Знайсці
24.05.2024 / 18:3814РусŁacБел

У Празе адбываецца Кангрэс па палітзняволеных. У чым яго адметнасць і якія тэмы ў раскладзе? Рэпартаж «Нашай Нівы»

У Празе адбываецца кангрэс па пытаннях беларускіх палітвязняў, які ладзіцца дэмакратычнымі сіламі пры падтрымцы пасольства ЗША, Карлавага ўніверсітэта і іншых арганізацый. Карэспандэнт «Нашай Нівы» наведаў мерапрыемства.

Першы дзень Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі, які ладзіцца на базе Карлавага ўніверсітэта ў Празе.

З нагоды Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі (які адзначаюць беларусы па ўсім свеце з 2021 года, калі ў шклоўскай калоніі памёр Вітольд Ашурак) Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе пры падтрымцы беларускіх праваабаронцаў і актывістаў, пасольства ЗША ў Празе і Карлавага ўніверсітэта праводзіць Кангрэс па беларускіх палітвязнях.

Мерапрыемства праходзіць у вялікім сярэднявечным будынку адміністратыўнага комплексу Карлавага ўніверсітэта («Каралінум») у самым цэнтры Прагі. 

Мерапрыемства запланавана на тры дні, а сярод гасцей і спікераў ёсць еўрапейскія дыпламаты, чыноўнікі і дэпутаты, прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі (АПК), вядомыя беларускія актывісты, журналісты, праваабаронцы, а таксама былыя палітвязні і іх сваякі.

Шэраг тэмаў у раскладзе кангрэса вялікі, асабліва па частцы шляхоў вызвалення і падтрымкі рэпрэсаваных і палітвязняў, на абмеркаванне і распрацоўку якіх будзе выдзелены асобны дзень. 

Карэспандэнт «Нашай Нівы» зрабіў агляд самага асноўнага з таго, пра што казалі на мерапрыемстве ў першы дзень.

«Нас спрабуюць забіваць»

У першай працоўнай панэлі па тэме «Трэнды рэпрэсій у Беларусі і новыя выклікі» выступілі Кацярына Дзяйкала (Беларускі Хельсінскі камітэт), Марыя Колесава-Гудзіліна (Беларуская Асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека), Леанід Судаленка (Праваабарончы цэнтр «Вясна») і Вячаслаў Касінераў (Праваабарончая ініцыятыва «Dissident BY»).

Спікеры першай працоўнай панэлі (злева направа): Кацярына Дзяйкала, Марыя Колесава-Гудзіліна, Леанід Судаленка і Вячаслаў Касінераў. Фота: «Наша Ніва»

У сваёй прамове юрыстка-міжнародніца Кацярына Дзяйкала заявіла, што «заходнія партнёры дагэтуль не разумеюць усю сур'ёзнасць сітуацыі ў Беларусі, а рэпрэсіі ўнутры краіны толькі пагаршаюцца»:

«У рэжыму ёсць выразны падзел на сваё і чужое з намерам знішчыць апошняе. Ніякага плато па рэпрэсіях не адбываецца, усё будзе толькі горш.

Напрыклад, адзін дыпламат еўрапейскай краіны нядаўна падышоў да мяне з такім пытаннем: «А мы можам вярнуць Беларусь у стан 2019 года?».

Падобны пункт гледжання наконт імкненняў рэжыму Лукашэнкі мае актывіст анархічнага руху і арганізатар Dissident BY Вячаслаў Касінераў, які ў сваёй прамове прааналізаваў біялагічныя наступствы знаходжання за кратамі для беларускіх палітвязняў.

Па яго словах, супраць апанентаў улады ладзіцца сапраўдная вайна на знішчэнне і што палітвязняў у турмах спрабуюць забіць. 

«Перманентны стрэс прыводзіць да сардэчна-сасудзістых захворванняў, моцнага зніжэння імунітэту, страты кантролю над эмоцыямі, пазбаўлення сну, дэпрэсіі і старэння. Арганізм у стрэсе ставіць на паўзу ўсе іншыя біялагічныя працэсы і пагаршае працэсы, звязаныя з ракам. Таксама церпіць рэпрадуктыўная сістэма.

Тое, што адчуваюць рэпрэсаваныя і палітвязні, не метафарычныя пакуты, гэта вайна на знішчэнне апанентаў дыктатуры. Нас спрабуюць забіваць.

