў.

Яшчэ адна акалічнасць — сярод беларусаў расце прыхільнасць да наратываў, якія, на думку сацыёлагаў, можна аднесці да праўладных. Вось некаторыя з іх:

  • Лукашэнка робіць усё, каб Беларусь не ўцягнулі ў вайну.
  • У выпадку нападу на Беларусь расійская і беларуская арміі змогуць абараніць краіну.
  • ЗША — галоўны распальвальнік войнаў у свеце, які пераследуе праз гэта свае інтарэсы.

Аналітык Павел Слюнькін кажа пра змяншэнне расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі. Апошнюю групу расійскіх мабілізаваных, якія праходзілі навучанне ў Беларусі, вывелі яшчэ 23 ліпеня 2023-га, расійскую авіяцыю вывелі ў жніўні 2023-га. У нашай краіне засталося толькі некалькі соцень вагнераўцаў, і большасць з іх мае кантракты з беларускай арміяй або займаецца навучаннем беларускіх вайскоўцаў.

Лукашэнка вяртае свае пазіцыі на міжнароднай арэне, расказвае Слюнькін: «З 2020-га беларуская дыпламатыя працуе над пашырэннем геаграфіі яго сустрэч. Вы, напэўна, бачылі ў 2021-м параўнанне сустрэч Лукашэнкі з колькасцю сустрэч у Святланы Ціханоўскай, тады Лукашэнка мог пахваліцца толькі візітамі ў Азербайджан, сустрэчамі з Пуціным і расійскімі губернатарамі. Але за гэты час сітуацыя моцна змянілася».

Пасля выбараў 2020-га, паводле словаў Слюнькіна, Лукашэнка сустракаўся на высокім ці найвышэйшым узроўні (прэзідэнты, прэм'ер-міністры ці міністры) з прадстаўнікамі 28 дзяржаў, але большасць гэтых сустрэч мела месца падчас сусветнага саміту па зменах клімату, дзе прысутнічаў Лукашэнка. 

Інтэграцыя з Расіяй — тое, што мы назіраем з высокай інтэнсіўнасцю з 2020-га. «Мы дагэтуль не маем адзінага парламента і агульнай валюты. Але нягледзячы на адсутнасць радыкальных зменаў на шляху інтэграцыі, беларускія нормы павольна набліжаюцца да расійскіх, размываюцца прававыя, сацыяльныя, нарматыўныя адрозненні паміж краінамі», — заўважае Слюнькін.

Прыклады такой інтэграцыі — заявы пра аб'яднанне спісаў экстрэмістаў і экстрэмісцкіх рэсурсаў дзвюх краін, а таксама заява пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова пра стварэнне адзіных на дзве краіны падручнікаў гісторыі. Слюнькін таксама адзначае, што ваенная дактрына Беларусі атрымлівае ўсё больш антызаходні характар.

Аналітык Арцём Шрайбман звяртае ўвагу на тое, што ў беларускім грамадстве не першы год працягваецца мілітарызацыя. Гэты трэнд мае татальны характар і ахоплівае розныя сферы — да прыкладу, кадравую, адукацыйную палітыку, заканадаўчыя змены. Эксперт згадвае змены ў антытэрарыстычным заканадаўстве, якія далі КДБ больш паўнамоцтваў, у тым ліку выкарыстоўваць агнястрэльную зброю, а таксама рост колькасці былых сілавікоў сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ў цэлым на цывільных пасадах.

Яшчэ адзін трэнд, які адзначае Шрайбман, — узмацненне культу асобы Лукашэнкі. Усё часцей сустракаюцца выказванні на гэтую тэму ад беларускіх афіцыйных асобаў, Акадэмія навук збіраецца выдаваць творы Лукашэнкі і ўвесь першы дзень Усебеларускага народнага сходу быў прысвечаны ўсхваленню палітыка. Да 30-годдзя кіравання Лукашэнкі ў краіне рыхтуюць маштабную прапагандысцкую кампанію.

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў кажа пра імкненне ўлады разбураць інфраструктуру салідарнасці паміж беларусамі ў краіне і за яе межамі. Пад удар трапілі і тыя валанцёры, хто перадае інфармацыю з судоў. Таксама ён звяртае ўвагу на трэнд пад назвай «абвяшчэнне вайны дыяспарам» — гэта праяўляецца праз крымінальны пераслед кандыдатаў у члены Каардынацыйнай рады, а таксама ўдзельнікаў народных пасольстваў і «аналітыкаў Ціханоўскай».

Прынцыпіяльна важнай Коршунаў лічыць «справу 104» — пераслед немедыйных беларусаў замежжа за тое, што яны ў краінах пражывання прымалі ўдзел у святкаванні Дня Волі. На думку эксперта, гэта значыць, што рэпрэсіі супраць дыяспары цяпер могуць дайсці да любога эмігранта.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Шрайбман мяркуе, што пытанне «Пагоні» можа стаць праблемным у адносінах Беларусі і Літвы ў будучыні

«Знутры Беларусі вайна ўспрымаецца як нешта далёкае, нерэальнае, а звонку — як важнае і звышдраматычнае» — сацыёлаг Вардамацкі

Астапеня: «Калі вы раззлуеце дзеда, то чаго дасягнеце? Задача — кожны дзень развіваць Беларусь»

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
12
Панылы сорам
11
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
31
3
Не галасі! /адказаць/
19.06.2024
Gorliwy Litwin , вярзеш абы што. Навыдумляў і горбу і торбу.
3
Смех/адказаць/
19.06.2024
Аналiтыка ад лукаагентуры i агентуры масквы
0
Gorliwy Litwin/адказаць/
20.06.2024
Так, на жаль да мантры пра русіфікацыю вымушаны паставіцца з пэўным нігілізмам. Пра гэта адзін з маіх апошніх пастоў у тг канале Gorliwy Litwin, у фармаце аўдыё падкаста, спадзяюся пан за ім трохі сочыць. Так, канешне корань зла нам Белай Русі - у русіфікацыі, але не ў той вобраз якой малюе бела рускае Адраджэньне. Сапраўдная глыбінная русіфікацыя пачалася ў 1830-х і зварот да шчырай этнавясковай бабулі з яе заломамі і Шэптам - не ратуе
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031