Знайсці
24.02.2024 / 22:187РусŁacБел

«Каб надпіс на помніку быў на беларускай мове». Беларускія добраахвотнікі пра запавет на выпадак гібелі 

У другую гадавіны пачатку вайны супраць Украіны беларусы з добраахвотніцкіх падраздзяленняў адказваюць на пытанні, ці разлічвалі яны, што ваяваць давядзецца настолькі доўга, да чаго не былі падрыхтаваныя, які наказ пакінулі на выпадак смерці.

Беларускія добраахвотнікі: Дзяніс Урбановіч, Алег Аўчыннікаў, Алесь «Ювелір», Аляксандр Клачко. Фота: калаж са здымкаў з асабістых альбомаў байцоў

«Не быў гатовы, што столькі беларусаў загіне»

35-гадовы мінамётчык Алег Аўчыннікаў з Палка Каліноўскага на фронце 23 месяцы. Ён згадвае, як суайчыннікі, трапіўшы ў беларускую роты пры тэрытарыяльнай абароне спецыяльнага прызначэння «Азоў», у першыя дні вайны рваліся ў бой, бо думалі, што яна будзе непрацяглай і яны не паспеюць паўдзельнічаць.

Алег Аўчыннікаў. Фота: асабісты альбом Алега Аўчыннікава

Сам жа добраахвотнік разлічваў, што ваяваць давядзецца да канца 2022-га. Ужо ўлетку таго года сваё бачанне ваенных перспектыў адкарэктаваў. Спадзяваўся, што вайна пратрывае яшчэ 1,5 годы. Калі адмеранае не пацвердзілася, вырашыў, што яна кончыцца ў пачатку 2024-га.

«Ну, а цяпер упэўнены, што, як мінімум ваяваць давядзецца яшчэ год…» — удакладняе каліновец.

Ён кажа, што на перадавой з нечым незвычайным для сябе не сутыкаўся. Вайсковая справа і баявыя дзеянні не былі для яго чымсьці новым.

«Адзінае, да чаго не быў гатовы, што столькі беларусаў загіне ў гэтай вайне», — адзначае баец.

Алег жыве ва Украіне з 2014 года. Ён удзельнік Майдану. У тым, што Расія нападзе на Украіну, добраахвотнік не сумняваўся і з паплечнікамі папярэджваў украінцаў, што «Лукашэнка ім не саюзнік».

24 сакавіка 2022 года ён падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. Ваяваў звычайным стралком, сапёрам.

Каліновец мае два абярэгі. Першы — малюнак Пагоні ў сярэднявечным стылі, які яму падарыла на дзень народзінаў Кацярына Ваданосава. Другі — бел-чырвона-белы сцяг — ён пашыў сам у 2018 годзе і яго падпісала Ніна Багінская.

Ёсць у Алега асабліва прыватны тэлеграм-канал з абмежаваным кругам падпісчыкаў. У ім пераважна дзяўчыны, з усмешкай заўважае ён.

Там каліновец дзеліцца сваімі інтымнымі перажываннямі, баявымі гісторыямі. У гэтым канале размешчаны і яго запавет.

«Там гаворыцца, што рабіць з маімі рэканструктарскімі рэчамі, з грашыма, маім ноўтбукам, і як бы я хацеў, каб выглядала развітанне са мною», — тлумачыць Алег.

Больш падрабязна расказваць пра сваю таямніцу Аўчыннікаў устрымаўся.

«Ніякіх указанняў на выпадак смерці не даваў»

Дзяніс Урбановіч ваюе з сакавіка 2022 года. У яго не было адчування, што вайна выдасца зацяжной. 

Дзяніс Урбановіч. Фота: асабісты альбом Дзяніса Урбановіч

Дзянісу думалася, што «русне хутка наваляюць» і выкінуць з Украіны, але таго не адбылося.

«Я ўсё ж дапускаў, што на вайне давядзецца затрымацца», — заўважае лідар «Маладога фронту».

34-гадовы добраахвотнік перажыў пяць раненняў. Апошняе атрымаў летась у верасні.

