Знайсці
01.06.2024 / 14:0513РусŁacБел

Жыхару Кобрына далі 10 сутак за кнігу Уладзіміра Арлова, што стаяла на паліцы

У судзе мужчына віну адмаўляў. Ён настойваў: ніякага «экстрэмізму» ён распаўсюджваць не планаваў, кнігу нікому не паказваў і наогул забыўся пра тое, што яна ў яго калі-небудзь была.

Уладзімір Арлоў. Фота: «Наша Ніва»

Аднак суд з такімі довадамі не пагадзіўся: раз выданне стаяла на паліцы, значыць «публічна дэманстравалася» (яе маглі ўбачыць «як мінімум члены сям'і»), а раз «публічна дэманстравалася», значыць «распаўсюджвалася». Падрабязнасці адміністрацыйнай справы прыводзяцца ў пастанове, якая была апублікавана ў Банку судовых рашэнняў, звярнула ўвагу «Люстэрка».

Міліцыя даведалася пра наяўнасць у доме жыхара Кобрына «экстрэмісцкай» кнігі па даносе. Хто напісаў паклёп, у пратаколе не пазначана. Пасля паступлення інфармацыі супрацоўнікі Кобрынскага РАУС прыехалі па месцы жыхарства мужчыны для «агляду домаўладання».

«Пры аглядзе жылля на першым паверсе дома ў кніжнай шафе ў адкрытым доступе ім у вочы кінулася кніга «Айчына: дзіцячая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», якая выклікала падазрэнне», — паведамляецца ў пастанове.

Пільныя супрацоўнікі зверыліся з рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўстанавілі, што дадзенае выданне ўнесена ў забаронены пералік. Пасля гэтага яны праверылі ноўтбук і тэлефон уладальніка кнігі, але там нічога падазронага не знайшлі.

Фота: Брэсцкая газета

У выніку мужчыну затрымалі і склалі пратакол паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП (захоўванне з мэтай распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).

У судовым пасяджэнні ўладальнік кнігі віны не прызнаў. Ён падкрэсліў, што рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ў «экстрэмісцкі» пералік было ўключана другое выданне «Айчыны: дзіцячая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», а ў яго дома на паліцы ляжала першае.

Кнігу яму падарылі на 60-гадовы юбілей. Ён паставіў яе ў шафу, «як падарунак, дзе захоўваў без мэты распаўсюджвання», чытаць ён яе нікому не даваў, а з часам і зусім забыўся, што такая літаратура ў яго ёсць.

«Для членаў яго сям'і — жонкі і дачкі — дадзеная кніга не ўяўляе цікавасці», — падкрэсліваецца ў пастанове.

Аднак суд Кобрынскага раёна з гэтым довадам не пагадзіўся. Там палічылі аргументы няслушнымі, бо сам факт размяшчэння і захоўвання такой інфармацыі ў адкрытым доступе ў кніжнай шафе быў накіраваны на публічную дэманстрацыю і на азнаямленне як мінімум членаў сям'і».

На довад кобрынца пра тое, што «экстрэмісцкім» было прызнана толькі другое выданне кнігі, а не першае, суд таксама знайшоў, што запярэчыць.

«Довад абвяргаецца звесткамі выдання, паколькі ў мэтах выканання рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 18 кастрычніка 2022 года было знішчана як другое, так і першае яе выданне, з чаго вынікае, што названыя выданні былі ідэнтычныя, акрамя таго, пры другім выданні кнігі ў ёй не паказаная інфармацыя аб тым, што другое выданне дапоўнена, дапрацавана альбо зменена, яго назва і колькасць старонак у другім выданні не зменена, у сувязі з чым суд прыходзіць да высновы, што першае выданне з'яўляецца ідэнтычным другому і з'яўляецца экстрэмісцкім матэрыялам», — заключыў суд, не патлумачыўшы пры гэтым, як звычайны беларус мог даведацца, якія менавіта выданні «экстрэмісцкай» кнігі знішчыла Выдавецтва, каб пазбегнуць пратаколу.

У выніку мужчыну прызналі вінаватым і прызначылі дзесяць сутак арышту. Кнігу канфіскавалі.

@nashaniva А ведаеце, дзе яшчэ знішчалі кнігі? #Беларусь#беларускаямова#гісторыябеларусі#книги#школа#нашаніва♬ Solas X Interstellar - Gabriel Albuquerqüe

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
33
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
11
Абуральна
93
0
Ё-маё! /адказаць/
02.06.2024
Ё, камуністы такое рабілі праз увесь час.
0
Ёсік/адказаць/
02.06.2024
Гэта якім агідным чалавекам трэба быць, каб быць у гасьцях, нешта там заўважыць, а потым данесьці на сваяго знаёмага. Мярзотнік, ведае аб забароненых кнігах ды аўтарах. Але які сэнс укладзены ў гэты данос? Ён жа не аб выбухоўцы расказаў, не аб закладніцы, не аб зброі, а аб кнізе. Не разумею, няўжо народ так грымнуўся на дно жыцьця, каб стаць такой во С.кай (хай прабачыць мяне сабака жаночага полу).
0
Анягож/адказаць/
02.06.2024
Ёсік, рускамірныя стагоддзямі такімі былі і ёсць
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031