Палітвязні траўмаваныя, і пры гэтым яны валодаюць вялікім вопытам, ведамі і патэнцыялам, якія могуць удыхнуць новае жыццё ў нашу агульную справу», — падкрэсліў Касінераў.

Былы палітвязень і праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка выразіў занепакоенасць лёсам сваіх калег-праваабаронцаў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах. 

Судаленка адзначыў, што пасля вызвалення пачуццё адчаю і безнадзейнасці ніколі яго не пакідалі, а таксама згадаў ліст ад нобелеўскага лаўрэата і старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага ў 2021 годзе.

«Вясной 2021 года Алесь Бяляцкі пісаў мне: «Восенню будзеш дома». Але ў выніку Алесь сам апынуўся ў турме. Хвалююся за яго, як ён выжывае, бо мне ў тых умовах не раз даводзілася развітвацца з жыццём, медыцыны там няма. І толькі ў гэтым годзе адбылося тры смерці палітвязняў», — падзяліўся Леанід Судаленка.

Марыя Колесава-Гудзіліна з Асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека звярнула ўвагу на распаўсюджаны стэрэатып пра адвакатаў, якіх у сённяшніх умовах у Беларусі называюць толькі паштальёнамі, якія не здольны абараніць рэпрэсаваных.

«Не называйце адвакатаў паштальёнамі, мы кладзём сваю прафесію і жыццё на дапамогу людзям. З 2020 года нас затрымлівалі і пазбаўлялі ліцэнзій, а цяпер нас засталося мала, бо адвакатаў саджаюць у турмы і таксама катуюць. 

Па нашых падліках, цяпер на аднаго адваката ў Беларусі прыходзіцца 5800 беларусаў. З-за таго, што нас засталося мала, у тым ліку і адбываецца праблема са стратай усялякай сувязі з палітвязнямі.

Нярэдка адвакаты з-за рэпрэсій самі адмаўляюцца бараніць рэпрэсаваных. Напрыклад, мая адвакатка па заведзенай на мяне спецвытворчасці проста заблакавала мяне ў месенджарах», — канстантавала Марыя Колесава-Гудзіліна.

Пра што казалі яшчэ?

На наступных трох панэлях спікерамі абмяркоўваліся тэмы, датычныя ўразлівых груп палітвязняў у турмах (непаўнагадовыя, пажылыя, людзі з абмежаванымі магчымасцямі і хваробамі, ЛГБТК+, жанчыны, вернікі, анархісты і гэтак далей), праблем сваякоў палітзняволеных і дапамогі з боку заходніх палітыкаў.

Сярод іншага, былі прадстаўлены вынікі медыцынскага апытання 105 былых палітвязняў і былых звычайных вязняў аб умовах за кратамі, якое праводзілася арганізацыяй «Лекары за праўду і справядлівасць»:

«Усяго ў медыцынскім апытанні было 46 пытанняў. 42% рэспандэнтаў сказалі, што маюць хранічныя захворванні. Большасць адзначыла, што іх медыцынскі агляд за кратамі быў фармальным і наяўныя дакументы з волі часта не прымалі. 80% апытаных ніхто не аглядаў пры змяшчэнні ў ШІЗА, і вельмі малую колькасць з рэспандэнтаў увогуле там наведвалі медыкі.

Мы яшчэ пыталіся: «Што было для вас самым складаным падчас адбыцця пакарання?». 75,2% адказалі, што гэта было разуменне несправядлівасці свайго лёсу. Таксама гучалі адказы: прыніжэнне чалавечай годнасці, адчуванне сябе закладнікамі і немагчымасць адмовіцца ад той сітуацыі, якая ёсць», — распавяла прадстаўніца арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасць» псіхолаг Вольга Вялічка.

Спікеры другой працоўнай панэлі (злева направа): Марына Касінерава («Беларускі анархісцкі рух»), Дзмітрый Лепрэтар (беларускі адвакат), Наталля Васілевіч («Хрысціянская візія») і Яўгенія Доўгая («Палітвязынка»). Фота: «Наша Ніва»

Прадстаўніца арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасць» і спікерка другой працоўнай панэлі псіхолаг Вольга Вялічка. Фота: «Радыё Свабода»

Таксама прагучалі лічбы, колькі патрэбна грошай на мінімальную штомесячную падтрымку сем'яў абсалютна ўсіх палітвязняў.

