Знайсці
09.03.2024 / 08:0519РусŁacБел

Хто такая Эльвіра Мірсалімава, якую ўжо нават лукашэнкаўцы вінавацяць у беларусафобстве

Эльвіра Мірсалімава ў маладосці захаплялася скаўтынгам, а затым ператварылася ў зацятую прыхільніцу пуцінскай Расіі і Сталіна. Свае амбіцыі ў прасоўванні імперскіх наратываў утаймаваць яна ніяк не можа. Лукашэнкаўцы ўзяліся рабіць з яе ворага беларуска-расійскай інтэграцыі. Будучыня актывісткі выглядае трагічнай, калі тая не стане пакладзістай.

Эльвіра Мірсалімава. Фота: smolgazeta.ru

Прыхільніца беларуска-расійскай інтэграцыі

Вобраз прарасійскай — а хутчэй, антыбеларускай — актывісткі замацаваўся за Эльвірай Мірсалімавай даўно.

Беларусаў яна лічыць «тымі ж рускімі», для якіх «руская мова — родная». Не хавае сваёй прыхільнасці да Сталіна і нават прапаноўвала ставіць яму помнікі ў Беларусі.

Мірсалімава арганізоўвала ў Віцебску акцыі «Бессмяротны полк», якія расійская прапаганда выстаўляла для папулярызацыі ідэй «рускага свету». Далучалася да цьмяных арганізацый накшталт руху «Саюз», які заснаваў расійскі палітык Сяргей Бабурын.

Эльвіра Мірсалімава выхвалялася, што ў «Бессмяротны полк» хадзіла сям'ёй. На фота яна з мужам, Дзмітрыем Рубанікам, які трымае на плячах дачку. Фота: сацыяльныя сеткі

Калі на рыторыку Мірсалімавай лукашэнкаўцы ў спакайнейшыя для сябе часы рэагавалі як на надакучлівую муху, то па здушэнні пратэстаў і надыходзе тэрору яе актывізм стаў раздражняць.

Яна на тое не зважала і працягвала бэсціць палітыку Лукашэнкі, выстаўляючы яго перашкодай на шляху інтэграцыі.

Як вынікае са шчыравання прапагандыста Рыгора Азаронка, Мірсалімава стала ахвярай зачысткі «прыфрантавой дзяржавы, якая ўступае ў доўгачасовы электаральны цыкл», ад непадкантрольных прыхільнікаў беларуска-расійскай інтэграцыі.

Менавіта ў такой якасці апошнія дзясятак гадоў Мірсалімава падае сябе ў інтэрв'ю расійскім прапагандысцкім каналам.

Паводле слоў Азаронка, пераслед прарасійскай актывісткі звязаны з яе «беларусафобіяй».

Ён называе Мірсалімаву «правакатаркай і дрэнню», якая «сваімі абвінавачваннямі ў адрас беларускай дзяржавы выконвала задачу заходніх куратараў па ўнясенні разладу ў беларуска-расійскія адносіны».

Мірсалімавай прыпісваецца сувязь з асабістым ворагам Лукашэнкі грамадзянінам Расіі Андрэем Суздальцавым, які пасля абвяшчэння яго тэлеграм-канала «экстрэмісцкім фармаваннем» сцішыўся.

Азаронак лічыць, што Мірсалімава мае заступнікаў сярод расійскіх лібералаў.

Актывістка арганізацыі з еўрапейскім фінансаваннем

Лёс палітычнай дзяячкі, як сябе пазіцыянуе Мірсалімава, з крутым віражом.

Эльвіра нарадзілася ў Віцебску. Ёй 42 гады, мае траіх дзяцей, адно з якіх з інваліднасцю.

У 2000-я разам з сястрой Крысцінай яна далучылася да дзейнасці міжнароднага грамадскага аб’яднання «Хрысціянская садружнасць дарослых і моладзі» (Young Menʼs Christian Association).

Эльвіра Мірсалімава (на пярэднім плане) падчас скаўцкай выправы. Фота: сацыяльныя сеткі

Праекты няўрадавай арганізацыі фінансаваліся з еўрапейскіх фондаў. Улады тады паблажліва ставіліся да такой дзейнасці.

