Знайсці
02.06.2024 / 15:08РусŁacБел

Пяць галоўных памылак бацькоў у камунікацыі з падлеткамі

Выхад новай кнігі «Соня, стой!» аб праблемах падлеткаў стаў нагодай паразмаўляць з псіхолагам пра асноўныя памылкі бацькоў, якія не дазваляюць выбудаваць здаровыя і даверлівыя адносіны з дзецьмі. Часам гэтыя ж памылкі даюць пачатак больш глыбокім псіхалагічным праблемам, якія даводзіцца вырашаць ужо ў сталым узросце.

Ілюстрацыя з кнігі «Соня, стой!»

У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла навінка — беларускамоўная кніга напрамку young adult «Соня, стой!» Сашы Гук. Аўтарка паказвае, з якімі праблемамі, перажываннямі сутыкаецца падлетак, чыё сталенне прыпала на складаныя часы. 

Галоўная гераіня аповесці, пятнаццацігадовая Соня, намагаецца знайсці пункт апоры ў той час, калі ёсць праблемы і ў сям'і, і ў грамадстве, сябры абіраюць розныя шляхі, а да ўсіх бед далучаецца прыкрая хвароба.

У кнізе падзеі асабістага жыцця школьніцы разгортваюцца на фоне крызісаў у свеце, сярод якіх і 2020 год у Беларусі. «Дарослы» свет мяняецца, а падлетак, які перастаў быць дзіцём, усё яшчэ не можа на яго ўплываць, аднак глыбока перажывае. Асэнсаваць гэты даволі складаны досвед і спрабуе аўтарка аповесці «Соня, стой!».

Каб зразумець, з якімі праблемамі сутыкаюцца падлеткі і як іх перажываюць, вам варта прачытаць кнігу. Набыць яе можна ў выдавецтве Gutenberg Publisher па спасылцы. Мы ж прапануем пагаварыць пра тое, якія самыя частыя памылкі робяць бацькі ў камунікацыі з дзецьмі-падлеткамі.

Зразумела, што не існуе ўнікальнага рэцэпту, які дапаможа знайсці падыход да кожнага дзіцяці. Але калі вы пазнаеце сябе ў апісаных прыкладах, магчыма, парады псіхолага дапамогуць вам знайсці гэты падыход да сваёй дачкі ці сына і дапамагчы ім лягчэй прайсці няпросты перыяд у поўным узаемаразуменні з вамі.

«Наша Ніва» прапанавала беларускаму псіхолагу (імя мы не называем у мэтах бяспекі) назваць 5 галоўных памылак бацькоў, з наступствамі якіх яму даводзіцца працаваць.

Памылка № 1: недахоп камунікацыі

— Мабыць, галоўная памылка, якую могуць зрабіць бацькі — гэта мала камунікаваць з падлеткам. Бывае, напрыклад, яны ад псіхолага даведваюцца, што іх дзіця цікавіцца паэзіяй ці добра малюе — і шчыра здзіўляюцца.

Бавіць разам час з сынам ці дачкой неабходна не толькі для таго, каб яны не звязаліся з дрэнай кампаніяй. Ведаючы пра тое, што цікавіць падлетка, можна дапамагчы з прафарыентацыяй.

Даволі часта да мяне прыходзяць бацькі і кажуць: «Я не ведаю, куды накіраваць сваё дзіця, як дапамагчы яму вызначыцца з выбарам прафесіі». Я ў гэтым выпадку звычайна прапаную ім задаць падлетку простае пытанне: «А чым ты захапляешся?» І тут часам нечакана высвятляецца, што ў дзіцяці добра атрымоўваецца пісаць тэксты ці яно па анлайн-курсам праграмаваць вучыцца.

Сапраўды, вялікая праблема ў тым, што ў многіх сем’ях камунікацыя зводзіцца да рашэння нейкіх побытавых пытанняў: «Урокі зрабіў, у пакоі прыбраў? Ну добра, ідзі спаць».

Ілюстрацыя з кнігі «Соня, стой!»

Памылка №2: татальны кантроль

Ёсць людзі, якія хочуць кантраляваць дзіця 24 гадзіны 7 дзён у тыдзень. Як гэта выглядае для падлетка? Ён разумее, што яму не давяраюць, раз кантралююць кожны крок. Гэта не толькі раздражняе, але і падрывае давер да бацькоў.

Падчас тэрапіі я сустракаў дзяўчыну, якая вяла падвойнае жыццё: яна добра вучылася ў школе і наведвала музыкалку, але пры гэтым таемна пачала курыць і спажываць алкаголь. Гэта быў яе бунт супраць гіперкантролю з боку маці.

Канешне, трэба ведаць, чым жыве тваё дзіця. Але неабходна змірыцца з тым, што ты не можаш кантраляваць яго на 100% і нават не спрабаваць гэта зрабіць. Бо ўсё, што з гэтага хутчэй за ўсё атрымаецца, страта даверу ў сям'і.

Ілюстрацыя з кнігі «Соня, стой!»

