Знайсці
24.05.2024 / 20:2910РусŁacБел

Яшчэ адна спроба запалохаць Захад. Навошта Пуцін прыязджаў у Мінск

Сумесныя вучэнні Беларусі і Расіі ў справе прымянення тактычнай ядзернай зброі — гэта спроба Масквы запалохаць Захад, адлюстраванне курсу на эскалацыю, дэманстрацыя таго, што Расія ідзе на падвышэнне ставак у вайне, гатовая ўжыць ядзерную зброю і рыхтуецца ўжо да яе практычнага выкарыстання. Гэта дадаткова можа ўмацоўваць і даволі неспадзяваны візіт Пуціна, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Пуцін і Лукашэнка ў Мінску. 24 мая 2024 года

Папярэдні раз Уладзімір Пуцін наведаў Беларусь з працоўным візітам у снежні 2022 года. Была, праўда, яшчэ ягоная паездка на саміт АДКБ у Мінск у лістападзе летась. І вось цяпер нечакана прыехаў ізноў.

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі называе гэты візіт «афіцыйным». А на сайце прэзідэнта Расіі статус візіту не пазначаны. Лукашэнка сустракаў Пуціна ў аэрапорце, што робіць даволі рэдка падчас наведвання нават высокіх гасцей.

Ніякай практычнай неабходнасці ў гэтым прыездзе расійскага прэзідэнта не было. Пуцін і Лукашэнка сустракаюцца даволі часта. Дзеля гэтага ў Маскву накіроўваецца сам Лукашэнка. Апошнія разы ён быў там 11—12 красавіка і на пачатку траўня. Напярэдадні параду 9 траўня ў сталіцы РФ Лукашэнка і Пуцін перамаўляліся да трох гадзін ночы.

Таму можна сцвярджаць, што цяперашні візіт у Беларусь прэзідэнта Расіі — дэманстратыўны.

Ён дасылае два меседжы. Паводле міжнароднай традыцыі, новаабраны кіраўнік дзяржавы ладзіць першы візіт у краіну, якая найбольш важная з гледзішча нацыянальных інтарэсаў. Гэта дэманстрацыя прыярытэту ў замежнай палітыцы. Апошнія чвэрць стагоддзя прэзідэнты Расіі адразу пасля абрання першы візіт, як правіла, ладзілі ў Мінск. Больш таго, нават расійскія прэм’ер-міністры пасля прызначэння найперш наведвалі беларускую сталіцу.

Гэтым разам пасля інаўгурацыі Пуцін паехаў у Кітай. У Крамлі сыходзілі з логікі, што Беларусь нікуды не дзенецца, Лукашэнка крыўдаваць не будзе, яму няма куды бегчы з падводнай лодкі. А ад пазіцыі Кітая для Масквы шмат што залежыць. Палітыка Пекіна адносна вайны Расіі супраць Украіны ў значнай ступені з'яўляецца вагаром, які можа, як лічаць у Крамлі, моцна ўплываць на стаўленне да гэтага канфлікту з боку сусветнай супольнасці.

А вось другі візіт Пуціну трэба было ладзіць у Менск, іншых варыянтаў тут няма. Інакш яго не зразумелі б не толькі ў Беларусі, але і ў самой Расіі, у блізкім замежжы. Калі хто не зразумеў, то Лукашэнка гэта асабліва падкрэсліў падчас сустрэчы дарагога госця ў аэрапорце: «Пасля выбараў гэта адзін з першых візітаў. Пасля Кітайскай Народнай Рэспублікі — нашых сяброў». На гэта звярнуў увагу і Пуцін падчас заключнай прэс-канферэнцыі.

Таму візіт выглядае як дэманстрацыя добразычлівасці Пуціна да свайго адзінага саюзніка. Бо саюзнік падчас вайны дорага каштуе і ў палітычным, і ў фінансавым сэнсе. Таксама важна звярнуць увагу, што Пуцін прыехаў не адзін, а з урадавай дэлегацыяй, у складзе якой новы міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў, міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў, іншыя высокія чыноўнікі.

А другі меседж — ворагам, то бок Захаду, Украіне.

