Знайсці
13.02.2024 / 10:181РусŁacБел

«Мой тата не вытрымаў бы Акрэсціна». Вольга Такарчук расказала пра арышт у 2021-м, Валадарку, калонію, паўторнае затрыманне і вымушаныя ўцёкі з сям'ёй у 2024-м

Вольга трапіла за краты ў 2021 годзе за «палітыку». Пасля вызвалення ў 2022 годзе яна прынцыпова засталася ў Беларусі. Але ў 2024-м мусіла ўцякаць.

Да падзей 2020 года Вольга Такарчук працавала дызайнеркай. У жніўні таго года пачала выходзіць на пратэсты, актыўна вяла свой блог, дзе выказвалася пра сітуацыю ў краіне. Мела 37 тысяч падпісчыкаў. Па Вольгу прыйшлі 19 мая 2021 года. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах, абразе суддзі і паклёпе, піша Радыё Свабода.

Вольга ўзгадвае, што на затрыманне прыбыў оперупаўнаважаны з крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС Вадзім Дайнека. «У яго да мяне былі асабістыя рахункі — бо ён не першы раз «паляваў« на мой тэлефон. Таму падчас вобшуку яны са злосцю перавярнулі ўсю хату дагары нагамі. Опер казаў, што гэта за тое, што я не хацела аддаваць тэлефон», — кажа былая зняволеная.

Пасля ператрусу яна спачатку трапіла ў ізалятар на Акрэсціна, затым — у СІЗА Жодзіна.

Вольга кажа, што горш, чым у Жодзіне, ёй не было нідзе. Кідалі ў карцар, дзе яна страшна мерзла, дзе ступіць па дыяганалі можна было толькі чатыры з паловай крокі. Блогерка кажа, што ад адчаю спрабавала рэзаць вены каменем, затым абвясціла галадоўку.

«Можа, яны баяліся, што я ў карцары «канькі адкіну«, бо пагадзіліся даць мне цёплыя рэчы ўзамен на тое, што я скончу галадоўку. Мне было вельмі блага. Але неяк я пачула, як у адной камеры спявалі «Воины света, воины добра«, і расплакалася. Затым убачыла на металічных кратах словы «Трымайся« і «Жыве Беларусь!«. Мяне гэта натхніла, я ўзяла сябе ў рукі. Папрасіла тазік і анучу, пачала драіць камеру, каб не сядзець без справы», — узгадвае Вольга.

Неяк у лісце яна напісала мужу, што не хоча падымацца раніцай. Праз гэта яе паставілі на ўлік як «схільную да суіцыду». Пры гэтым, па словах Вольгі, лекары яе не аглядалі — ні псіхіятр, ні псіхатэрапеўт.

«Валадарка», суд, этап, гомельскі СІЗА, калонія

Пасля Жодзіна Вольга трапіла ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Там, кажа, «быў проста рай у параўнанні з Жодзінам». У камеры з блогеркай былі іншыя «палітычныя», у тым ліку былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына.

«Яна скарыла маё сэрца. Вытанчаная, густоўная, шляхетная! Я такіх людзей, як Леўшына, не сустракала ніколі раней. Таксама сядзелі з Марфай Рабковай, Алай Лапаткай, Юліяй Сырых. Карацей, кампанія была выдатная!» — зазначае блогерка.

На судзе Вольга атрымала паўтара года зняволення. Яе адвезлі ў гомельскае СІЗА.

«Пра гомельскае СІЗА не скажу нічога паганага. Мяне там некаторыя супрацоўнікі ведалі, бо глядзелі мае відэа. Некаторыя нават дапамагалі, як джэнтэльмены, несці сумкі, бо бачылі, што мне цяжка», — кажа былая зняволеная.

У Жодзіне і на Валадарскага Вольга атрымлівала шмат лістоў, і не толькі ад сваякоў. Пісалі падпісчыкі, неабыякавыя людзі, дапамагалі з перадачамі. Калі пачалася паўнавартасная вайна ва Украіне, перапіска рэзка спынілася, прычым гэта тычылася ўсіх «палітычных». Засталіся толькі лісты ад родных.

Супрацоўніц калоніі Вольга апісвае як аднолькавых, быццам пад капірку:

«Накладныя вейкі, накладныя пазногці, тоны танальнага крэму на твары, вялізныя губы — карацей, калгас, яшчэ і размаўлялі мацюкамі». Суразмоўца кажа, што супрацоўнікі-мужчыны былі больш-менш нармальныя. З Жодзіна за Вольгай прыйшла благая характарыстыка — і злосная парушальніца, і бунтуе, і схільная да суіцыду, экстрэмістка. «Опер пачытаў яе, даў мне пачытаць. Я пасмяялася, ён таксама. Ён прапанаваў мне тыя два месяцы, што засталося адбыць у калоніі, пасля дня за паўтара ў СІЗА, «сядзець ціха«. Я і сядзела ціха. Але як па-іншаму? Ты на іх тэрыторыі, ты ў іх у закладніках», — кажа Вольга.

