Знайсці
28.10.2023 / 08:421РусŁacБел

Позва па SMS — юрысты тлумачаць, што хочуць змяніць у законе. Ёсць важныя моманты

Для ваеннаабавязаных рыхтуюць шэраг важных змен у закон, сярод якіх апавяшчэнне па SMS. «Наша Ніва» спытала ў юрыстаў, каго гэтыя змены закрануць, калі будуць прыняты. Па іх словах, гэта тычыцца не ўсіх выпадкаў. Тлумачым.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Не прачытаў SMS — стаў ухілістам?

У законапраекце «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі», апублікаваным на Нацыянальным прававым партале, сярод шэрагу прапанаваных змен ёсць наступная: «Грамадзяне могуць быць апавешчаныя аб неабходнасці яўкі ў ваенны камісарыят (адасобленае падраздзяленне), упраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі па вобласці з дапамогай СМС-паведамлення».

Многія апасаюцца, што калі змены будуць прынятыя, то любы прызыўнік зможа лёгка стаць ухілістам, бо замест уручэння позвы ваенкамату дастаткова будзе адправіць SMS-ку.

Не заўважыць паведамленне вельмі проста. Ды і нельга выключаць, што на момант адпраўкі SMS атрымальнік не будзе знаходзіцца за мяжой і паведамленне проста не дойдзе своечасова.

Юрысты сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі LegalHub тлумачаць, што, згодна з законапраектам, выкарыстоўваюць SMS для выкліку ваеннаабавязаных плануюць толькі ў наступных выпадках:

1) пры прызыве на ваенную службу па мабілізацыі;

2) пры выкліку ў ваенкамат для мэтаў воінскага ўліку.

Выкарыстанне СМС-паведамленняў для выкліку прызыўнікоў на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, а афіцэраў запасу — на ваенную службу афіцэраў па прызыве, праектам закона не прадугледжана. 

А што, калі позву дашлюць на e-mail?

Звычайны e-mail для рассылкі позваў будучым салдатам тэрміновай службы не прадугледжаны законапраектам.

«У дачыненні да выкліку прызыўнікоў на мерапрыемствы па прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве дададзена магчымасць выкарыстання нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы для накіравання позваў.

Такі спосаб дастаўкі позваў прадугледжаны толькі для выпадку, калі прызыўнік па якой-небудзь прычыне не атрымаў позву асабіста пад распіску», — тлумачаць юрысты.

Пры гэтым даставіць заказны ліст у электроннай форме можна толькі ў тым выпадку, калі ў прызыўніка ёсць электронная паштовая скрыня ў нацыянальнай паштовай электроннай сістэме

(у адпаведнасці з п. 19 Палажэння аб парадку функцыянавання нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы).

Нацыянальная электронная паштовая сістэма — сістэма, якая дазваляе аблічбаваць перасылку простых і заказных лістоў, у тым ліку з паведамленнем аб атрыманні, і пацвердзіць факт іх ўручэння (дастаўкі).

У астатніх выпадках такі ліст дастаўляюць гэтак жа, як і звычайны — у пісьмовай форме (ч.3 п. 23 Палажэння аб парадку функцыянавання нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы).

Юрысты адзначаюць, што належнай абвесткай прызыўніка аб неабходнасці яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве з'яўляецца менавіта факт накіравання заказнога ліста з паведамленнем аб уручэнні, а не факт яго атрымання прызыўніком.

«Дадзенае палажэнне не з'яўляецца новым — яно існуе ў дзеючай рэдакцыі закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Юрысты падкрэсліваюць яшчэ раз: змены, якія хочуць прыняць, тычацца мерапрыемстваў па воінскім уліку і па прызыве на ваенную службу па мабілізацыі, а не на тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве.

Праўкі, прапанаваныя іншым законапраектам («Аб змяненні кодэксаў»), уводзяць тэрмін «юрыдычна значнае паведамленне». Яны будуць мець значэнне толькі для наступу грамадзянска-прававых наступстваў.

Адносіны, звязаныя з выкананнем вайсковага абавязку, не з'яўляюцца грамадзянска-прававымі — таму гэтыя нормы на іх не распаўсюджваюцца, тлумачаць юрысты.

Нормы аб юрыдычна значных паведамленнях не могуць быць ужыты да выкліку прызыўнікоў і ваеннаабавязаных на мерапрыемствы па прызыву або па воінскім уліку.

Гэта значыць, што позвы і СМС аб выкліку прызыўнікоў і ваеннаабавязаных у ваенкамат не з’яўляюцца юрыдычна значнымі паведамленнямі — таму не лічацца дастаўленымі нават у тым выпадку, калі адрасат не атрымаў ці не азнаёміўся з імі па абставінах, якія залежаць ад яго.

Чытайце таксама: 

Міністр Хрэнін паляцеў у Кітай

Лукашэнка сказаў, што ён заўзяты прыхільнік ЕС

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
14
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5
0
А..у...ели/адказаць/
28.10.2023
Вызывают подыхать, в окопе, по смске ???
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031