Знайсці
23.05.2024 / 19:3610РусŁacБел

Герасіменя: Апейкіну трэба надаваць па руках, бо ён шмат дзе ўжо нашкодзіў

Дзясяткі беларускіх атлетаў выказалі недавер Аляксандру Апейкіну — чалавеку, які з 2020-га ўвасабляў (ці імкнуўся ўвасабляць) незалежных спартоўцаў краіны. Мы спыталі ў бакоў канфлікту, як так атрымалася.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін. Фота Белсата

Вотум недаверу выказаны ў адрас Аляксандра Апейкіна і Беларускага фонду спартовай салідарнасці, якім ён кіруе ад яго стварэння ў 2020-м. Спартоўцы, у тым ліку Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка і Сцяпан Папоў, ставяць Апейкіну ў віну маніпулятыўную камунікацыю са спартоўцамі, неналежнае выкананне ўзятых на сябе абавязкаў, адсутнасць фінансавай справаздачнасці па працы фонду і іншае — усяго шэсць прэтэнзій.

Адна з падпісантак, славутая плыўчыха Аляксандра Герасіменя, кажа, што вотум – ініцыятыва, якая з’явілася раптоўна сярод беларускіх вольных спартоўцаў. Спачатку Аляксандра паставілася да яе крытычна: «Мне было важна, каб гэта здарылася ў належны час. Трэба было рабіць такі вотум яшчэ пару гадоў таму. Але потым мы абмеркавалі ўсё гэта і вырашылі, што

проста трэба паставіць вялізную кропку ў гэтай гісторыі, каб больш не было выпадкаў, як у нас з Ленай [Леўчанка], калі пад нашы імёны маглі збірацца грошы. 

Цяпер прадстаўнікі фонду кажуць, што ён дапамагае беларускім спартоўцам. Мне цікава — каму? Размаўляла з рознымі спартоўцамі, і ніхто яшчэ мне не казаў, што фонд насамрэч дапамагае. То я зрабіла выснову, што фонд цяпер нікому з беларусаў і не дапамагае, дык з кім жа яны працуюць?

Бачыла, што фонд дае нейкія стыпендыі ўкраінскім спартоўцам, а што з беларусамі? Калі вы не дапамагаеце беларусам, так і кажыце». 

Герасіменя адзначае, што за вотумам не хаваецца жаданне хайпу ці хейтарства, галоўны пасыл — менавіта недавер Аляксандру Апейкіну. Хай Фонд спартовай салідарнасці працуе, кажа яна, але не выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах імёны падпісантаў вотуму.

Самбіст Сцяпан Папоў кажа, што падпісаў вотум адразу, бо згодны з усімі пунктамі ў ім: «Я спыніў кантакты з Апейкіным больш за год таму, калі адпісаўся ад яго ў сацсетках. Мне нецікавае яго жыццё, але час ад часу ў сеціве ўсплываюць яго публічныя каментары, па якіх бачна яго шкодную працу. На сёння для мяне фонд спартовай салідарнасці і Аляксандр Апейкін — пустое месца, якое толькі займае інфармацыйную прастору, чым шкодзіць сапраўдным справам».

Паводле словаў Аляксандры Герасімені, паперу падпісалі больш за 40 атлетаў і столькі ж яшчэ былі гатовыя гэта зрабіць, але адмовіліся: «Маўляў, мы разумеем, што гэта не той чалавек, якому мы можам давяраць, і згодныя з усім, што там напісана, але… Гэтае «але» быццам бы спрацавала ў 2020-м на рэжым, і цяпер адбываецца тое ж самае. Мы не хочам хейціць Аляксандра, мы проста кажам, што ёсць чорнае і белае.

Кожны з нас меў негатыўны досвед камунікацыі з Аляксандрам. Мы маем доказы гэтага, скрыны, але не жадаем перамываць гэты бруд, мы проста выказалі сваю думку. Калі я бачу, што чалавек нешта робіць не вельмі дабрачынна, я буду пра гэта казаць, нават калі няма кагосьці, хто мог бы зрабіць гэта лепш. Можа, нейкія людзі, якія збіраюцца супрацоўнічаць з ім, задумаюцца, ці трэба гэта рабіць. Калі чалавек разумее, што яму адно, другое, трэцяе сышло з рук, такія метады працы робяцца для яго звыклымі».

