Знайсці
25.10.2023 / 08:261РусŁacБел

«Яму паступалі прапановы з «Ліверпуля», Партугаліі». Як Мілеўскі змарнаваў сваю кар'еру

Некалі ўдзельнік чэмпіянату свету, гэты беларускі футбаліст нядаўна шакаваў заўзятараў сваім выглядам, а потым і трапіў на лячэнне ад алкагалізму. Згадваем шлях Арцёма Мілеўскага.

Міля — такую мянушку атрымаў падчас кар'еры футбаліст — нарадзіўся ў Мінску ў 1985 годзе. Там жа і пачаў гуляць у футбол, выступаў за юнацкую беларускую зборную.

У 2000-м перспектыўны юнак перабраўся ва Украіну і паступіў вучыцца ў футбольную акадэмію вядомага трэнера Паўла Якавенкі. У Кіеве тады прыдумалі сабраць таленавітых хлопцаў 1985 года нараджэння з постсавецкай прасторы. Гульцам стварылі добрыя ўмовы і прызначылі стыпендыі з умовай прыняцця грамадзянства Украіны. Разам з Мілеўскім туды паехаў яшчэ адзін беларус Дзмітрый Верабей.

Яшчэ да пераезду ў Кіеў Арцём абвясціў, што хацеў бы выступаць за Украіну, але ж беларуская федэрацыя футбола не хацела аддаваць таленавітага хлопца. Так распачаўся вялікі скандал, які выйшаў за межы Беларусі і Украіны.

Беларускі бок напіраў на тое, што ў верасні 2000-га Арцём быў зайграны за юнацкую беларускую зборную і не меў на той час украінскага грамадзянства, таму па статуце ФІФА быццам бы не меў права выступаць за іншыя нацыяналкі. Але, як сцвярджалася ў лісце-тлумачэнні ФІФА, бацькі хлопца за некалькі месяцаў да таго падалі прашэнне ўкраінскім чыноўнікам аб змене грамадзянства сына, і з’яўленне ў Арцёма ўкраінскага пашпарта быццам бы пазбаўляла таго беларускага — а значыць, і шанса выступаць за Беларусь.

Таксама чыноўнікі ФІФА патлумачылі сваё рашэнне тым, што Мілеўскі атрымаў беларускі пашпарт з прычыны распаду СССР і, адпаведна, мог бы гэтаксама атрымаць і пашпарт любой іншай з постсавецкіх краін.

Бацька футбаліста быў супраць таго, каб той змяняў грамадзянства — маўляў, марыў бачыць сына ў беларускай футболцы. Каб угаварыць Уладзіміра Іванавіча, электрыка-энергетыка аднаго з мінскіх заводаў, з Кіева да яго прыляталі трэнеры.

Вырашыў скандал тагачасны прэзідэнт Расійскага футбольнага саюза і членам выканкама Міжнароднай федэрацыі футбола Вячаслаў Каласкоў — пры яго пасярэдніцтве беларусы добраахвотна адракліся Мілеўскага. За пераход пад украінскі сцяг Арцём зарабіў ад беларускіх заўзятараў крыўдную крычалку «Мілеўскі — пёс!», якая пераследавала яго, можа, да часоў брэсцкага «Дынама», калі Арцём стаў прыносіць гэтай камандзе вынік.

Пазней, у 2019-м, Арцём тлумачыў сваю змену грамадзянства так:

«Глядзеў нядаўна гульню ўкраінцаў з Сербіяй. 5:0! Мне хлопцы ў камандзе кажуць — нічога сабе ў вас зборная! А тут яшчэ пацаны да 20 гадоў чэмпіянат свету выйгралі. Я сваім кажу — вось, а вы мяне пыталіся, навошта я паехаў ва Украіну мяняць пашпарт. Вось, паглядзіце на людзей, паглядзіце, як людзі гуляюць у футбол, якая ў іх школа. А вы, пытаю, хоць недзе удзельнічалі?»

З 2001 па 2002 год падлетак граў у дублі клуба «Барысфен», а потым апынуўся ў другой камандзе кіеўскага «Дынама», і ў наступныя гады трывала ўваходзіў у асноўны склад кіеўцаў.