У 2001-ым аддзяленне гэтай арганізацыі было зарэгістраванае ў Віцебску. Ім кіравала Таццяна Мірсалімава, маці будучай прарасійскай актывісткі. Жанчыну лічаць заснавальніцай скаўцкага руху ў абласным цэнтры.

Таццяна Мірсалімава прафесійна займалася грамадскай дзейнасцю. Яна спецыялізавалася на працы з моладдзю, прафілактыцы ВІЧ/СНІД, укараненні інтэрактыўных методык. Яе праца адзначалася граматамі аблвыканкама, падзякамі раённай адміністрацыі.

Пазней малодшая сястра Эльвіры, Крысціна, стане лідарам арганізацыі.

Сама Эльвіра некалькі год вяла відэаблог арганізацыі, які дагэтуль застаецца ў інтэрнэце. У ім апавядала пра падзеі, да якіх спрычынілася YMCA. Яе тагачасныя тэксты былі лагоднымі, без прыкметаў палітыкі і агрэсіі.

«Блог для тых, хто не стаіць на месцы… хто жыве, дзейнічае і робіць гэты свет лепей», — адзначала аўтарка летапісу арганізацыі.

Дзяўчына з прыязнай усмешкай у 2010 годзе заклікала маладых людзей да большай творчасці і свабоды, а таксама заахвочвала да гарманічнага развіцця.

Кажа, што продкі маюць сваяцкія сувязі з самім Чынгізханам

Бацька Эльвіры — Эльдар Мірсалімаў — паходзіць з Казахстана. Яго юнацтва прайшло ў Сяміпалацінску. Там ён вывучыўся на педагога і інжынера-тэхнолага. Працаваў на камбінаце «Алтай-золата». З будучай жонкай ён пазнаёміўся ў тых жа краях. 

Таццяна Мірсалімава (у дзявоцтве Данскіх) не згадвае ў сацыяльных сетках пра сваю маладосць. Але ў адным з каментароў напісала, што служыла нарміроўшчыцай у вайсковай часці 52605, якая дыслакавалася ў Сяміпалацінску. У гэтым горадзе яна вучылася ў школе.

У Сяміпалацінску быў размешчаны выпрабавальны ядзерны палігон. У 1991 годзе ўказам кіраўніка Казахстана Нурсултана Назарбаева ён быў закрыты.

Верагодна, сям’я Мірсалімавых перабралася з Казахстана ў Беларусь падалей ад радыяцыі. Дый тутэйшае жыццё тады было спакайнейшым, чым на радзіме галавы сямейства.

Эльвіра Мірсалімава з бацькам на акцыі «Бессмяротны полк» у 2017 годзе. Фота: сацыяльныя сеткі

Мірсалімава з цеплынёй згадвае бацьку. Ён, як і дачка, падтрымліваў агрэсіўную палітыку пуцінскай Расіі і акупацыю Крыма. Удзельнічаў у шэсці «Бессмяротнага палка». Разам са сваімі роднымі-франтавікамі нёс партрэт Сталіна. Памёр у 2019 годзе.

Эльвіра Мірсалімава адзначала, што лукашэнкаўскія прапагандысты ўпікаюць яе паходжаннем. Здзекуюцца з продкаў і прозвішча.

«У ісламскай традыцыі падобнае не застаецца бяскарным», — гразіла актывістка, вінавацячы крыўдзіцеляў у распальванні міжнацыянальнай варажнечы.

Мірсалімава настойвае, што ў яе радаводзе ёсць шэйхі, муфціі, ханы. Продкі нібыта мелі сваяцкія сувязі з прарокам Мухамедам ды нават з самім Чынгізханам. Паводле яе слоў, «усе мужчыны ў бацькоўскім родзе мелі тытул хаджы».

Захапленне скаўцінгам памяняла на любоў да Пуціна

Адсачыць, калі Мірсалімава з прыхільніцы скаўтынгу пераскочыла ў кардынальна іншую рэальнасць, няпроста.

Паводле самой актывісткі, трансфармацыя яе поглядаў адбылася ў 2005 годзе, калі яна цэлы год жыла ў Польшчы. Там яна захапілася савецкім перыядам гісторыі і зрабіла выснову, што «асновай русафобіі з'яўляецца антысаветчына».

