Знайсці
13.10.2023 / 11:0528РусŁacБел

Першая гей-анталогія «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Што ў ёй?

Днямі прэзентавана першая анталогія «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», якая закране чуллівую тэму беларускага гей-пісьменства на працягу апошніх стагоддзяў. «Наша Ніва» пагутарыла з аўтарам кнігі, каб даведацца, як у яе патрапілі Тамаш Зан і Адам Міцкевіч, чаму за расійскім і савецкім часам мы амаль не знаходзім ніякіх згадак пра гомасэксуальнасць у нацыянальнай літаратуры, і хто яшчэ з беларускіх пісьменнікаў мог хаваць сваю арыентацыю.

Гэтая анталогія — першая спроба сабраць пад адной вокладкай беларускае гей-пісьменства, таму на паўнату, як прызнаюцца ўкладальнікі, прэтэндаваць не могуць. Гэты пласт грамадства і культуры ніколі не праяўляўся паўнавартасна і публічна як суб’ект.

Укладальнікам анталогіі стаў Уладзіслаў Гарбацкі, беларускі пісьменнік і перакладчык родам з Віцебска. Менавіта гэты факт, відаць, абумовіў назву анталогіі «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», бо «мальцы» — гэта адно з найбольш вядомых дыялектных віцебскіх слоў, якім абазначаюць хлопцаў. А «выхад з-пад кантролю» — адлюстраванне таго, што сёння адбываецца не толькі ў гомасэксуальнай супольнасці, але і ў цэлым у беларускім грамадстве.

Гэтая ж назва невыпадкова перагукваецца з назвай зборніка жаночага апавядання «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю», выдадзенага ў 2006 годзе ў серыі «Кнігарня «Наша Ніва».

Анталогія ахоплівае перыяд ад XIX да пачатку XXI стагоддзя. Найбольш раннія тэксты, якія былі ў яе ўключаны, — верш Тамаша Зана (1796-1855) і эпісталярная спадчына філаматаў, у тым ліку ліставанне Адама Міцкевіча (1798-1855) і Яна Чачота (1796-1847). 

Вокладка кнігі. Фота: сайт выдавецтва «Скарына»

Тэксты збіраліся з 2019 года, калі быў абвешчаны першы анонс анталогіі. Дзякуючы падтрымцы газеты «Новы Час» і супольнасці MAKEOUT удалося сабраць першы блок тэкстаў. Перапынак быў зроблены ў сувязі з кавідам і палітычнымі падзеямі ў Беларусі ў 2020 годзе. Улетку 2022 года ў Лондане было заснавана беларускае выдавецтва «Скарына», якое паспрыяла аднаўленню збору тэкстаў. 

«Адбор адбываўся не спантанна, а навукова: на аснове аналізу шматлікага арыгінальнага (мастацкіх беларускамоўных тэкстаў) і другараднага матэрыялу (літаратурнай крытыкі, агляду) цягам 10 год. Таксама вялася вялікая праца ў архівах (апрацоўка старых газет і часопісаў, бо многія мастацкія тэксты друкаваліся толькі там, а не ў асобных кнігах). Так у архівах мною быў знойдзены аповед Пятра Мятлы за 1928 год.

Часам я раіўся з літаратуразнаўцамі, але іх дапамога была другарадная — асноўны масіў тэкстаў быў выяўлены самастойна. Тут дапамог навуковы падыход і вялікі ўласны чытацкі досвед. Акрамя гэтага збор новых тэкстаў адбываўся праз анонс анталогіі: так тэксты даслалі 7 аўтараў. Праўда, потым некаторыя з іх адклікалі тэксты», — тлумачыць укладальнік.

Адам Міцкевіч і Тамаш Зан на карцінах Валенція Ваньковіча. Тэксты гэтых паэтаў уключаны ў анталогію гей-пісьменства. Фота: Wikimedia Commons

У прадмове да кнігі адзначаецца, што гомаэратычнасць мужчынскіх універсітэцкіх і таварыскіх колаў была характэрная і для Віленскага ўніверсітэта пачатку XIX стагоддзя. Аўтары не сцвярджаюць, што Зан і Міцкевіч былі гомасэксуаламі, але ўводзяць у беларускі дыскурс дагэтуль непрамоўленыя аспекты жыцця філаматаў, якія мелі негетэрасэксуальны досвед.

«Польскамоўныя тэксты — Т. Зан і А. Міцкевіч — вядомыя мне раней, бо «Ліставанне філаматаў» па-польску вядомае здаўна — больш як сто год таму лісты сабралі і выдалі ў Кракаве. То-бок да выхаду польскай анталогіі «Dezorientacje» (Дэзарыентацыя) я ўжо меў гэтыя тэксты ў скарбонцы».

