Знайсці
23.05.2024 / 22:571РусŁacБел

Топ-7 новаўвядзенняў амністыі-2024 — палёгка жанчынам, асуджаным за наркотыкі ці забойства, у якіх ёсць дзеці

Савет міністраў Беларусі перадаў у парламент праект амністыі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пакуль гэта толькі праект амністыі, тэарэтычна дэпутаты могуць скарэктаваць дакумент, але імавернасць гэта мінімальная. Дакумент ужо прайшоў зацвярджэнне ў сілавых ведамствах і ў Адміністрацыі прэзідэнта, таму дэпутаты механічна падтрымаюць яго.

Праект новага закона аб амністыі традыцыйна базуецца на тэксце папярэдняй амністыі (2022 года).

Па-ранейшаму пад палёгку не трапляюць палітвязні. Амаль усе палітычныя артыкулы ўключаныя ў спіс тых, па якіх амністыі не будзе. Апроч таго, блакуюць «злосных парушальнікаў» — а такі статус звычайна маюць усе палітвязні, у тым ліку і тыя, хто фармальна не асуджаны па палітычных артыкулах.

Амністыя таксама амаль не закране людзей, асуджаных за цяжкія і асаблівыя злачынствы, а таксама амаль усіх асуджаных за наркотыкі.

«Наша Ніва» вылучыла сем асноўных новаўвядзенняў.

1. Год скінуць шматдзетным маці, асуджаным за забойства без абцяжарваючых абставінаў (ч. 1 арт. 139) ці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць (ч. 3. арт. 147). І ў гэтым выпадку трэба быць не пазбаўленым бацькоўскіх правоў.

2. Па ўсіх наркатычных артыкулах (327 — 332) год скінуць не толькі непаўналетнім (як было падчас мінулай амністыі), але і жанчынам, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці. Да іх прыроўненыя і адзінокія мужчыны з непаўналетнімі дзецьмі. І ў тым, і ў тым выпадку трэба быць не пазбаўленым бацькоўскіх правоў.

3. Год скінуць асуджаным за стартавую частку артыкула за несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі (ч. 1 арт. 349), а таксама стартавыя часткі артыкула за знішчэнне ці мадыфікацыю камп’ютарнай інфармацыі (ч. 1 і ч. 2 арт. 350).

4. Амністыя не будзе прымяняцца да асуджаных за наўмыснае разгалошванне дзяржаўнай таямніцы (арт. 373). Пад мінулую амністыю гэты артыкул падпадаў. 

5. Адправіць з калоніі на хатнюю хімію альбо вызваліць з хатняй хіміі могуць асуджаных за арганізацыю прастытуцыі (ч. 1 арт. 171), уцягненне ў заняткі прастытуцыі (ч. 2 арт. 171-1)

6. Вязняў, якія знаходзяцца ў калоніі за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі (максімальнае пакаранне па артыкуле — 2 гады), перавядуць на хатнюю хімію. Тых, хто знаходзіцца на хіміі за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, вызваляць, але неадбыты тэрмін будзе лічыцца ўмоўным. Але гаворка не вядзецца пра палітычныя, наркатычныя і іншыя «папулярныя» артыкулы.

У 2022 такіх вязняў проста вызвалялі ад пакарання.

7. Вязняў, якія знаходзяцца ў калоніі за менш цяжкія злачынствы (максімальнае пакаранне па артыкуле — 6 гадоў), перавядуць на хатнюю хімію, калі яны ўжо адбылі хаця б чвэрць пакарання. Тых, хто знаходзіцца на хіміі за менш цяжкія злачынствы, вызваляць, але неадбыты тэрмін будзе лічыцца ўмоўным. Але гаворка не вядзецца пра палітычныя, наркатычныя і іншыя «папулярныя» артыкулы.

Амністыя прымеркаваная да 3 ліпеня, таму яна ўступіць у сілу бліжэй да гэтай даты. Амністыя будзе працягвацца паўгода ад моманту абвяшчэння.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
6
3
Варыянтаў няма/адказаць/
23.05.2024
Сітуацыя не палепшыцца пакуль не зменіцца рэжым, а ён не зменіцца і таму з мэтай хоць якой нармалізацыі трэба шукаць дамоўленасцяў з рэжымам, іншага няма.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930