Знайсці
29.09.2023 / 14:443РусŁacБел

Як жыве алень — суперзорка тыктока

На мінулым тыдні карыстальнікі тыктока назіралі за сустрэчай жанчыны з аленем. Пазней высветлілася, што алень — свойскі. А на гэтым тыдні сталі вядомыя падрабязнасці яго жыцця.

Алег са сваім гадаванцам — зоркай тыктока. Фота: people.onliner.by

Карэспандэнты Onliner.by з'ездзілі ў госці да гаспадара аленя Алега і пазнаёміліся з жывёлай.

Алег жыве з сямʼёй у Івянцы, а за 27 кіламетраў ад горада на хутары Козлікі ў Налібоцкай пушчы мае сваю фермерскую гаспадарку. Да гэтага мужчына вёў дыскатэкі ў Доме культуры ў раённым цэнтры, рамантаваў двухтактавую тэхніку ў Мінску, працаваў у саўгасе. А сем гадоў таму набыў бычкоў. Пазней да іх далучыліся авечкі, каровы, свінні.

@oleg_protas

♬ оригинальный звук - Oleg_Protas

Алег распавёў, што з дзікімі жывёламі даводзіцца сустракацца пастаянна. Алені па хутары прагульваюцца ўвесь час. На іх не брэшуць сабакі, бо даўно прывыклі. Вялікую шкоду гаспадарцы прыносяць ваўкі, якіх вельмі шмат у ваколіцах. Яны душаць авечак і не рэагуюць на пудзіл, таму авечкі знаходзяцца пад пастаянным наглядам пастуха, а па полі для адпужвання ваўкоў расстаўлены жалезныя бочкі.

Мужчына згадвае, што алень, які пазней атрымаў мянушку Фёдар, зʼявіўся на хутары пяць гадоў назад:

«Стаяў май, статак авечак вяртаўся з поля, і я заўважыў, што разам з імі нязграбна ідзе маленькі алень. Было прыкметна, што ён толькі нядаўна нарадзіўся, ён своеасабліва пішчаў — магчыма, клікаў маму. Я адносіў яго назад у лес, аднак ён усё роўна вяртаўся. Мне стала яго шкада, і кінуць жывёліну я не мог. Мала што магло здарыцца. З таго часу я пачаў займацца Фёдарам. Было бачна, што ў яго дэфект».

Алень Фёдар. Фота: people.onliner.by

Алегу давялося карміць аленя з бутэлечкі, трымаць у хаце. Жывёла вырасла, але, па словах фермера, відаць, што яго гадаванец не дастаткова развіты ў параўнанні са сваімі равеснікамі. Затое, у адрозненне ад іх, чысты, прывіты ад шаленства і рэгулярна прымае прэпараты ад глістоў.

Алень стаў па-сапраўднаму свойскай жывёлай, вельмі прывязаўся да свайго гаспадара, які сцвярджае, што Фёдар вялікай шкоды не прыносіць. Неяк толькі зʼеў усе кветкі ў хаце, выкапаў бульбу і пагрыз правады ў тэхніцы.

«Калі мяне няма некалькі дзён, а ў наваколлях працуе тэхніка лясгаса, ён ідзе да яе: думае, што я побач, і хоча паглядзець, куды ж я падзеўся. Алень абавязкова вывучыць усіх людзей і толькі потым вернецца на хутар», — распавядае Алег.

Па словах фермера, у ваколіцах аленя ведаюць усе, і тлумачыць выпадак, які быў задакументаваны і выкладзены ў тыктоку.

@kazimez1967

♬ оригинальный звук - @_ fishing kazimez 67 .

«У той дзень па лесе, мусіць, метраў за 500 ад хаты хадзілі грыбнікі. Фёдар, пачуўшы галасы, падумаў, што я недзе там, і пайшоў да людзей. Жанчына, убачыўшы яго, схапілася за палку, а алень, відаць, падумаў, што з ім будуць гуляць. Яна спалохалася, зрабіла рэзкія рухі — і Фёдар вось так адрэагаваў», — кажа ён.

Адначасова Алег папярэджвае, што Фёдар — усё ж дзікая жывёла, таму пры сустрэчы з ім у лесе трэба быць асцярожным. Асабліва цяпер, калі ў жывёлы перыяд гону.

Мужчына адзначае, што не збіраецца перадаваць аленя ў заапарк. Ён лічыць, што пушча — яго дом і жывёла павінна ў ім жыць.

«Трэба разумець, што не ён у мяне ў гасцях, а мы ў яго. Ён прыйшоў сюды сам, і яго месца тут. Гэты лес вакол — яго тэрыторыя», —

тлумачыць фермер і адзначае, што яго непакоіць, каб гадаванец не патрапіў пад кулю паляўнічага падчас сваіх прагулак па лесе. Каб неяк пазначыць гадаванца, Алег вешаў на яго ашыйнік, але алень яго зрываў. Бірка ў вуху, па словах фермера, будзе замінаць. Таму ён не ведае, як лепш абазначыць аленя.

У канцы размовы Алег распавёў, што алені дажываюць да 30 гадоў, таму, калі ўсё будзе добра, наперадзе ў Фёдара насычанае жыццё.

Чытайце яшчэ:

Белавежская, Налібоцкая, Галубіцкая — якія сакрэты хаваюць беларускія пушчы 

Рэліктавы лес, кібердамы, аздараўленчы турызм. Прадпрымальнік з Мінска з'ехаў у вёску і заснаваў там тры новыя бізнэсы

«Пакіну медыцыну і займуся сельскай гаспадаркай». Уладальнік салона прыгажосці расказаў, як паралельна займаецца фермерствам у вёсцы

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
29.09.2023
Pavaga Fermeru. Zrabic by tam neiki *Muzei*.....
0
Максим Дизайнер/адказаць/
30.09.2023
Официальный символ брачного союзика на территории хрустальной стабильности.
0
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
30.09.2023
Дизайнер, гэта вы пра сябе?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера