Знайсці
25.01.2024 / 13:554РусŁacБел

Свая крама, паспяховая вытворчасць, чытанне кніг праз відэасувязь. Што вядома пра калонію, дзе сядзіць Зміцер Дашкевіч

У Навасадах Дашкевіча ўжо трымалі да пераводу ў Жодзіна. Пра ўмовы ў гэтай калоніі Радыё Свабодзе расказаў яе былы супрацоўнік, цяпер праваабаронца Васіль Завадскі.

Калонія ў Навасадах. Фота: БелаПАН

Калонія № 14 знаходзіцца за 100 кіламетраў ад Мінска, у пасёлку Навасады Барысаўскага раёна. Часам яе нават называюць барысаўскай. Пабудавалі яе ў 1960-х, у 2011 годзе там утрымлівалі каля 3 тысяч чалавек. Сёння вядомыя імёны 10 палітвязняў, якія знаходзяцца ў Навасадах. Гэта ў тым ліку Зміцер Дашкевіч і фігурант «справы Аўтуховіча» Віктар Снягур.

Са словаў праваабаронцы Васіля Завадскага, які працаваў там у першай палове 90-х, а пасля ўзначальваў медыцынскую службу Дэпартамэнту выканання пакаранняў, навасадская калонія раней мела досыць станоўчую характарыстыку, пра яе адгукаліся як пра параўнальна добрае месца зняволення. Калонія блізка ад Менска, туды лёгка было прывезці нейкае кіраўніцтва, каб паказаць установу. Таму, на думку праваабаронцы, супрацоўнікі паводзілі сябе досыць стрымана са зняволенымі, іхняя дзейнасць была навідавоку.

Калонія для паўторна асуджаных

Навасадскую калонію таксама называюць калоніяй для рэцыдывістаў, яна мела статус строгага рэжыму. Такія калоніі ёсць яшчэ ў Горках і Ваўкавыску. Івацэвіцкая яшчэ лічыцца «строгай», але яе збіраюцца закрываць.

«Зняволеныя маюць стаж, ужо адбывалі пакаранне, ведаюць, як сябе паводзіць. У нейкім сэнсе ім лягчэй. З «першаходамі« ў калоніі складаней», — мяркуе Васіль Завадскі.

Паводле ягоных назіранняў, цяпер пры першай судзімасці ў сярэднім даюць большыя тэрміны, чым за паўторныя.

Паспяховая вытворчасць

Вядома, што калонія ў Навасадах спецыялізуецца на металаапрацоўцы. На яе базе працуе дзяржаўнае прадпрыемства «Чатырнаццаць», якое вырабляе запчасткі да трактарнай тэхнікі, мэблі і будаўнічыя тавары.

Па стане на 2011 год у Навасадах выпускалі прыкладна траціну ад усіх вырабаў, якія рабілі ва ўсіх калоніях Беларусі. За 2010 год тут зрабілі прадукцыі на 45 мільярдаў беларускіх рублёў. Раней у яе былі вытворчыя кантакты з расейскімі заводамі, мэтал прывозілі з расейскага Ліпецку.

«Выпускалі легендарныя навасадскія вёдры, тазікі з ацынкаванай сталі», — успамінае праваабаронца.

У калоніі рабілі камплектныя часткі для МАЗа, БелАЗа, Бабруйскага трактарнага завода, Смаргонскага радыятарнага завода, Магілёўскага аўтамабільнага завода, гомельскага завода «Гідрапрывад».

«Развітая вытворчасць хочаш не хочаш прымушала ставіцца да зняволеных больш паблажліва… Быў адзін зняволены з залатымі рукамі. Прасілі, каб я звазіў яго ў Барысаў у шпіталь, бо ў яго былі праблемы са здароўем, канвой ахвотна выдзялялі», — успамінае Васіль.

Цывільныя супрацоўнікі

Калонія для пасёлка Навасады фактычна «пасёлкаўтваральнае» прадпрыемства.

«Большая частка насельніцтва пасёлка працавала ў калоніі або была «завязаная« на калоніі. Настаўніцы ў школах былі жонкамі афіцэраў. Калонія для пасёлка — частка жыцця. У горадзе іншая справа. У пасёлку выкарыстоўвалі слэнг зняволеных, а таксама паводзіны: паабяцаць і не зрабіць. Я гэта звязваю з уплывам асяроддзя, бо для зняволенага падмануць супрацоўніка — гэта гонар», — успамінае Васіль Завадскі.

Калонія валодае крамай у пасёлку. Там прадаюць прадукты і алкаголь. Цяпер установа пачала будаваць у Навасадах новую краму, большую.

Спроба самагубства

26 сакавіка 2023 года з акна калоніі ў Навасадах выкінуўся асуджаны. Ён скокнуў з другога паверха. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што гэта адбылося з прычыны жорсткага абыходжання са зняволенымі ў папраўчай калоніі.

Вядома, што яго завуць Уладзімер Іпатаў. Пасля інцыдэнту асуджаны выжыў і знаходзіўся ў шпіталі Барысава. Крыніца, якая паведаміла пра здарэнне, сцвярджала, што мужчына меў праблемы з хрыбетнікам і быў асуджаны паводле палітычнага артыкула. Яго далейшы лёс невядомы.

«У мяне склалася ўражанне, што на яго не ціснулі адмыслова за тое, што ён палітзняволены. Магчыма, у яго была дэпрэсія, што нярэдка бывае ў пенітэнцыярных установах, або праз адносіны паміж зняволенымі», — каментуе выпадак Васіль Завадскі.