Што маецца на ўвазе пад «негетэрасэксуальным досведам» Тамаша Зана і Адама Міцкевіча, Уладзіслаў Гарбацкі тлумачыць так: 

«Негетэрасэксуальны досвед — любыя практыкі, якія выходзяць за межы гетэрасэксуальнасці. Гэта можа быць бісэксуальны, гомасэксуальны досвед.

У выпадку Тамаша Зана гэта гомаэратычны і выразна гомасэксуальны ўласны досвед у маладосці. Аб чым сведчаць і ягоны верш, і ліст Ходзьку. У выпадку Міцкевіча гэта, хутчэй, фантазіі, пэўная гомаэратычнасць ва ўяўленні мужчынскага сяброўства. Урывак ягонага ліставання — добры прыклад і доказ».

Да 1920-х гадоў укладальнікі анталогіі больш не заўважылі ніякіх праяў гейскасці ў літаратуры. У 1928 годзе ў віленскай беларускай газеце «Сцяг Працы» было надрукавана апавяданне «Дзіўное вяселле», у якім аўтар выявіў, «як мужчына з мужчынам бяруцца шлюбам», а ўрэшце і дзіцё заводзяць. Гэты гамафобны твор высмейваў паланафільскіх беларусаў-перакіньчыкаў. У БССР, нягледзячы на радыкальныя змены ў грамадстве і нават адмену крымінальнага пераследу за «мужаложніцтва» аж да часоў сталінскіх рэпрэсій, ніякіх твораў на гей-тэму не стваралася.

Гей-пісьменства адраджаецца толькі з 1990-х гадоў, калі адбываецца дэмакратызацыя грамадства і дэкрыміналізацыя гомасэксуальнасці. У Адама Глобуса з’яўляліся галоўныя героі-геі, а ў Альгерда Бахарэвіча — развагі пра гомасэксуальнасць. У XXI стагоддзі аўтары ўсё смялей пішуць пра гомасэксуальны досвед. 

Укладальнік Уладзіслаў Гарбацкі на фоне надрукаваных асобнікаў анталогіі «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Фота: фэйсбук выдавецтва «Скарына»

«У польскай анталогіі няма такога разрыву [амаль на два стагоддзі], як у нашай беларускай — гэтаму ёсць цалкам зразумелыя прычыны. XIX ст. з паўстаннямі і «зачысткай» прадэмакратычнай грамады, высылкай і эміграцыяй — і ўсё ў адсутнасць дзяржаўнасці і антыбеларускасці імперыі ў прынцыпе — не спрыяла развіццю і эмансіпацыі сэксуальных дысідэнтаў. Гвалт імперыі з аднаго боку, і іншыя прыярытэты слабога беларускага руху з другога, адкінулі гэтую тэму, цалкам маргіналізаваўшы яе. Гэта не азначае, што гомасэксуальнасці не існавала ў Беларусі — яна ўсяк хавалася».

Пэўныя падазрэнні ў гомасэксуальнасці ўкладальнік мае да Аляксандра Рыпінскага (1809-1886), беларуска-польскага паэта, які збіраў беларускі фальклор і даследаваў беларускую літаратуру, яму ж прыпісваецца ўвядзенне ў лацінку літары «у нескладовае» — Ŭ. 

«Маркеры [якія наводзяць на такія падазрэнні] ёсць, але, безумоўна, яны часта хібныя. Гэта не рацыянальна і не навукова, бо не даведзена дакладна, таму я не спяшаюся з высновамі. Але той факт, што Рыпінскі жыў адзін, часта ў кампаніі іншых мужчын, сяброў, прыяцеляў, выходзіў у свет у суправаджэнні жанчын па дамоўленасці, каб яго ўспрымалі «нармальным», бо выхад у свет часта вымагаў у XIX ст. доказу спеласці, то-бок замужжа, і падобнае дае падставы лічыць яго не зусім і не заўсёды гетэранарматыўным.

Беларускі паэт і фалькларыст Аляксандр Рыпінскі, на думку ўкладальнікаў анталогіі, можа быць негетэрасэксуальным аўтарам. Фота: Wikimedia Commons

Тое, што ў тэкстах ён часам пісаў пра жанчын — нічога не значыць. Мы ведаем, як Шэкспір быў вымушаны гетэрасэксуалізаваць многіх сваіх герояў і гераінь.

Будучыя даследаванні, няма сумневу, раскрыюць новыя цікавыя факты і ўзбагацяць беларускую гей-гісторыю і літаратуру». 

