Знайсці
06.02.2024 / 09:13РусŁacБел

Як маршрутны бізнэс прагінаюць пад дзяржаўныя аўтапаркі

З 21 студзеня 2024 года для вадзіцеляў маршрутак уступілі ў сілу новыя патрабаванні — з гэтага часу яны павінны мець стаж не менш як два гады. Гэта патрабаванне пагражае некаторым кампаніям прыпыненнем дзейнасці, а ўсёй сферы — дэфіцытам кадраў, піша Sputnik.

 

Перавозчык: трэць вадзіцеляў можа застацца без працы

Намеснік кіраўніка адной з гродзенскіх фірм, якія ажыццяўляюць пасажырскія перавозкі, уводзіць у курс справы:

да 21 студзеня ў кампанію маглі ўладкоўвацца вадзіцелі без стажу, але толькі на маршруты, якія абслугоўваюць горад і прыгарад. Пры гэтым двухгадовую вадзіцельскую практыку ў абавязковым парадку павінны былі мець кіроўцы, якія працуюць на міжгародніх рэйсах. 

З 21 студзеня для вадзіцеляў маршрутак увялі двухгадовы стаж на ўсе віды перавозак — гарадскія, прыгарадныя і міжгароднія. У многім гэтае патрабаванне звязала рукі перавозчыку, паколькі большая частка рэйсаў прыпадае на горад.

«Зразумела, што на працу мы зараз не можам прыняць людзей, у якіх няма стажу два гады. А што тычыцца ўжо кіроўцаў, якія былі працаўладкаваны да ўступлення ў сілу змен, — як з імі быць? Ніякіх афіцыйных каментароў і тлумачэнняў па гэтым пытанні не было. Таму пакуль працуем», — адзначае намесніца кіраўніка фірмы Святлана.

Яна прызнаецца: калі закон будзе мець зваротную сілу, кампаніі давядзецца звольніць 15 з 43 вадзіцеляў.

«Мы проста спынімся і не зможам паўнавартасна працаваць», — мяркуе суразмоўніца.

Перш — адпрацоўка на аўтобусе

Разам з тым, звяртае ўвагу намеснік дырэктара кампаніі, у новых правілах

зусім адмянілі абавязковую двухгадовую выслугу для вадзіцеляў транспартных сродкаў катэгорыі М3 (вялікія аўтобусы) — на ўсе перавозкі, акрамя міжнародных. Знялі нават абмежаванне па ўзросце: калі раней да працы дапускаліся вадзіцелі не маладзейшыя за 21 год, то зараз руліць аўтобусам могуць 18-гадовыя маладыя людзі, якія толькі што скончылі аўташколу або курсы ДТСААФ.

На яе думку, новыя патрабаванні ўвялі ў сувязі з тым, што аўтобусныя паркі краіны не ўкамплектаваны вадзіцелямі.

«Атрымліваецца, што зараз вадзіцель, які атрымаў катэгорыю «D», можа напрацаваць неабходны стаж на аўтобусе і толькі потым уладкавацца на маршрутку», — канстатуе Святлана. 

Маршрутчыкаў перавабліваюць у іншыя сферы

Старшыня Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў (АППП) Кацярына Станкевіч гаворыць:

зараз на аўтобусныя перавозкі ў цэлым па краіне не хапае каля 60% вадзіцеляў.

Кадравая праблема, падкрэслівае яна, спалучана з двума асноўнымі фактарамі. Першы: маршрутчыкаў і кіроўцаў аўтобусаў пераваблівае рынак таксі, паколькі ўладкавацца туды можа ці ледзь не любы жадаючы. Да таго ж, у гэтай сферы ёсць магчымасць зарабляць «нефіксаваныя» грошы. 

«Так, таксі таксама нялёгкая праца, і многія ўмудраюцца сумяшчаць гэтую працу з асноўнай дзейнасцю. З асабістага вопыту: мяне неяк вёз машыніст крана, які спачатку восем гадзін адпрацаваў на кране, пасля чаго пайшоў таксаваць», — адзначае Станкевіч.

Другі немалаважны аспект: шматлікія кіроўцы зʼязджаюць на заробкі за мяжу. 

Падводзячы рэзюмэ, кіраўнік АППП выказала меркаванне, што ў цэлым сітуацыя з забяспечанасцю вадзіцелямі на рынку пасажырскіх перавозак у бліжэйшы час можа пагоршыцца.

«У любым выпадку, людзі сыходзяць са сферы, і іх трэба кімсьці замяняць. Праз 6-7 месяцаў мы атрымаем праблемы.

Ужо да сярэдзіны лета я чакаю, што кадравае пытанне ў гэтай сферы, калі нічога не будзе прынята, стане яшчэ вастрэйшае», — акцэнтуе кіраўнік абʼяднання перавозчыкаў пасажыраў.

Таксі таксама датычыцца

У Асацыяцыі перавозчыкаў і дыспетчараў Беларусі (АПІД), тым часам, выказваюць зусім іншае меркаванне: новаўвядзенні, звязаныя з патрабаваннем мець вадзіцелям два гады стажу, накіраваны на паляпшэнне якасці і бяспекі перавозак.

«Увядзенне гэтага патрабавання станоўча адабʼецца на такіх перавозках», — паведамілі там і дадалі, што ў асацыяцыю ўжо звярнулася вялікая колькасць перавозчыкаў, але менавіта ў сферы таксі.

Справа ў тым, што, згодна з абноўленымі Правіламі аўтамабільных перавозак пасажыраў, якія запрацавалі з 21 студзеня, вадзіцелі таксі абавязаны мець сертыфікат аб адпаведным навучанні.

«Паводле нашай інфармацыі, ужо ёсць перавозчыкі, якія спыняюць сваю дзейнасць у сувязі з абнаўленнем Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў. Аднак тыя фірмы, якія хочуць працаваць, прадоўжаць сваю дзейнасць з захаваннем палажэнняў, указаных у новай рэдакцыі правілаў», — адзначаюць у АПІД.

Чытайце таксама:

Ехаць, стаяць ці сесці. Як улады абмяркоўвалі з маршрутчыкамі новыя правілы працы

Маршрутчыкі просяць дазволіць вазіць пасажыраў стоячы

«Уключаліся шляхам шантажу і пагроз». Па справе маршрутчыкаў КДБ узяўся за агрэгатар «Атлас»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
9
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера