Знайсці
22.11.2023 / 18:542РусŁacБел

«Па білінгу можна даведацца ўсё жыццё чалавека» — Лупаносаў

Станіслаў Лупаносаў да 2020 году працаваў у ГУБАЗіКу. Менавіта ён вывез за мяжу вялікую базу МУС. У гутарцы з Радыё Свабода Лупаносаў сярод іншага расказвае пра тое, як не трапіць у сістэму назірання Kipod, ці можна схавацца ад сілавікоў унутры Беларусі і ці ёсць унутры апазіцыі агенты.

Станіслаў Лупаносаў падчас інтэрв'ю. Скрын відэа radio-svaboda / YouTube

Станіслаў Лупаносаў нарадзіўся ў 1983 годзе ў Мазыры. Скончыў Акадэмію МУС па спецыяльнасці «Правазнаўства», а таксама БДЭУ па спецыяльнасці «Бізнэс-адміністраванне». Працаваў операм у Маскоўскім РУУС Мінска. Потым — ва ўпраўленні крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама. Ад 2016 года да 2020 года быў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій ГУУС Мінгарвыканкама. У 2020 годзе ўладкаваўся на працу ў ГУБАЗіК, праз пару месяцаў звольніўся. На сёння Станіслаў — адзін са спікераў аб'яднання былых сілавікоў ByPol.

Як мабільны тэлефон дапамагае знайсці злачынцу

Станіслаў Лупаносаў адзначае, што падчас працы ва ўпраўленні па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій ГУУС Мінгарвыканкама ён навучыўся аналізаваць білінгі тэлефонных злучэнняў. «Яны гавораць шмат аб чым. Па білінгу можна даведацца ўсё жыццё чалавека. Абсалютна ўсё. Усе яго цікаўнасці, прыхільнасці, у тым ліку палюбоўніцы, дарагія пакупкі. Гэта ўсё відаць. Калі чалавек карыстаецца мабільным тэлефонам, то пакідае шмат слядоў».

Лупаносаў тлумачыць гэта на прыкладзе расследавання крадзяжоў дарагіх машын. «У Мінску, напрыклад, адбываецца некалькі аднатыпных крадзяжоў. Мы прыязджаем на месца злачынства і робім так званыя «кантрольныя званкі».

Бяром свае службовыя тэлефоны трох аператараў і вызначаем, якая сота працуе ў гэтым месцы злачынства. Затым накіроўваем запыт аператарам сотавай сувязі, каб даведацца, хто ў момант злачынства быў у гэтых сотах. Затым супастаўляюцца гэтыя званкі па ўсёй краіне. Калі супадзенні недзе «выстрэльвалі», значыць гэта наш чалавек».

Станіслаў заўважае, што падобным чынам вылічваюць і ўдзельнікаў акцый пратэстаў.

Што трэба рабіць, каб не трапіць у сістэму Kipod

Лупаносаў згадвае, што сістэма Kipod не дапамагла яму вызначыць ніводнага злачынца. У той жа час сістэму максімальна выкарыстоўваюць сілавікі: «Вось гэтыя затрыманні па фільме DELFI, кнізе «Я выхожу» — гэта ўсё бязглуздзіца, якую ўводзяць людзям у вушы. На самой справе яны ўсё вылічваюць з дапамогай сістэмы Kipod. У Мінску вялікая колькасць лічбавых камер высокай якасці. На праспекце, метро. Яны дазваляюць ідэнтыфікаваць чалавека».

Для таго, каб не трапіць у сістэму Kipod, Лупаносаў раіць надзець сонцаахоўныя акуляры і бейсболку. «Сістэма Kipod не распазнае. Яна працуе ў асноўным па вачах і вушах», — сцвярджае былы сілавік.

Ці можна схавацца ў Беларусі

Па словах Лупаносава, калі выкарыстоўваць строгія інструкцыі па лічбавай бяспецы, правілах абыходжання з Kipod, то магчыма схавацца ад сілавікоў у Беларусі. «Трэба выкарыстоўваць тыя інструкцыі, якія мы размяшчалі. Даслоўна! Карыстацца VPN, сістэмай абароны ад Kipod. Не пакідаць для іх лічбавых слядоў. І тады не пападзешся».

Былы сілавік лічыць, што Беларусь зможа хутка дасягнуць узроўню Кітая ў пытаннях распазнавання і знаходжання людзей, калі будуць выдзяляцца на гэта сродкі. «А сродкі будуць выдзяляцца, бо рэжым разумее, што людзі не дапамагаюць. Таму трэба хоць неяк, каб сістэма працавала. Таму будуць толькі тэхнікай. На людзей у рэжыму няма надзеі. І гэта факт».

