Знайсці
18.10.2023 / 20:492РусŁacБел

«Тут сапраўды выглядае так, што настаўнікі любяць дзяцей». Беларуска расказала, як вучыць у Польшчы дачку з аўтызмам

Педыятарка Мая Церакулава некалькі гадоў таму пераехала з Казахстана ў Беларусь, якую адразу палюбіла. Пачала вучыць беларускую мову. Некаторы час яна жыла і працавала ў Бабруйску, але была вымушаная пакінуць і гэты горад, і краіну ўвогуле. Цяпер лекарка жыве ў Польшчы. Мая — маці траіх дзяцей, якіх выхоўвае адна. Сярэдняя дачка педыятаркі Ева мае аўтызм і праз гэта — асаблівыя патрэбы ў арганізацыі навучання. Выданне «1387» пагутарыла з Маяй пра тое, як Ева цяпер вучыцца ў Польшчы, як там падыходзяць да рэалізацыі права на адукацыю дзяцей з асаблівымі патрэбамі і ці ёсць адрозненні ад Беларусі.

Мая з Евай. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай

«У Беларусі я ведала мову, законы. У Польшчы гэта ўсё давялося вучыць»

Мая разам з дзецьмі пераехала ў Польшчу на пачатку 2023-га, у сярэдзіне навучальнага года. Пасля вырашэння пытання з жытлом жанчына занялася ўладкаваннем дзяцей у школу. Са старэйшым, які вучыўся ў 4-м класе, праблем не ўзнікла — яго ўзялі ў школу па месцы рэгістрацыі. У тую ж школу ў падрыхтоўчы клас — так званую «зэруўку» — з верасня пайшоў і малодшы сын лекаркі. А вось за навучанне для сярэдняй дачкі Евы, якая хадзіла ў 2-гі клас, давялося пазмагацца.

«У Евы — даволі цяжкі аўтызм. Яна невербальная, не размаўляе. У той жа час яна цалкам здольная засвойваць школьную праграму, умее чытаць і пісаць. Але ёй абавязкова патрэбнае суправаджэнне — так званы т'ютар, — распавядае Мая. — Мне і ў Беларусі даводзілася шмат высілкаў прыкласці, каб дамагчыся інклюзіі для дачкі. Мяне і там спрабавалі адсылаць у школу на другім канцы горада».

Але ў Беларусі змагацца за права дзіцяці на адукацыю было прасцей, кажа Мая.

«Там ты ведаеш мову, законы, усе школы, як знайсці дырэктара. Дамовіцца з ім і спадабацца яму — зусім не праблема. У Беларусі я нават магла патрабаваць стварыць інклюзіўны клас там, дзе яго раней не было, — зазначае педыятарка. — А вось у Польшчы ў цябе ўвесь час найперш дэфіцыт мовы. Я цяпер вучу польскую, на момант пераезду зусім яе не ведала, таму камунікацыя стала тады для мяне адной з найвялікшых праблем. Ну і акрамя таго, я не ведаю мясцовых законаў, на што я маю права, на чым магу настойваць, а на чым — не. Мясцовае права, як і мову, давялося вучыць».

Пэўны час заняла педагагічная камісія Евы. Для яе быў патрэбны дыягназ мясцовага псіхіятра, да якога, як аказалася, не так проста трапіць — запіс на 3-4 месяцы наперад. Выйсцем можа быць прыём у прыватнага лекара, але за яго давядзецца заплаціць 80-100 даляраў. Акрамя таго, на педагагічную камісію неабходна было прынесці выпіскі і педагагічныя характарыстыкі з Беларусі, якія трэба было перакласці.

Абышла ўсе школы ў Беластоку і паўсюль пачула: месцаў няма

Калі ўсе неабходныя дакументы былі сабраныя, Мая пачала тэлефанаваць і хадзіць у школы Беластока і пытацца, ці возьмуць яе дачку.

«Асноўная складанасць тут — неразуменне сістэмы адукацыі. Я ж не ведала, у якіх школах ёсць інтэграцыйныя класы, як тут гэта ўсё працуе, — зазначае былая бабруйчанка. — І, канешне, мова. У аддзеле адукацыі, школах я спрабавала паразумецца на кепскай польскай, на англійскай. Гэта ўсё займае вельмі шмат высілкаў».

Мая Церакулава з дачкой. Фота: 1387.by

Для Евы педагагічная камісія дала рэкамендацыю, згодна з якой яна магла б наведваць як інтэграцыйны клас, так і спецыяльную школу. Мая абышла чатыры школы з інтэграцыйнымі класамі і сем спецыяльных, і паўсюль пачула адзін адказ: месцаў няма.

«Я прыходзіла ў аддзел адукацыі і пыталася, у якую школу мне можна аддаць дзіця, паказвала заключэнне педагагічнай камісіі. Мне давалі нумар школы, я ішла туды, мне казалі, што месцаў няма, — распавядае лекарка. — Рэч у тым, што тут ёсць закон, паводле якога ў класе не можа быць больш за 5 дзяцей з асаблівасцямі і на іх адзін т'ютар.

