Знайсці
05.01.2024 / 23:3711РусŁacБел

«Напэўна, муку для бліноў яшчэ не змалолі». Госці пушчанскага Дзеда Мароза расказалі, як ехалі ў казку, а трапілі ў савок

Чытачы выдання BG.Media расказалі пра тое, як хацелі трапіць у казку, а трапілі ў савок. Аказалася, што паесці бліноў і папіць гарбаты ў Белавежскай пушчы, дзе атабарыўся беларускі Дзед Мароз, не так і проста.

Нядаўна чытачы BG.Media вырашылі з'ездзіць да беларускага Дзеда Мароза. Таго самага, брэндавага, які апранаецца ў чырвоны каптан, надзяе пышную бараду і віншуе ўсіх з Новым годам.

Ягоны маёнтак размясціўся ў самым сэрцы Белавежскай пушчы, за 15 км ад вёскі Камянюкі. Мясцовая прырода паспрабавала зладзіць свята дарослым і дзецям, літаральна за лічаныя гадзіны павесіўшы на дрэвы беласнежныя карункавыя ўборы. Падсветленыя гірляндамі, яны ў цёмны час глядзеліся вельмі эфектна, нагадваючы сапраўдную зімовую лясную казку.

Дзед Мароз і Снягурка выглядалі цудоўна, як сапраўдныя казачныя героі. Але сама казка, аднак, для суразмоўцаў выдання вельмі хутка скончылася. Ніжэй ідзе іх расказ.

Як пушчанскія блінцы з гарбатай засталіся толькі марай

Далей пачалося тое, што добра знаёма многім людзям старэйшых пакаленняў і характарызуецца ёмістым словам «савок». У надзеі перакусіць і сагрэцца гарбатай (мара турыста) мы вырашылі зайсці ў кавярню «Хата дзеда Мароза». Адразу скажам: гаспадар маёнтка да гэтай установы не мае дачынення. Яна цалкам у валоданні Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», як і ўсё, што знаходзіцца на яго тэрыторыі, уключаючы гатэль і рэстаран.

Але ў «Хаце» нам, падобна, былі не радыя. Яна, як высветлілася, закрываецца а шостай вечара, пры тым што экскурсіі да дзядулі праводзяць да паловы на дзявятую. На гадзінніку было амаль сем. Так што паспытаць бліноў з травяной гарбатай у нас не атрымалася.

У маёнтку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы

Наступным пунктам, куды мы зайшлі з той жа мэтай, ужо пасля вяртання ў Камянюкі, стала кавярня з прыгожай назвай «Лясная казка». Яна знаходзіцца па суседстве з вальерамі і Музеем прыроды. Прыгожы драўляны будынак нібы вабіў чымсьці цёплым, запрашаючы зайсці ўсярэдзіну. Тым больш мы дакладна ведалі: у меню там звычайна бываюць і бліны, і духмяная гарбата на травах, а калі пашанцуе — то і мачанка з дранікамі.

На жаль, нам не пашанцавала… Не, усе гэтыя стравы былі ў меню. Вось толькі нам іх прапанавалі… у пластыкавых кантэйнерах, і прыгатаваць абяцалі мінімум праз паўгадзіны. Гарбата — таксама на вынас.

Усе столікі ў кавярні былі занятыя, хоць многія наведвальнікі ўжо відавочна паелі і проста сядзелі ў чаканні экскурсіі. Прагнаць іх нібыта нельга, а месцаў вольных няма і не прадбачылася.

Выбар невялікі — замовіць нешта на вынас і проста шпацыраваць у чаканні гатоўнасці, ці зайсці ў рэстаран «Белавежская пушча», які стаіць непадалёк.

Мы ўсё ж абралі другі варыянт. І зноў пракалоліся. Рэстаран працаваў, там не было ніякага «спецабслугоўвання». Вольных столікаў таксама было дастаткова.

Але афіцыянт не вельмі ветліва папярэдзіў: што б мы ні замовілі, чакаць прыйдзецца… не менш за гадзіну. Напэўна, муку для бліноў яшчэ не змалолі на тым самым млыне, які мы толькі што бачылі ў маёнтку пушчанскага Дзеда.

Затрымлівацца тут яшчэ на паўтары гадзіны ніяк не ўваходзіла ў нашы планы. Падумаўшы, мы вырашылі ахвяраваць блінамі і абмежавацца пакетаванай гарбатай, узятай на барнай стойцы. Проста, каб сагрэцца. Трохі падсаладзіў пілюлю вялікі смачны пернік ад Дзеда Мароза, які нам падарылі ў рэзідэнцыі. Гэта своеасаблівы бонус для ўсіх удзельнікаў экскурсіі.