Ён кажа, што быў маральна, фізічна і эмацыйна падрыхтаваны да раненняў і нават гібелі на фронце.

«Але, напраўду, не думаў, што атрымаю пяць раненняў, з якіх тры будуць цяжкія. У мяне нават спынялася на хвіліну сэрца, як сказаў мне парамедык, які эвакуяваў мяне», — удакладняе камандзір штурмавой групай групы батальёну «Волат».

Урбановіч штодня думае пра страчаных на фронце пабрацімаў: сваіх сяброў і лепшых беларусаў. Да іх гібелі ён гатовы не быў.

Дзяніс не даваў ніякіх указанняў на выпадак смерці. Загінуў, значыць, загінуў, кажа ён.

«Ідучы ў бой пракатваеш у галаве, што бачыў у Бахмуце, Кляшчэеўцы, думка адна, што ўкраінцы пакутуюць, — падсумоўвае ён. — У цябе з’яўляецца злосць і ідзеш наперад. Хтосьці гіне, хтосьці атрымлівае раненне, а нехта застанецца жывы. На ўсё воля Госпада».

За час вайны Урбановіч узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі» Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, а таксама медалём «За баявыя заслугі» Рады БНР.

«Не быў гатовы да ўкраінскай бюракратыі»

Баец Другога замежнага легіёну Алесь «Ювелір» на фронце з першых дзён вайны. Летась у жніўні яго цяжка параніла і ён дагэтуль лечыцца.

Добраахвотнік пра смерць стараецца не думаць і наказаў на выпадак сканання не даваў.

У шпіталі на яго часта надыходзіла абыякавасць, бо ён стаміўся лячыцца. Лічыў: як памрэ, то памрэ, але здолеў вярнуць сябе да жыцця.

Па рэабілітацыі спадзяецца вярнуцца на фронт.

«Я не казаў ніколі, што мяне куля не бярэ, бо ў мяне яна трапіла. На фронце жывеш проста адным днём. Думкі аб смерці адганяеш. Ды і марнаваць на тое час шкада. Лепей заняцца больш прыемным. Напрыклад, думаць пра жыццё пасля вайны», — гаворыць ён.

Алесь «Ювелір». Фота: асабісты альбом Алеся

Алесь не спадзяваўся на хуткую перамогу. Не верыў і заявам, што вайна неўзабаве скончыцца, бо суадносіны вайсковай моцы пакуль не на карысць Украіны. Ён аднак быў перакананы, што расійская навала будзе спыненая.

На яго погляд, вайна завершыцца, калі ў самой Расіі адбудуцца палітычныя перамены. Без іх вайна стане пазіцыйнай — акопнай.

«Было б лепей, каб я памыляўся, але канца гэтай вайне не бачна», — адзначае ён.

Алесь кажа, што шакаваны, як расіяне вядуць вайну.

Яны знішчаюць усё, што палічаць неабходным. Не спыняюцца перад забойствамі мірных украінцаў і разбурэннем паселішчаў.

«Да гэтага нельга быць падрыхтаваным», — прызнаецца ён.

«Ювелір» не быў гатовы да ўкраінскай бюракратыі.

Паводле яго, украінскія ўлады заклікалі чужаземцаў бараніць краіну, а за гэта абяцалі бонусы, напрыклад, палёгкі ў атрыманні грамадзянства. Але працэдуры аказаліся абцяжараныя праверкамі службай бяспекі.

Быў разлад і ў войсках. Гучалі заявы пра натаўскія стандарты ў арміі, а на перадавой высветлілася, што яны ўкараняліся рукамі савецкіх афіцэраў.

«Былі спачатку думкі, што савецкая мінуўшчына ва ўкраінскай арміі сышла ў нябыт, але гэта не зусім так», — падсумоўвае Алесь.

«Каб пахавалі з продкамі. А надпіс — на беларускай мове»

Аляксандр Клачко ехаў на вайну, каб абараніць Кіеў. Разлічваў прабыць на ёй 1,5 месяца.

Аляксандр Клачко

Аляксандр збіраўся запісацца ў замежны легіён, які, як меркаваў тады беларус, фармаваўся з добраахвотнікаў без заключэння з імі кантракту. Фінансавыя магчымасці не дазвалялі яму і яго дзяўчыне шмат часу заставацца ва Украіне.

«Без мяне яна б не справілася. Якія з мяне баец, калі мая дзяўчына апынецца з дзецьмі на вуліцы», — тлумачыць Аляксандр.

Ілюзій у добраахвотніка не было. Ён усведамляў, што расіяне будуць штурмаваць Кіеў, што яму дадуць аўтамат, які ён у руках не трымаў да гэтага.

Для яго на пачатку вайны галоўнае было, каб паказалі, як «мяняецца ражок у аўтамаце Калашнікава, калі скончацца патроны ў баю».

Калі трапляеш на фронт, тлумачыць Аляксандр, разумееш, што можаш не вярнуцца, ці будзеш паранены. У той момант не думаеш, як давядзецца жыць скалечаным.

«Зразумела, быў страх, куды ж без яго, — даводзіць баец. — Адзінае, чаго не чакаў, дык гэта хваробы з ныркамі пасля Бахмуту. Не думаў, што яны на палову адамруць (з-за гэтай хваробы ён вымушаны быў дэмабілізавацца. — НН). Гэта саматычная хвароба, не павязанае з раненнямі, ампутацыямі, ці кантузіямі».

Аляксандр дадае, што на вайне больш востра адчуваеш прыгажосць. А найвялікшыя каштоўнасці для яго — воля і годнасць. Ён верыць, што вызваленне Беларусі магчымае.

«За гэтыя рэчы я гатовы быў рызыкаваць здароўем і жыццём. Гэта, відаць, тычыцца кожнага жаўнера», — адзначае ён.

Аляксандр нарадзіўся ў Баранавічах. Але ў выпадку смерці наказаў, каб яго пахавалі на вясковых могілках Дамашэвіч сярод магілаў продкаў.

«І абавязкова, каб надпіс на помніку быў на беларускай мове», — адзначае ён.

Па яго словах, адзін з пабрацімаў, які хавае свой твар, прасіў, у выпадку гібелі, апублікаваць ягонае імя, нават калі сваякі будуць супраць.

***

Беларусы за Украіну ваююць у некалькіх добраахвотніцкіх падраздзяленнях. Найбольшае з іх Полк Каліноўскага. Іх колькасны склад можа сягаць 1000 чалавек.

У Палку Каліноўскага за час поўнамаштабнай вайны загінула 20 байцоў. Агульныя страты беларускіх добраахвотнікаў складаюць блізу 40 чалавек. Больш за 100 атрымалі раненні.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Чаму так шмат добраахвотнікаў ужо загінула на вайне? Меркаванне Сахашчыка

«Перад намі сядзелі людзі, якія ненавідзяць украінцаў». Былы пасол Украіны пра перамовы на пачатку вайны, страх беларусаў, міністра Макея і феномен Лукашэнкі

«Змяншэнне падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне — гэта ў тым ліку і цана, якая плаціцца за палітычныя амбіцыі некаторых людзей»

75 тысяч загінулых расійскіх салдат. Вось цана, якую заплаціла Расія за напад на Украіну

«Беларусы забыліся пра вайну. Нашых добраахвотнікаў называюць наймітамі» — былы каліновец Клачко 

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
25
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
12
Абуральна
7
4
З Украіны /адказаць/
25.02.2024
Усім раю паслухаць апошнія эфіры Арэстовіча, гэты ахвіцэр сам дызерцір і ёсць рупар дэзерціраў, чаго яго слухаць?
25.02.2024
у адно з нашых першых наведванняў гарналыжнага курорта ў Букаўлі, думаю, буду з імі на беларускай размаўляць, нашы ж мовы так падобны, яны павінны ўсё разумець... у маю першую спробу гуцулы як уставіліся на мяне сваімі чорнымі дзікімі вачамі... я ў сваю чаргу таксама атарапела і змоўкла. муж мне потым сказал: "не надо. лучше по-русски с ними говори" 
2
Антон/адказаць/
25.02.2024
Расходный материал.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031