Знайсці
19.11.2023 / 16:3417РусŁacБел

У Беларусь пратачылася новая секта з Расіі. Былы зэк змушае паству прадаваць кватэры і выкідаць дакументы

«РПЦ Царскай імперыі» пляжыць Пуціна і РПЦ, прадракае хуткі апакаліпсіс і прапануе адмаўляцца ад пенсій і дактароў. А таксама кананізаваць спевака Ігара Талькова. Існаванне Беларусі яны адмаўляюць. Кіруе імі мужчына з металічнымі зубамі і ў турэмных «масцях», які аб'явіў сябе царом, прарокам і патрыярхам адначасова. 

Калаж «Нашай Нівы»

«Мая сваячка таксама ў гэтай секце. Яны змушаюць людзей прадаваць маёмасць і купляць дамы. Пужаюць, што хутка нельга будзе прадаць без «чыпіравання» або біяметрычнага пашпарта. Сваячка занесла туды ўжо каля 10 тысячаў даляраў», — расказаў «Нашай Ніве» чытач.

Але пра ўсё па парадку.

Крымінальнае мінулае

Секта называецца «Расійская праваслаўная царква — Царская Імперыя». Кіруе ёй 41-гадовы расіянін Леанід Уласаў, які цяпер называе сябе Засімам.

Біяграфія мужчыны вядомая з ягоных словаў, але выглядае праўдзівай. Згодна з расійскімі базамі даных, нарадзіўся ён у Казахстане, у горадзе Каратау, у праблемнай сям'і. 

Па словах Уласава, калі яму было пяць год, памерла маці, а яго аддалі ў дзіцячы дом. Пасля гэтага яго здолела ўсынавіць бабуля, якая жыла ва Ульянаўскай вобласці. Хлопчык рос без догляду, сам казаў, што «яго гадавала вуліца».

Упершыню ў турму Уласаў патрапіў «па малалетцы». Удзельнічаў у бойках, выпіваў і курыў, а таксама быў звязаны з дробным крыміналам.

Найбольшы тэрмін Засіма атрымаў па артыкуле «разбой групай асоб або з прымяненнем зброі» ў 2003 годзе. Падчас разбойнага нападу жыхару горада Барыш Ульянаўскай вобласці была нанесеная «сярэдняй цяжкасці шкода здароўю». Прысуд — 9 гадоў турмы і штраф за маральную шкоду ў памеры 17 тысяч расійскіх рублёў (тады 600 даляраў) кожнаму падзельніку.

Ёсць звесткі таксама пра тое, што Уласава быццам судзілі за педафілію (Уласаў казаў гэта сам) і ён мае чатыры судзімасці, але пацверджанняў гэтаму няма. Калі гэта сапраўды так, то адбылося яшчэ да 2003-га.

Засіма-Уласаў. Фота з ягонага стрыму

Уласаў меркавана супрацоўнічаў з адміністрацыяй калоніі, бо спачатку атрымаў перавод у калонію-пасяленне як вязень, які «характарызуецца станоўча», а пасля вызваліўся ўмоўна-датэрмінова ў 2011 годзе. Асеў на радзіме сваёй бабулі, у вёсцы Федзькіна Ульянаўскай вобласці.

Ад міраніна да схімітрапаліта за адзін год

Леанід Уласаў пачаў ездзіць па розных «святых месцах» і спрабаваў трапіць у нейкі манастыр. Яго нікуды не бралі, асабліва ведаючы ягонае цьмянае мінулае.

Але ў Расіі мноства псеўдаправаслаўных груп, у якія бяруць усіх — у адну з іх у 2017-м і ўступіў Леанід. Узначальвае абшчыну Сергій (Агееў), які прадстаўляецца «архіепіскапам» і стварыў сваю царкву — «Расійскую грэка-каталіцкую праваслаўную», у якой цяпер пара соцень прыхільнікаў.

«Архіепіскап» Антоній Балоўскі, які высвячаў Сяргія (злева), і сам Сергій Агееў. Фота: сацсеткі, МБХ-Медыя

Агулам, у Расіі існуе вельмі шмат невялікіх некананічных псеўдаправаслаўных дэнамінацый і зразумець да канца, хто з іх да якой належыць, складана, бо «святары», «епіскапы» і «патрыярхі» няспынна пераходзяць з адной самаробнай царквы ў іншую. Мяняюцца і іх дагматы.

