Знайсці
08.12.2023 / 12:281РусŁacБел

Гэта камандзір драўлянага войска з перунамі, стральцамі, зубрамі і мядзведзямі з Нарачанскага краю

Міхась Скобла ў сваім фэйсбуку піша пра ўнікальнага разьбяра Юрася Камандзірчыка.

Едучы па дарозе Свір — Глыбокае і прамінуўшы паваротку на возера Швакшты, я міжволі прыцішыў хуткасць — над прыдарожнай вёсачкай Чэхі (хат на пятнаццаць) лунаў наш сцяг. Вялікі, узняты на самае высокае дрэва, ён быў відаць здалёку. І нібы вабіў да сябе. Легкавік, праехаўшы ў той дзень каля трохсот кіламетраў, як стомлены конь пасля кірмашу, ахвотна збочыў на селавую, з каляінамі, дарожку.

Гаспадаром сядзібы пад сцягам аказаўся вядомы ў Нарачанскім краі разьбяр па дрэве Юрась Камандзірчык. Жыве ён у Купе (новая назва Нарач сярод мясцовага люду так і не прыжылася), а ў Чэхах у яго — лецішча-майстэрня. Драўляныя скульптуры майстра ўсталяваны шмат дзе на тэрыторыі Нарачанскага нацыянальнага парка, карыстаюцца яны попытам і ў другіх рэгіёнах Беларусі.

Пераважна гэта гістарычныя дзеячы, міфалагічныя істоты, персанажы беларускіх народных казак. Іх «нацыянальнасць» майстар заўсёды стараецца падкрэсліць — то «адзене» на сваіх герояў яскравыя вышыванкі, то абраміць свой твор нацыянальным арнаментам, то выража на відным месцы надпіс (а то і цэлы верш!) на беларускай мове.

Я застаў Юрася за працай — з яго падворка на ўсю вёску вішчала бензапіла, а на невысокім варштаце ў дубовым камлі пачыналі праступаць абрысы будучай скульптуры. Пабачыўшы нечаканага госця, гаспадар прыязна ўсміхнуўся і заглушыў пілу, якой налаўчыўся працаваць не раўнуючы як лобзікам. Па яго ўласным прызнанні, 90% працэнтаў працы робіцца піламі з рознымі лёзамі. 

Чарговы заказ майстру прыйшоў з летніка «Зубраня». Пабываўшы там у школьныя гады, з усіх тамтэйшых помнікаў я запомніў толькі самалёт-знішчальнік, які стаяў у цэнтры лагера. Сучасным школьнікам пашанцавала больш — неўзабаве яны будуць сузіраць дванаццаць скульптур — знакаў задыяка, — над якімі і працуе цяпер Камандзірчык. На варштаце — Вадаліў. Наш, беларускі — у саламяным капелюшы, са збанком, з якога льецца вада. 

Цікаўлюся ў разьбяра, наколькі даўгавечныя яго скульптуры, ці не спарахнеюць праз які дзясятак гадоў? «Дубовыя прастаяць доўга. Раней я выкарыстоўваў матэрыял з таполі, то яна праз гадоў восем-дзесяць буцвее, пачынае правальвацца. А дуб, прапітаны антысептычным рэчывам, не баіцца ні вільгаці, ні марозу, ні сонца. Асабліва калі скульптуру адарваць ад зямлі, паставіць на пастамент», — тлумачыць майстар. 

Нядаўна Юрась завяршыў працу «Дрэва жыцця», якая стаіць у курортным пасёлку Нарач (тая ж Купа) каля гатэля. Месца люднае, штодня каля той скульптуры праходзяць сотні людзей, пераважна адпачыннікаў з замежжа. Яны тое «Дрэва жыцця» (сам бачыў) чытаюць, як кнігу. Прыглядаюцца да выяваў Купалінкі і Вялеса, да яблыка спакусы, па складах разбіраючы радкі з верша Генадзя Бураўкіна: «Пэўна, мудра ўсё зрабілі продкі, / калі столькі часу ўсім наўздзіў / яблык той, і горкі, і салодкі, / нам яшчэ аскомы не набіў».

