Знайсці
15.02.2024 / 09:453РусŁacБел

«Не быў хамам». За здраду дзяржаве судзяць падпалкоўніка, які «перажываў за Украіну»

У Мінскім гарадскім судзе пачынаецца працэс над падпалкоўнікам Узброеных сіл Беларусі Антонам Чарамных, якога больш за год трымаюць пад вартай. 

Фота: Звязда

Антон Чарамных — чарговы вайсковец, які пасля падзей 2020 года стане перад судом паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве. Радыё Свабода пагаварыла з чалавекам, які ведаў Чарамных падчас службы ў беларускім войску і мае сваю версію таго, чаму ўзнікла абвінавачанне паводле «смяротнага 356 артыкула».

Паводле праваабаронцаў «Вясны», вайскоўца вінавацяць у здрадзе дзяржаве (ч. 2 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3. артыкула 130 КК). Чарамных пагражае да 20 гадоў зняволення, суд над вайскоўцам будзе закрыты. Працэс вядзе суддзя Сяргей Кацар. 

«Не быў хамам і дзяржымордам»

Падпалкоўнік Антон Чарамных служыў намеснікам па ідэалагічнай працы 310-й групы артылерыі 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Яго арыштавалі ў студзені 2023 году ў вайсковым гарадку Бароўка ў Лепельскім раёне і з таго часу трымаюць у СІЗА на Валадарскага.

Гэтую інфармацыю праваабаронцам пацвердзіў чалавек, які быў з Чарамных у адной камеры. Паводле гэтай крыніцы, спачатку Антона Чарамных падазравалі па 130 артыкуле (распальванне расавай, нацыянальнай альбо іншай варажнечы. — РС), але пазней у абвінавачанні з'явіўся і артыкул аб здрадзе дзяржаве. Акалічнасці справы Чарамных і ягонае стаўленне да абвінавачання застаюцца невядомыя.

Пра падпалкоўніка Чарамных на ўмовах ананімнасці Свабодзе расказаў былы вайсковец, які быў знаёмы з ім падчас службы ў беларускім войску.

«Антон — адэкватны, культурны чалавек і афіцэр. З маральнымі і чалавечымі прынцыпамі. Магчыма, некаторыя афіцэры ўспрымалі яго як дастаткова мяккага, але тут хутчэй той момант, што ён не быў хамам і дзяржымордам, як некаторыя», — расказала крыніца Свабоды.

Суразмоўца таксама згадаў водгукі пра Антона Чарамных, якія бачыў у медыя неўзабаве пасля арышту падпалкоўніка.

«Памятаю як у СМІ пісалі пра яго, і відаць было, што выказваліся былыя ягоныя тэрміновікі (вайскоўцы тэрміновай службы. — РС). Там была не зусім пахвальная інфармацыя пра яго, але тут трэба размяжоўваць. Калі камандзір падтрымлівае дысцыпліну ў мужчынскім калектыве, які складаецца не з хлопчыкаў-зайчыкаў, і калі афіцэр перавышае паўнамоцтвы. Дык вось адносна Антона: ён — гэта першы прыклад».

Паводле звестак іншага вайскоўца, з якім у сакавіку 2023 году гаварыў карэспандэнт «Люстэрка», Антон Чарамных у 2020 годзе падпісваўся за альтэрнатыўнага кандыдата на пасаду прэзідэнта. А пасля 2022 года не хаваў, што не падтрымлівае вайны, якую пачала Расія супраць Украіны.

«Прыняў вайну ва Украіне вельмі блізка да сэрца», — казаў пра падпалкоўніка Чарамных чалавек, з якім размаўляла «Люстэрка». Суразмоўца Свабоды гэтыя звесткі не пацвердзіў, але і не абверг.

«Наконт гэтага нічога не скажу. Тэарэтычна мог выказвацца адносна Украіны. Але за такое наўрад ці саджаюць, інкрымінуючы здраду дзяржаве, нават лукашысты. Тым больш Антон у войску даўно. Не думаю, што ён не ведаў, што варта публічна казаць, а што не», — мяркуе знаёмы зняволенага.

Суразмоўца Свабоды мае сваю версію наконт таго, адкуль у следства магло зʼявіцца абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве.