Па яе словах, ад іншых зняволеных, і не толькі «палітычных», жанчына мела шмат падтрымкі. Два гомельскія месяцы не даліся ёй цяжка. Самым складаным было тое, што не дазвалялі ўбачыцца з дзецьмі, якім на момант затрымання Вольгі было 3 і 7 гадоў.

«Такі сум па дзецях невыносны, 24 на 7. Хто ім прасуе адзенне, хто ім падразае пазногці, хто іх кладзе спаць, як прайшоў дзень нараджэння сына, хто дачцэ заплятае коскі? Гэтыя думкі, гэта проста невыносна было», — узгадвае Вольга.

Вызваленне, забарона на блогерства — і чарговы «хапун» усёй сям’і

Пасля вызвалення Вольга як «экстрэмістка» стала на ўлік у мясцовай міліцыі ў Менску. Міліцыянты сказалі, што калі не будзе весці блог — не будуць асабліва чапаць. Кожны панядзелак яна хадзіла адзначацца ў міліцыю, падпісвала паперы, што абяцае «не ўзрываць метро ці школы».

«Я смяялася, дый міліцыянты таксама смяяліся», — кажа Вольга.

Яна зазначае, што прынцыпова не хацела з'яжджаць з Беларусі, што і ў 2022-м, і ў 2023-м верыла, што ўрэшце нешта зменіцца. «Я не хацела з'яжджаць, мне было шкада пакідаць краіну ябацькам», — кажа былая зняволеная.

Яна была на сувязі з іншымі сваякамі «палітычных», старалася дапамагаць ім рознымі спосабамі. 23 студзеня, у дзень масавага хапуна па Беларусі, сілавікі прыйшлі і да Вольгі, і да яе маці.

Па словах жанчыны, супрацоўнікі КДБ былі адэкватныя, нават паразуваліся пры вобшуку.

«І не надта стараліся там нешта шукаць у мяне, толькі тэлефон забралі. Павезлі на допыт. У тэлефоне знайшлі «Едастаўку«. Я кажу, што сапраўды адна жанчына дапамагала мне пасля вызвалення з прадуктамі. Але якое тут злачынства? У тым, што я прымала кілбасу? Яны мне даводзілі, што ініцыятыва INeedHelp прызнаная экстрэмісцкай, значыць, прадукты ад іх — экстрэмісцкія, і калі я іх ела, то садзейнічала экстрэмізму», — абураецца Вольга.

Ад яе патрабавалі напісаць яўку з павіннай. Але былая зняволеная не разумела, у чым ёй каяцца.

У той жа дзень затрымалі і маці Вольгі. Яе абвінавацілі па артыкуле 361-4 КК — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

«Садзейнічанне — гэта тое, што маці дапамагала людзям, якія, напрыклад, не разбіраліся ў тэлефонах, розных праграмах, таму маці на сябе часам замаўляла «Едастаўку«, адрасы ўказвала тых людзей, якія патрабавалі дапамогі. Пазней выклікалі на допыт тату, забралі ягоны тэлефон», — кажа Вольга.

Яна разумела, што і ў яе тэлефоне, які забралі супрацоўнікі КДБ, на яе могуць знайсці «кампрамат», які пацягне на новы тэрмін. Вольгу папярэдзілі, што і тата можа атрымаць крымінальную справу.

Яны вырашылі ўцякаць. Узялі самае неабходнае і рушылі ў дарогу. Эвакуацыю сям’і — самой Вольгі, яе таты і двух яе малых дзяцей — правёў фонд «Байсол».

Цяпер фонд абвясціў збор на дапамогу Вользе з сям’ёй у чужой краіне. За адзін дзень збору ім «накідалі» больш за 8500 еўра.

«Мяне могуць абвінаваціць, што я кінула маці ў турме. Але каму было б лепш, каб селі яшчэ і тата, і я? Тата, з яго здароўем, і тры дні не вынес бы на Акрэсціна. Маці б перажывала за мяне, за тату. Я б не бачыла сваіх дзяцей. На сёння радаснага ў нас мала. Але мой тата ў бяспецы, я з дзецьмі, і адсюль хоць нечым магу дапамагаць», — дадае жанчына.

Чытайце таксама:

Маму былой палітзняволенай Вольгі Такарчук затрымалі па крымінальнай справе, сама Такарчук з татам выехалі

Блогерка Вольга Такарчук, якая тэрмінова з'ехала з Беларусі з бацькам, просіць аб дапамозе

Дапамогу для былой палітзняволенай Вольгі Такарчук сабралі ўсяго за 10 гадзін

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
18
Абуральна
9
0
Аляксандр/адказаць/
13.02.2024
Правільна зрабілі, сесці сумнеўнае геройства
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера