Знайсці
30.10.2023 / 22:471РусŁacБел

«Аперацыя Нармандыя»: украінскія войскі пашырылі плацдарм у Крынках насупраць Херсона

Расійскія вайсковыя блогеры б'юць трывогу: украінскія плацдармы на левым беразе Дняпра злучыліся ў суцэльную паласу. Усё дзякуючы дамінаванню ў дронах.

Карта сітуацыі пад Херсонам станам на 30 кастрычніка з тэлеграм-канала «Рыбарь» 

«Херсонскі кірунак: пашырэнне кантролю УСУ ў Крынках» — гэта загаловак допісу ў расійскім тэлеграм-канале «Рыбарь» увечары 30 кастрычніка.

«[Украінскія] марпехі пачалі прасоўванне ў заходнім кірунку, трохі пашырыўшы зону кантролю. … Учора ўвечары штурмавыя групы занялі раён малога чыгуначнага моста, абсталяваўшы дадатковы апорны пункт і практычна наблізіўшыся да [сяла] Пойма», — б'е трывогу «Рыбарь».

Херсонскі кірунак стаў адным з найбольш актыўных на расійска-ўкраінскім фронце. Баі ідуць вакол сяла Крынкі на левым беразе Дняпра (яно ляжыць за 2 кіламетры ад ракі і за 27 кіламетраў на ўсход ад Херсона). На яго ўскраіне ўкраінскія войскі замацаваліся 19 кастрычніка. З таго часу пад кантроль украінцаў перайшла як мінімум цэнтральная частка пасёлка. А асобныя ўкраінскія плацдармы на левым беразе вялізнай ракі зліліся ў суцэльную паласу.

Праўда, пад кантролем украінцаў знаходзяцца пераважна багністыя астравы ў дэльце Дняпра, ніякай рэгулярнай пераправы ўкраінская армія не навяла, а на левым беразе дзейнічаюць групы без цяжкай тэхнікі.

Невялікія гарады на левым беразе — Алешкі, Радзенск, Новая Кахоўка — застаюцца пад расійскім кантролем.

Тым не менш у сацыяльных сетках расійскія вайсковыя блогеры актыўна абмяркоўваюць баі за Крынкі і называюць прычыны паражэння.

Фарсіраванне Дняпра пад Херсонам. Фота: Alex Babenko / AP Photo

Украінская артылерыя дамінуе над расійскай

Украінскі бок здолеў абсталяваць на левым беразе, у тым ліку ў Крынках, агнявыя пункты, якія паспяхова перашкаджаюць дзеянням расійскай пяхоты. Утрыманню тэрыторыі садзейнічаюць масіраваныя абстрэлы артылерыі: украінская дамінуе над расійскай.

«Праціўнік не мае колькаснай перавагі, але актыўна, можна сказаць вельмі актыўна, прыкрывае свой марскі дэсант агнём рознай артылерыі, у тым ліку 80-мм і 120-мм мінамётамі, танкамі, 155-мм артылерыяй, уключаючы касетныя боепрыпасы. З нашага ж боку, як звычайна, бардак і «ідзіце туды, зрабіце нешта». Складваецца адчуванне, што камандаванне групоўкі абсалютна не кампетэнтнае», — піша расійскі «Канал специального назначения».

«Праціўнік можа сабе дазволіць пакласці дзясяткі (каля 30) снарадаў у квадрат 100х100м» — дадае канал Grey Zone.

У той жа час з расійскага боку контрбатарэйная барацьба амаль адсутнічае, наракаюць франтавікі. Сама ж артылерыя адчувае патрэбу «ў разы большай колькасці боепрыпасаў і гармат». Блогеры канстатуюць таксама, што расійская артылерыя не можа дастаць да шэрага дальнабойных гармат праціўніка натаўскай вытворчасці.

Па словах блогераў, украінскі бок актыўна выкарыстоўвае касетныя боепрыпасы, якія «проста робяць рэшата з усяго навокал».

На ўчастку каля Крынак, паводле слоў вайсковых блогераў, адсутнічае абарончая лінія. У выніку пяхота хаваецца там, дзе паспее. Пры гэтым байцы не маюць магчымасці акапацца, бо, як сцвярджаецца, у шэрага «сіл адсутнічаюць сапёрныя рыдлёўкі».

Яшчэ адна акалічнасць — «рой FPV-дронаў», якія, па словах Grey Zone, «лётаюць і ў цёмны час сутак. … Могуць спускацца да верхавін дрэваў і нахабна цікаваць за … пазіцыямі». «Ужо даходзіць да таго, што коптары УСУ могуць дазволіць сабе падляцець да дома, сесці на дах і проста весці назіранні», — дадае «Канал специального назначения».