Калі ў класе ёсць такія дзеці, то агульная колькасць вучняў не можа быць большай за 20. Звычайна ў інтэграцыйныя класы аддаюць дзяцей з лёгкімі дыягназамі кшталту сіндрому Аспергера ці з нейкімі паводзіннымі адхіленнямі. У такі клас могуць аддаць дзіця зусім без дыягназу, але хулігана, які не паспявае за праграмай. І вось усе гэтыя класы ва ўсім Беластоку ўжо былі ўкамплектаваныя».

Мая зазначае, што, на жаль, няма нейкага адзінага месца — даведніка, сайта, дзе была б сабраная ўся інфармацыя пра спецыяльныя і інтэграцыйныя школы ў Беластоку.

«Я цяпер на асабістым досведзе ведаю, што ў Беластоку для такіх дзяцей, як мая Ева, ёсць 11 школ. Я хадзіла па іх сама. Магчыма, было б карысна зрабіць нейкі спіс, базу, каб бацькам было лягчэй арыентавацца і атрымліваць інфармацыю», — кажа лекарка.

У спецыяльнай школе ў класе 5 дзяцей і 2 настаўнікі

Атрымаўшы адмовы ва ўсіх школах, Мая пайшла да дырэктара школы па месцы рэгістрацыі, дзе вучыўся яе старэйшы сын.

Мая з Евай. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай

«У Польшчы абавязаныя браць дзіця ў школу па месцы рэгістрацыі. Пра гэта я і сказала дырэктару, што я ўсё разумею, аднак Еве патрэбна навучанне, і што ў мяне, як маці, могуць узнікнуць праблемы, калі я ёй яго не забяспечу, — распавядае Мая. — Дырэктар быў засмучаны, казаў, што ў яго няма рэсурсаў, педагогаў для такіх дзяцей. Аднак забраў дакументы і пайшоў высвятляць».

Праз некалькі дзён Маі патэлефанавалі са спецыяльнай школы недалёка ад дому, сказалі, што хоць у іх ужо ў класе 5 дзяцей, але яны возьмуць Еву шостай, бо ўмяшаўся мэр Беластока.

«Школа, у якую пайшла Ева, простая і маленькая. У ёй усяго 8 класаў, калі я не памыляюся. У кожным класе — 5 вучняў. На кожны клас — два педагогі: настаўнік і памочнік, — распавядае педыятарка. — Там вельмі камфортныя ўмовы. У кожным класе ёсць куток сэнсарнай разгрузкі, інтэрактыўная дошка, камп'ютар — усё вельмі добра абсталявана».

Хатняе навучанне пазбаўляе дзяцей з інваліднасцю сацыялізацыі

У Польшчы навучанне дзіцяці з асаблівасцямі, з інваліднасцю — гэта не толькі яго права, але і абавязак — усе такія дзеці мусяць хадзіць ці ў інтэграцыйныя класы, ці ў спецыяльную школу, кажа Мая.

Ева. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай

Хатняга навучання для дзяцей з інваліднасцю ў тым выглядзе, як яно ёсць у Беларусі, у Польшчы няма, зазначае былая бабруйчанка:

«І гэта добра. Бо ў Беларусі такое хатняе навучанне — фікцыя, якая перашкаджае сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі. Настаўнік прыходзіць два разы на тыдзень на гадзіну адпрацоўваць павіннасць, без зацікаўленасці. Але, акрамя таго, школа — гэта не толькі ўрокі, а яшчэ і сацыялізацыя.

Кожнаму чалавеку, калі ён з раніцы прачынаецца, патрэбна выходзіць з дому. З інваліднасцю ці без яе — патрэбныя нейкі распарадак дня, вучоба, праца. Гэта складнікі нашага нармальнага жыцця, і яны таксама патрэбныя чалавеку з інваліднасцю. А на хатнім навучанні дзіця закрываюць у чатырох сценах».

Мая кажа, што вельмі часта ў Беларусі на хатняе навучанне пакідаюць дзяцей, якія цалкам маглі б хадзіць у школу.

«Ды нават ляжачых трэба вывозіць з дому, бо людзі — сацыяльныя істоты, ім патрэбная камунікацыя. Потым такое дзіця, якое прасядзела ўвесь час дома, не мае магчымасці працаўладкавацца, атрымаць нейкую спецыяльнасць. На хатнюю адукацыю ў Беларусі часта спіхваюць бацькоў, якія не адстойваюць права дзіцяці на адукацыю, а на ўсё пагаджаюцца», — зазначае лекарка.

У той жа час Мая не мае нічога супраць хатняй адукацыі як выбару, калі дзіця дадаткова наведвае розныя гурткі, камунікуе з дзецьмі, жыве ў здаровым рытме жыцця.

«Канешне, павінна быць магчымасць хатняй адукацыі і для тых, хто мае нейкія складаныя дыягназы. Але не трэба закрываць дома ўсіх, хто нязручны, і дзеля каго проста не хочацца змяняць школьную інфраструктуру», — падкрэслівае педыятарка.