Памылка № 3: ігнараванне пачуццяў падлетка

Хваляванні падлетка могуць здавацца дарослым нечым несур’ёзным і ад іх адмахваюцца. У якасці прыклада я магу прывесці гісторыю сям’і ў эміграцыі: падлетак паскардзіўся бацькам на тое, што хвалюецца праз дрэнныя адзнакі ў новай школе.

Тата і мама былі занятыя вырашэннем шматлікіх пытанняў жыцця на новым месцы, таму проста адмахнуліся: «Справішся, гэта ўсяго толькі адзнакі, не найважнейшае ў жыцці, забей, усё будзе добра».

У выніку ў падлетка склалася меркаванне, што яго пачуцці і перажыванні не маюць значэння. Ён перастаў дзяліцца з бацькамі любымі праблемамі і хваляваннямі. Праз гэта бацькі не даведаліся своечасова пра булінг, які пачаўся ў школе. І калі нарэшце яны звярнуліся за дапамогай да псіхолага, праблем было ўжо вельмі шмат.

Памылка № 4: пастаяннае параўнанне падлетка з кімсьці

Тут можа быць мем пра сына мамінай сяброўкі, які заўсёды ідэальны. На жаль, сапраўды хапае бацькоў, якія бесперапынна параўноўваюць сваё дзіця з іншымі.

Да чаго гэта прыводзіць? Часта да таго, што дзіцё губляе сваё «я». Напрыклад, у мяне быў кейс, калі бацькі дачцэ ставілі ў прыклад дзяўчынку, якая займалася танцамі. У той час у дачкі былі поспехі ў іншай сферы, але іх ігнаравалі. У выніку дзяўчынка закінула свае хобі — бо вырашыла, што для таго, каб атрымаць пахвалу бацькоў, трэба танчыць. У танцах у яе не было асаблівых дасягненняў, а тым, што сапраўды добра атрымлівалася, школьніца кінула займацца. Ці стаў ад гэтага нехта больш шчаслівым? Не. Бацькі як і раней хвалілі іншую дзяўчынку, а іх дачка пакутавала.

У доўгатэрміновай перспектыве наступствы такіх параўнанняў праяўляюцца ў тэрапіі, калі дарослыя людзі прыходзяць са словамі: «Я не ведаю, чаго я хачу ў жыцці, і не ўпэўнены, ці магу я чагосьці дасягнуць», паколькі іх уласныя патрэбы, жаданні і імкненні заўсёды ігнараваліся.

Нярэдка потым ужо дарослыя дзеці пазбягаюць камунікавання з бацькамі, бо не хочуць, каб іх зноў з кімсьці параўноўвалі.

Ілюстрацыя з кнігі «Соня, стой!»

Памылка № 5: ігнараванне поспехаў свайго дзіцяці

Некаторыя бацькі ігнаруюць усё, што падлетак добра робіць: яны ставяцца да таго, што ён вучыцца на 9-10, удзельнічае ў конкурсах, займаецца спортам як да дадзенасці. Насамрэч, станоўчая зваротная сувязь важная для ўсіх, а для падлеткаў асабліва.

Калі тата з мамай звяртаюць на дзіця ўвагу, толькі калі з’яўляюцца нейкія праблемы — дрэнныя адзнакі, заўвагі настаўнікаў — трэба быць гатовым для таго, што падлетак пачне рабіць усё, што заўгодна, толькі каб прыцягнуць увагу.

Вы, магчыма, таксама чулі пра такія выпадкі, калі ідэальнае раней дзіця — умоўна кажучы, гонар школы — раптоўна «псуецца» і пачынае тварыць нейкі трэш, ад якога ва ўсіх валасы на галовах варушацца.

У мяне ў тэрапіі была дзяўчынка-падлетак, якая добра разумела, што яе паводзіны недапушчальныя, але ўсё роўна працягвала паводзіць сябе такім чынам. Калі я спытаў, навошта, яна адказала: «Бо калі я трапляю ў непрыемнасці, бацькі пачынаюць са мной размаўляць». А пакуль яна была «добрай дзяўчынкай», на яе не звярталі ўвагі.

Трэба памятаць аб тым, што неабходна не толькі крытыкаваць, але і хваліць, і не забываць казаць «Дзякуй!».

Гэта толькі самыя распаўсюджаныя памылкі бацькоў. Хочаце лепш разумець падлеткаў — пачытайце кнігу Сашы Гук «Соня, стой!». Яна будзе аднолькава карыснай як самім падлеткам, якія змогуць пабачыць там сябе, так і бацькам, якія хочуць пагрузіцца ў рэальнасць сваіх дзяцей і зразумець іх. Знайсці яе можна ў выдавецтве Gutenberg Publisher па спасылцы.

Чытайце таксама:

«Бабуля дазволіла сябру прыйсці на мой дзень нараджэння, але з умовай — праспяваць нам афіцыйны гімн». Школьнікі згадваюць 2020-ы 

«Мы пацярпелі ад пераездаў не менш, чым дарослыя». Беларускія падлеткі, якія эмігравалі з бацькамі, робяць падкаст пра такіх, як самі

Сілавікі затрымалі семярых падлеткаў, якіх вінавацяць у тэрарызме і здрадзе дзяржаве

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
23
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
10
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930