Польская гей-анталогія, нягледзячы на ўяўную кансерватыўнасць і рэлігійнасць польскага грамадства, не сустрэла чаканай рэзка адмоўнай рэакцыі, хоць туды былі ўключаны і паказаны з нязвыклага ракурсу амаль міфалагізаваныя культурныя дзеячы — наадварот, польскае грамадства вельмі зацікавілася тэмай.

«Польскае грамадства ўсялякае: і кансерватыўнае, і вельмі ліберальнае. Уладныя эліты так, кансерватыўныя, але значная частка насельніцтва, тым больш у буйных гарадах Польшчы, адкрытае і за сацыяльныя і гендарныя змяненні. Дарэчы, польская літаратура здаўна гэта ілюструе: класікі і класікіні польскай літаратуры былі бі— ці гомасэксуальнымі асобамі, і пры гэтым імі зачытваюцца ў краіне.

Калі з'явілася польская анталогія, то рэакцыя была і станоўчая: кніга разышлася ў хвілю. Другое выданне таксама раскупілася. Навіной для палякаў не стала гомасэксуальнасць Славацкага, Жмыхоўскай, Івашкевіча, Канапніцкай, Пшыбышэўскага, Камарніцкай, Шыманоўскага, Дамброўскай, Дэгнела і іншых. Плюс да гэтага трэба дадаць бісэксуальнасць многіх іншых пісьменнікаў і пісьменніц. Таму анталогія проста падкрэсліла, што было вядома і часта хавалася, замоўчвалася ўладай і Касцёлам».

Што тычыцца выхаду беларускай анталогіі, якая выцягвае з нябыту многія цікавыя тэксты, якія ўзбагачаюць літаратуру, то Уладзіслаў Гарбацкі ў першую чаргу чакае кур'ёзнасці і зацікаўленасці ёю.

«Таксама ведаю, што рэакцыя можа быць і негатыўнай: як з боку афіцыйнай Беларусі, так і многіх беларусаў, якія з'ехалі. Але я гатовы да гэтага. Негатыўная рэакцыя сведчыць толькі аб тым, што беларусы застаюцца кансерватыўнымі і аўтарытарнымі».

Заканадаўчая навела аб пераследзе за «прапаганду нетрадыцыйных адносін», якая была анансавана лукашэнкаўскім рэжымам, на думку ўкладальніка, яшчэ больш маргіналізуе анталогію.

«Аднак тое, што мы ў замежжы і шмат беларусаў і беларусак па-за межамі краіны, спрыяе нам. Бо ва ўмовах дэмакратыі кніга жыве паўнавартасна. Плюс кніга будзе ў электронным фармаце, а таму даступнай для беларусаў Беларусі».

Таксама за агучку анталогіі ўжо ўзяўся праект «Народная аўдыякніга». Аўтары адзначаюць, што беларуская квір-літаратура ўжо робіць свае першыя крокі, гэта цікавая і важная з’ява, якая мусіць аспрэчыць меркаванне, што беларуская літаратура бездапаможная і стэрыльная ў апісанні цялеснасці, сэксуальнасці і інтымнасці.

Першая прэзентацыя першай анталогіі беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» адбылася 7 кастрычніка ў Варшаве на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Чарговая прэзентацыя ў рамках фестывалю адбудзецца 14 кастрычніка ў віленскім «Павільёнасе» на Завальнай вуліцы, 21 (Pylimo g., 21).

Пасля прэзентацыі адбудзецца дыскусія на тэму гей-пісьменства ў Беларусі, што яно прыўносіць і чаму вучыць. У прэзентацыі возьмуць удзел выдавец Ігар Іваноў і некаторыя аўтары. Прэзентацыю будзе весці ўкладальнік Уладзіслаў Гарбацкі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Як такое магло адбыцца?» У Вільні прэзентавалі кнігу «Ноч расстраляных паэтаў»

Чым выбітны Юн Фосэ, новы нобелеўскі лаўрэат па літаратуры? «Ëн піша на нованарвежскай», расказвае яго перакладчык на беларускую мову

«На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча 

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
25
Панылы сорам
21
Ха-ха
8
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
7
16.10.2023
Максим Дизайнер, Міцкевіч - літвін. А якой галіны - беларускай, польскай, летувійскай - гэта ўжо другаснае пытанне. Ён разумеў усе 3 мовы.
0
Аскепак/адказаць/
18.10.2023
мальцы гэта віцебскія. у астатньніх усё пад кантролем :)))
19.10.2023
Асцярожна!! Пры чытанни у камениатарау можа паовацца Пу кан
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера