Знайсці
24.02.2024 / 17:113РусŁacБел

«Я паўгода лячыў дзяцей пад татальным кантролем КДБ. Яны нават хадайнічалі, каб мяне не звальнялі» 

Сваю гісторыю пра вярбоўку КДБ педыятр з Бабруйска Міхаіл Самборскі распавёў у новым выпуску ютуб-канала «ЧестнОК-LIVE».

Міхаіл Самборскі. Скрын відэа chestnok_live / YouTube

Міхаіл Самборскі ў 2016 годзе прыехаў у Беларусь з Расіі. Ён — унук сасланага беларуса. Мужчына працаваў у Бабруйску педыятрам на дзве стаўкі і меў начныя дзяжурствы. У суме атрымліваўся 36-гадзінны працоўны дзень. Пры такім рэжыме працы Міхаіл зарабляў каля 2000 рублёў.

«Кадэбэшнікі мне ўвесь час задавалі пытанне: «А што табе не хапала? Што цябе штурхнула на шлях экстрэмізму? Ты ж такі вялікі заробак атрымліваў». Яны шчыра не маглі зразумець, пыталіся, як сітуацыя на працы. Я тлумачыў, што сітуацыя катастрафічная. Працуюць два-тры дактары. А павінна быць сем. «А чаму так? Хіба не могуць заробак падняць і вырашыць праблему?» І гэта кажа не нейкі дурань, а следчы па асабліва важных справах».

Як адбылося затрыманне

Міхаіл згадвае, што аднаго дня, калі ён знаходзіўся на працы, пазваніла сакратарка і сказала, што яго выклікае галоўны доктар.

«У кабінеце два маладыя кадэбэшнікі, яшчэ адзін у калідоры. Мяне бяруць, заводзяць у кабінет, вытрасаюць змесціва партфеля майго. У мяне была з сабою кніжка на ўкраінскай мове. І столькі шчырай радасці, што яны яе знайшлі».

Як распавядае Міхаіл, пасля яго адвезлі ў КДБ. Там у яго тэлефоне былі знойдзеныя сляды перапіскі з таварышамі, з якімі разам займаўся самвыдатам.

Па словах Самборскага, яго сталі абвінавачваць у тым, што ён украінскі шпіён, пагражаць артыкуламі, па якіх 15 гадоў пакарання.

«Ужо цёмнай-цёмнай ноччу мне гавораць: «Ці ты будзеш з намі супрацоўнічаць (у мяне шмат знаёмых, якія мне давяраюць, з якімі ў мяне ёсць кантакты), ці за наркотыкі можаш сесці». Пытаюся, за якія. Адказваюць: «Ну, як за якія, ты што, маленькі? Думай».

У выніку Міхаіл пагадзіўся на супрацоўніцтва. Яго адпусцілі дахаты. Жонцы нельга было нічога гаварыць. А на наступны дзень, калі мужчына прыйшоў на працу, яго там ужо паспелі звольніць. Кіраўніцтва было вельмі здзіўлена, пабачыўшы яго.

«Яны моцна здзівіліся, бо былі ўпэўненыя, што больш мяне ніколі не ўбачаць. Сакратарка ў перапынку прыйшла: «Мы вось тут звольнілі». Ужо нейкім чыслом напісаны акт і подпісы пад ім стаяць, што мяне некалькі дзён няма на працы і мяне за прагулы трэба звольніць».

Кадэбэшнікі потым сцвярджалі, што яны моцна хадайнічалі: «У цябе на рабоце, канешне, паспяшаліся». У выніку Міхаіл застаўся на працы.

Жыццё пад татальным кантролем

Па ўспамінах доктара, першыя дні ён знаходзіўся пад вельмі пільным наглядам. «Іх было два чалавекі. У любы момант званілі праз тэлеграм: дзе знаходзішся? «У сем гадзін ты пайшоў у садзік дачку адводзіць. У 7.10 ты пайшоў на прыпынак. Твой аўтобус прыехаў. Чаму ты яго прапусціў? Чаму паехаў на наступным?»

З перапіскі маёй у тэлефоне ім стала вядома, што мяне плануюць запрасіць у Вільню. Трэба, каб я ў іх там быў з апаратурай усялякай і шпіёніў».

Па словах мужчыны, у яго кватэра знаходзілася на праслухоўванні: «Тое, што я жонцы казаў на вуха ноччу ў ложку, яны потым ведалі. Потым мы ўвогуле перасталі размаўляць. Адзіны спосаб камунікацыі быў пісаць запіскі і потым іх зніштажаць».

Пры гэтым было так, што кадэбэшнікі не саромеліся паказваць доктару сваіх дзяцей. «Яны садзілі мяне ў машыну і везлі паказваць сваіх дзяцей. Дзіця хварэе, кашляе месяц. Ужо ўсюды былі. «Разбірайся».

Яны так мяне мучаюць, кажуць, што пасадзяць на 15 гадоў, і гэта ім не перашкаджала яшчэ і выкарыстоўваць мяне ў якасці доктара. «Ну мы ведаем, што ты харошы спецыяліст. Мы тут даведкі навялі. Вось і разбірайся».

Нягледзячы на тое, што адбылося, знаходзячыся ў эміграцыі, Міхаіл Самборскі марыць пра вяртанне ў Беларусь.

Чытайце яшчэ:

Як унук рэпрэсаванага беларуса вярнуўся на радзіму продкаў

«Калектыў прыняў як роднага». Як жыве доктар Сарокін, якога асудзілі па справе смерці Рамана Бандарэнкі 

Як працуе і колькі зарабляе беларуская доктарка ў Чэхіі

Хуткая музычная дапамога: доктар граў пацыентцы на фартэпіяна, чакаючы, пакуль лекі падзейнічаюць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
28
0
Пракоп/адказаць/
24.02.2024
Дзякуй табе доктар і грамадзянін з вялікай літары !!!
0
Пракоп/адказаць/
24.02.2024
[Рэд. выдалена]
0
Міра/адказаць/
24.02.2024
Дзякуй Богу, доктар у бяспецы!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930