Блогеры пішуць: «Далёкасць іх палёту з паражэннем нашай адзінкі тэхнікі пацверджана на адлегласці 12 кіламетраў». А «работа на адлегласці 7-8 кіламетраў для іх зусім не праблема», як і не праблема сродкі радыёэлектроннай барацьбы, у наяўнасці якіх у расійскага боку на гэтым кірунку блогеры сумняваюцца.

А вось украінскі бок актыўна імкнецца глушыць расійскія дроны, каб пазбавіць магчымасці карэктаваць агонь артылерыі. У выніку расіянам «не заўсёды ўдаецца падняць Mavic вышэй за 30—40 метраў».

Блогеры сцвярджаюць, што «праціўнік можа сабе дазволіць выдзяляць на кожныя 50—100 метраў па коптары для маніторынгу абстаноўкі на вуліцах. Акрамя таго, яны працуюць канвеерам, проста безупынку, мяняючы адзін аднаго ў квадратах назірання».

У выніку, па словах «Romanov Лайт», «практычна штодзённа павялічваецца колькасць спаленага FPV легкавога транспарту». Для таго, каб пазбегнуць страт, «байцы просяць выкарыстаць досвед вагнераўцаў у Бахмуце і нацягнуць сеткі над дарогамі».

Недахопы расійскага боку

Як паведамляе «Канал специального назначения», пад Крынкамі не ведаюць, што такое праца расійскай авіяцыі.

«З таго берага могуць спакойна працаваць два танкі праціўніка, а адстраляўшы ўвесь боекамплект, проста зʼехаць», — падтаквае Grey Zone.

«На запыты кідаць ФАБы з УМПК (авіяцыйная бомба з уніфікаваным модулем планіравання і карэкцыі. — НН) на востраве для падаўлення разлікаў БПЛА праціўніка даецца адказ, што не, наша задача — працаваць па тым беразе. Навошта біць проста цяпер у ангары і нейкія элеватары, калі можна нанесці ўдары для падаўлення тых, хто знаходзіцца на астравах і нон-стоп запускае коптары?» — маралізуе «Канал специального назначения».

Па словах блогераў, расійскія войскі не маюць магчымасці эвакуяваць параненых, не кажучы пра вываз целаў тых, хто загінуў, бо эвакуацыя «спалучаная з вялікай небяспекай трапіць пад агонь артылерыі».

Няма магчымасці і падвозу вады ды ежы. У выніку «сабраць нешта з гэтага даводзіцца на мясцовасці з таго, што раскідана каля знішчаных [агнём украінскай артылерыі] машын», — пішуць блогеры.

Але сярод усіх праблем, як адзначаецца, першаснай зʼяўляецца хлусня. «Маняць, пачынаючы з месцаў, заканчваючы групоўкаю войскаў. Магчыма, і вышэй…. На Крынках кожнае калена перадачы інфармацыі прыхлушвала па жменьцы, а на выхадзе быў сапраўдны п…ж», — скардзіцца блогер Grey Zone. 

Ён жа пацвярджае колішнія словы Яўгена Прыгожына аб адсутнасці кіравання войскамі і сцвярджае, што сітуацыю «цягнуць баявыя камандзіры на месцах».

«Войскаў нагналі шмат — толку мала. Узаемадзеянне не наладжана, — наракае блогер і дадае: — 10 дзён немагчыма выбіць праціўніка з часткі маленькага пасёлка, які адрэзаны вадой і фактычна акружаны. А той [праціўнік] яшчэ ўмудраецца арганізоўваць падвоз і ратацыю сіл, хай і не заўсёды ўдала». 

Grey Zone называе план украінцаў «Аперацыя Нармандыя».

Чым скончыцца гісторыя, па словах блогера, яшчэ давядзецца даведацца. Расійскія блогеры ўскладаюць спадзяванні на толькі прызначанага камандуючым групоўкай «Дняпро» генерал-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага.

Канал «Romanov Лайт» чакае, што ўкраінскі бок «на працягу чатырох дзён — тыдня будзе наладжваць пантонныя пераправы» цераз Дняпро. Калі гэта ўдасца паспяхова ажыццявіць, гэта будзе аперацыя, супастаўная па значэнні з высадкай саюзнікаў у Нармандыі, якая прывяла да крушэння гітлераўскай Германіі цягам года пасля яе.

Чытайце яшчэ:

Атака на ракетна-зенітны полк СПА ў Крыме: параненыя 17 расійскіх вайскоўцаў

Украінскі Генштаб ускосна пацвердзіў паведамленні аб новым дэсанце на левы бераг Дняпра

На спадарожнікавых здымках аэрадрома Бельбек у Севастопалі выявілі намаляваныя знішчальнікі

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
57
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
3
4
Абыр/адказаць/
31.10.2023
Тут все зависит от резервов. Если украинцы смогут переправить 7-10 относительно свежих бригад, это будет серьезная заявка. Если одну-две - просто очередная кровавая каша вокруг каких то высот и деревенек.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930