Ва Уласава і Агеева ў сярэдзіне 2017-га здарыўся канфлікт, і Уласава выгналі. Але ён не разгубіўся і знайшоў сабе новага карміцеля — «архіепіскапа» Севасціяна, які пакінуў Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхата і належаў да «Кіева-Рускай мітраполіі Ісцінна-Праваслаўнай Царквы». Ён высвяціў яго на манаха 12 ліпеня 2017 года. Праз год спачатку па тэлефоне, а пасля асабіста ён высвяціў яго на епіскапа.

«Сабор епіскапаў», які правёў Засіма-Уласаў у 2018-м. Скрыншот з ягонага відэа

Тады ж Уласаў пачаў актыўную блогерскую дзейнасць. Спачатку ён называў сябе прыхільнікам «Рускай праваслаўнай царквы за мяжой» і выдаваў сябе за епіскапа адной з яе галін. Уласаў навысвячаў епіскапаў, а ў 2018-м Севасціян высвеціў Засіму на «схімітрапаліта» — гэта адзін з найбольш пачэсных тытулаў у праваслаўнай царкве, які спалучае ў сабе найвышэйшы епіскапскі чын і самую высокую ступень манаства.

Увогуле, у некананічным праваслаўі хуткі кар'ерны рост ад былога зэка-рэцыдывіста да мітрапаліта або нават патрыярха — гэта нармальная з'ява. Амаль кожны прыхаджанін царквы мае нейкае царкоўнае званне.

Цар з Месяца

Для таго, каб узмацніць сваю вагу, Уласаў аб'явіў сябе прыхільнікам былога патрыярха Іерусалімскай праваслаўнай царквы Іерэнея і нават атрымаў ад яго блаславенне. Праўда, неўзабаве аказалася, што атрымаў блаславенне шляхам падману, і сам Іерэней, які на той момант не мог нават самастойна перасоўвацца, ад яго публічна адхрысціўся ўвосень 2021-га.

Уласаў у 2018-м асеў у вёсцы Луна ў Тульскай вобласці. Аснову паствы Засімы на той момант складалі людзі, якія глядзелі ягоны ютуб-канал, а таксама каля 15 чалавек з групы Сергія (Агеева), з якім пасварыўся Уласаў. У 2020-м Уласаў выехаў у іншае месца, ва Ульянаўскую вобласць.

У красавіку 2021-га «Засіма» аб'явіў сябе царом Расіі і спадкаемцам Мікалая II. Прычым, быццам зрабілася гэта праз адкрыццё анёла «отраку Паўліку з Беларусі», якога, імаверна, не існуе, а аўдыязапісы з ім гучаць як падробленыя. Тады ж ён пачаў раздаваць сваёй пастве тытулы. Аднаго з іх, да прыкладу, аб'явілі «Мітрапалітам і вялікім князем усёй Малдавіі».

Таксама Уласаў заяўляў, што ў яго ёсць «вадзічка Феадосія Каўказскага», якая ўтрымлівае ў сабе кроплю крыві Ісуса Хрыста і той, хто будзе яе піць, не патрапіць у пекла. Ваду яны за грошы рассылалі па пошце.

Аб'ява пра магічную «вадзічку Феадосія Каўказскага» з групы РПЦ-ЦІ

Пару месяцаў таму Уласаў назваўся прарокам Іллём. Свайго сябра і паплечніка Аляксандра ён прызначыў праайцом Енохам. Згодна з адной з трактовак біблейскага «Апакаліпсісу», яны мусяць вярнуцца з неба на зямлю ў «апошнія дні», якія, па словах Засімы, ужо наступаюць. Прызначаная і прыкладная дата — 2028 год.

Цяпер, наколькі вядома, секта базуецца ў глухім сяле Айбашы ва Ульянаўскай вобласці Расіі.

Які чалавек сам Засіма-Уласаў?

Леанід Уласаў — аматар выпіць. Вядомы выпадак, калі ён, выпіўшы тры літры «Кагора», пачаў заляцацца да манахіняў і буяніць. За гэта яго звязалі скотчам. Па меркаванні прыхільнікаў, адбываецца гэта праз ягоную «асаблівую ласку ад Бога». За яе злыя духі, быццам, спакушаюць ягонае цела. Увогуле ж, выпівае ён часцяком і праз гэта адмяняе службы, а свае пропаведзі запісвае нападпітку.

У Засімы ўстаўныя металічныя зубы, рукі пакрытыя «блатнымі» татуіроўкамі. Слоўнікавы запас даволі бедны.

Ягоныя пропаведзі — гэта плынь свядомасці, дзе ўрыўкі Бібліі і іншых важных для хрысціянства тэкстаў змешваюцца з дадумкамі Уласава, урыўкамі думак псеўдапрарокаў і «снамі». 

У што яшчэ вераць прыхільнікі гэтай секты?

Ідэі Засімы-Уласава — гэта зборнік усіх магчымых псеўдаправаслаўных забабонаў. Але прыхільнікаў канспіралогіі, якіх запужалі хуткім «канцом часоў» і «пеклам без заступніцтва Засімы», гэта не спыняе.

Усе прыхільнікі Засімы прымаюць «вайсковую прысягу». Гэта вольна адаптаваны старажытны тэкст, у якім ёсць і граматычныя памылкі. У тэксце ёсць такія радкі:

«Абяцаю і клянуся перад Богам Усёмагутным… праваслаўнаму цару Засіму верна і шчыра служыць… Яго Імператарскай Вялікасці дзяржавы і земляў яе ворагаў, жыдоў, ведзьмакоў, чараўнікоў, чарадзеяў, целам і крывёю, у полі і крэпасцях, вадою і сухім шляхам, у баталіях, партыях, аблогах і штурмах, і ў іншых вайсковых выпадках адважны і моцны чыніць супраціў».

Тэкст «прысягі» ад Засімы-Уласава

Прыхільнікі «РПЦ-ЦІ» вераць, што часцінкі 5G будуць лётаць і змяняць свядомасць людзей, вераць у пластыры з чыпамі, сусветную яўрэйскую змову. Заклікаюць адмаўляцца ад дакументаў, не атрымліваць пенсій, не карыстацца медыцынскім страхаваннем і банкаўскімі карткамі.

Праўда, сам Уласаў карыстаецца мабільным тэлефонам, зарэгістраваным на адну з ягоных паплечніц. І мае ажно два пашпарты — адзін расійскі, а адзін ад забароненай у РФ секты «грамадзян СССР».

Таксама яны выступаюць супраць Рускай праваслаўнай царквы. А на патрыярха Кірыла наклалі «анафему за ерась». Змушаюць зачытваць яе і дзяцей.

Відэа з дзецьмі, якія накладаюць анафемы на Маскоўскую патрыярхію і патрыярха Кірыла

Адмаўляюць яны не толькі кананічнаць расійскага праваслаўя, але і Пуціна. Тым, хто за яго галасаваў, маўляў, «трэба раскаяцца». Адмаўляюць яны і існаванне Расіі ды Беларусі — маўляў, гэта не дзяржавы, а «карпарацыі, зарэгістраваныя на Захадзе». Існуе толькі «Трыадзіная Русь», кіруе якой быццам бы Засіма-Уласаў.

Запісы з каналаў РПЦ-ЦІ

Адзін з самых папулярных культаў секты — пакланенне Славіку Чэбаркульскаму, ідэі якога прапагандаваў і Засіма. Гісторыя там адбылася такая: хлопчык захварэў на лейкемію і памёр ва ўзросце дзесяці гадоў у 1993-м. Праз амаль дзесяць гадоў пасля смерці хлопца ягоная маці з дапамогай некаторых нячыстых на руку пісьменнікаў выдумала шэраг кніг ягоных «прароцтваў». Іх калісьці выдавалі вялікімі накладамі — быў змрочны пачатак нулявых, час росквіту містыкі і эзатэрыкі.