Пасля ўкраінскіх падзеяў 2014 году Мірсалімава больш не звязвала сваю дзейнасць з «Хрысціянскай садружнасцю дарослых і моладзі». На 15-годдзі віцебскага аддзялення аб’яднання яе не было. Тады арганізацыю ўжо ўзначальвала сястра — Крысціна Мірсалімава.

У 2018 годзе Эльвіра назвала YMCA «масонскай, пратэстанцкай і экуменічнай арганізацыяй», якая заўсёды была звязана з глабальнай палітыкай, здабывала выгаду ва ўсе крызісныя гады і зʼяўляецца адной з найбагацейшых і ўплывовых сусветных структур.

У 2019-м яна дадала, што YMCA яшчэ і «русафобская і псэўдахрысціянская арганізацыя».

Эльвіра Мірсалімава на акцыі «Бессмяротны полк». Фота: сацыяльныя сеткі

«Нягледзячы на стараннае прыкрыццё гуманітарнымі і сацыяльнымі праектамі, на справе вядзецца барацьба за розумы, за ідэалагічны ўплыў», — даводзіла Мірсалімава.

Яна казала, што ў скаўцкай арганізацыі яе прыцягвалі паходы, палаткі, песні пад гітару ля вогнішча, навука выжывання ў экстрэмальных умовах. Але такая дзейнасць, на яе думку, была інструментам для прасоўвання ідэй YMCA.

Пасля 2020-га лукашэнкаўцы ўхопяцца за наратывы Мірсалімавай, каб апраўдаць ліквідаванне няўрадавых арганізацый, у назве і статутах якіх была пазнака пра «хрысціянскасць».

А сама Мірсалімава на той момант ужо была зацятай прыхільніцай Пуціна.

У 2018 годзе яна з захапленнем называла адзін з яго выступаў «ашаламляльным» і прагназавала, што праз некалькі гадоў Расія «па грамадзянскіх тэхналогіях, эканоміцы і навуцы будзе наперадзе планеты ўсёй».

Тэксты можа рэдагаваць і пісаць муж 

Землякі Мірсалімавай мяркуюць, што яе погляды змяняліся пад уплывам мужа — Дзмітрыя Рубаніка.

Ён нарадзіўся і вырас у Магаданскай вобласці. У Віцебску яго ведаюць як паэта, мастака і ілюстратара. А яшчэ ён быў сябрам зліквідаванага ўладай незалежнага Саюза пісьменнікаў.

Сваю біяграфію Дзмітрый «запляміў» датычнасцю да той крамольнай «Хрысціянскай садружнасці дарослых і моладзі», дзе і пазнаёміўся з Эльвірай.

Дзмітрый Рубанік — муж Эльвіры Мірсалімавай. Яго часта запрашаюць у Віцебску на творчыя вечарыны, якія арганізуюць установы культуры. Фота: сацыяльныя сеткі

Рубанік вядзе ў інтэрнэце свой блог. Сярод яго меркаванняў пра літаратуру і мастацтва ёсць выказванні і пра іншае. Напрыклад, што Беларусь без Расіі будзе паланізаваная.

«Усе размовы пра тое, што «мы не Расія, а ВКЛ» — родам, на жаль, не з самасвядомасці беларусаў. Гэта спадзяванні, прыўнесеныя звонку. Гэта польская тэма. Там яна нарадзілася, адтуль і нашэптваецца», — піша ён.

Радыё «Рацыя» прапанавала версію, паводле якой тэксты Мірсалімавай рэдагуе Рубанік і нават выкарыстоўвае яе прозвішча як свой псеўданім, каб агучваць сваё бачанне палітычных рэаліяў. Маўляў, сама Мірсалімава няздольная прадэманстраваць узорнага валодання мовай варожасці, якой прасякнуты ейныя артыкулы, дый увогуле належнага валодання рускай мовай.

У выступах Мірсалімава збівіста выкладае свой погляд на падзеі. Калі даводзіцца на штосьці рэагаваць экспромтам, то высвятляецца, што актывістка да такой сітуацыі не гатовая. Найчасцей у камунікаванні з журналістамі актывістка просіць даслаць ёй пытанні, на якія яна пасля адказвае.

Пратэсты лічыла спробаю ператварыць Беларусь у «Антырасію»

У 2019 годзе Эльвіра Мірсалімава балатавалася ў Палату прадстаўнікоў ад Партыі працы і справядлівасці, дзе была намесніцай старшыні па маладзёжнай палітыцы. Яна ганарылася, што яе партыя, у адрозненні ад рэжыму Лукашэнку, прызнала законнай акупацыю Крыма. Актывістка ездзіла туды на сустрэчы з расійскімі аднадумцамі.

У 2020-ым Мірсалімава заікнулася была пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, але далей за намеры справа не пайшла.

У беларускіх пратэстах яна ўбачыла падабенства з Майданам у Кіеве 2014 года, а вокліч «Жыве Беларусь» назвала «аналагам бандэраўскіх вітанняў».

Паводле яе, пратэсты былі пачатыя, каб ператварыць Беларусь у «Антырасію» і перацягнуць яе ў сферу заходніх і «наднацыянальных інтарэсаў і ўплываў».

«Вышэйшае беларускае кіраўніцтва, на жаль, паспела нарабіць масу трагічных памылак, — даводзіла яна. — Гэта і антырасійская рыторыка, праславутая «шматвектарнасць», патуранне нацыяналізму, бескантрольная праца празаходніх НДА, праз якія многія гады ўліваліся сродкі на «барацьбу з рэжымам», дэрусіфікацыю, тармажэнне інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, падлашчванні з «заходнімі партнёрамі».

Сястра адседзела 10 дзён пад арыштам

У 2020 годзе была затрыманая сястра прарасійскай актывісткі Крысціна. Яе схапілі проста на вуліцы. Крысціну пяць гадзінаў пратрымалі ў РАУС, але адпусцілі, сфатаграфаваўшы і ўзяўшы адбіткі пальцаў. На затрыманне сястры Мірсалімава публічна не адрэагавала.

Сёлета ў студзені Крысціну зноў затрымалі. Яна адседзела 10 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Знаёмыя дзяўчыны кажуць, што па вызваленні яна закрыла ўсе сацыяльныя сеткі.

Арышт сястры зноў застаўся не заўважаны Мірсалімавай.

Дзе працуе Мірсалімава

Адшукаць звесткі, з якіх крыніц Мірсалімава мае даходы на жыццё, не ўдалося.

У 2017 годзе Мірсалімава казала, што яе шматдзетная сямʼя жыве на ганарары мужа. Тады ж заяўляла, што занятая валанцёрствам у праваабарончай арганізацыі, назву якой не паведаміла.

Аляксандр Лукашок уручае Эльвіры Мірсалімавай партыйны білет. Фота: сацыяльныя сеткі

У 2019-ым, калі Мірсалімава балатавалася ў Палату прадстаўнікоў, у анкеце было напісана, што яна працуе па дамове падраду спецыялістам па маркетынгу ў акцыянерным таварыстве «Гідрапрэс».

Заснавальнікам гэтага прадпрыемства зʼяўляецца Аляксандр Лукашок, які кіруе Віцебскай абласной арганізацыяй Партыі працы і справядлівасці. Ён уручаў партбілет Мірсалімавай. У яго тыя ж прарасійскія погляды, што і ў яе. Быў удзельнікам акцыі «Бяссмертны полк».

Выглядае, што Мірсалімаву часова працаўладкавалі на «Гідрапрэс» перад выбарчай кампаніяй.

Абяцае працягваць барацьбу за інтэграцыю з Расіяй

Мірсалімава больш не казырае сваёй прыналежнасцю да Партыі працы і справядлівасці.

Выглядае, што, каб прайсці перарэгістрацыю, гэта бутафорскае палітычнае ўтварэнне пазбавілася адыёзных кадраў, а таксама выдаліла публікацыі, у якіх крытыкавалася палітыка Лукашэнкі. Экспертам у многіх з іх была Мірсалімава.

Цяпер расійскія рэсурсы падаюць яе як сустаршыню аргкамітэта прарасійскага руху «Грамадзянская згода».

