Знайсці
04.06.2024 / 08:009РусŁacБел

«З гэтымі гмахамі ад нашага горада нічога не застанецца». Гродзенцы не ў захапленні ад ідэі ўзвесці квартал з высоткамі

У абласным цэнтры выставілі на аўкцыён права праектавання і будаўніцтва шматкватэрнай жылой забудовы на зямельным участку ў 10 гектараў. Згодна з планам, на пустцы мусіць з'явіцца квартал з дамамі вышынёй да 20 паверхаў. Рэакцыі гродзенцаў у сацыяльных сетках сведчыць пра тое, што далёка не ўсе гараджане падтрымліваюць такую ідэю.

Фота: Яндэкс Панарамы

Гандлёвы цэнтр пад носам, а гістарычны ў крокавай даступнасці

Новы квартал мусіць з'явіцца на вуліцы Дубко, насупраць гандлёвага цэнтра OldCity.

На 21 чэрвеня прызначаны аўкцыён па продажы права праектавання і будаўніцтва шматкватэрнай жылой забудовы. Стартавая цана — 908 тысяч рублёў (каля 284 тысяч даляраў). 

Акрамя пусткі, на ўчастку знаходзяцца капітальныя будынкі, у тым ліку жылыя. Падмуркі былых будынкаў, зялёныя насаджэнні розных парод, падземныя інжынерныя камунікацыі — усё гэта пойдзе пад знос.

Выдаткі на падрыхтоўку зямлі да будаўніцтва ацанілі ў 7,5 мільёна рублёў (каля 2,4 мільёна даляраў), што ў восем разоў больш за пачатковы кошт аб'екта.

Мяркуючы па рэакцыях у сацыяльных сетках, многія гараджане незадаволеныя тым, што на месцы пусткі, гаражоў, старых дамоў і зялёных насаджэнняў з'явіцца менавіта жылы квартал са шматпавярховікамі.

Самы ўпадабаны каментар пад пастом у інстаграм-акаўнце аднаго з гарадскіх паблікаў гучыць так:

«З гэтымі гмахамі ад нашага прыгожага горада нічога не застанецца, быў прыгожы і зялёны, а цяпер не зразумееш што», — піша карыстальніца, чый камент набраў 31 падабайку і стаў самым папулярным пад абмеркаваннем навіны.

«Які жах, мяркуючы па другім фота…. Тры велізарныя даміны сапсуюць увесь выгляд цэнтра горада з яго нізенькімі прыгожымі гістарычнымі домікамі. Навошта такія велізарныя [дамы] ў цэнтры? Горад асацыюецца з невысокімі гістарычнымі пабудовамі, а тут раптам гэтыя тры даміны будуць тырчаць», — выказваюць незадавальненні карыстальнікі.

«Нічога новага, каменныя джунглі», — піша іншы карыстальнік.

«Горад страціць свой твар», — адзначаюць іншыя. 

Таксама людзей абурае, што ў раёне стане яшчэ менш зеляніны.

Адзін з каментатараў дзеліцца сваёй гісторыяй, як палюбіў горад, калі ў 1990-я пераехаў туды з сям'ёй.

«Я проста ўлюбіўся ў гэты горад, ён патанаў у зеляніне, транспарту было няшмат, я адчуваў кавалачак заходняй культуры. Цяпер горад губляе свае пазіцыі і становіцца звычайным горадам, як сотні іншых».

Каментатар таксама адзначае, што горад трэба не толькі ўшчыльняць забудовай жылых будынкаў, але і ствараць зоны для адпачынку.

Яшчэ адна каментатарка заўважае, што можна будаваць і ў горадзе на пустках. Але, на яе думку, важна рабіць гэта трэба так, каб не псаваць агульную архітэктуру.

«Наш горад славіцца тым, што захаваліся старыя вулачкі, і таму да нас едуць турысты, гэтым мы і прыгожыя, развівацца трэба ў гэтым кірунку». 

Іншы каментатар лічыць, што гораду трэба развіваць прыгарады і інфраструктуру там, а не ўшчыльняць блізкія да цэнтру раёны.

«У горадзе [мусіць быць] больш паркаў, а калі і будаваць то невысокія дамы, а не гэты калгас».

Планы ўшчыльніць раён, які знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад гістарычнага цэнтру, не ацанілі і чытачы папулярнага ў Гродне гарадскога сайта s13.ru. Самая масавая рэакцыя на навіну — абураны смайлік.

Пра тое, што 370-тысячнаму гораду непатрэбныя 20-павярховыя будынкі, нядаўна выказваўся гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон. Нагадаем, што зімой у Гродне актыўна абмяркоўвалі тэму будаўніцтва шматпавярховых будынкаў на фоне Каложы. З гэтай нагоды нават была створаная петыцыя з просьбай абмежаваць вышыню будынкаў у новым мікрараёне шасцю паверхамі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
12
0
Фэйспалм/адказаць/
04.06.2024
Бусел, выдзяўбі мне вочы, або Як гэта разбачыць Ну як некалі каралеўскі горад можна пахабіць такой забудовай!
0
Злы беларус/адказаць/
09.06.2024
Словаў няма ад гэтых калгаснікаў ва ўладзе. Я вось што скажу, вам прыйдзецца дэмантаваць гэта ўбоства за свае ўласныя грошы, мы вас пад зямлёй дастанем. Вы хоць бачылі як будуюць у нармальных краінах? 5 паверхаў, інфраструктура для жыцця, а не гэта гігантаманія, бетонныя кішэні, дзе не знайсці вольнага месца. Зразумела, карупцыя, таму мы вас знойдзем і запытаем
0
Vladmih/адказаць/
09.06.2024
Этот район ничего общего со Старым городом не имеет. Пусть себе строят - уж лучше гаражей и пустырей.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031