«Дзіўна і нязвыкла, што педагогі зацікаўленыя ў сваіх вучнях»

Ева, паводле Маі, сваю школу вельмі любіць, ідзе туды з радасцю.

«Тут у прынцыпе дзеці любяць школу, і здаровыя, і з дыягназамі, — кажа Мая. — Тут вельмі прыязныя і ветлівыя настаўнікі. Яны кажуць: «Ева, любімая», — абдымаюць яе, усміхаюцца, знаходзяць кантакт з дзіцём, хваляць яе без канца, распавядаюць, што яна робіць. Бачна, што яны гараць сваёй справай і шчыра хочуць гэтымі навінамі дзяліцца.

Тут сапраўды выглядае так, што настаўнікі любяць дзяцей. Для мяне дзіўна і нязвыкла, што педагогі зацікаўленыя ў сваіх вучнях. Але гэта не таму, што ў нас педагогі былі кепскія, а таму што яны стомленыя. Тут на 5 вучняў — педагог і памочнік педагога. Напэўна, у іх больш сіл укладацца ў дзяцей, чым калі ты адзін на 20 вучняў».

Ева. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай

Польскую мову, кажа Мая, Ева разумее. Яна не размаўляе на ёй, бо яна ў прынцыпе амаль не размаўляе, але заўсёды робіць тое, пра што яе просяць настаўнікі, разумее і выконвае заданні.

«Яны цяпер пішуць пропісі, вывучаюць склады. І каб адказаць, колькі складоў у слове, Ева малюе колькасць кружкоў па колькасці складоў у слове. Яна паказвае словы на малюнках, а каб зрабіць гэта, яна ж павінна разумець, як гэтае слова гучыць? Мне часам здаецца, у яе ў галаве змяшаныя ўжо руская, англійская, польская мовы, і яна ў нейкай ступені валодае імі трыма. Увогуле, мне падаецца, што яна найпрасцей з нас усіх перажыла змену моўнага асяроддзя», — кажа Мая.

Найцяжэй адаптавацца да новай мовы старэйшаму сыну, які цяпер ходзіць у 5 клас, зазначае педыятарка. Малодшы ж у «зэруўцы» даволі хутка ўсё «схапіў».

«На кепскай англійскай ці рускай — вам імкнуцца дапамагчы»

Паводле Маі, у Польшчы ў школах імкнуцца зрабіць так, каб дзецям было камфортна засвойваць польскую мову.

«У старэйшага сына ў класе 8 рускамоўных дзяцей. У іх у школе ёсць рускамоўны асістэнт. Да яго можна звярнуцца, калі штосьці не зразумеў, напрыклад, як карыстацца бібліятэкай ці нейкія падобныя рэчы, — распавядае Мая. — Я звязваюся з настаўнікам праз гэтага асістэнта».

Мая Церакулава. Фота: 1387.by

Мая кажа, што агулам яе польская сістэма адукацыі задавальняе. Адзінае, чаго не хапіла на першым этапе, — пераліку школ для дзяцей з асаблівасцямі ў адным месцы, чагосьці кшталту гайду для бацькоў з распісанымі крокамі — куды ісці, якія дакументы збіраць. У такі гайд можна было б уключыць кантакты дырэктараў, парады, да каго ўвогуле звяртацца, стандартныя фразы на польскай мове, падказкі, як пачынаць размову, што асабліва каштоўна для тых, хто нядаўна прыехаў, зазначае суразмоўніца.

Бацькам дзяцей з асаблівасцямі, якія збіраюцца пераязджаць ці толькі-толькі пераехалі ў Польшчу, Мая раіць перакладаць усе медычныя дакументы, педагагічныя характарыстыкі, а таксама браць сабе запас часу, разлічваць, што не адразу ўсё наладзіцца, што давядзецца пабегаць. Аднак урэшце ўсё атрымаецца.

«Тут чыноўнікі і розныя службоўцы абавязаныя вам дапамагчы, і я на сваім досведзе пераканалася, як яны імкнуцца з табой паразумецца і хоць на кепскай англійскай ці рускай данесці да цябе інфармацыю, каб ты ўсё зразумела», — кажа Мая.

Чытайце таксама:

«Адміністрацыя хоча, каб мы сачылі за бацькамі». Настаўніца расказала, што цяпер адбываецца ў дзяржаўных школах

«Месцы да нястрогіх прафесараў разлятаюцца як гарачыя піражкі». Выпускніцы беларускай і польскай ВНУ параўналі сваю адукацыю

«Прыбіральшчыца ў Польшчы атрымлівае больш, чым работнік культуры ў Беларусі». Беларуска расказала, як пачынаць жыццё ў новай краіне, калі табе за 50

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
4
0
Вероятный/адказаць/
18.10.2023
Што тут сказаш. Дзе грамадства пазбавілася русского міра, там у яго з'яўляецца шанс на прыстойнае жыццё.
2
Яўгенія/адказаць/
18.10.2023
Вероятный, але б ад рускамоўных асістэнтаў я б на месцы палякаў пазбавілася б. Знайшліся б беларускамоўныя і украінскамоўныя. Хай бы гэтаму рюськаму свету не было б мовы.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930