Валянціна і Вячаслаў (Славік Чэбаркульскі) Крашаніннікавы. Фота: dzen.ru

Пасля гэтага Славіка пачалі вызнаваць правідцам, а на ягоную магілу пацягнуліся дзясяткі тысячаў людзей. Прароцтвы — гэта блытаныя «прадказанні» на ўсе выпадкі жыцця.

Таксама Засіма сабраў прыхільнікаў сярод царабожнікаў. Гэта ідэя ў расійскім альтэрнатыўным праваслаўі, што цар Мікалай Другі — збавіцель, які спакутаваў грэх свайго народа. Таксама царабожнікі вераць, што перад «канцом свету» ў Расіі ўзновіцца манархія. Грунтуецца ідэя на словах нейкіх прапаведнікаў, часта вырваных з кантэксту.

Царабожніцкая ікона з Іванам Грозным. Фота: dzen.ru

Нібыта ў канцы свету прыйдзе цар, які «заб'е ўсіх ворагаў» і «ачысціць царкву». Таксама цар забароніць продаж любых відаў алкаголю або цыгарэтаў, прадметаў раскошы, любыя забавы і змусіць усіх вельмі цяжка працаваць за капейкі. Пасля гэтага будзе апакаліпсіс, а выратуюцца толькі тыя, хто прыняў цара.

Засіму ледзь не праз дзень з'яўляюцца святыя, анёлы, Багародзіца і Хрыстос, якія з ім размаўляюць. Свае прэтэнзіі на патрыяршаства, царства і прароцтва ён абгрунтоўвае менавіта іхнімі ўмяшальніцтвамі. З'яўляюцца яны і ягоным набліжаным, якія пацвярджаюць прароцтвы.

Таксама ўласаўцы патрабуюць кананізацыі спевака Ігара Талькова, забітага ў 1991-м. Гэта яшчэ адзін адметны пункт секты царабожнікаў. Яны называюць яго «мучанікам-сладкапеўцам», складаюць яму акафісты і песні.

Ікона Ігара Талькова. Фота: sueverie.net

Апошнім часам яны ходзяць па праваслаўных храмах і расклейваюць там улёткі, якія называюць «выкрывальным казаннем». Сутнасць яго раскрытая ў тэксце ніжэй: 

Тэкст «казання»

Засіма пераконвае, што сінагогі і габрэйства — гэта супрацьлегласць цэрквам і праваслаўю, бо габрэі служаць сатане. Ягоная секта пачала настойліва званіць мясцовым святарам і пытацца ў іх, навошта яны абараняюць сінагогі. У асноўным праз скаргі мясцовых святароў на іх звярнулі ўвагу сілавікі ў РФ — вядома пра ператрусы ў адэптаў секты ў Растове-на-Доне і шматлікія праверкі ў іншых рэгіёнах.

Колькі такіх у Беларусі і дзе яны?

У Беларусі іхнія прыхільнікі — гэта ў асноўным тыя, хто верыў у псеўдапрарока Славіка Чэбаркульскага, ідэі якога прапагандаваў і Засіма. Таксама сярод іх ёсць прыхільнікі альтэрнатыўнага праваслаўя. А яшчэ — выхадцы з секты «грамадзян СССР», напрыклад, з яе выйшаў найбліжэйшы паплечнік Засімы Аляксандр, якога аб'явілі прарокам Енохам.

«Засіма і Енох» падчас візіту здымачнай групы Рэн-ТВ

Большасць з іх даведалася пра Засіму праз ягоны ютуб-канал. 

Наколькі вядома, прыхільнікі «цара-прарока» вырашылі перабірацца ў Віцебскую вобласць. Цяпер яны базуюцца ў вёсцы Кайкі Гарадоцкага раёна і пасёлку Езярышча непадалёк. Гэта населеныя пункты на самай мяжы з Расіяй.

Вёска Кайкі і мястэчка Езярышча на мапах. Фота: Google Maps

Яшчэ адна, большая, абшчына ёсць на гарадзеншчыне, паміж Скідзелем і Мастамі, і ў ёй ёсць нават свой «япіскап». Але дзе менавіта — невядома.

Большасць людзей прыйшлі ў групу праз тэлеграм і ютуб-каналы Уласава.

