Знайсці
01.06.2024 / 16:561РусŁacБел

«Расіяне ехаць перасталі, а ў нашых няма столькі грошай». Што адбываецца на аўтамабільным рынку Беларусі

За апошнія некалькі месяцаў у беларускім аўтамабільным бізнэсе адбыўся шэраг змен, якія не маглі не адбіцца на продажах. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Нестабільная вясна 2024-га

Спачатку рынак скалыхнула навіна пра тое, што з 1 красавіка 2024 года расіяне больш не змогуць, як раней рэгістраваць у сябе аўтамабілі з Беларусі, размытненыя па льготным тарыфе без даплаты 50% розніцы.

Ад 1 красавіка пачалі дзейнічаць абноўленыя стаўкі ўтылізацыйнага збору, якія галоўным чынам закранулі імпарт грузавых аўто.

У дадатак да змен у заканадаўстве Расіі і Беларусі, краіны ЕС пачалі больш пільна сачыць за выкананнем санкцый у дачыненні да Расіі, увозіць з Еўрасаюза ў Беларусь аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка большым за 1,9 літра стала складаней. Афіцыйныя дылеры на гэтым фоне прагназуюць рост продажаў новых машын. 

Першая навіна справакавала павышаны попыт на аўто. Прадаўцы тады казалі, што на рынку назіралася сапраўднае ажыўленне праз узрослы попыт з боку расіян.

Патрабуюць зніжку ў 3-5 тысяч даляраў

Цяпер на рынку зацішша. Суразмоўца, якія мае ў продажы тры свежапрыгнаныя з Еўропы аўтамабілі, кажа, што цягам апошніх двух месяцаў інтарэс да ягоных машын амаль нулявы.

«За тыдзень можа быць 1-2 пустыя выклікі, па выніках якіх не даходзіць нават да агляду аўто. Што тычыцца расіян, то апошні раз даводзілася мець з імі справу ў сярэдзіне сакавіка», — згадвае перагоншчык.

Па словах мужчыны, расіяне, якія дагэтуль цікавяцца аўто, звычайна прапаноўваюць цану адразу на некалькі тысяч меншую ад указанай у аб'яве.

 «Я на іх нават не рэагую, бо гэта відавочна нейкія хітразробленыя перакупы з Расіі, якія з ходу прапануюць на 3-5 тысяч менш. Магчыма, яны такім чынам намагаюцца знайсці тых, каму хутка патрэбныя грошы, а машына не прадаецца. Інакш іх логіку зразумець складана, бо прапанаваць 15 тысяч за машыну, якая каштуе 19-20, гэта поўная бязглуздзіца», — тлумачыць перагоншчык.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Калі расіяне не едуць у Беларусь па машыны, то машыны едуць да расіян

Іншы суразмоўца таксама скардзіцца, што продажы апошнім часам амаль ніякія. Распрадаць машыны яму ўдалося толькі пасля таго, як іх перавезлі непасрэдна ў Расію.

«Пасля таго, як машыны завіслі ў Беларусі, мы вырашылі паспрабаваць прадаць іх у Расіі з дапамогай нашых партнёраў, якія купляюць машыны з Еўропы. Як расіяне адгулялі майская, то ў іх там продажы аднавіліся, і нам удалося прадаць некалькі машын», — кажа суразмоўца.

Уласнік аўтакаміса таксама адзначыў, што апошнія два месяцы продажы ніякія. 

«Расіяне ехаць перасталі, а ў нашых няма столькі грошай. Калі яшчэ ў пачатку года добра прадаваліся свежыя аўто з Еўропы, то цяпер зноў самыя папулярныя — гэта «карчы» за 5-7 тысяч.

Сярод свежапрыгнаных бяруць толькі машыны ў дыяпазоне 13-18 тысяч. Усе, што даражэйшае за дваццатку, практычна стаіць колам».

Ілюстрацыны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Прадаўцоў стала больш, чым пакупнікоў

Мужчына выказвае меркаванне, што

аўтабізнэсу варта перажыць цяжкі час, каб ён змог ачысціцца ад выпадковых людзей, якія ніколі ў жыцці не займаліся машынамі, але вырашылі ўкласціся ў іх, бо на гэтым можна было добра зарабіць, пакуль існаваў павышаны попыт.

«Без стабільнага попыту з боку расіян беларускі рынак не такі ўжо і вялікі, таму нам проста не трэба столькі прадаўцоў. Былі часы, калі больш за палову купцоў былі з РФ, цяпер, калі іх амаль не засталося, рынак перанасыціўся.

Жадаючых прыганяць машыны на перапродаж з Еўропы або ЗША стала больш, чым гатовых іх купляць», — упэўнены ўласнік аўтакаміса, які ўжо каля 20 гадоў займаецца продажам патрыманых аўто.

Яшчэ адзін суразмоўца, якія займаецца аўтамабілямі са Штатаў, глядзіць на будучыню крыху больш аптымістычна, чым ягоныя калегі.

Ён мяркуе, што нягледзячы на тое, што аўтамабілі цяпер прадаюцца сапраўды дрэнна, рынак мусіць ажывіцца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Рэч у тым, што расіяне перад 1 красавіка набралі машын у запас, таму трэба пачакаць, пакуль яны іх распрададуць. У дадатак да гэтага, няма адзінага меркавання ў пытаннях даплаты мыту, калі машына размытнена ў Беларусі на льготніка.

Адныя кажуць, што трэба, а іншыя, што не. Наколькі я зразумеў, то яшчэ год размытненыя праз Беларусь машыны можна будзе ўвозіць у Расію без дадатковых даплат», — кажа суразмоўца.

Мужчына сцвярджае, што ў маі прадаў адну машыну расіянам, якія ўжо не першы раз куплялі праз яго аўто са Штатаў.

«Яны былі гатовыя набыць машыну, пакуль яна яшчэ была ў дарозе. Але потым адмовіліся праз асцярогі з даплатамі. Недзе праз месяц зноў з'явіліся, калі машына была ўжо ў рамонце. У выніку яны яе ўсё адно забралі, толькі не ў аварыйным стане, як спачатку планавалі, а ўжо адрамантаваную». 

Пры гэтым суразмоўца прызнаўся, што цікавасці да іншых машын, якія цяпер знаходзяцца на шляху ў Беларусь, у іх няма.

Чытайце таксама:

Папулярнасць сэнсарных панэляў у аўто можа пайсці на спад

Як набыць патрыманае аўто і не даць сябе падмануць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
36
Панылы сорам
15
Ха-ха
47
Ого
19
Сумна
38
Абуральна
67
2
Пытаннечка/адказаць/
01.06.2024
Калі ўжо паціснуць руку апошняму перагону?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031