Знайсці
14.11.2023 / 22:0128РусŁacБел

«А што ты зрабіў для Радзімы?» Дачка Ігара Сергеенкі становіцца публічнай асобай і ходзіць у масоўку да Азаронка

Ганна Сергеенка, дачка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, у мінулым — высокапастаўленага кадэбіста Ігара Сергеенкі. Яна вучыцца на юрфаку БДУ, дзе стала кіраўніком студэнцкай рады. А таксама вядзе інстаграм, поўны адметных публікацый. 

Ганна Сергеенка справа. Фота: instagram.com/miss._a.nn.a_

Ганна Сергеенка — дачка заўжды стрыманага спецслужбіста Ігара Сергеенкі, які са снежня 2019-га ўзначальвае Адміністрацыю Лукашэнкі.

Асноўная функцыя Адміністрацыі — кадравая работа, падбор лаяльных выканаўцаў і адсейванне варожага элемента з дзяржапарату.

Азнаёміўшыся з публічнымі актыўнасцямі дачкі топ-чыноўніка, можна сказаць, што Сергеенка трымае высокія стандарты не толькі ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва з яго беларускай спецыфікай, але і дачку яму, у адрозненне ад многіх іншых лукашэнкаўцаў, удалося выхаваць па прафесійнай інструкцыі і ў духу ідэалаў мінуўшчыны. 

Ганна Сергеенка ў 2021-м скончыла 42-ю мінскую гімназію імя Жарэса Алфёрава, якая знаходзіцца насупраць будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі на вуліцы Камсамольскай.

Цяпер яна другакурсніца юрфака БДУ, старшыня тамтэйшай студэнцкай рады. 

Актывістка юрфака

Першага лістапада юрфак, перажыўшы кадравыя чысткі, адзначаў сваё 98-годдзе, і на сайце факультэта выйшаў пра гэта матэрыял у двух частках, поўны фота. 

«Наша Ніва» звярнула ўвагу на студэнтку, якая часта была ў кадры побач з дэканам. Аказалася, што гэтая студэнтка — Ганна Сергеенка. 

На цырымоніі святкавання Ганна выступала перад студэнтамі трэцяй, пасля дэкана Шыдлоўскага і намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце Сухапарава. 

Фота: law.bsu.by

Пасля забаўляльных квэстаў у рамках святкавання Ганна Сергеенка ад імя студэнцкай рады юрфака выпісала дыпломы выкладчыкам: былы генпракурор і старшыня Вярхоўнага суда Рыгор Васілевіч атрымаў з рук Ганны сертыфікат «Найлепшы даследчык», дэкан Андрэй Шыдлоўскі — «Крыніца натхнення». І гэтак далей. 

Васілевіч атрымлівае дыплом ад Сергеенкі. Скрыншот з law.bsu.by

«Сярод студэнтаў — лідараў юрыдычнага факультэта па выніках галасавання намінацыі размеркаваліся так: старшыня студсавета Ганна Сергеенка — прызёр намінацыі «Студэнцкі дыпламат». Сакратар БРСМ юрфака Кірыл Панамароў — «Творчы арганізатар», першы намеснік сакратара БРСМ Лізавета Чамаданава — «Прагрэсіўны натхняльнік», кіраўнік Студэнцкай куратарскай службы Савель Лапіцкі — «Студэнцкі кіраўнік года». 

Ганна таксама атрымала дыплом. Фота: law.bsu.by

«Святочныя мерапрыемствы працягнуліся падарункам юрыдычнаму факультэту — абнаўленнем фотагалерэі навуковых і грамадскіх мерапрыемстваў з удзелам адміністрацыі, прафесарска-выкладчыцкага складу, ганаровых гасцей дзяржаўных органаў і арганізацый, студэнтаў.

Адкрыццё фотагалерэі было арганізавана па ініцыятыве дэкана юрыдычнага факультэта Андрэя Віктаравіча Шыдлоўскага ў падарунак работнікам і студэнтам юрыдычнага факультэта», — у першай рамцы «падарунка» факультэта бачныя твары Шыдлоўскага з Ганнай Сергеенка. 

Фота: law.bsu.by

Пасля пазіравання каля сваіх уласных фота Андрэй Шыдлоўскі задзьме святочны торт. 

Адцягнуўшыся ад справаздач святкавання, мы заўважылі, што Ганна ў цэлым не прапускае ідэалагічных мерапрыемстваў на юрфаку. 