Мілеўскі ў 2011-м. Фота: AP Photo / Andrey Lukatsky

Што да ўкраінскай дарослай зборнай, упершыню Мілеўскі выйшаў за яе на поле ў 2006 годзе, на чэмпіянаце свету. Калі б не згаворлівасць еўрапейскіх футбольных чыноўнікаў, якія пусцілі хлопца выступаць пад украінскі сцяг, на такі турнір ён бы ніколі не трапіў. Але ж асаблівай выніковасцю ў зборнай беларус не адзначыўся — адыграў за яе 50 матчаў і забіў 8 галоў.

Тым не менш, ёсць з часоў яго гульні за зборную адзін надта яркі эпізод. У тым самым 2006-м, калі ішла гульня 1/8 чэмпіянату свету, Мілеўскі ў пасляматчавых пенальці выканаў удар паненкай — эфектны, але рызыкоўны пенальці, калі мяч па навясной траекторыі падсякаецца ў вароты. Мудрагелісты фінт, як тлумачыў Арцём, быў тады да месца: «Падумаў, што брамнік наўрад ці падумае, што малады дзяцюк так будзе біць. Усё роўна кудысьці скочыць. Вось і ўся мая кемлівасць на той момант».

У «Дынама» Міля трымаўся ажно да лістапада 2012 года, пакуль трэнер Алег Блахін не перавёў яго ў дубль. Афіцыйная прычына — дрэнная фізічная форма. Але вядома, што паміж Блахіным і Мілеўскім быў канфлікт і пачаўся ён з таго, што форвард прыйшоў на прэзентацыю Блахіна, уладальніка «Залатога мяча», у халаце і шлёпанцах. У раздзявальні канфлікт узмацніўся.

Яшчэ з пачатку кар'еры беларуса было вядома пра тое, што Міля схільны да загулаў, але ў пачатку 2010-х дынамавец стаў заўсёднікам кіеўскіх начных клубаў.

Арцёма не раз бачылі п'яным за рулём, ён трапляў у аварыі, часта парушаў рэжым і паводзіў сябе хутчэй не як спартсмен, а як рок-музыка. Напэўна, гэта таксама паспрыяла таму, што Міля ўрэшце трапіў у дубль «Дынама», а не ў топавы еўрапейскі клуб. Аднак ён несумненна меў задаткі для таго, каб пайсці іншым шляхам: некалі забіваў у Лізе чэмпіёнаў «Рэалу», «Барселоне» і «Порту», разам з украінскай маладзёжкай выйграў бронзу Еўра-2004.

У верасні 2013-га Арцём пакінуў «Дынама» і пайшоў вандраваць па камандах. Пачаў з турэцкага «Газіянтэпспора», куды паехаў у арэнду, яго турэцкая статыстыка — адзін гол і адна разбітая машына. Далей былі харвацкія «Хайдук» і «Спліт», румынская «Канкордыя», расійскі «Тосна», венгерская «Кішварда» і брэсцкае «Дынама», куды Мілеўскі прыходзіў двойчы — нідзе ў клубах ён не затрымліваўся даўжэй, чым на сезон-два, ды і не тых клубаў заслугоўваў адзін з найлепшых дынамаўскіх бамбардзіраў пачатку ХХІ стагоддзя. У 2021-м беларус адыграў 10 гульняў ва ўкраінскім «Мінае», але выніковымі дзеяннямі не вылучыўся.

Былы галоўны коўч брэсцкага «Дынама» Марцал Лічка з пазітывам адгукаўся аб працы з Арцёмам: «Мілеўскі, можна сказаць, крыху вар'ят. Зразумела, калі б [у яго] была іншая галава, ён не гуляў бы ў Брэсце пад канец сваёй карʼеры. Яму паступалі прапановы з «Ліверпуля», Партугаліі. Але гэта ягонае прыватнае жыццё.

Але футбаліст ён выдатны. На трэніроўках ён ніколі нікога не адпускаў, не любіў прайграваць. Часам была такая спякота, што даводзілася яго супакойваць. Два гады з Міляй — наогул без праблем. Мне падабаюцца такія гульцы. Часам з ім было цяжка, але на полі гэта пераможца. Яго цікавіла толькі перамога».

У апошнія свае футбольныя гады Арцём усё яшчэ трапляў у скандальныя загалоўкі. Напрыклад, калі Міля граў у Брэсце, ён прызнаваўся ў расісцкіх жартах: «У нас у брэсцкім «Дынама» таксама чорны ў камандзе ёсць — хлапчук Кікі. Я яму бананы прыношу. Кажу: «На, вазьмі ўсе бананы». Ён мяне называе расістам. Пасмяяліся. Аліеў (сябар Мілеўскага, расійскі футбаліст, які памяняў грамадзянства на ўкраінскае. — «НН») Юсуфу (нігерыйскі футбаліст. — «НН») на базе пастаянна на абедзе бананы прыносіў, кідаў».

