Знайсці
27.02.2024 / 16:4611РусŁacБел

«Нейкі час яе сэрца не працавала». Хлопец беларускі, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы, расказаў пра яе цяперашні стан

Навіна, што 25 лютага беларуску згвалтавалі проста ў цэнтры Варшавы, шакавала многіх. 23-гадовая Лізавета цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане ў бальніцы. У палату да дзяўчыны прыходзіць яе хлопец, 25-гадовы Даніла. Ён праводзіць з ёй увесь час, які дазваляюць лекары. Хлопец спадзяецца на лепшае, хоць прагнозы несуцяшальныя. З ім пагаварыла выданне «Люстэрка».

Рука Лізаветы, якая пацярпела ад згвалтавання ў цэнтры Варшавы 25 лютага 2024 года. Фота атрымана ад суразмоўцы

«Я фактычна адзіны яе блізкі чалавек тут»

Лізавета родам з аграгарадка Путчына Дзяржынскага раёна. Па словах Данілы, адносіны з бацькамі ў яе не складваліся і 14 гадоў дзяўчына «была сама па сабе». У Беларусі яна працавала ў розных месцах, але больш за ўсё, кажа хлопец, любіла «рабіць бровы».

У Польшчы дзяўчына апынулася пасля выбараў 2020 года. Калі дакладна яна з'ехала з краіны, Даніла не памятае.

«Ці то ў канцы 2020-га, ці то ў пачатку 2021-га, — тлумачыць ён. — Адміністрацыйных затрыманняў або крымінальнай справы не было. Яна проста збегла, каб гэта ўсё не напаткала яе. У вас жа рэпрэсіі пачаліся, і яна вырашыла праз гэта з'ехаць. Плюс яна хацела нешта памяняць у сваім жыцці».

Сам Даніла родам з Украіны, а на той момант працаваў у Варшаве маркетолагам-дызайнерам і здымаў жыллё. Так атрымалася, што Лізавета зняла пакой на паверх вышэй.

«Я ўбачыў яе на вуліцы, яна мне спадабалася вельмі. Потым прыйшоў да яе, і мы пазнаёміліся, — кажа хлопец. — Мы з Лізай разам ужо больш за тры гады, але не распісаныя. Наогул мы з ёй розныя людзі, я больш хатні, а яна больш спантанная. Але мне здаецца, менавіта таму падыходзім адзін аднаму. Тут Ліза памяняла некалькі прац, а яшчэ ў яе з'явілася хобі: пачала вязаць балаклавы, яна ў мяне вельмі таленавітая».

Даніла кажа, што Ліза падтрымлівала адносіны толькі з бацькам і братам, якія засталіся ў Беларусі, у Варшаве ніякіх сваякоў у яе няма.

«Я фактычна адзіны яе блізкі чалавек тут. Мяне таму да яе ў бальніцу пускаюць, таму што дактары тэлефанавалі ў паліцыю, і там прасілі трымаць мяне ў курсе», — тлумачыць малады чалавек.

«Яна памерла, і нейкі час сэрца не працавала»

У суботу 24 лютага, за дзень да трагедыі, беларуска сустракалася з сяброўкай. Спачатку яны пайшлі ў сауну, потым — у караоке. Як расказвае Даніла, пасля такіх сустрэч дзяўчына звычайна прыходзіла дадому позна ці ўжо на наступны дзень. У тую суботу яна таксама сказала яму класціся спаць і не перажываць.

«Калі яна вып'е, пачынае сумаваць — з многімі бывае. І пасля караоке Ліза сказала сябрам, што пойдзе дадому пешшу, — кажа Даніла. — Яны спрабавалі яе пераканаць, угаворвалі ўзяць таксі, але Ліза адмовілася. У выніку прайшла літаральна метраў 200-300 — і ўсё здарылася.

Я прачнуўся ў нядзелю а трэцяй гадзіне ночы, убачыў, што яе няма. Раззлаваўся, але падумаў, што хутка прыйдзе. Прачнуўся ў 5.30 — яе ўсё яшчэ няма. Пачынаю набіраць, а тэлефон адключаны. Адкрыў у яе ноўтбуку тэлеграм, знайшоў нумар сяброўкі. Тая таксама не брала слухаўку.

Тады знайшоў нумары родных, з якімі Ліза мела зносіны. Ужо было каля 11-й раніцы, але яны нічога не ведалі, сказалі толькі: «Зараз прыйдзе, напэўна».