Заснежанае рэзюмэ

Зразумела, што ў пушчы цяпер вялікі наплыў турыстаў. Сведчанне таму — на паркоўцы амаль не было вольных месцаў. На экскурсію ў першыя дні студзеня адначасова адпраўляліся па чатыры аўтобусы. Але праблема з харчаваннем узнікае тут рэгулярна. І з году ў год нічога не мяняецца. Пушчанскае грамадскае харчаванне губляе на гэтым грошы, Нацыянальны парк — імідж, а турысты з'язджаюць з сапсаванымі ўражаннямі.

Пра «лясную казку» ў сацсетках маса бесстаронніх водгукаў. І пра тое, што месцаў часцяком не хапае, і што афіцыянты часам хамяць, і доўга абслугоўваюць нават у паўпустой зале.

У маёнтку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы

У рэстаране аналагічная сітуацыя. Пры тым, што цэннік і там і там зашкальвае. Напрыклад: дранікі (тры штукі на порцыю) каштуюць каля 20 рублёў. Салаты — ад 10 і вышэй. Для зусім не багатых беларусаў — усё ж занадта. Заўважым: гаспадар ва ўсіх пушчанскіх устаноў адзін — Нацыянальны парк. Манаполія стоадсоткавая, ніякіх канкурэнтаў.

Пабудаваць яшчэ парачку павільёнаў тут жа, з дрэва, якое ў поўным распараджэнні Нацпарка — мабыць, не лёс.

Але няўжо нельга хаця б перанакіраваць паток турыстаў, якія жадаюць пакаштаваць нацыянальную кухню і выпіць гарачай гарбаты, туды, дзе ёсць месцы, не змушаючы іх блукаць па зімовым лесе з пластыкавымі кантэйнерамі? А калі прапануеце на вынас ежу, якая зімой хутка стыне, чаму б не зрабіць зніжку?

Ну, а тое, што «Хата Дзеда Мароза» ў рэзідэнцыі закрываецца на дзве з паловай гадзіны раней за заканчэнне апошняй экскурсіі, то-бок працоўнага дня самога Дзеда, і зусім не каментуецца без моцных слоў.

І лайфхак ад народа

Увогуле (цяпер мы працытуем толькі адзін са шматлікіх водгукаў на гэтую тэму): «Хочаце атрымаць асалоду ад пушчы, бярыце ежу з сабой як у паход і будзе вам шчасце». Лепш, мабыць, і не скажаш для характарыстыкі гэтага так званага сэрвісу.

Але калі вы ўсё ж захочаце паспытаць фірмовыя беларускія стравы на тэрыторыі запаведніка (іх у пушчанскіх кавярнях і рэстаранах гатуюць у цэлым нядрэнна, калі пастараюцца, вядома), то вось вам парада:

ідзіце ў рэстаран загадзя, замоўце на пэўны час, але так, каб у вас была як мінімум гадзіна. За гэтую гадзіну, пакуль вы будзеце гуляць каля вальераў, кухары з «Белавежскай пушчы» што-небудзь для вас згатуюць. Толькі папярэдне забраніруйце ў афіцыянта вольны столік. На ўсялякі выпадак.

У маёнтку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы

Чытайце таксама:

«Ты нібыта ў гатэльным нумары, але ў той жа час як і на прыродзе». Беларусы расказалі, як гэта — падарожнічаць па краіне аўтадомам

«Дзіця пачало тузаць за футра са словамі: «Трэба ў разетку ўключыць!» Дзяды Марозы і Снягуркі расказваюць пра сваю працу

«20 страў — і я ўжо ў плюсе!» Колькі зарабляе кухар на фуд-траку з васьміногам?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
41
Ха-ха
17
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
13
1
Ёсік/адказаць/
06.01.2024
Беларуская дзяржава супраць беларусаў паўсюль. Аддайце гэтую пушчу ўласьнікам, і не будзе гэтага жабрацтва і гаўна. Езьдзіў у Будслаў у пачатку сьнежня, зайшоў у кафэ побач, здаецца, Купалінка, замовіў чэбурэкі, хутка зрабілі, смачна, папрасіў 10 з сабой, усё зрабілі. Даўно ўжо вядома, што ўласьнік лепш ва ўсім.
1
Янка/адказаць/
06.01.2024
nie bieła-rus, менавіта так. Бо саўковы сервіс - гэта арганічная і неад'емная частка вобраза саўковага дзеда мароза.
0
Юрась/адказаць/
06.01.2024
Беларус, беларусы дзяцей к Деду Морозу не вязуць. Рызыкі? Канешне, рызыкі. Але хатаскарайнікі - гэта не абраза. Гэта лад жыцця.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031