Знайсці
20.11.2023 / 10:584РусŁacБел

«Адкуль жа ўзяўся той — рэальны ці ілюзорны — чорны чалавек, які падштурхнуў Янішчыц да балконнага поручня?»

Успамінам пра Яўгенію Янішчыц і развагамі пра яе літаратурны талент і таямнічую смерць дзеліцца ў сваім фэйсбуку Міхась Скобла. Сёння паэтцы магло споўніцца 75 гадоў, але яна пражыла ўсяго 40.

Напрадвесні 1985 года на філфаку БДУ мяне знайшоў ліст з часопіса «Маладосць» за подпісам Яўгеніі Янішчыц. На афіцыйным бланку, але напісаны зусім неафіцыйна, той ліст прыветліва паведамляў, што мае вершы прыняты да друку і будуць апублікаваны ў адным з найбліжэйшых нумароў. Так і сталася. Неўзабаве я ўжо скупляў красавіцкую «Маладосць» у шапіках і дарыў сімпатычным аднакурсніцам. 

Мой статус у іхніх вачах пасля гэтага заўважна падрос. У вачах аднакурснікаў падрос таксама — пасля атрымання часопіснага ганарару. Не жарты, 150 савецкіх рублёў — трохмесячная стыпендыя! Адзначыўшы дэбютную публікацыю, я патэлефанаваў Янішчыц, спехам падзякаваў і самаўпэўнена заявіў, што мáю вершаў на дзесяць падборак, а паколькі сыходжу ў войска, то гатовы прынесці… Яўгенія Іосіфаўна сказала, што для першакурсніка я занадта настойлівы. І дадала, што часопіс плануе выдаваць сваю бібліятэчку, маўляў, зойдзеце пасля арміі.

Я пакрыўдзіўся і нават праз два гады ў рэдакцыю не зайшоў. Зайшоў у кнігарню, дзе мне трапілася на вочы свежавыдрукаваная кніга «Каліна зімы» — найлепшая ў Яўгеніі Янішчыц. Так мне бачылася тады, так я працягваю лічыць і сёння. Там былі вершы, якія чапляліся за памяць, як ваўчкі дзядоўніку за крысо — раз прачытаў, і ўжо яны табе спадарожнікі на ўсё жыццё. 

«На гарышчы зазвіняць шумёлы, / і вуздэчка заіржэ з сянец». «Кажаш, што магілы зараслі? / Памаўчы са мной па-беларуску». «Рыфму, як іскру, з дарог выкрасае / незацуглянай паэзіі конь!». 

Крыўда сышла, як вада ў пясок, затое ўзнікла — дыстанцыя. Якая звычайна існуе паміж пачаткоўцам і класікам. І хоць класікаў (жывых і мёртвых) у філфакаўскай навучальнай праграме хапала, да Яўгеніі Янішчыц з той пары я ставіўся са шчырым шкалярскім піетэтам. Рукапіс зборніка, прызначанага для бібліятэчкі «Маладосці», пакінуў у прыёмнай — так мне было прасцей.

А потым, як гром з яснага неба, па нашым студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкай імгненна разляцелася вестка: на Старажоўцы… Янішчыц… з восьмага паверха… Дзяўчаты плакалі. Назаўтра на лекцыі Алега Лойкі мы ўшанавалі паэтку хвілінай маўчання. Запомніліся словы прафесара: «Закончылася жыццё, пачалося жыціе».

Тая трагічная смерць да нашых дзён застаецца таямніцай. Пару гадоў таму на экранах БТ мільгануў дакументальны фільм «Небяспечны талент», зняты ў стылістыцы ясенінскага «чорнага чалавека». Там за Янішчыц (яе ролю выканала Аксана Данільчык) паўсюдна віжуюць чорныя цені, наганяючы вусціш у душы гледачоў. І паэтка, так падказвае фільм, не вытрымала…

Адкуль жа ўзяўся той — рэальны ці ілюзорны — чорны чалавек, які 25 лістапада 1988 года падштурхнуў Янішчыц да балконнага поручня? Чорт, як вядома, можа выскачыць і з табакеркі, а чорны чалавек — адкуль заўгодна, хоць са шлюбнага пярсцёнка. 

