Знайсці
16.06.2024 / 17:197РусŁacБел

Беларуска з Польшчы хацела выступаць на Алімпіядзе як нейтральная спартсменка, але не змагла

Аказалася, што для ўдзелу ў такім статусе патрэбны дазвол ад НАК Беларусі, якім без прызнання Міжнародным алімпійскім камітэтам кіруе Віктар Лукашэнка. 

Беларуска Анастасія Валькевіч цяпер жыве ў Польшчы і працягвае сваю кар'еру ў парусным спорце. Яна падала заяўку для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях як нейтральная спартсменка, але выканаўшы ўсе ўмовы МАК даведалася, што не паедзе ў Парыж з-за рашэння беларускіх уладаў. Падрабязнасці гісторыі з выдання Przegląd Sportowy пераказвае «Зеркало».

Анастасія Валькевіч. Фота: старонка Анастасіі ў Instagram

Анастасія Валькевіч з'ехала з Беларусі яшчэ ў 2018 годзе і пераехала ў Адэсу. Там віндсёрферка магла працаваць трэнеркай і працягваць кар'еру. Але праз чатыры гады, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, спартсменка пераехала ў Польшчу. Яна асела ў Сопаце, стала членам мясцовага Сопацкага паруснага клуба, уладкавалася трэнеркай. Цяпер Анастасія плануе атрымаць польскае грамадзянства (бабуля спартсменкі была палячкай), каб выступаць за гэтую краіну.

Летась Валькевіч ужо ўдзельнічала ў рэгаце ў Іспаніі пад польскім сцягам. А калі пачалася падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў, спартсменцы паабяцалі, што яна зможа ўдзельнічаць у рэгаце ў Еры (камуна ў Францыі) як «індывідуальная нейтральная спартсменка». Перад выступам у Францыі яна падпісала дэкларацыю, у якой гаварылася, што як спартсменка яна ніяк не звязаная з Беларуссю.

У час Алімпійскага тыдня ў Францыі Валькевіч бліскуча выступіла на вадзе і заняла алімпійскае кваліфікацыйнае месца. Апроч радасці і віншаванняў беларуска атрымала сімвалічны сувенірны білет у Парыж (фактычна ў Марсель, дзе будзе праходзіць парусная рэгата). Яна пачала збор сродкаў на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў. Але ўсё пайшло не па плане.

Толькі пасля кваліфікацыі спартсменцы паведамілі, што Алімпійскі камітэт Беларусі павінен даць згоду на яе ўдзел. Вось толькі гэтай згоды яна не атрымала.

«Для мяне гэта было абсалютна абсурдна. Незразумелае рашэнне. Бо я перад стартам падпісала ліст, што мяне не падтрымліваюць беларусы і я збіраюся выступаць у нейтральным статусе. Вядома, [беларускія ўлады] не пагадзіліся, таму я атрымала дакументы ад Міжнароднай федэрацыі паруснага спорту, што я не змагу паехаць, а замест мяне ўжо прайшоў кваліфікацыю канкурэнт з Кіпра», — распавядае Валькевіч.

Анастасія з тым самым сувенірным білетам. Фота: старонка Анастасіі ў Instagram

Ліст ад Міжнароднай федэрацыі паруснага спорту яна атрымала 29 мая. Там было сказана, што ў сістэме кваліфікацыі месцы размяркоўваюцца за нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі і яны прымаюць рашэнне аб адборы ўдзельнікаў. Прычым сцвярджалася, што гэта тычыцца і Беларусі, і без кансультацыі з беларускім камітэтам ніяк.

У адказ на свае пытанні Валькевіч атрымала яшчэ адзін ліст: у федэрацыі працягваюць падкрэсліваць, што яны не адмаўлялі ёй у старце і, згодна з працэдурамі, рашэнне належала беларускаму камітэту. Таксама там сцвярджалася, што беларуская не мае права на апеляцыю.

Як піша Przegląd Sportowy, грамадзяне Беларусі могуць выступаць у Парыжы толькі як нейтральныя спартсмены. У правілах удзелу такіх спартсменаў, апублікаваных МАК, выразна пазначана, што яны не могуць якім-небудзь чынам прадстаўляць сваю краіну ці якую-небудзь арганізацыю. Заяўка нейтральных спартсменаў на гульні мусіць узгадняцца паміж аргкамітэтам, міжнароднай федэрацыяй дадзенага віду спорту і МАК.

«Гэта рашэнне МАК. Хоць віндсёрферы з Беларусі і Расіі змаглі кваліфікавацца як нейтральныя спартсмены, для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у канчатковым выніку патрабуецца дазвол іх нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. Гэта гучыць не зусім рацыянальна, але такія працэдуры МАК», — сцвярджае Томаш Чамера, прэзідэнт Польскай асацыяцыі паруснага спорту і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі паруснага спорту.

«Я знайшла адваката, і 6 чэрвеня мы накіравалі запыт па гэтай справе ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане. Усё гэта адбылося практычна за тыдзень, а да Алімпіяды засталося менш за 50 дзён. Мы чакаем, але здаецца ўсё менш верагодным, што пытанне вырашыцца настолькі хутка, што я змагу правесці рэгату ў Парыжы», — прызнае Валькевіч.

Выданне Przegląd Sportowy паспрабавала атрымаць ад Міжнароднага алімпійскага камітэта падрабязнасці сітуацыі. Але ў прэс-службе МАК адказалі, што паколькі спартсменка падала апеляцыю і цяпер справа знаходзіцца на разглядзе суда, арганізацыя не будзе яго далей каментаваць. Адказу ад Міжнароднай федэрацыі паруснага спорту выданне таксама не змагло атрымаць.

XXXIII летнія Алімпійскія гульні пройдуць з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года. Сталіцай мерапрыемства стане Парыж.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
12
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
8
Абуральна
20
1
Кілер троляў /адказаць/
16.06.2024
Нарэшце НН стала рэсурсам аднаго дурачка
7
Студенты ФМО БГУ/адказаць/
16.06.2024
Пора уже окончательно разрывать дип.отношения с Польшей и дело с концом. У нас все студенты просто до костей не любят Польшу
0
Сымон/адказаць/
16.06.2024
Студенты ФМО БГУ, ў ФМА БДУ з адзінай звілінай, прызначанай для нашэння фуражкі, не бяруць. Хаця пры лукашысцкім даносчыке Каралі магчыма бяруць нават падобных экзэмпляраў, бо навука і вышэйшая адукацыя рэжыму ўсё роўна непатрэбныя
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031