Чытач «Нашай Нівы», чыя сваячка трапіла ў гэтую секту, расказвае, што там у асноўным людзі, якія пасля савецкага перыяду сталі цікавіцца эзатэрыкай, а пасля прыходзілі да праваслаўя. 

«Спачатку сваячка спрабавала нам тлумачыць і распавядала пра ўсе гэтыя тэорыі. Але з часам яна стала больш агрэсіўнай, размаўляць з ёй немагчыма.

Яны змушаюць людзей прадаваць маёмасць і купляць дамы, каб «выжываць у апошнія часы і выратавацца». Нерухомасць быццам хутка нельга будзе прадаць без «чыпіравання» або біяметрычнага пашпарта, таму трэба спяшацца. Усе грошы ідуць кіраўнікам секты, якія абіраюць і купляюць дамы, раячыся з Уласавым.

У Беларусі грашамі распараджаецца жанчына, якая называе сябе Феадосіяй. На гэтыя грошы яна купляе маёмасць, якую афармляе на свайго мужа — адзінага з групы, хто яшчэ мае дакументы. Астатнія члены секты іх ужо павыкідвалі.

Аб'ява аб перадачы партрэта Засімы-Уласава той самай Феадосіі ў канале секты

Пры гэтым ахвяраванні прымаюцца толькі ад тых, хто прысягнуў на вернасць Засіме. Час ад часу ахвяраванні нават вяртаюць. Але сваячка занесла туды ўжо каля 10 тысячаў даляраў. Цяпер збіраецца прадаць усю маёмасць і занесці туды яшчэ.

Сталых прыхаджан там да дзясятка. Неўзабаве чакаецца папаўненне з Расіі. Да таго ж, яны актыўна займаюцца прапагандай сваіх ідэй і людзей становіцца болей, хоць і не хутка — раз на пару месяцаў дадаецца новы чалавек.

Цяпер яны ўладкоўваюць сваё паселішча і робяць запасы на «канец света»: скупляюць крупы, лекі. Засіма ўжо прызначыў дату — 2028 год».

Сектавед: «Культ — інструмент імперска-шавіністычнай прапаганды»

Сектазнаўца Алег Нагорны тлумачыць, што суполка Засімы — тыповы ўзор царабожніцкага эсхаталагічнага (звязанага з апакаліпсісам) культу, які эксплуатуе праваслаўную і расійскую манархічную эстэтыку і семантыку.

«Сэрцам падобных культаў з'яўляецца настальгія па «залатым веку» ідэалізаванай Царскай імперыі і Масковіі Івана Грознага. Яны эксплуатуюць міфалагічны шаблонны сюжэт аб непераможным цару-герою, які вядзе барацьбу з сіламі зла, і канспіралагічныя міфы аб сусветнай змове, супраць якой можа выстаяць толькі гэты цар-герой», — кажа сектазнаўца.

Асноўныя крыніцы для міфалагем культу — спасылкі на містычныя адкрыцці. І не толькі свежыя.

«Аўтарытэтнымі крыніцамі для культыстаў з'яўляюцца прароцтвы пра аднаўленне манархіі, якія належаць некаторым ілжэстарцам, і палітычнае аб'яднанне «Трыадзінай святой Русі». А таксама шляхам падману, ігнаруючы крыніцазнаўчую крытыку, прыпісваюць [нейкія ідэі] сапраўдным святым, такім як Серафім Сароўскі, Лаўрэнцій Чарнігаўскі ды іншыя.

Апеляцыі да Святога Пісання абмежаваныя. Як правіла, ужываюцца толькі некалькі адарваных ад кантэксту вершаў з Апакаліпсіса Яна Багаслова і цытата з паслання да Фесаланікійцаў апостала Паўла аб «катэхоне» (з грэцкага — той, які стрымлівае) — нейкай сіле ці персоне, якая стрымлівае прыход Антыхрыста. У трактоўцы гэтага культу з'яўляецца ці цар-выкупіцель, ці ягоная дзяржава, якія нібы адныя толькі стрымліваюць сусвет ад канчатковага скарэння дэманічным сілам і прыходу царства Антыхрыста».

Характэрная рыса культу — нагнятанне страху перад навукай і тэхнікай і інтэрпрэтацыя ўсіх падзей як прыкмет канца свету. Гэта інструмент маніпуляцыі. Паслядоўнікаў падштурхоўваюць да парывання сувязяў з дзяржавай, адмовы ад яе дакументаў і непрызнання яе інстытутаў і органаў.

«Культ Засімы мае палітычныя амбіцыі. Ім аб'яўленая дзяржава «Трыадзіная Русь» на чале з ім самім. Гэтыя прэтэнзіі не абяцаюць нічога добрага не толькі для расійскай афіцыйнай дзяржаўнасці. Культавы светапогляд адмаўляе ў самаіснасці і праве на незалежнасць беларускаму і ўкраінскаму народам. Таму на тэрыторыі нашай краіны культ выяўляецца інструментам антыбеларускай агрэсіўнай імперска-шавіністычнай маскоўскай прапаганды», — лічыць Нагорны.

Колькасць паслядоўнікаў ацаніць цяжка. Даследчыкі пішуць пра 5-10 тысяч прамых паслядоўнікаў і яшчэ каля 200 тысяч тых, хто распаўсюджвае культавыя матэрыялы, бо сімпатызуе асобным ідэям.

Што рабіць, калі сваяк у секце?

Для сваякоў трэба вызначыцца — яны хочуць захаваць адносіны з родным або весці барацьбу з культам, кажа Алег Нагорны. Гэта розныя шляхі.

«Пры першым варыянце агульная парада ў тым, каб сачыць за ўтрыманнем даверу і не адштурхнуць чалавека крытыкай культу. Што тычыцца вывядзення чалавека з яго, то гэта цяжкая праца, якую лепш рабіць пад прыглядам практычнага сектазнаўцы.

Спатрэбіцца разабрацца ў сапраўдных прычынах, чаму чалавек патрапіў менавіта ў гэты культ, глыбока разабрацца ў культавай дактрыне і гісторыі і навучыцца падаваць крытычную інфармацыю так, каб гэта не выглядала крытыкай. Дагэтуль проста пазбягаць пытанняў, звязаных з культам. Рабіць усё, каб чалавек адчуваў сябе побач з табой ахінутым безумоўнай любоўю і прыняццем.

Бо на момант, калі вы будзеце гатовыя развянчаць культ правільна, можа ўжо не быць галоўнага падмурку дзеля гэтага: чалавечага даверу вам».

Пад адміністратыўным змаганнем Алег Нагорны разумее звароты да дзяржаўных органаў і інстытуцыяў. Але наш суразмоўца, сваяк якога ў секце, кажа, што гэта мала што дае: фармальна яны нічога не парушаюць, не будуюць нелегальных культавых пабудоваў. А даказаць, што людзі ўтварылі нелегальную рэлігійную арганізацыю, даволі складана.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Галоўны прарасійскі палітык Беларусі Сяргей Лушч: быў «валхвом» паганскай секты, жонка не сцярпела сяброў-неанацыстаў

Праўладны святар адказаў, што рабіць, калі твая нявеста онліфаншчыца

У расійскіх Вялікіх Луках святар асвяціў адкрыццё помніка Сталіну. І гэта не жарт

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
36
Ха-ха
12
Ого
8
Сумна
12
Абуральна
33
20.11.2023
Пачытаў і не знайшоў ніякіх адрозненняў ад РПЦ.
0
Mafkees /адказаць/
20.11.2023
Прежде чем разрешить этим сектантам какую либо сделку с недвижимостью,нужно сначала провести психиатрическое обследование. Эти люди явно не в себе. И вообще нормальное г-во должно постараться как-то помочь этим людям,а этому пророку или кто он там- пинка под зад,пусть едет назад в росию.
0
плавалі-знаем/адказаць/
20.11.2023
Ну цяпер ясна, чаму вакол тых Езярышч усе прыпынкі аўтобусныя Z размаляваны. А я к ехаў - думаў - глухое ж месца, алкашы і бабкі, а такая "паліцічэская граматнасьць". А яно вунь як.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930