Аляксандра называе памылкай тое, што вольныя спартоўцы давяралі Апейкіну, але тлумачыць, што не мела прычын рабіць іншы выбар. Аказалася, кажа спартоўка, што Апейкін выкарыстоўваў маніпуляцыі, шантаж, калі нешта не падабалася, і абвінавачванні ўсіх ва ўсім.

Ці паціснула б Герасіменя руку былому паплечніку? «Не, а навошта? Па-першае, я — дзяўчына, а па-другое, я не паважаю яго. У мяне няма да яго асабістай нянавісці, можа, я і павіталася б з ім, калі б недзе сустрэла яго. Не маю прычын яму помсціць, гэта як мінімум не па-хрысціянску. Але надаваць па руках трэба, бо ён шмат дзе ўжо нашкодзіў».

Мы папрасілі Аляксандра Апейкіна расказаць нам пра свой погляд на вотум і абвінавачванні ў пагрозах. Ён заявіў, што не бачыць сэнсу паўтараць адно і тое ж розным выданням і параіў чытаць яго каментар «Люстэрку». 

У гутарцы з «Люстэркам» Апейкін заявіў, што фонд не мае ніякіх незакрытых абавязальніцтваў, і ўвесь вотум — гэта толькі эмоцыі без дакументаў і канкрэтных прыкладаў. Паводле словаў Аляксандра, усе прэтэнзіі спартоўцаў — гэта асабістыя крыўды, якія пачаліся, калі скончыліся стыпендыі. А сам ліст ён характарызуе як небяспечны для падпісантаў:

«Мне незразумела, навошта падстаўляцца такім лістом сёння. На людзей няма крымінальных спраў, за выключэннем Герасімені. Плюс улада цяпер актыўна адбірае маёмасць, і гэта лішняя нагода нагадаць пра сябе».

На прэтэнзію пра фінансавую непразрыстасць Апейкін адказвае, што цяпер у фондзе праходзіць аўдыт, а далей будзе апублікаваная фінансавая справаздачнасць. Аляксандр не бачыць неабходнасці для фонда публічна рэагаваць на вотум і ўпэўнены, што ліст не паўплывае ні на працу, ні на дзейнасць арганізацыі.

Апейкін кажа, што фонд мае грантавую падтрымку на бліжэйшы час. Ён прапануе падпісантам вотуму прынесці прабачэнні і выдаліць ліст, а таксама сцвярджае, што фонд кансультуецца з юрыстамі датычна далейшых крокаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Вядомыя спартсмены выказалі публічны недавер кіраўніку БФСС Апейкіну

«З вашай рыторыкай можна сказаць, што і Лукашэнка любіць Беларусь». Словы Апейкіна ў фэйсбуку ўзнялі спрэчку

Алена Леўчанка і Аляксандра Герасіменя абурыліся спартовым фондам, які выкарыстоўвае іх імёны. Там адказалі

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
16
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
10
Абуральна
7
0
Игорь В./адказаць/
23.05.2024
Ха-ха-ха! Ничего не меняется, опять Опейкин, опять обвинения в его адрес. Только дальше что? Покричали и на этом все. Опейкин в очередной раз отбрешется и продолжить осваивать гранты. Никто ему ничего не сделает.
4
Варшавский кабачок/адказаць/
23.05.2024
Молоток Опейкин! Чем он хуже других? Многие пользуются моментом и возможностями набить карманы, многим деятелям и фондам плевать на Беларусь и людей. Опейкин, хотя бы не только тырил бабки, но и имел совесть делиться и помогать. Наш слоняра!
24.05.2024
Этот чел пилит бабки , а не помогает . Дай отчет основным спортсменам и спи спокойно , но видать дать нечего в отчете.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930