І ў 12 з чымсьці мне патэлефанавала паліцыя. Спыталі, ці ведаю я Лізу, і прапанавалі прыехаць. Я спытаўся, ці ўсё з ёй добра, а паліцэйскі адказаў: «Пакуль што так, а там паглядзім».

У пастарунку Данілу распытвалі пра Лізавету: дзе яна была ў суботу, а якой гадзіне ён ёй тэлефанаваў, і гэтак далей. Пасля гэтага паказалі відэа з камеры назірання, на якім дзяўчына ідзе па дарозе. Даніла кажа, па хадзе было відаць, што яна выпіла. Затым на відэа бачна, як да беларускі ідзе мужчына і на хаду апранае балаклаву. А затым прыстаўляе нож да горла.

Што адбывалася потым, супрацоўнікі паліцыі хлопцу не паказалі. Ужо пасля ён прачытаў, што мужчына зацягнуў Лізавету ў вароты дома, дзе згвалтаваў.

«Яны далі адрас бальніцы, і я паехаў туды, — кажа хлопец. — Ліза знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. У мяне гутарковая польская, медыцынскія тэрміны не вельмі разумею, але з таго, што мне казалі, выходзіць, што па факце яна памерла, і нейкі час сэрца не працавала. Пасля лекары яе рэанімавалі. Цяпер праз гэта праблемы з мозгам, ён нейкі час не атрымліваў кісларод.

У мяне мільён пытанняў да лекараў, але яны ўсё вылятаюць з галавы. Разумееце, яе згвалтавалі… Я бачыў у яе на шыі сляды, што яе душылі, парэз ад нажа, які прыстаўлялі да горла. Абадраныя каленка і плячо, на лбе — драпіна, і губу як быццам укусілі. Я яшчэ буду пытацца, ці нічога не зламанае. Але косткі зрастуцца. Галоўнае, каб яна апрытомнела».

«Гэта жудасны стан, калі ты нічога не можаш зрабіць»

За апошнія некалькі дзён Лізавету агледзела нямала лекараў. Але прагнозы, расказвае суразмоўца, не самыя добрыя — стан дзяўчыны цяжкі. На працягу найбліжэйшых трох-чатырох дзён стане больш зразумела, ці пойдзе Лізавета на папраўку і як хутка.

«Учора заходзіў неўролаг і сказаў, што сітуацыя пагоршылася: ёсць верагоднасць, што яна альбо памрэ, альбо застанецца ў такім стане назаўжды, — кажа Даніла. — Лекары раяць рыхтавацца да смяротнага зыходу, але я ва ўсё гэта не веру. Гэта проста як страшны сон.

Чытаю розныя матэрыялы, дзесьці пішуць, што мозг у маладых людзей можа аднавіцца, дзесьці — што не. Яе абследуюць, трымаюць у рэанімацыі, але хто ведае, магчыма, ёй наогул патрэбныя нейрахірургі. Незразумела, што тут яшчэ можна зрабіць, таму нам з яе роднымі патрэбна любая інфармацыя».

У панядзелак Даніла прасядзеў з Лізаветай практычна ўвесь дзень, з гадзіны і да сёмай вечара, з некалькімі перапынкамі. Калі ён пайшоў дадому, стан дзяўчыны пагоршыўся, у яе паднялася тэмпература. На наступны дзень лекары патэлефанавалі і сказалі, што беларусцы стала яшчэ горш. Як зразумеў суразмоўца, у дзяўчыны ацёк мозгу.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў Лізаветы не было медыцынскай страхоўкі. Пакуль што лекары не казалі нічога пра аплату лячэння, толькі прасілі купіць па дробязі прадметы гігіены для дзяўчыны. Але пра страхоўку ўжо пыталіся, расказвае хлопец беларускі.

«Я не ведаю, што рабіць далей. Як наогул жыць. Гэта жудасны стан, калі ты нічога не можаш зрабіць. Я проста цяпер гляджу на нашы фоткі, тут стаіць ежа, якую яна прыгатавала… — голас Данілы пачынае дрыжаць. — Для мяне надзея заўсёды ёсць, і я не хачу, каб надзея проста засталася надзеяй».

Чытайце таксама:

Беларуску згвалтавалі і спрабавалі задушыць у цэнтры Варшавы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
151
Абуральна
17
0
тоже циник/адказаць/
27.02.2024
[Рэд. выдалена]
1
МартЫн/адказаць/
27.02.2024
[Рэд. выдалена]
1
Адольфавіч/адказаць/
27.02.2024
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера