Знайсці
30.11.2023 / 15:1614РусŁacБел

«І ўсё ж вырашыць кадравае пытанне пакуль не атрымоўваецца». Як у Баранавічах шукалі кадры для прадпрыемстваў

Буйную нараду зладзілі ў гарвыканкаме Баранавічаў з нагоды дэфіцыту кадраў у эканоміцы горада. Вось што вырашылі.

Нарада ў Баранавіцкім гарвыканкаме. Усе фота: «Наш край»

«Гэтым разам атрымаўся канструктыўны і сапраўды карысны для ўсіх бакоў дыялог. У першую чаргу таму, што тэма падрыхтоўкі кадраў, прыцягнення маладых спецыялістаў і працаўнікоў на прадпрыемствы сёння вельмі актуальная», — піша «Наш край».

Адкрываючы нараду, паводле выдання, старшыня гарвыканкама Міхаіл Бацэнка адзначыў, што сёння няма чаргі перад завадскімі прахаднымі, асабліва з кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў. Таму кожнаму кіраўніку неабходна думаць над тым, як прыцягнуць працаўнікоў на сваё прадпрыемства.

Як піша выданне, «пытанні кадравай палітыкі ў горадзе на асаблівым кантролі не першы дзень».

Так, у жніўні яго абмяркоўвалі на пасяджэнні выканкама з удзелам памочніка Лукашэнкі — інспектара па Брэсцкай вобласці Валерыя Вакульчыка.

Пытанні падрыхтоўкі кадраў абмяркоўваліся і падчас візіту ў горад віцэ-прэмʼера Ігара Петрышэнкі.

— У горадзе рэгулярна праводзяцца кірмашы вакансій, у тым ліку ў электронным фармаце, інфармацыя аб вакансіях размяшчаецца на спецыялізаваных сайтах, у газеце, на радыё і тэлебачанні, — распавяла чыноўніца гарвыканкама Таццяна Чылік. — Інфармацыя аб вакансіях размяшчаецца нават на жыроўках. А на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе, напрыклад, укаранёна палажэнне аб прэміраванні работнікаў за садзейнічанне ў прыёме персаналу «Прывядзі сябра — атрымай бонус». 

«І ўсё ж вырашыць кадравае пытанне пакуль не атрымоўваецца», — канстатуе раёнка.

На цяперашні момант у горадзе ёсць 2800 вакансій, пры гэтым афіцыйна зарэгістравана толькі 98 беспрацоўных, агучылі на нарадзе.

Горад мае патрэбу ў спецыялістах самых розных галін эканомікі.

— Горад мае патрэбу ў дактарах розных напрамкаў, у педагогах, трэнерах па спорце, кіроўцах, слесарах розных напрамкаў, токарах, аператарах станкоў з праграмным кіраваннем і ў многіх іншых спецыялістах, — адзначыла Таццяна Чылік.

Многія вакансіі не ўдаецца закрыць дастаткова доўгі час, сказала яна.

Прычыны такога дэфіцыту, на думку чыноўнікаў, у тым, што маладыя людзі не хочуць ісці на прадпрыемствы.

«Навучэнцы каледжа сферы абслугоўвання, якія навучаюцца па прафесіях абутніка і цырульніка-візажыста, ужо пры першым наведванні прадпрыемства заяўляюць, што працаваць на вытворчасці не збіраюцца, а ўсе хочуць стаць стылістамі-візажыстамі», — распавялі на нарадзе.

— Дзецям трэба тлумачыць, што на вытворчасці можна зарабіць больш, чым цырульнікам, — падказаў старшыня выканкама Міхаіл Бацэнка. — Пры тым, што цырульнік павінен увесь працоўны дзень правесці на нагах: калі хтосьці думае, што гэта вельмі проста, то памыляецца.

Адразу некалькі кіраўнікоў адзначылі, што далёка не ўсе прафесійныя каледжы здольныя падрыхтаваць высакакласных працоўных яшчэ і таму, што тамака няма новых станкоў, на якіх і павінна праводзіцца навучанне, піша раёнка. Дырэктар каледжа машынабудаўнікоў Ігар Сібіраў прызнаў, што станкоў з праграмным забеспячэннем, якія сёння працуюць на ўсіх гарадскіх прадпрыемствах, у іх няма: 

— Два неабходныя нам станкі каштуюць каля 360 тысяч, самі купіць такое абсталяванне мы не можам. Кожны год падаём заяўку на іх набыццё ў Міністэрства адукацыі, але пакуль што чарга да нас не дайшла. 

Сяргей Герасімчык, дырэктар «Гандальмаша», тут жа выступіў з ініцыятывай: 

— Дык давайце скінемся, усе кіраўнікі прадпрыемстваў, і купім гэтыя станкі. Гэта ж у нашых з вамі інтарэсах. 

«Ініцыятыву кіраўнікі падтрымалі. А гэта значыць, што сёння яны на справе паказваюць сваю зацікаўленасьць у падрыхтоўцы кадраў. І гэта дае надзею на тое, што кадравы голад будзе спатолены», — піша «Наш край».

Пра масавую эміграцыю праз гвалт і рэпрэсіі ў краіне на нарадзе, падобна, не згадвалі, як і пра забарону на прафесію для людзей з іншымі палітычнымі поглядамі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
28
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
4
0
Сымон/адказаць/
30.11.2023
Дзецям трэба тлумачыць, што на вытворчасці можна зарабіць больш, чым цырульнікам, — падказаў старшыня выканкама Міхаіл Бацэнка

Лепш за ўсё гэта тлумачаць лічбы заробкаў, а не мантры чынуш

Два неабходныя нам станкі каштуюць каля 360 тысяч, самі купіць такое абсталяванне мы не можам. Кожны год падаём заяўку на іх набыццё ў Міністэрства адукацыі, але пакуль што чарга да нас не дайшла.


Billiant! Адразу ўзнікае пытанне - навошта тады ўвогуле існуе гэты коледж? Марнуе час у чаканні грошаў з МА? Гэта прыкладна тое ж, як спрабаваць падрыхтаваць сучаснага канструктара праз навучэнне чарчэнню на кульмане, бо грошаў на камп'ютары, софт і высокія заробкі настаўнікам, якія валодаюць прафесійнымі CAD - няма. Выбачайце, але ўсё з'елі заробкі АМАПу.
1
Пятрусь/адказаць/
30.11.2023
"Ты работай дурачок, мы дадим тебе значок" (c). Не готов работать на эти рожи и да 1500 р. в месяц чистыми.
0
небландынка/адказаць/
30.11.2023
дзе? за ёй справа здаровы бландын з зачосам... а вы шалун)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930