Узяўшы ў 1971 годзе шлюб з афіцэрам савецкай арміі і таксама паэтам Сяргеем Панізнікам, Янішчыц жыла з ім у Чэхаславакіі, дзе пазнаёмілася са спеваком Міхалам Забэйдам-Суміцкім, перадрукоўвала і парадкавала яго архіў. За што атрымала ад старога эмігранта срэбны пацірык. 

А калі лейтэнант Панізнік асудзіў савецкую акупацыю 1968 года, — закруцілася машына, якая ў Савецкім Саюзе стаяла заўжды напагатове. Мужа за антысавеччыну звольнілі з войска і выключылі з КПСС. Жонку шматкроць выклікáлі на задушэўныя гутаркі ў адпаведныя органы.

Пазней Панізнік з горыччу прыгадваў: «Нас развялі, як разводзяць масты, — уключаюцца рычагі, раскручваюцца махавікі». Шлюб быў скасаваны, але «рычагі і махавікі», як выглядае, не пакінулі паэтку ў спакоі. Былога мужа з партыі выключылі, а яе — прынялі, ён доўгі час быў невыязны, а яе адправілі ў Нью-Ёрк на сесію ААН… 

«Махавікам і рычагам» патрэбны быў абясшкоджаны талент, але талент заставаўся па-ранейшаму непрыручаны, а значыць, небяспечны. Да таго ж быў характар — па-паляшуцку незалежны і ўпарты. Гэта ж яшчэ школьніцай Жэня Патапчук вырашыла: «Расстралянаму прозвішчу / абяцаю жыццё!».

І стала Яўгеніяй Янішчыц — у памяць забітага немцамі першага мужа сваёй маці.

Пасля Нью-Ёрка ад паэткі патрабавалі палітычных памфлетаў пра варожы капіталістычны свет, а яна пісала пранізлівыя вершы пра драму Айседоры Дункан і Сяргея Ясеніна, спачувала суайчыннікам забітых братоў Кенэдзі, захаплялася Хэмінгуэем і Эн Сэкстан.

«Махавікі і рычагі» не адступаліся — шантажавалі і запалохвалі, але ў адказ гучала рашучая водпаведзь: «Горка на чарнобыльскім Палессі, / хоць збірай майно на Калыму. / Наступіць на горла ўласнай песні? / А за што, прабачце, і чаму?»

«На горла ўласнай песні» Яўгенія Янішчыц так і не наступіла. Гэта відно асабліва цяпер, калі выйшаў у свет яе збор твораў, падрыхтаваны Тамарай Аўсяннікавай і Святланай Калядка. У дагоду «махавікам і рычагам» там — ні слова.

Ці фігуруе дом №8 на Старажоўцы ў нейкіх патаемных данясеннях? І ці з’явяцца калі тыя данясенні ў музеі паэткі на яе радзіме ў Парэччы на Піншчыне, дзе самаахвярнай рупнасцю настаўніцы Антаніны Сідарук ужо сабрана 1228 экспанатаў? Яго Вялікасць Час некалі расставіць усе кропкі над ï. А нам на вечнае суцяшэнне застаецца высокая паэзія незламанай паляшучкі, эпіграфам да якой асабіста для мяне застаюцца радкі са знакамітага «Сказа пра Лысую Гару»:

Але на зло іх крыку «Знішчыць!» 
З глыбінь народнага жыцця 
Увысь ірвалася Янішчыц —
Палесся мілае дзіця.

Чытайце таксама:

Яе называлі палескай ластаўкай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
24
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
42
Абуральна
10
3
Ольга/адказаць/
20.11.2023
К сведению. На сессии ООН она была в 1981. На горло уласной песни, если верить Скобла, наступать пришлось ещё несколько лет. В 1986 получила госпремию БССР, так что властью была вполне себе областная. Активно печатлись стихи, выходили книги.
1
Back in USSR/адказаць/
20.11.2023
Можно только порадоваться, что в БССР так обласканы были национальные писатели, а не чергинцы как нынче. Премии, квартиры, хорошие должности, загранпоездки, возможность издаваться, все было доступно даже простой талантливой девочке из села.
1
Петр/адказаць/
20.11.2023
Back in USSR, а Чергинец не талантливый писатель?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930