«Каб прафінансаваць усе сем'і палітзняволеных на 100-150 еўра на месяц — суму, якая патрэбная на адну вялікую перадачу ў калонію — патрэбныя 1 мільён 843 тысячы еўра ў год», — заявіла кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская.

Яна акцэнтавала ўвагу, што яшчэ ў самым пачатку пратэстаў асноўная частка грошай на дапамогу рэпрэсаваным і палітвязням прыходзіла менавіта ад людзей унутры Беларусі, і з улікам масавай эміграцыі ад рэпрэсій большая частка гэтых людзей ужо самі сутыкнуліся з фінансавымі праблемамі.

Зазулінская таксама заклікала ўсіх дапамагаць палітзняволеным і іх сем'ям не толькі матэрыяльна, але і псіхалагічна.

З тым жа пасылам па відэасувязі на кангрэсе выступіла і Святлана Ціханоўская, адзначыўшы, што ўсе палітвязні — героі і што барацьба за іх — гэта змаганне за ўсю Беларусь.

«Мы дамо рады толькі калі падключыцца кожны. Хтосьці можа дапамагчы сваім рэсурсам, нехта часам, сваімі ўменнямі. Гэта змаганне за сем’і ў вузкім сэнсе. І ў шырокім — за ўсіх нашых родных. За нашую Беларусь», — сказала Ціханоўская ў відэазвароце да ўдзельнікаў кангрэса.

Спікеры трэцяй працоўнай панэлі (злева направа): Ганна Канавалава (маці палітзняволенай Антаніны Канавалавай), Вольга Зазулінская («Краіна для Жыцця»), Вікторыя Пальчыс (жонка палітзняволенага Эдуарда Пальчыса) і Валер Арабейка (муж былой палітзняволенай Яны Арабейка). Фота: «Наша Ніва»

Святлана Ціханоўская запісала відэазварот да ўдзельнікаў Кангрэсу па беларускіх палітзняволеных у Празе. Фота: «Наша Ніва»

Падагульняючы ўсё сказанае ў першы дзень кангрэсу, асабліва адзначаліся наступныя вострыя праблемы ў кантэксце дапамогі палітвязням: недахоп рэсурсаў, поўная страта сувязі з палітвязнямі, перспектыва крыміналізацыі самога факта прызнання чалавека палітзняволеным і таксама стан здароўя людзей, якія вызваліліся, і іх матэрыяльна-маральныя пакуты.

Існуючыя і новыя шляхі вырашэння гэтых праблем абмяркоўваюцца на кангрэсе дагэтуль.

Спікеры чацвёртай працоўнай панэлі (злева-направа): Вольга Рыхтэрава (чэшская дэпутатка), Маркета Грэгорава (чэшская дэпутатка), Франак Вячорка (дарадца Святланы Ціханоўскай), Таццяна Хоміч (сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай), Вольга Гарбунова (прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы), Ева Дэкроікс (чэшская дэпутатка).

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Як беларусы свету адзначылі Дзень палітвязняў ФОТЫ

Мы пераправерылі «спісы падпісантаў незалежных медыя» і загрузілі іх у воблака, каб можна было праглядаць бяспечна

«Спроба апазіцыі займець другое дыханне». Вось што напісала пра анлайн-выбары ў Каардынацыйнай раду Le Mondе

Марк Рыхтэр

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
4
2
Не так/адказаць/
25.05.2024
Архитектор Мендисабаль, Не за твой счёт. Завидуй не так позорно.
0
Можна шмат чаго але ж было б жаданне/адказаць/
25.05.2024
kia, а пра здароўе такіх як ты ты падумаў? Ці хочаш каб яшчэ боле каней дзьвінула ў турмах, лічаш гэта нешта зменіць. Дзякуючы вашае святлане лукашэнка яшчэ кіруе і кіраваць дзякуючы ёй будзе яшчэ доўга. Пачалі б перамовы як казаў Аазняк у 21, ужо б большасць была на волі і вайны б верагодна ня здарылася б
0
Смеху вартыя людзі/адказаць/
25.05.2024
Каб зразумець што спадарам пофіг, дастаткова паглядзець на іх позы сядзення ў крэслах, толькі аднаму нешта нібы не пофіг і то мо таму што кажа ў мікрафон, спадарыне злева ўвогуле хочацца збегчы як і поўнаму мужычку па цэнтры
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930