Купалінка ахінута вышываным ручніком, на якім птушачкі сядзяць дзюбка да дзюбкі. Так у народным ткацтве сімвалізавалася каханне… А па-над усім — крона з дубовага лісця. Скульптурная кампазіцыя па задуме мастака павінна стаць абярэгам кахання і мацярынства.

Стаяць скульптурныя кампазіцыі Юрася Камандзірчыка і ў санаторыях «Белая Русь» і «Журавелька» на Блакітных азёрах. Сярод іх — анёл і Пярун. «Ва Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», а ў мяне анёл — на Блакітных азёрах. Ён ляцеў-ляцеў, і так яму спадабалася гэтая мясціна, што вырашыў прысесці адпачыць на дрэве,» — захоплена расказвае мастак.

А Пярун — цэлая павучальная прыпавесць. Ён стаіць на высокім дубе і кідае стрэлы-маланкі ў нячысцікаў. Адзін з іх, пачварны цмок, мае раздвоены язык. І Пярун яго забівае… 

У кожным творы разьбяра — свая філасофія. Скажам, у вёсцы Воўкавічы пад Мінскам стаіць яго «Ваўкалак». Лепш зразумець таго ваўкалака зможа той, хто чытаў аднайменную байку Альгерда Абуховіча-Бандынэлі. Там расказваецца пра сустрэчу ваўка з сабакам. Сабака, убачыўшы абдзёртага і галоднага ваўка, запрашае таго пайсці на службу да пана, маўляў, будзеш верна служыць, то будзеш добра і жыць. На што воўк адказвае: «Хоць галодзен, я свабодзен, / дзе мне цягне, там бягу. / На свабодзе прападу, / а ў няволю не пайду! / Буду вольным ваўкалакам, / ты ж — на прывязі сабакам!» 

Мастак прызнаецца, што падобная філасофія блізкая і яму, свабода творчасці для яго на першым месцы. Найбольш яму даспадобы заказы, дзе яго ніхто не абмяжоўвае ні ў тэмах, ні ў матэрыяле, ні ў тэрмінах. Але ці дазваляе такая свабода зарабляць на жыццё?

«Многія працы я раблю амаль што ахвярна, каб толькі пакрываць свае выдаткі, — прызнаецца Юрась. — Тое ж «Дрэва жыцця», напрыклад. Я запытаўся ў заказчыка — Нацыянальнага парка, — колькі ў вас ёсць на гэта грошай? Яны кажуць — тысяча рублёў, больш мы не можам выдаткаваць. Я спачатку планаваў зрабіць простую кампазіцыю з птушкамі. Але мой сусед у Чэхах мастак Алесь Цыркуноў угаварыў стварыць што-небудзь пазнавальна-арыгінальнае. Я параіўся з супрацоўнікамі парка. Іх адказ — рабі што хочаш, але сродкаў больш няма. І я вырашыў — дам волю сваёй фантазіі і дакажу, што ў Беларусі яшчэ не перавяліся сапраўдныя майстры-разьбяры!»

З хаты цераз дарогу да нас падыходзіць Алесь Цыркуноў, чыя сядзіба нагадвае казачны церам. Пытаюся, ці не перашкаджае яму такі «гучны» сусед? Бензапіла ж фактычна не змаўкае…

Але старэйшы мастак і не думае папракаць маладзейшага. Наадварот, многія творчыя праекты нараджаюцца ў іх супольна. Скажам, памятны крыж для Курапатаў яны рабілі разам. Асабліва Алесь Цыркуноў адзначае, што Юрась сапраўды бяссрэбранік, якія рэдка сустракаюцца ў мастакоўскім асяроддзі. Калегі як да справы падыходзяць? Грошы плацяцца — заказ выконваецца. Без грошай ніхто і пальцам не варухне. А Камандзірчык у любым выпадку бярэцца за сваю пілу. 

Да яе прарэзлівага віскату ў Чэхах ужо прывыклі, ставяцца цярпіма. Ведаюць — Юрась стараецца не дзеля ўласнага дабрабыту, працуе для людзей. Нават ганарацца, што паўсюль у ваколіцы стаяць зробленыя ў іхняй вёсцы скульптуры. Якія прымушаюць задумацца, успомніць сваю гісторыю, сваю мову.

Алесь Цыркуноў прыгадвае, як яны з Камандзірчыкам ездзілі ў Італію, у Монтэ-Касіна, дзе ў 1944 годзе адбылася адна з найвядомейшых бітваў Другой сусветнай вайны. Удзельнічалі ў ёй і беларусы — у складзе арміі генерала Андэрса. Праўда, іх памяць на дзяржаўным узроўні ніяк не ўшанавана. На монтэ-касінскім мемарыяле уразіла сяброў-мастакоў гісторыя пра легендарнага мядзведзя, які таксама ваяваў — дапамагаў артылерыстам цягаць і разварочваць у патрэбным кірунку гарматы. Пасля вайны ён дажываў свой ветэранскі век у заапарку.

Тады ж узнікла задума выразаць таго мядзведзя з беларускага дуба і ўсталяваць на месцы баёў. Цяпер Камандзірчык акурат падбірае адпаведных памераў драўніну. І дадае — выштукаваць беларускага мядзведзя-ваяра для Монтэ-Касіна лічыць сваім ганаровым абавязкам. Бо больш ніхто не зробіць.

Дуб — дрэва чырванакніжнае, спілуеш яго ў лесе — штраф атрымаеш. Дзе бярэ Юрась матэрыял для сваіх прац? Аказваецца, ад выпадку да выпадку. На варштаце — дуб з-пад Астраўца, рос у чалавека на падворку. Стаў замінаць. Добры чалавек адшукаў Камандзірчыка, той неадкладна прымчаўся са сваёй Купы. Падобным чынам здабытыя дубы ляжаць у спецыяльна адведзеным месцы, чакаюць свайго часу. Усе яны ўжо размеркаваныя. 

Без разьбы па дрэве майстар не ўяўляе свайго жыцця. А ўпершыню пра такое мастацтва пачуў у войску ад знаёмага ўкраінца, які сумаваў па сваіх Карпатах і гладкаствольных карпацкіх буках. Сваім рамяством ён так захапіў беларуса, што той пасля войска паступіў у Кобрынскае мастацкае вучылішча. Хоць родам Юрась з Брагіншчыны, дзе лесу амаль няма, адны балоты. «Але мне так хацелася рэзаць! Для мяне было сапраўдным дзівам, як з драўлянага кругляка атрымліваецца чалавечы твар. Я меў і будаўнічую спецыяльнасць, але вырашыў — буду разьбяром! А спачатку нават маляваць не ўмеў,» — прыгадвае «маладыя гады, маладыя жаданні» сталы майстар Юрась Камандзірчык, абліччам сваім падобны на аднаго са сваіх казачных персанажаў — вусаты, дабрадушны і вясёлы. 

Стаўшы сябрам Саюза народных майстроў, ён у 2000 годзе зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і працуе сабе ў асалоду, людзям на радасць. Гадоў пяць таму атрымаў пасведчанне Народнага майстра Беларусі. На Мядзельшчыне ён такі адзіны. 

Юрась Камандзірчык уяўляецца мне камандзірам свайго драўлянага войска — яго перуны, стральцы, зубры і мядзведзі таксама ж служаць і будуць служыць Беларусі. На берагах Нарачы, на Блакітных азёрах, у «Зубраняці», у Курапатах і Монтэ-Касіна. Паклон табе за гэта, Народны майстар!

Чытайце таксама:

«Ён ведаў, як пад носам у КДБ стварыць штаб нацыянальнага адраджэння»

«Адкуль жа ўзяўся той — рэальны ці ілюзорны — чорны чалавек, які падштурхнуў Янішчыц да балконнага поручня?»

«Адказ мяне проста агаломшыў — «500 альбомаў па 500 узораў у кожным, усяго 250 000 пісанак»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
дзядок/адказаць/
08.12.2023
Во гэтакія помнікі дрэба ўстанаўляць у Беларусі!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031