Актывістка жалілася ім, што цяпер яе зневажаюць «праўладныя патрыёты».

«Да гэтага «беларусафобкай» мяне называлі выключна празаходнія апазіцыянеры, — скардзілася яна, — а цяпер праўладныя дзеячы паўтараюць усё тыя ж наратывы, што і «змагары».

Паводле яе слоў, да асабістых абраз ад «змагароў» і «ябацек» яна прывыкла, але пайшлі наўпроставыя пагрозы судовым разбіральніцтвам з прыцягненнем КДБ, а гэта сур’ёзна.

Эльвіра Мірсалімава на перадвыбарчым пікеце. Фота: Радыё «Рацыя»

У студзені 2024 года Мірсалімава сапраўды трапіла пад суд. Ёй інкрымінавалі «прапаганду нацысцкіх сімвалаў», а нагодай нібыта стаў перапост запісу прапагандыста Уладлена Татарскага аб трафеях ВСУ.

Актывістка расказвае, што правяла за кратамі два дні. Пераслед яна назвала «пачаткам прыгодаў» для яе самой і ейнай сям’і.

«Маё прозвішча падкрэслілі вызначэннем «палітычная», — апавядала актывістка пра нявольніцкіх досвед. — Адзін з тамтэйшых гумарыстаў дадаў «прастытутка».

Пераслед Мірсалімава лічыць надуманым і страшыць яшчэ больш заняцца прасоўваннем расійскага парадку дня ў Віцебску.

Яна абяцае працягнуць дзейнасць па інтэграцыі Расіі і Беларусі, абароне рускай мовы ў Беларусі, праваслаўя і сямейных каштоўнасцяў.

Сумнеўна, каб Мірсалімавай дазволілі працягваць «яе барацьбу» з тым жа імпэтам. Магчыма, актывістка зразумее, што не варта разлічваць на заступніцтва Расіі, палітыку якой яна ўзносіць, бо паводле лукашэнкаўскіх парадкаў, інтэгратар з Расіяй толькі адзін. І памагатых ён сабе выбірае сам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Маскоўская карэспандэнтка АНТ падала ў суд на прарасійскага актывіста Агафонава. Ён ужо просіць прабачэння

Сетка: як Расія стварае ў Беларусі рэгіянальныя сайты на базе аўтараў з «Румола» і НОДа

Хто хоча зрабіць з Беларусі Заходнюю Расію — дасье

Арганізатар «Рускіх маршаў» стварыў у Беларусі палітычны рух: яго падтрымалі праваслаўная царква і «Румол» 

Прыхільнікі «рускага свету» і СССР напісалі Пуціну. Просяць дапамогу, каб скінуць Лукашэнку

«Аншлага на канцэрце да Дня Расіі не было. Падтрымка Расіі беларусамі ніякая» — Мірсалімава

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
14
Панылы сорам
11
Ха-ха
37
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
34
0
цытата дня/адказаць/
09.03.2024
ўжо нават лукашэнкаўцы
10.03.2024
А вывод что ее статьи может писать Димка вообще из пальца высосан. 
Она вроде ФилФак закончила. У нее хватит мозгов и знаний писать статьи самостоятельно. Ее взгляды конечно неприятны. Но это не говорит что она несамостоятельна в своих стремлениях.
И кстати написано что Димка не нее повлиял и она стала такая. Я конечно свечку не держал, но у мне кажется этот путь она тоже могла пройти сама.

Я никого не защищаю. Просто глаз режет. Как будто она такая несамостоятельная а Димка такой серый кардинал за ее спиной. 

0
маскавітаў геть!/адказаць/
10.03.2024
Заўважце, ізноў істота з саўковым мігранцкім паходжаньнем спрабуе запанаваць у Беларусі за кошт беларусаў. Нам патрэбен закон аб неграмадзянах, такі ж як у краінах Балтыі, каб адсякаць ад грамадзянсіва неэтнічных беларусаў, якія не ведаюць нашай мовы і гісторыі, а таксама не маюць павагі да Бнларусі. А ўсю гэту панаехаўшую шэлупонь мірсалімавых, агафонавых выслаць назад да іх шэйхаў і ханаў, няхай круцяць хвасты баранам там.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930