У верасні 2021-га Мілеўскі абвясціў, што сканчае футбольную кар’еру. Ён пачаў развіваць свой ютуб-канал «Міля» і рабіў яркі кантэнт з тусовак і падарожжаў, але ж пасля лютага 2022 года на канале надоўга перасталі выходзіць новыя выпускі.

Вядома, што Мілеўскі эмацыйна адрэагаваў на поўнамаштабнае ўварванне расійскай арміі ва Украіну, гэтая падзея ўвагнала яго ў дэпрэсію. Тады спартовец набраў лішнюю вагу — па ацэнках журналіста Андрэя Сеньківа, 10—12 кілаграмаў, апух і азыз.

Украінскі каментатар Раман Бебех пацвярджаў, што Арцём перажывае праз расійскую агрэсію: «Я з ім размаўляў. На яго моцна паўплывала вайна, калі ён убачыў, як бамбяць, як паміраюць людзі. Ён кажа: «Я не разумею, нашто гэта ўсё робіцца». Хачу, каб усе зразумелі, што ён вельмі глыбока прасякнуўся ўсімі падзеямі і яму не абыякава».

У апошнія месяцы Арцём нярэдка стаў з'яўляцца ў сацсетках у такім выглядзе, што папаўзлі чуткі, быццам Міля зноў злоўжывае алкаголем. З часам стала зразумела, што яны праўдзівыя, і справы экс-дынамаўца пачалі імкліва горшаць.

Былы абаронца кіеўскага «Дынама» Горан Попаў спасылаўся на словы агульнага знаёмага з беларусам: «У нас ёсць супольны сябар, у якога Мілеўскі бывае праз дзень, і ён расказваў, што пасля пачатку вайны Арцём п’е кожны дзень. Вось літаральна кожны дзень, не перастаючы. Антон казаў, што калі Мілеўскі не пойдзе лячыцца, яму будзе кепска».

Тое, што ў некалі таленавітага гульца праблемы з алкаголем, пацвердзілі і іншыя яго знаёмыя. Былы калега Арцёма па ўкраінскай зборнай Яўген Селязнёў дзяліўся, што Мілеўскі яго шакаваў: «Я рэальна не ведаю, што тут сказаць. Я ж не магу прыехаць да яго і ўзяць яго ў кайданкі. Тут патрэбнае яго жаданне. Дапамагчы Арцёму хачу не толькі я. Сёння мы з хлопцамі павінны былі адвезці яго ў бальніцу, але ён не бярэ трубку. Што я магу зрабіць у гэтай сітуацыі?»

Праз сацсеткі Арцём (або людзі, пад уплыў якіх ён трапіў) стаў прадаваць рэкламу, а пазней і піўныя келіхі з аўтографамі. Пост, дзе Мілеўскі падпісвае футболку, сабраў мноства ўсхваляваных каментароў, бо экс-гулец выглядаў на фота зусім няважна:

Каля месяца таму Міля ўсё ж такі апынуўся ў бальніцы з-за алкаголю. Пра гэта напісаў яго былы партнёр па камандзе Аляксандр Аліеў, адзначыўшы, што стан былога дынамаўца «вельмі цяжкі», але «дактары змагаюцца». Пазней стала вядома, што прэзідэнт кіеўскага «Дынама» Ігар Суркіс выдаткаваў на лячэнне экс-зоркі клуба 5 тысяч даляраў.

10 кастрычніка Аліеў пісаў у сацсетках, што Мілеўскі правіцца і ўжо ў стане рэабілітацыі. Застаецца толькі спадзявацца, што хоць цяпер ён зможа знайсці сябе ў жыцці пасля футбола і пасля алкаголю.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Тонус — ён жа і ў мазгах таксама». Паглядзіце, як выглядае 67-гадовы экс-футбаліст Людас Румбуціс

Футбаліст-ветэран аказаўся суровым сцюардам. Два яскравыя эпізоды беларускага чэмпіянату па футболе нечакана зліліся ў адзін

Арцём Мілеўскі патлумачыў, што ў кіеўскую тэрабарону не пайшоў з-за прыроднага пацыфізму

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
15
Абуральна
7
3
не такі як ёсць/адказаць/
25.10.2023
‘’Милевский-пёс’’, калі хто на гэта забыўся
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031