Знайсці
28.12.2023 / 11:216РусŁacБел

«Ты часам не дурань?» Мінчук другі год ходзіць зімой па вуліцы ў майцы і шортах

Беларуская зіма на ўсю моц руліць, а 56-гадовы Аляксандр з Мінска не здаецца — ён разгульвае па сталіцы ў кедах, шортах і футболцы, і так круглы год, другую зіму запар. Карэспандэнтка «Мінск-Навін» заўважыла Аляксандра ля метро і вырашыла даведацца, як гэта — хадзіць па зімовых вулачках амаль без вопраткі.

На вуліцы зіма, вецер рэжа твар. Глядзіш на Сашу, і пад курткай крадуцца дрыжыкі, а яму хоць бы што. Стаіць, расправіўшы плечы, і ўсміхаецца. 

— Яшчэ два гады таму я хадзіў як усе, — кажа суразмоўца. — Усё пачалося 1 верасня 2022 года. Надворʼе ў той дзень было не вельмі. Усе, маўляў, холадна, а я па звычцы ў майцы і шортах на вуліцу выйшаў. Было халаднавата, але не настолькі, як падалося людзям. Так, халаднавата, але прыемна. Вось так я прахадзіў увесь верасень. 

Тэмпература падала, але адзення на Сашы не дадалося. Кажа, «у адным слоі шмотак» ён ходзіць другую зіму. Запэўніў, што ні разу не захварэў. 

— Ішоў кастрычнік, людзі пераапрануліся, а я так і хаджу. Часткова гэта рызыка, часткова — упартасць, — дадае Саша. — Неўзаметку падкраўся лістапад. На ўсякі выпадак я насіў у заплечніку другі слой шмотак. У мяне пыталіся, маўляў, ты часам не дурань? Не! У пацверджанне таму, што я не ідыёт, насіў з сабой адзенне.

Снежань. Выпаў снег. Я ўсё гэтак жа — у адзін слой, і ўсё тыя ж адчуванні — халаднавата, але прыемна.

І тут мама ўмяшалася. Сказала без штаноў да яе не прыходзіць. У выніку надзеў джынсы, але працягваў хадзіць у майцы. Цікава, што ранняй вясной у мяне былі тыя ж адчуванні, што і ў снежні. Нічога ў арганізме не мянялася.

Адчуваў я сябе бадзёра. У працэсе я зразумеў, што ад мяне трэба адно — не баяцца і выйсці на вуліцу, як хочацца. Наконт адчуванняў, ці адчуваю я холад? Вядома, адчуваю! Але па факце любы мой рух ідзе з пункта ў пункт: вуліца — памяшканне, з холаду ў цеплыню. Па дарозе завісаю на воркаўт-пляцоўцы, скажам так, падагрэюся, і ў дарогу.

 

Аляксандр — карэнны беларус, родам з Брэсцкай вобласці, пажыў на поўначы. Ён мэбельшчык, а ў мінулым — каратыст. Саша выпускнік БДУФК. Папрацаваў трэнерам, але з педкарʼерай не зраслося. 

Акрамя супраціву арганізма Саша заўважыў яшчэ некаторыя змены — стала іншай хада. 

— Калі на холадзе паслабіць мышцы, прыходзіць нейкае адчуванне свабоды. І, калі я ў працэсе адаптаваў арганізм да гэтай свабоды, стала мяняцца хада. Яна не грузная, наадварот, летняя. Без прытворства, што мне не холадна, хада натуральным шляхам выраўнялася ў лёгкую нават пры мінусе на вуліцы. Калі б ува мне быў страх, не было б гэтага паслаблення. Верагодна, уключыліся б іншыя механізмы арганізма, магчыма, нядобрыя. Ну, і ў цэлым было б дзіўна, калі б я ішоў скурчаны. Навошта тады ісці ў майцы? — задае рытарычнае пытанне Саша. 

Мінчук дадае, што за два гады нядрэнна зэканоміў на вопратцы і што рэакцыя на ягоную «марозаўстойлівасць» на сталічных вуліцах розная. 

— У мінулым годзе я адчуваў погляды ўсеагульнага асуджэння. Гэта вельмі адчувалася.

Свет жорстка не прымаў такое. Мусіць, месяцы два восені, куды б я ні зайшоў, адчуваў па поглядах — «мужык, а ты ідыёт!» Аднойчы іду, машына спынілася. Вылез у акно дзядзька нейкі і крычыць, маўляў, давай падвязу. Вырашыў, што жонка з дому выгнала. А потым нехта куртку на вуліцы зняў, каб я пагрэўся.

Сустракаў людзей ва ўзросце і, дарэчы кажучы, станавіўся нейкім натхняльнікам на ўспаміны. Яны па-добраму расказвалі, якімі моцнымі былі ў маладосці, хтосьці ў спорце меў поспех, хтосьці маржаваў, хтосьці ў ёгу падаўся і таксама ў свой час хадзіў зімой распрануты, таму што мог разагрэць цела па сваіх методыках. У мяне не было ні падрыхтоўкі, ні рашэння. Так склалася само сабой, — распавядае Саша і дадае, што рэакцыя на чалавека ў майцы і кедах у снежні мяняецца. 

— Звычайна прымітыўна пытаюцца, маўляў, а не холадна? Толькі пару чалавек, я лічу, з парадаксальным мысленнем, за мінулую зіму спыталі ў зваротным парадку: «А вам цёпла?», прычым іх рэакцыя на маё зʼяўленне ў майцы была радасцю, тады як у большасці ў вачах — страх і холад, — кажа ён. 

Саша кажа, што праз год стаў лавіць больш радасных поглядаў. 

— Думаю, што мая хада мяняе рэакцыю людзей. Калі чалавеку камфортна, няхай сабе ідзе! — кажа суразмоўца.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
44
Панылы сорам
12
Ха-ха
5
Ого
7
Сумна
0
Абуральна
6
0
Улад/адказаць/
28.12.2023
Нармальна выглядае! Не басанож :)
Годзікаў 20-25 таму часцяком бачыў аднаго дзядзьку, таксама ў майцы і шортах, таксама зімой. Ён каля станцыі метро "Усход" звычайна чакаў аўтобус ў бок Уручча (станцыя "Усход" тады была апошняй на лініі). Вось бы даведацца, як у таго "маржа" склалася жыццё. P.S. Праўда, ёсць адрозненне: гэты Аляксандр выглядае разумным і талковым чалавекам. А той дзядзька быў крыху ... дзіўнаватым.
0
Юзік са станцыі Крулеўшчына/адказаць/
28.12.2023
Што той Мінск супраць Глыбокага! У нас таксама, і ўжо даўнавата, і ў дождж, і ў люты мароз, штораз, шпацыруе па горадзе, у цішотцы і шортах, адзін малец... 
0
неумка/адказаць/
28.12.2023
P.S. Праўда, ёсць адрозненне: гэты Аляксандр выглядае разумным і талковым чалавекам. А той дзядзька быў крыху ... дзіўнаватым.
Улад, дык гэна можа падросшы той?) і гэта... "Свет жорстка не прымаў такое. Мусіць, месяцы два восені, куды б я ні зайшоў, адчуваў па поглядах — «мужык, а ты ідыёт!» Аднойчы іду, машына спынілася. Вылез у акно дзядзька нейкі і крычыць, маўляў, давай падвязу. Вырашыў, што жонка з дому выгнала. А потым нехта куртку на вуліцы зняў, каб я пагрэўся." Улад мусіць не чытаў?)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031