Знайсці
10.12.2023 / 11:0425РусŁacБел

Банды 90-х. Як выглядалі ўдзельнікі беларускіх злачынных груповак ШМАТ ФОТА

Пасля выхаду расійскага серыяла «Слова пацана. Кроў на асфальце» цікавасць да арганізаваных злачынных груповак зноў узрасла. Пагрузіліся ў гісторыю беларускіх АЗГ і расказваем, як выглядалі і што насілі тыя, хто дзесяцігоддзямі трымаў грамадства ў страху.

У 1991 годзе распаўся Савецкі Саюз — Беларусь атрымала незалежнасць, а разам з ёй і новыя выклікі. Наймацнейшы эканамічны крызіс, адсутнасць працоўных месцаў, а таксама развал адзінай праваахоўнай сістэмы сталі выдатнымі перадумовамі для развіцця арганізаванай злачыннасці. Справу пагаршала геаграфічнае становішча краіны — званне «варот у Еўропу» прываблівала налётчыкаў на транзітныя грузы і рэкеціраў.

Па розных даных, у 1994 годзе ў Беларусі налічвалася 150 арганізаваных злачынных груп і 112 крымінальных аўтарытэтаў. У правінцыйных гарадах дзейнічалі невялікія групы ў 30-35 «байцоў», якія падпарадкоўваліся «мацярынскай» бандзе. У буйных гарадах і абласных цэнтрах у банды збіваліся па сто і больш чалавек.

Вова-клешч

Фота: партал Прайм Крайм

Практычна адразу «браткі» абзавяліся ўнікальным стылем. Своеасаблівае адзенне і татуіроўкі дапамагалі распазнаць свайго і паказвалі статус таго ці іншага ўдзельніка супольнасці. Тыя, хто працаваў кулакамі, часта насілі спартовыя гарнітуры з вятроўкай на маланцы. Новых сяброў АЗГ нярэдка вербавалі ў клубах адзінаборстваў і баксёрскіх гуртках — сутыкацца з такім чалавекам у кулачным баі нікому не хацелася, таму канфлікт часта не даходзіў да крывавай бойкі.

Фота: партал Прайм Крайм

Асобным відам бандыцкага мастацтва лічыліся татуіроўкі. Набіваючы карцінку на скуру, важна было не прамахнуцца з паняццем. Для тых, хто сеў «па малалетцы», адбываў тэрмін у дарослым узросце або проста хацеў упрыгожыць сваё цела, але не меў судзімасці, узоры былі рознымі.

Падлеткі на зоне, акрамя іншага, маглі набіць тату на ўказальны палец — так можна было даведацца пра наяўнасць ранейшых судзімасцяў і іх колькасць. Паўналетнія асуджаныя часта набівалі абрэвіятуры. Сярод іх сустракаліся і рамантычныя. Напрыклад, слова ХЛЕБ азначала «хранить любовь единственную буду».

Вова Клешч

Кіраўнікі сіндыкатаў у стылі дазвалялі сабе больш. Адным з буйных бандытаў пачатку 90-х быў злодзей у законе Уладзімір Клешч па мянушцы Шчаўлік. Ён нарадзіўся ў 1960 годзе, меў пяць судзімасцяў і агулам правёў за кратамі 18 гадоў. 

Клешч у цэнтры — у белых штанах. Фота: партал Прайм Крайм

У 1994 годзе, калі Клешч быў у месцах пазбаўлення волі, яго каранавалі, і пасля адсідкі ён узначаліў злачынную супольнасць Беларусі. На яго плячах ляжаў кантроль над казной, а таксама кіраўніцтва групоўкамі. Сярод «калег» Клешч карыстаўся павагай — яго лічылі добрым дыпламатам, які ўмеў вырашаць праблемы не толькі сілай. Паводле ўспамінаў, Шчаўлік па-майстэрску манеўраваў паміж інтарэсамі мясцовай братвы і расійскімі бандамі, якія спрабавалі адкусіць кавалак ад беларускага пірага.

Клешч у цёмным пінжаку злева. Фота: партал Прайм Крайм.

Мужчына любіў прыгожае адзенне і дарагія аксесуары. Ён часта выхваляўся рэменем з залатой бляхай, насіў модныя пінжакі і яркія кашулі. Але свята багатага жыцця доўжылася не доўга.

У 1997 годзе Шчаўлік бясследна знік. Па словах жонкі аўтарытэта, аднойчы пасля тэлефоннай размовы Клешч сказаў, што яму трэба пераставіць машыну і ў тапках спусціўся ў двор. Дадому ён ужо не вярнуўся. Пазней у яго машыне знайшлі сляды крыві, аднак дагэтуль невядома, дзе цела самога Кляшча.

Марозаўская групоўка

У ліхія 90-я Беларусь трымалі ў страху чатыры найбольш буйныя групоўкі: Пажарнікі, Пасялковая, Рэчыцкая і Марозаўская. Апошняя з'явілася ў Гомелі і з цягам часу стала самай крывавай бандай у гісторыі незалежнай Беларусі.

Каля вытокаў гэтай групоўкі стаялі сябры па зоне — Сяргей Марозаў і Міхаіл Мацюшкоў. Вызваліўшыся з калоніі, таварышы скалацілі банду і пачалі кашмарыць раён Гомсельмаш — займаліся рэкетам і вымаганнем. Аднак неўзабаве маладыя людзі пашырылі сферу дзейнасці і ўзялі пад кантроль Цэнтральны рынак. За паслугі «даху», якія яны, дарэчы, часта не выконвалі, хлопцы патрабавалі ад гандляроў па 15 даляраў, вялікія грошы на той час.

Фота: Вікіпедыя

У 1996-м Мацюшкова застрэлілі, і Марозаў стаў аднаасобным лідарам. Даверанымі асобамі Сяргея ў той час былі Ігар Данчанка (ён выконваў функцыі намесніка), Аляксандр «Афоня» Астрацоў, які адказваў за касу, Сяргей Дзербянёў, які ўзначаліў службу бяспекі, і памочнік Валерый Гарбаты. У «штаце» маразоўскіх лічыліся штатныя кілеры: Мікалай Кулеўскі і Андрэй Цюніс.

Біяграфія новага кіраўніка, Сяргея Марозава, падобная да іншых гісторый крымінальных аўтарытэтаў таго часу. Ён нарадзіўся ў 1967 годзе ў Луганскай вобласці Украіны. Вядома, што ў дзяцінстве хлопец не выяўляў цягі да ведаў — дрэнна вучыўся і часта прапускаў заняткі, канфліктаваў з настаўнікамі, выпіваў. Упершыню на лаве падсудных Сяргей апынуўся ў 17 гадоў — тады ён жорстка збіў чалавека, які пазней памёр. У 18 гадоў Марозава пасадзілі за крадзеж, у 20 — за чарговую бойку. Але кар'ера на волі складалася ўдала. У трыццаць гадоў хлопец ужо кантраляваў не толькі Гомель, але і ўсю Гомельскую вобласць.

Сяргей Марозаў у цэнтры другога шэрагу. Фота: партал Прайм Крайм.

Злачынец у законе адрозніваўся асаблівай жорсткасцю. Падчас следства выявілася жудаснае згвалтаванне і забойства маладой дзяўчыны, якая спадабалася верхаводу банды. Пасля доўгіх гадзін здзекаў яе цела раздзялілі і скінулі ў Сож. Вызначана, што мінімум трох чалавек злачынцы патапілі жывымі, прывязаўшы да іх груз. Некаторых ахвяр душылі. Вядома пра датычнасць Марозава да забойства чатырох літоўскіх бізнэсменаў.

Па-за працай Сяргей Марозаў, як і астатнія вярхі банды, любіў прыгожае жыццё. Кіраўнік усяляк спрабаваў падкрэсліць сваё прывілеяванае становішча: аддаваў перавагу класічным лукам і незвычайным тканінам. У яго гардэробе былі шаўковыя кашулі (фатаграфія вышэй) і каляровыя гальштукі. Для паўсядзённых сустрэч ён выбіраў чорны тотал-лук. Спалучэнне цёмнага класічнага касцюма і футболкі ў тыя гады было на піку мужчынскай моды.

Сяргей Марозаў па цэнтры ў чорным адзенні. Фота: партал Прайм Крайм.

Банду доўга не маглі прыцягнуць да адказу — злачынцы запалохвалі або забівалі магчымых сведак, а таксама па-майстэрску замяталі сляды. Фёдар Чубкавец, суддзя Вярхоўнага суда, які разглядаў справу марозаўскіх, успамінаў: «Калі ў 1994 годзе ў рацэ Сож былі знойдзены трупы чатырох пацярпелых, у аператыўнікаў была інфармацыя, што злачынства было здзейснена на дачы банды Марозава. Следчыя дзеянні не былі праведзены ў той жа дзень. А раніцай наступнага дача была знесена разам з падмуркам».

Праваахоўнікі змаглі прыціснуць групоўку толькі ў нулявых. Тады за ўдзел у бандзе асудзілі больш за 50 чалавек. У 2006 годзе Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанку прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў 2008-м. Астатнія сябры групоўкі атрымалі розныя тэрміны — ад двух да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Саша Кушнер

Па справе Марозава праходзіў крымінальны аўтарытэт Аляксандр Кушняроў. За саўдзел у злачынствах Кушнера таксама прыгаварылі да расстрэлу. Аднак Вярхоўны суд змякчыў рашэнне, замяніўшы яго 15 гадамі турмы. Кушняроў выйшаў па амністыі раней за гэты тэрмін і адразу паспрабаваў стаць ля руля крымінальнага свету Беларусі.

Кушняроў па цэнтры ў спартовым касцюме. Фота: партал Прайм Крайм.

Злачынца нарадзіўся ў 1966 годзе ў Гомелі. У 17 гадоў быў упершыню арыштаваны за дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а пазней сеў за крадзеж — на восем гадоў. Усяго на рахунку Кушнярова шэсць судзімасцяў.

Кушнер мае цэлы набор цікавых татуіровак. Тыя, што адразу кідаюцца ў вочы, набітыя на грудзях. Па адной з версій, галава тыгра, якая рыкае, азначае «злосць на ўладу». Падтэкст у карцінкі такі: уладальнік тату варожа настроены да праваахоўных органаў і асобаў, якія парвалі са злачынным асяроддзем. Акрамя іншага, такі чалавек гатовы даць адпор любому, хто паквапіцца на яго гонар.

Кушняроў справа. Фота: партал Прайм Крайм.

Іншая татуіроўка Кушнера — галава пачвары з ікламі — можа азначаць непрыязнасць да работнікаў міліцыі, суда, пракуратуры, адміністрацыі папраўча-працоўных устаноў.

У маі 2022 года Аляксандр Кушнер быў затрыманы па падазрэнні ў падрыхтоўцы забойства двух чалавек. Паводле інфармацыі следства, у ліку запланаваных ахвяр Кушнера быў яго канкурэнт — крымінальны аўтарытэт Бадры Кагуашвілі. За яго смерць злодзей абяцаў выканаўцам 700 тысяч даляраў. Праз год суд прызнаў яго віну і прызначыў 24 гады пазбаўлення волі.

На шчасце, бандыцкая мода не пайшла ў народ.

Чытайце таксама:

Трэнд блоккор — што гэта?

З якога раёна, чушпан? Што за серыял «Слова пацана», які рве рэйтынгі

Кацярына Гардзеева

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

label.reaction.like
23
label.reaction.facepalm
46
label.reaction.smile
11
label.reaction.omg
7
label.reaction.sad
16
label.reaction.anger
44
0
Вадзім /адказаць/
10.12.2023
Простой вопрос, ну мне і ўяўляць ня трэба. Добра памятаю і так. Я быў упэўнены што ня выжыву, калі мяне малацілі і побач беспрытомным хлапцам адмаўляліся хуткую выклікаць у савецкім раус.
2
постлукашизм в действии/адказаць/
11.12.2023
меня ооооочень интересует, что будет с церберами-садистами агрофюрера после его свержения ? Ведь их несколько десятков тысяч с пенсионерами.Ведь они НИЧЕГО не умеют, ктоме издеваться и бить.Да и новая властьим таких "заработков" не сможет обеспечетить.Кто на них будет пахать.
2
Не хвалюйцеся/адказаць/
11.12.2023
постлукашизм в действии, у створаным вамі русском міре яны спакойна выйдуць на пенсію, а вашы рускамірныя дзеці будут атграбаць ад іхніх сынкоў падчас пратэстаў супраць Колі. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930