Вайна, якую вядзе Расія, дасягнула кульмінацыі. Абодва бакі робяць крокі, каб прадэманстраваць сілу і рашучасць да перамогі. ЗША размарозілі вялікі пакет дапамогі Украіне. Захад разам з украінскім кіраўніцтвам ладзяць вялікую канферэнцыю ў Швейцарыі, якая, паводле задумы, павінна сфармаваць антырасійскую кааліцыю.

Масква робіць крокі ў адказ. Гэта і візіт Пуціна ў Пекін, і планы аднабаковых зменаў Расіяй марскіх межаў у Балтыйскім моры.

І, можа, галоўны крок. 6 траўня Мінабароны Расіі аб’явіла аб вучэннях у справе прымянення тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). На другі дзень міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь правядзе сінхранізаваную з Расіяй трэніроўку. 9 траўня Пуцін і Лукашэнка паведамілі, што Беларусь далучыцца да Расіі на другім этапе вучэнняў па адпрацоўцы прымянення тактычнай (нестратэгічнай) ядзернай зброі.

Сігнал Захаду даволі празрысты: памахаць перад іх тварам ядзернай дубінай. Абодва дыктатары прагаварылі гэта адкрытым тэкстам. Лукашэнка анансаваў парадак дня перамоваў так: «Думаю, як звычайна, мы пытанні бясьпекі — на першы план».

Пуцін пацвердзіў планы абмеркаваць з Лукашэнкам вучэнні па прымяненні нестратэгічнай ядзернай зброі: «Пагаворым, вядома, і пра другую фазу вучэнняў. Гэта звязана з прамым удзелам нашых беларускіх сяброў, калег у ваеннай сферы ў гэтых мерапрыемствах».

Варта звярнуць увагу, што ТЯЗ — гэта зброя лакальнага прымянення. Ёй немагчыма пагражаць, напрыклад, ЗША ці нават Заходняй Еўропе. Яе носьбіты не прадугледжваюць выкарыстання на далёкіх адлегласцях. Таму, каб пагражаць, трэба наблізіць пункты дыслакацыі ТЯЗ бліжэй да ворагаў. І ў цяперашніх умовах Беларусь — аптымальнае месца, якое надае Расіі стратэгічную глыбіню ў супрацьстаянні з НАТА. Ёсць магчымасць пагражаць Латвіі, Літве, Польшчы, Украіне.

Сумесныя вучэнні Беларусі і Расіі ў справе прымянення ТЯЗ — гэта спроба Масквы запалохаць Захад, адлюстраванне курсу на эскалацыю, дэманстрацыя таго, што Расія ідзе на падвышэнне ставак у вайне, гатовая ўжыць ядзерную зброю і рыхтуецца ўжо да яе практычнага выкарыстання.

Невыпадкова на выніковай прэс-канферэнцыі першым пытаннем беларускай журналісткі была якраз тэма гэтых вучэнняў. Лукашэнка адзначыў, што 90% часу сустрэч з Пуціным прысвечаныя пытанням абароны.

Што да астатніх тэмаў перамоваў, то тут цяжка ўлавіць нейкую канкрэтыку, ва ўсялякім разе, у публічнай прасторы. Было шмат пафасу, рытуалу, што стане хіба што добрым матэрыялам для прапаганды абедзвюх краін.

Чытайце таксама:

Лукашэнка: Амерыканцы забаранялі абслугоўваць верталёт Раісі

Пуцін спусціўся з самалёта да Лукашэнкі па куленепрабівальным трапе ФОТАФАКТ

Лукашэнка і Пуцін абмяркоўваюць вучэнні па прымяненні нестратэгічнай ядзернай зброі

Пуцін прыляцеў у Беларусь проці ночы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
9
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
35
6
30-я дывізія/адказаць/
24.05.2024
Мiсцер Тамагаўк, захад уперод!!!! Пакажы ім куськіну маць!
11
Ерома/адказаць/
25.05.2024
Полнасцю падзержываю і счытаю што этава недастатачна нада не палохаць языком а рвануць эту бомбачку гденібуць  в безлюдным месті і паказаць на ютубе чтоб эці натавцы заткнулісь
1
Рване так што уляцiце у космас/адказаць/
25.05.2024
Ерома, есць такое месца, у вашых лукашыскiх дупах яно будзе.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930