Вось яна пад словы Алега Раманава, што «Белая Русь» — гэта аснова прэзідэнта», атрымлівае з яго рук сваё сяброўскае пасведчанне. 

Фота: law.bsu.by

А вось сядзіць у першых шэрагах на сустрэчы з шарлатанамі расійскага «Ясна Цэнтра», якія цяпер выступаюць у сценах беларускіх універсітэтаў.

Фота: law.bsu.by

Ганна хадзіла на экскурсію ў СІЗА на Валадарскага, а таксама на прэм'еру прапагандысцкай стужкі «На іншым беразе».

Фота: law.bsu.by

Знаўца кухні і аматарка Азаронка

Апроч актыўнасцяў на юрфаку, Ганна Сергеенка вядзе адкрыты інстаграм. 

Ён тыповы для дзяўчыны яе ўзросту — мадэльныя фота, запісы перажыванняў пад імі. 

Фота: інстаграм дзяўчыны

Фота з рэспубліканскага навагодняга балю ў белай сукенцы. 

Фота: інстаграм дзяўчыны

Але ёсць пару адметных момантаў, якія знойдзеш у акаўнце не кожнай мінскай другакурсніцы. 

Адна з захаваных падборак інстаграм-гісторый называецца «У рэжыме праўды». 

Адкрыўшы яе, чуеш ненавісны мільёнам барытон: «Дзе ж вы цяпер? Няма ні гонару, ні сумлення, ні грошай, ні радзімы. Толькі оооооордээээныы Ііііуууды!» — раве Азаронак у захаваным Ганны Сергеенка. Яна хадзіла на запіс яго выступленняў. 

Пры гэтым не аднойчы. 

Хадзіла Ганна і ў масоўку праекта «Лідарская платформа «Каманда будучыні». Гэта праект лукашэнкаўцаў па пошуку моладзі, якая падзяляе дзяржаўную ідэалогію і хоча рабіць кар'еру ў сістэме.

Дыскусійныя клубы гэтага праекта таксама вядзе Азаронак. Ганна ходзіць. Як удзельніца ці як глядачка — не разабраць. У Ганны ёсць усе шансы ў будучыні стаць чыноўніцай, ад чыйго рашэння будуць залежаць лёсы асобных людзей і краіны. 

Мяркуючы па публікацыях у інстаграме, геаграфія падарожжаў Ганны — гэта курорты Турцыі і Балгарыі, Баку і Масква. 

«Кажуць, Масква не спіць. Што ноччу жыццё ў ёй таксама віруе, я сёння сама ў гэтым пераканалася. Ад прыгажосці цэнтральных вуліц сэрца замірае, а ў галаве ўзнікае процьма думак… Я проста закахалася ў Маскву», — апісвала Ганна свае ўражанні ад сталіцы Расіі. 

У кулінарыі Ганна цэніць дэсерты і публікуе тое, што есць, асобна. 

Фота: інстаграм дзяўчыны

Большасць кулінарных замалёвак Ганна суправадзіла тэгам элітнага рэстарана ў Драздах Astoria Riverside. Кавалак пахлавы, які ўразіў Ганну, каштуе там 17 рублёў. 

Фота: інстаграм дзяўчыны

Ганна ўжо носіць на сваім пінжаку чырвона-зялёны сцяжок, як дарослыя лукашэнкаўцы.

А канкрэтна гэтае фота, са сцяжком БРСМ на стале, яна суправадзіла філасофскім пытаннем да аўдыторыі: «А што ты зрабіў для Радзімы?»

Чытайце таксама: 

Дачка дырэктара «Лініі Сталіна» і ўнучка заснавальніка «Гардсэрвіса» пераехала ў Польшчу. А вось на чым зарабляе іх сям'я

«Атачыў сябе даносчыкамі». Расказваем пра дэкана юрфака БДУ, са студэнтам якога двойчы запісалі відэа ў духу сілавікоў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
12
Панылы сорам
94
Ха-ха
25
Ого
1
Сумна
8
Абуральна
47
0
Папа ябатек/адказаць/
15.11.2023
Ябатьки развлекаются и куражатся под прикрытием папы ябатек. В этом - суть современной, казённой и конченной части Беларуси.
0
уточните п-жста/адказаць/
15.11.2023
Папа ябатек, вы про папуколи?
0
Питон/адказаць/
16.11.2023
а чо бон-аква, а не колодезная вода?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930