«Хутчэй за ўсё, там будзе які-небудзь чат-бот у nexta, ці Motolko, ці Hajun. Для вайскоўцаў гэта адназначна інкрымінуецца як супраца з замежнымі спецслужбамі».

«Магчыма, унутры перажываюць, але не паказваюць»

Антон Чарамных — сын афіцэра Алега Чарамных, які ваяваў у Афганістане. Лёс бацькі паўплываў на выбар жыццёвага шляху. Антон скончыў беларускую Вайсковую акадэмію па спецыяльнасці «маральна-псіхалагічнае забеспячэнне вайсковай дзейнасці», служыў у 120-й асобнай механізаванай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Мінску. Паводле былых таварышаў па службе, пасля 2020 года ён меў думкі наконт звальнення з войска, але вырашыў дачакацца заканчэння кантракту. Між тым у сваёй частцы афіцэр быў на добрым рахунку, пра што сведчыць рэпартаж, які ў сакавіку 2022 году з'явіўся ў газеце «Звязда». Вось як намеснік камандзіра па ідэалагічнай працы Антон Чарамных апісваў мікраклімат у калектыве вайскоўцаў тэрміновай службы ў сувязі з нядаўнімі падзеямі:

«Я б не сказаў, што міжнародная абстаноўка пэўным чынам на іх сказваецца. Магчыма, унутры яны перажываюць, але, ва ўсякім разе, не паказваюць гэтага. Такіх ваеннаслужачых, якія б панікавалі, дакладна няма. У гэтым кірунку трывала працуюць афіцэры, кожны на сваім узроўні расказвае аб ваенна-палітычнай абстаноўцы, тлумачыць дэталі», — расказваў Антон Чарамных праз месяц ад пачатку вайны ва Украіне.

Як Антон Чарамных ставіцца да выстаўленага яму абвінавачання, невядома. Праваабарончы цэнтр «Вясна» не ўнёс імя афіцэра ў спіс палітычных вязняў.

Паводле зменаў у 356 артыкул Крымінальнага кодэксу, якія былі ўнесеныя летась у сакавіку, здрада дзяржаве службовай асобай альбо вайскоўцам цяпер караецца ў тым ліку смерцю. Аднак праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што змена была ўнесеная ўжо пасля арышту Антона Чарамных, таму смяротная кара на яго распаўсюджвацца не можа.

У падпалкоўніка Чарамных на волі засталіся жонка і двое непаўналетніх дзяцей.

Самы вялікі тэрмін зняволення сярод вайскоўцаў, якіх асудзілі за здраду дзяржаве, 18 гадоў калоніі, атрымаў капітан Генштаба Ўзброеных сіл Дзяніс Урад, які ў 2020 годзе выдаў звесткі пра падрыхтоўку вайсковых падраздзяленняў да разгону пратэстоўцаў.

Праваабаронцам вядома, што ў Беларусі з таго часу паводле 356 артыкула асудзілі сама меней 44 чалавекі, з іх дваіх — завочна. Яшчэ мінімум дзесяць беларусаў утрымліваюць пад вартай у чаканні суду ці пад судом. Адзначаецца, што ў пераважнай большасці суды па 356-м артыкуле КК праходзяць у закрытым рэжыме.

Чытайце таксама:

Маладую менеджарку EPAM, якая вярнулася з Грузіі, будуць судзіць за «фінансаванне вайны»

Памятаеце ўкраінскую валанцёрку, якая знікла па дарозе ў Мазыр? Праз паўгода знайшлася за кратамі — «шпіянаж»

Хлопца з Петрыкава будуць судзіць па дванаццаці палітычных артыкулах. Магчыма, ён нядаўна вярнуўся з-за мяжы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
7
Сумна
12
Абуральна
41
3
Ясненька /адказаць/
15.02.2024
Расейскія калабаранты судзяць беларускага афіцэра-патрыёта.
1
Влад/адказаць/
15.02.2024
А где этот офицер в 20-м был?
2
Влад/адказаць/
15.02.2024
Ясненька ,а чём "патриотизм"? В том что в 20-м не заступился за белорусов, но вдруг распереживался за украинцев? 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031