Знайсці
25.11.2023 / 23:01РусŁacБел

Гедройця ўпершыню здабыла беларуска Падляшша

Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца з 2012 года. 

Пераможца Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы»

Галоўны прыз сёлета атрымала Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022) за «добра ўдакументаваны цуд шматгалосся беларускага памежжа».

Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Свярубская) нарадзілася ў Кутлоўцы на Падляшшы. З 1993 працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і англійскую мовы.

«Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі… Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў», — напісаў пра кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» Уладзімір Арлоў.

Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсея»

Другое месца заняў Сцяпан Стурэйка, аўтар кнігі «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022).

Сцяпан Стурэйка нарадзіўся і вырас у Гродне. Гісторык і культурны антраполаг, доктар гуманітарных навук, дацэнт ЕГУ. З 2007 года актыўна публікуе даследаванні, прысвечаныя пытанням гісторыі і культурнай спадчыны. «Пасажыры карабля Тэсэя» — першая мастацкая кніга аўтара. 

«Усе творы, змешчаныя ў кнізе, складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў — мы губім тое, што любім. Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях», — кажа пісьменнік пра сваю кнігу.

Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт»

Трэцяе месца дасталася Сяргею Лескецю за кнігу «Шэпт» (Мінск: выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымбераў, 2022)

Сяргей Лескець — фатограф, гісторык, этнограф. У творчасці надае перавагу тэмам традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцяў, паўсядзённага жыцця. Збірае архіў аматарскай фатаграфіі. Дзевяць гадоў таму ён пачаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Вандруючы ад вёскі да вёскі, Сяргей Лескець шукаў чараўніц, знахарак і траўніц. 

У кнізе «Шэпт» чытач зможа адчуць смак падарожжа і пабачыць амаль зніклы свет традыцыі. Жыццёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялогі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцці.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
29
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930