«У КДБ больш страху»

Станіслаў Лупаносаў лічыць, што самай уплывовай структурай у Беларусі зʼяўляецца КДБ, бо менавіта ён валодае найбольшай колькасцю інфармацыі. Гаворачы пра міліцыю, ён адзначае, што яе вельмі шмат.

«Калі шмат, то іх цяжка ўсіх кантраляваць. Невядома, што можа адбыцца. КДБ нашмат больш закрытая структура. Там адбываецца большае ідэалагічнае напампоўванне людзей. Там больш страху. У міліцыі гэтага менш. Там людзі кожны дзень камунікуюць з цывільнымі. Яны бачаць жыццё людзей. Хочаш не хочаш, а будзеш людзям суперажываць. А КДБ трохі далей, Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) яшчэ далей».

Хто стаіць за злівамі размоў Эйсмант і Баскава

Па словах Станіслава Лупаносава, запісы размоў Эйсмант і Баскава хутчэй за ўсё вёў КДБ. А тыя людзі, якія перадалі гэтыя запісы, хутчэй за ўсё затрыманыя, і ў адносінах да іх вынесены прысуд. «Доступ да гэтай інфармацыі мелі супрацоўнікі КДБ. Іх (Эйсмант і Баскава — НН) праслухоўваць міліцыя не магла ні ў якім разе. Ці Служба бяспекі прэзідэнта, ці ААЦ, ці КДБ. Больш ніхто не мог праслухоўваць. Але толькі з санкцыі Лукашэнкі. Толькі ён накладвае санкцыю на праслухоўванне такіх людзей».

Па словах Лупаносава, усіх высокіх чыноўнікаў праслухоўваюць. «Павінны праслухоўваць. А раптам яны нейкі крок непадкантрольны Лукашэнку зробяць. Лукашэнка павінен ведаць усё. Усіх праслухоўваюць заўсёды. Тэлефоны міністраў і людзей, якія ўваходзяць у кадравы рэестр, слухаюцца нон-стопам. Іх палюбоўніц слухаюць. Гэта абавязкова, бо гэта таксама носьбіты і крыніцы інфармацыі. Іх абавязкова павінны слухаць. Нічога не прадпрымаць, але слухаць абавязкова».

Былы сілавік адзначае, што праслухоўванне адбываецца шляхам пранікнення ў кватэру і «ўстаноўкі гуку». Праслухоўваючыя прылады абавязкова ставяцца ў машыну.

Ці праслухоўваюць месенджары?

Былы сілавік адзначае, што, акрамя Viber, іншыя электронныя месенджары нельга праслухаць. Лупаносаў сцвярджае, што Viber стваралі ў Беларусі пры куратарстве ААЦ. Таму ён упэўнены, што ў ААЦ і КДБ ёсць доступ да гэтага месенджара. «Доказаў у мяне няма. Я проста ў гэтым упэўнены на 100 адсоткаў. Таму што ліцэнзію на здзяйсненне сваёй дзейнасці яны б не атрымалі», — падкрэслівае Лупаносаў.

Пра агентаў унутры апазіцыі

Станіслаў Лупаносаў упэўнены, што ўнутры апазіцыі ёсць агенты. Але яны знаходзяцца на нізкім узроўні — «нешта падшэпчуць некаму, некаму выкажуць недавер («ты яму давяраеш, не давяраеш, а чаму ты яму не давяраеш?»). Такія людзі-шапталы. Падшэптваюць. Тыя людзі, што распаўсюджваюць чуткі, таксама могуць быць агентамі. Сярод іх, магчыма, ёсць і тыя, што працуюць на заробку».

На прапанову назваць, хто зʼяўляецца агентам, Лупаносаў адказаў, што для гэтага павінны быць доказы. Без іх гэта будзе галаслоўным абвінавачваннем.

Чытайце яшчэ:

Барадач, Костка, Лупаносаў… Апублікаваны спіс сілавікоў, якіх Лукашэнка пазбавіў званняў

Былы афіцэр ГУБАЗіКа Станіслаў Лупаносаў: Супрацоўнікаў правяраюць на паліграфе, ці галасавалі за Лукашэнку

Як агенты трапляюць за мяжу і ці спрабавалі спецслужбісты запісацца ў шэрагі «Кіберпартызан» 

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
59
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
11
2
даведка /адказаць/
23.11.2023
Используемая система распознавания лиц с камер видеонаблюдения даёт сбои реагируя на одежду, а не лица.
1
Янка/адказаць/
23.11.2023
Па білінгу можна даведацца ўсё жыццё чалавека
таму варта максімальна перанесці ўсе свае размовы ў пакуль нескампраметаваныя месэнджэры кшталту WhatsApp і Signal. І перыядычна чысціць гісторыю званкоў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930