Знайсці
05.12.2023 / 12:29РусŁacБел

«Калі варона голас падае — да адлігі». Што такое Піліпаўскі пост і што падчас яго рабіць

Піліпаўка — Піліпаўскі (Калядны) пост, адзін з чатырох асноўных пастоў у праваслаўных вернікаў. Пачынаецца ён 28 лістапада па юліянскім календары (15 лістапада — па новаюліянскім) і заканчваецца ўвечары 6 студзеня (24 снежня), з узыходам першай зоркі. У гэты час людзі рыхтуюцца да сустрэчы Каляд.

Palatno расказвае, што трэба рабіць у Піліпаўку, якія ёсць традыцыі і прыкметы, звязаныя з ёй, і хто такі апостал Піліп.

Хто такі Піліп

Калядны пост пачынаецца пасля Загавення — дня памяці апостала Піліпа з горада Віфсаіда ў Галілеі, аднаго з дванаццаці вучняў Ісуса.

Пасля ўваскрэсення Хрыста Піліп разам са сваёй сястрой Марыяй пачаў падарожнічаць па свеце з пропаведзямі. Яны былі ў Галілеі, Грэцыі, Сірыі і Малой Азіі і ўсюды здзяйснялі цуды: лячылі хворых, уваскрашалі памерлых. За гэта іх закідвалі камянямі, садзілі за краты і выганялі з гарадоў. За прапаведаванне ў Фрыгіі Піліпа схапілі і разам з Варфаламеем укрыжавалі ўніз галавой, у выніку чаго Піліп памёр. Яму было 87 гадоў.

Варфаламея знялі з крыжа жывым, і ён разам з сястрой Піліпа працягваў місіянерскую дзейнасць, прапаведаваў у розных гарадах. Але Варфаламея паўторна ўкрыжавалі, у выніку чаго ён таксама памёр, а сястра Піліпа, Марыя, памерла пры невядомых акалічнасцях крыху пазней.

Мошчы Піліпа знаходзяцца ў Рыме, у царкве дванаццаці апосталаў. Цяпер яму моляцца пры ўсякай немачы, асабліва пры захворваннях вачэй і ўкусах змей, у жалобе і смутку.

Што нашы продкі рабілі на Піліпаўку

Традыцыя гэтага посту прыйшла яшчэ з раннехрысціянскіх часоў, у розных цэрквах яго працягласць адрознівалася. Астранамічна час посту вызначаўся па імклівым скарачэнні дзённага святла. Сталую дату пачатку і канца Піліпаўкі Сабор у Канстанцінопалі акрэсліў толькі ў 1166 годзе.

Перад Піліпаўкай ладзілі апошнія вяселлі і спявалі: «Была восень, цяпер зіма: былі хлопцы, цяпер няма». Нягледзячы на забарону, дзяўчаты працягвалі праводзіць розныя вечарыны і попрадкі. Напрыклад, наймалі хату на ўсю восень і зіму ў якой-небудзь удавы або адзінокай жанчыны. Плацілі ў складчыну лёнам, крупамі і бульбаю.

Там яны маглі прасці, ткаць лён і тым часам спяваць піліпаўскія песні:

«Пойдзем, дзевачкі, у начлежачкі.
Возьмем, дзевачкі, паўтары мычачкі.
Напрадзем, дзевачкі, паўтары цэвачкі.
Аснуём, дзевачкі, паўтары губачкі.
Пойдзем, дзевачкі, на сяло бёрда шукаць.
Усё сяло абышлі, бёрда не найшлі.
Будзем, дзевачкі, у прасла кросны снаваць,
Будзем, дзевачкі, у тыя кросны ткаць».

Спявалі таксама і пра каханне:

«За што мяне друг не любіць?
Хоць я тонка, дак высока.
Хоць я бела, дак румяна.
На работу хаджу рана.
На рабоце прыпазняюся,
Табе, мілы, нараўляюся».

Такія вечарыны дзяўчаты ладзілі некалькі разоў за зіму. Наймалі музыкаў са скрыпкай і бубнам і плацілі ім у складчыну. Прыносілі з сабой гарэлку, пернікі, арэхі, сушаныя яблыкі ды грушы, гарбузовыя семкі, часам цукеркі і набівалі кішэні хлопцаў. Вечарыны пачыналіся звычайна з раніцы і працягваліся да позняй ночы. Танцавалі па чарзе, бо ахвотных паскакаць у малой хаце было шмат. Збіраліся таксама і малыя дзяўчаткі. У якой-небудзь хаце пад наглядам бабулі або маці яны вучыліся прасці. Хлопчыкі рабілі «мярцвяцкую ліхтарню» з гарбуза і ставілі ў акно хаты, дзе праходзілі вечарыны.

Першы тыдзень прадзення на Піліпаўку называўся «Кудзеліца». Да яго трэба было скончыць падрыхтоўку да ткацтва. Таксама прынята было казаць: «Піліп дзяцей адзявае». Мужчыны ў вёсках і мястэчках займаліся бондарствам, вырабамі з дрэва, ганчарствам. Жанчыны апрацоўвалі лён, пралі, ткалі, шылі адзенне, вышывалі вопратку і ручнікі, посцілкі, плялі карункі.

У некаторых беларускіх мясцінах у першыя дні посту перад вячэрай гаспадары выходзілі з хаты да брамы і запрашалі «царыцу дамавую, цара дамавога з малымі дзеткамі загавець». Пасля вячэры на стале пакідалі ежу і посуд, накрывалі гэта абрусам, каб «дамавіку з дамавіхай было чым пачаставацца». У вобразе дамавіка людзі бачылі перш за ўсё сваіх продкаў.

У гэты час таксама білі парсюкоў, разбіралі іх, начынялі кілбасы, вантрабянкі ды іншыя прысмакі да будучых свят. Гаспадары запрашалі на свежыну сваякоў і суседзяў. Гэтая традыцыя спрыяла добразычлівым суседскім узаемаадносінам.

Што елі продкі ў Піліпаўку і чым можна харчавацца сёння

Калядны пост лічыцца менш строгім, чым, напрыклад, Вялікі. Падчас яго можна ўжываць у ежу рыбу і рыбныя стравы, іншы раз дазволена выпіць глыток чырвонага віна.

Што датычыцца нашых продкаў, калі пачынаўся пост, гаспадыні прыбіралі са стала ўсю скаромную ежу. Заставаліся толькі грыбы, гародніна, ягады, сухая і свежая рыба. Людзі ўжывалі зерне (жыта, ячмень, авёс), грэчку, бабы (фасолю, чачавіцу, гарох), гародніну (буракі, рэпу, рэдзьку, бручку, капусту, бульбу, цыбулю, часнок), дзікія расліны (крапіву, снітку, шчаўе, лебяду), насенне лёну і канопляў, гарбузы, арэхі, сухафрукты, мачоныя яблыкі, брусніцы і журавіны.

Рыбу адварвалі, запякалі, сушылі, вэндзілі, салілі, марынавалі, з яе рабілі халадзец і варылі юшку.

Сёння вернікі выключаюць з рацыёну мяса, масла, малако, яйкі і сыр. У панядзелак, сераду і пятніцу нельга есці рыбу, ужываць віно і алей. У астатнія дні алей дазваляецца. Рыбу ў гэты пост гатуюць толькі па суботах і нядзелях і ў вялікія святы. Калі свята прыпадае на сераду або пятніцу, то дазваляюцца толькі віно i алей. З 2 па 6 студзеня пост узмацняецца, у гэтыя дні ўжываць рыбу няможна нават у суботу i нядзелю.

Прыкметы

Прадказанні па надвор’і, якое трымалася на працягу Піліпаўкі:

  • на Піліпаўку надвор’е хмарнае або снежнае — май будзе мокры;
  • калі на саланіне, павешанай сушыцца, з’яўляюцца кроплі расы, то будзе дождж;
  • калі кот скача на прыпек, то будзе мароз;
  • калі надвор’е на Піліпаўку добрае, то добрае будзе і на Пятроўку;
  • калі дровы ў печы весела гараць, то будзе мароз;
  • калі на Піліпа шэрань — да ўраджаю аўса, дождж — да ўраджаю пшаніцы;
  • калі варона голас падае — да адлігі;
  • шэрань на дрэвах — да марозу, туман — да адлігі, а калі шэрань была ўначы, удзень будзе снег.

Працэдура забою свінні таксама была знакавай. Калі калолі кабана і кроў лілася няспынным струменем — лета будзе дажджлівым, а калі селязёнка была тоўстая ў пачатку і тонкая ў канцы, — гэта азначала суровы пачатак зімы і яе цёплае, хуткае завяршэнне (і наадварот).

Лічылася таксама, што ў гэты час ваўкі і сабакі пачынаюць ладзіць вяселлі. Сяляне на гэты конт звычайна казалі: «Разгуляцца, як ваўкі на Піліпаўку», або «Танцаваць, як стары воўк на Піліпаўку». Менавіта па гэтай прычыне не рэкамендавалася хадзіць у лес.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930