З ягоных словаў, у калоніі раней быў недахоп вузкіх спецыялістаў. Прыкладна ў 2018-2019 годзе адзін са зняволеных страціў зрок, бо ў яго нясвоечасова выявілі дабраякасную пухліну ў мозгу, дадаў праваабаронца.

У той жа час летась увесну стала вядома, што палітвязень з Гомеля Міхаіл Зубкоў абвясціў у Навасадах сухую галадоўку. Ён пратэставаў супраць незаконнага змяшчэння ў штрафны ізалятар. Зубкоў удзельнічаў у пратэстах у Гомелі ў 2020-м, потым выехаў у Расею. Там яго затрымалі і выдалі ў Беларусь. Яму прысудзілі далі тры гады зняволення.

Чытанне кніг дзецям праз відэасувязь

У пачатку мінулага года бібліятэка Барысава атрымала грант на працяг праекту, у якім бацькі з турмаў па відэасувязі чытаюць кнігі сваім дзецям. Ён называўся «Тата побач. Мама, давай пагаворым», яго ажыццяўлялі з 2020 года.

Бібліятэка павінна была атрымаць 3700 рублёў. За гэтыя грошы планавалі набыць ноўтбук, кнігі і падарункі для дзяцей, а таксама папоўніць бібліятэчныя фонды дзіцячай бібліятэкі і бібліятэкі папраўчай калоніі № 14. Ці зняволеныя сапраўды чыталі дзецям кнігі праз відэасувязь, невядома.

Візіты Андрэя Лемяшонка

Пра гэта паведамілі на другі дзень пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Андрэй Лемяшонак — духоўнік Свята-Лізавецінскага манастыра, які збірае грошы для расейскіх вайскоўцаў і падтрымлівае лукашэнкаўскі рэжым. Пры візіце ў калонію з ім былі манашкі, а таксама дзяк, які раней адбываў зняволенне ў Навасадах. Святар Лемяшонак адправіў богаслужэнне, а потым сустрэўся з асуджанымі ў актавай залі калоніі, пагаварыў з імі і адказаў на пытанні.

Розгалас шкодзіць ці дапамагае?

У апошні час многія сваякі палітвязняў адмаўляюцца абнародаваць інфармацыю пра родных. Яны тлумачаць, што потым за кратамі тым помсцяць: кідаюць у штрафны ізалятар за надуманае парушэнне (не так павітаўся або не так пагаліўся), пазбаўляюць спатканняў, званкоў, перадач, не перадаюць лістоў.

Аднак нават калі сям’я не пашырае звестак аб тым, што адбываецца з палітвязнем, на яго могуць працягваць ціснуць. Менавіта ў Навасадах адбыўся суд над Змітром Дашкевічам, якога пасля перавялі ў больш строгія ўмовы ў Жодзіна. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што блізкія Змітра не публікавалі інфармацыі аб умовах, у якіх ён там знаходзіўся.

Сціслая інфармацыя пра палітыка з'яўлялася раз на некалькі месяцаў: што не выпусцілі пасля заканчэння тэрміну, што прайшоў чарговы суд. У студзені жонка Змітра Наста напісала ў сацыяльных сетках, што мужа паўгода трымалі ў бетонным памяшканні ў Жодзіна, цяпер ён у ШЫЗА ў Навасадах, дзе дзікі холад і трэба ўсю ноч рабіць зарадку, каб сагрэцца.

Былы палітвязень Віктар* (імёны суразмоўцаў змененыя дзеля іхнай бяспекі. — РС) расказаў Свабодзе, што, на ягоную думку, розгалас у медыя дапамагае палітвязням.

«Трэба, каб людзі, якія выйшлі з калоніі, расказвалі пра тое, што там адбываецца. Гэта нярэдка ўтрымлівае шараговых супрацоўнікаў ад перавышэння паўнамоцтваў, нягледзячы на тое, што выклікае раздражненне адміністрацыі турмы», — мяркуе Віктар.

Ён думае, што існуе падзел: адным палітвязням дазваляюць знаходзіцца за кратамі без дадатковых складанасцяў, для іншых ствараюць невыносныя ўмовы.

«Проста адныя сядзяць ціхенька, імкнуцца не прыцягваць увагу адміністрацыі, а іншыя паводзяць сябе ў адпаведнасці са сваімі перакананнямі і каштоўнасцямі, не звяртаюць увагу на незаконныя патрабаванні, напрыклад не размаўляць на палітычныя тэмы, гаварыць толькі на расейскай мове, размаўляць толькі з тымі, з кім дазваляе адміністрацыя», — дзеліцца Віктар.

Сваяк яшчэ аднаго палітвязня Іван думае, што розгалас раней шкодзіў ягонаму роднаму, бо пра яго з'яўлялася шмат публічнай інфармацыі. Цяпер ягонаму блізкаму ствараюць дадатковыя цяжкасці за кратамі, абмяжоўваюць камунікацыю нават з сям’ёй, хаця пра яго ўжо амаль не зʼяўляецца інфармацыі ў медыя ці сацсетках. Іван думае, што такі ціск — гэта ўсё яшчэ наступства папярэдняга розгаласу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
13
25.01.2024
у нас может быть куда хуже, чем в россии
+ (вернее -) замалчивается
и замалчивается давно
даже в россии существовала какая-то гласность, у нас 😷

вопрос еще в том - захотят ли незаконно потерпевшие говорить? и что-то изменить в этой (!) стране?
0
София/адказаць/
25.01.2024
Евгения, да, суть циничного плаката, вывешенного в лукашистском гулаге чем-то напоминает знак с фразой нацистов, который висел над воротами концлагеря в Освенциме.
0
Максим Дизайнер/адказаць/
26.01.2024
София

Он не циничный, а наивно отражает менталитет народца.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031