Знайсці
15.02.2024 / 19:021РусŁacБел

Кіраўнік літоўскай рэдакцыі «Спутніка» раскаяўся і расказаў пра кухню прапагандысцкай сеткі, метадычкі і свае заробкі

З латвійскім палітолагам і былым рэдактарам інфармацыйнага агенцтва «Спутнік Літва» Маратам Касемам пагаварыў спецыяльны карэспандэнт «Новай газеты Еўропа», асобнае інтэрв'ю з ім пасля вызвалення з'явілася на Telegra.ph. Прыводзім самыя цікавыя моманты гэтых размоваў.

Марат Касем падчас інтэрв'ю «Новай газеце Еўропа». Скрын відэа novayagazeta_eu / YouTube

Марат Касем нарадзіўся ў Рызе ў 1990 годзе ў сям'і еменскага араба і рускай. Скончыў Расійскі ўніверсітэт дружбы народаў. У 2018 годзе стаў рэдактарам выдання «Спутнік Літва». У 2019 годзе Літва аб’явіла Касема персонай нон грата і забараніла яму ўезд на пяць гадоў. 30 снежня 2022 года мужчына быў затрыманы ў Латвіі па падазрэнні ў шпіянажы і парушэнні эканамічных санкцый Еўрасаюза. У ліпені 2023 года Касем быў прызнаны вінаватым у дапамозе замежнай дзяржаве ў дзеянні супраць Латвіі. З улікам прызнання віны і раскаяння мужчына быў толькі аштрафаваны.

Аб прапагандысцкіх наратывах

Па словах Касема, спачатку яму было вельмі цікава працаваць на «Спутнік Літва», бачыць ужывую, як «ствараюцца наратывы, адкуль яны прыходзяць, які ланцужок узаемадзеянняў адбываецца, пакуль ён даходзіць да чытача праз публікацыю выпускаючага рэдактара». Як сцвярджае мужчына, праз нейкі час ягоныя погляды пачалі «трансфармавацца з зацікаўленых у бок разумення таго, якога монстра мы ствараем».

Касем сцвярджае, што ў лютым 2022 года ён «убачыў вось гэтую пачвару і зразумеў, да чаго гэта ўсё ішло». Па ягоных словах, «да лютага 2022 года яму не было сорамна за тое, дзе ён працуе». Пасля ў яго сталі праяўляцца іншыя эмоцыі. «Я не магу сказаць, што гэта сорам. Гэта і страх, і боязь, і ўнутранае перажыванне, шок».

Касем прызнаецца, што да вайны ён працаваў дзеля славалюбства. «Гэта 100 працэнтаў. Больш за тое, яны маглі мне яшчэ менш плаціць і даць больш эфіраў. Яны проста не здагадаліся аб гэтым. Я б шчасліва сябе адчуваў. <…> Гэта ўсё ўспрымалася мной як гульня да гадзіны Х. Там ужо, па-першае, было ў некаторых момантах страшна выступаць, страшна сказаць лішняга, што магло б мяне «закрыць» на вельмі доўгі час у той жа Латвіі».

Па словах Касема, у працы на «Спутнік» не было так званых метадычак, па якіх «трэба звяраць кожнае слова». У структуры ёсць Упраўленне па вытворчасці кантэнту. «Там сядзелі дзве жанчыны. Адна маладзейшая, другая старэйшая. Яны сачылі за тым, каб на сайтах, у тэлеграм-каналах не зʼяўлялася нічога антырасійскага». У выпадку, калі яны заўважалі нешта экстраардынарнае, давалі задачу альбо зняць навіну, альбо неяк яе дапоўніць.

Касем узгадаў, што былі прэтэнзіі да фотарэпартажу з вайсковага параду на Дзень незалежнасці Літвы. Па словах цэнзараў, прадстаўленыя фота былі занадта прыгожымі: «Такое ўражанне, што мы рэкламуем войскі НАТА». На гэта Касем адказаў, што такія фота дэманструюць эфект прысутнасці: «Мы паказваем, што ў нас таксама ёсць свой карэспандэнт, які побач стаіць з Дэлфі і іншымі СМІ. Такім чынам мы паказваем, што ў нас ёсць уласныя кадры і мы знаходзімся побач». Але з яго пазіцыяй не пагадзіліся і фота прыйшлося прыбраць.

Журналістам, па словах мужчыны, паступалі спісы прарасійска настроеных палітыкаў, якіх трэба было падтрымаць.

У дачыненні краін Балтыі, па словах Касема, на «Спутніку» прытрымліваліся даволі вядомых наратываў — «дзяржава, якая не адбылася, failed state, дэмаграфічны жудасны крызіс, не застанецца нікога з людзей, усе зʼехалі за мяжу».

Але сам Касем, паводле яго слоў, прыдумаў шмат сваіх наратываў. Адзін з іх — што тыя ж тавары ў краінах Балтыі горшыя па якасці, чым у цэнтральнай Еўропе.

Успамінаючы, як асвятлялася вайна Расіі ва Украіне, мужчына кажа, што яму і іншым супрацоўнікам на пошту прыходзілі паведамленні аб тым, як неабходна было называць адыход расійскіх войскаў з Херсонскага кірунку. «Ні ў якім разе нельга было выкарыстоўваць слова «эвакуацыя».

Пра заробкі

Па словах Касема, у рэдакцыі «Спутнік Літва» пад яго кіраўніцтвам знаходзілася ад 25 да 30 чалавек. Пры гэтым ён зарабляў каля 1500 еўра. «З даплатай за эфіры з Захаравай — 2 тысячы». Апроч гэтага, у яго была службовая кватэра ў Маскве, за якую не трэба было плаціць. «Службовая машына цябе возіць на перадачы ў Астанкіна. Гэта нейкія бонусы ад твайго статусу: пастаянныя паездкі на нейкія форумы, жыццё ў пяцізоркавых гатэлях».

Як успамінае мужчына, калі чалавек трапляе на працу ў «Спутнік», ён «адчувае сябе як у цёплай ванне»: «Табе не трэба думаць пра заўтра, ніколі не бывае затрымкаў заробку, ён заўсёды прыходзіць два разы на месяц. У цябе ёсць сталоўка. Самы дарагі абед, комплексны — з адбіўной, баршчом — каштуе 240 рублёў. Гэта каля двух еўра цяпер. Гэта лічыцца дорага. Ёсць яшчэ за 180 рублёў, за паўтара еўра комплексны абед — там ужо будзе не боршч з мясам, а які-небудзь расольнік. Ты наогул амаль не траціш грошы. Табе прыходзіць заробак, ты атрымліваеш няшмат, але ты не паспяваеш гэта выдаткаваць — за кватэру плаціць не трэба, ёсць сталоўка. Як на заводзе ў савецкі час».

Мужчына сцвярджае, што ведае многіх, якія «цяпер бы з задавальненнем звольніліся, якім не падабаецца тое, што там адбываецца»: «Яны кажуць: «Ну а што, а там невядома, як павернецца, там могуць быць затрымкі» (асабліва калі ў прыватны сектар пераходзіш). Тут — «Я ўпэўнены ў заўтрашнім дні». У кагосьці там 20 катоў, у кагосьці сабачка, «мне іх карміць трэба, куды я пайду». І вось яны сядзяць. <…> Яны ў любы дзень могуць напісаць заяву і сысці.

Але гэта цёплае месца, яно як такое павуцінне. Нават не павуцінне — балота. Яно засмоктвае патрохі ўсё глыбей і глыбей. Здаецца і ёсць жаданне сысці. Аднак цёпла і тут, і нармальна, і як бы і не хочацца. Таму кардынальна змяніць сваё жыццё так, як я, гатовы не кожны чалавек».

Пра штраф і жыццё ў Латвіі

Мужчына згодны з абвінавачаннем у тым, што ён «аказваў Расіі інтэлектуальную і фізічную падтрымку ў перыяд з 2017 па лістапад 2022 года па асабістых прычынах і карыслівых меркаваннях». Чаму ў выніку ён атрымаў толькі штраф, Касем не можа растлумачыць, спасылаючыся на тое, што справа змяшчае інфармацыю, якая зʼяўляецца дзяржаўнай таямніцай, а некаторыя яе дэталі тычацца нацыянальнай бяспекі.

Сума штрафу склала 15 з паловай тысяч еўра. Як тлумачыць Касем, такая сума была ў яго на рахунку:

«Прадстаўнікі пракуратуры ведалі, колькі ў мяне там грошай. Мне выпісалі штраф практычна на ўсю суму, што ў мяне была. Забралі ў мяне ўсё і пакінулі тысячу еўра на жыццё. Нават менш — недзе 850 еўра. <…> Яны ўсё старанна правяралі два тыдні, пасля чаго сказалі — «Усё акей, штраф аплачаны».

Цяпер мужчына жыве на пенсію па інваліднасці (яна складае крыху больш за 500 еўра ў месяц) і плануе развіваць свой ютуб-канал, дзе будзе разбіраць, як будуецца прапаганда. Іншай працы ён шукаць не збіраецца.

На пытанне, дзе ён вальней сябе адчувае, у Латвіі ці Маскве, былы прапагандыст адказаў, што ў Латвіі.

Чытайце яшчэ:

У аэрапорце Вільні затрымалі шэф-рэдактара літоўскага «Спутніка» і выслалі з краіны на 5 гадоў

Туск і гродзенцы на каленях: расійская прапаганда выкарыстоўвае ФОТА 18-гадовай даўніны, каб абразіць Украіну

«Беларускія гледачы так даўно знаходзяцца пад тонамі расійскага кантэнту, што не разумеюць, дзе расійскі, а дзе беларускі парадак дня»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
3
Ха-ха
14
Ого
13
Сумна
2
Абуральна
8
3
Chadžeńnie pa hrablach/адказаць/
15.02.2024
A my budziem siabravać z "dobrymi rasiejcami", a, Łojka ?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031