Знайсці
27.09.2023 / 08:48РусŁacБел

Сонечны гадзіннік адшукаўся ў Іўеўскім раёне

Надзвычай рэдкі для Беларусі гістарычны артэфакт, верагодна, паходзіць з Валожына, якім тады валодалі Тышкевічы. Разабраліся, што пра яго на сёння вядома і што па законе абавязаны рабіць асобы, якія яго знайшлі.

У суполцы «Калекцыянеры ўсёй Беларусі» выклалі фотаздымак старадаўняга сонечнага гадзінніка. Чалавек, які выклаў яго, прасіў ва ўдзельнікаў дапамогі ў інфармацыі і ацэнцы каштоўнасці знаходкі.

Паводле яго словаў, рэч паходзіць з Іўеўскага раёна, мае памер 60х60 см, але важыць аж каля 30-40 кг, бо адлітая з чыгуну. Гнамон, які ўласна і адкідае цень, паказваючы час, мяркуючы з фота, адламаны.

Фотаздымак сонечнага гадзінніка з абвесткі ў суполцы

Паводле ўскосных звестак, ужо ў XI—XIII ст. на Русі выкарыстоўваліся сонечныя, вадзяныя і пясочныя гадзіннікі.

Сонечныя гадзіннікі, як рухомыя, так і нерухомыя, працягвалі ўжывацца ўвесь час існавання Вялікага Княства Літоўскага. У 1736 годзе ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме была складзена інструкцыя па вырабе сонечных гадзіннікаў розных канструкцый, ілюстраваная 46 чарцяжамі.

Да нашых дзён у Беларусі на сваім гістарычным месца захаваўся адзіны сонечны гадзіннік другой паловы XVIII стагоддзя, уладкаваны каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Ішчална Шчучынскага раёна. Ён быў зроблены Я. Малецкім з Вільні. Іншыя нешматлікія гадзіннікі сёння можна адшукаць хіба што ў музеях. 

Адзіны захаваны ў Беларусі на гістарычным месцы сонечны гадзіннік каля касцёла ў Ішчалне. Фота: Wikimedia Commons

Раней іх было значна больш. Напрыклад, у 1770—1787 гады віленскім майстрам Янам Ігнацыем Манувірам было зроблена прынамсі 8 сонечных гадзіннікаў. А ў Полацкай езуіцкай акадэміі былі 3 астранамічныя гадзіннікі, якія былі адпраўлены ў Санкт-Пецярбург у 1830 годзе.

Выяўлены цяпер гадзіннік сам добра распавядае пра сваю гісторыю. Па ягоным контуры змешчаны надпіс на польскай мове «Dla JW. Mich. Hrabi. TYSZKIEWICZA do Wołożyna», а ўнізе дата і месца вырабу — «1829 w Wiszniewie».

Міхал Тышкевіч і касцёл Святога Язэпа, пабудаваны ягоным бацькам Юзафам Ігнацыем, які купіў Валожын у Адама Чартарыйскага. Фота: Wikimedia Commons

Граф Міхал Тышкевіч, для якога быў выраблены гадзіннік, верагодна, з’яўляецца родапачынальнік біржанскай лініі роду.

Ягоны бацька, Юзаф Ігнацы Тышкевіч, у 1803 годзе купіў за 100 тысяч злотых Валожын і пабудаваў тут касцёл і палац у стылі класіцызму, да праектавання іх былі прыцягнутыя выдатныя віленскія дойліды Лаўрын Гуцэвіч і Адам Касакоўскі.

Міхал жа ў 1811 годзе выкупіў у Радзівілаў яшчэ адно мястэчка — Біржы, ператварыўшы яго ў родавую рэзідэнцыю, а ў 1824 годзе яшчэ і Палангу на беразе Балтыйскага мора. Ягоныя нашчадкі ператварылі гэтае месца ў вядомы сёння курорт.

Флігель валожынскай сядзібы Тышкевічаў, у якім сёння размяшчаецца РАУС. Фота: Wikimedia Commons

Што тычыцца месца вырабу, то Вішнева размешчанае за 18 кіламетраў ад Валожына. Тут з 1780 па 1866 год існаваў металургічны завод. Аднымі з галоўных відаў прадукцыі былі літыя агароджы і надмагільныя помнікі. Індывідуальныя заказы з’яўляюцца даволі рэдкімі для вішнеўскага ліцця, пераважае тыпавая адліўка па аднолькавых узорах. Надпісы на сонечным гадзінніку з Валожына выкананы пазнавальнымі для першай паловы XIX стагоддзя шрыфтамі, якія можна сустрэць і на літых надмагіллях таго часу.

А вось тое, дзе мог быць размешчаны гадзіннік у Валожыне, выклікае шмат пытанняў. З роўнай верагоднасцю ён мог быць як і на тэрыторыі касцёла, так і ў якасці ландшафтнага ўпрыгажэння размяшчацца на тэрыторыі сядзібы. Гэтак жа незразумела, як і калі гадзіннік патрапіў з Валожына ў суседні Іўеўскі раён.

Флігель сядзібы Тышкевічаў на тэрыторыі вайсковай часці. Фота: Wikimedia Commons

Ці варта выкупляць?

Многія каментатары ў фэйсбуку адзначылі надзвычайную каштоўнасць выяўленага артэфакта і прапанавалі скінуцца ды выкупіць яго. Але варта звярнуць увагу, што выпадковае выяўленне культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, прапісанае ў беларускіх заканадаўстве.

Паводле артыкула 88 Кодэкса аб культуры, асоба, якая выявіла такую рэч, мусіць прыняць меры па яе захаванні.

Далей неабходна не пазней за два каляндарныя дні з дня яе выяўлення пісьмова паведаміць у мясцовыя органы і перадаць ім знаходку на часовае захоўванне.

Мясцовымі органамі для пацвярджэння наяўнасці або адсутнасці ў рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей прыцягваюцца спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых арганізацый ці музеяў.

Калі яе прызнаюць каштоўнай, то знаходку або перадаюць у музей, або падрыхтуюць прапанову, каб прысвоіць ёй ахоўны статус. У іншым выпадку яе вернуць назад асобе.

Навуковае даследаванне аб'екта, калі ён без знаку не знікне на якім-небудзь аўкцыёне, і гістарычных аб'ектаў Валожына дазволіць у будучыні вярнуць артэфакт на яго гістарычнае месца.

Сёння ж, калі ў адным з будынкаў сядзібы Тышкевічаў размешчаны мясцовы РАУС, а іншы будынак разам з былым паркам адрэзаны ад любога доступу людзей глухім плотам 153-й радыётэхнічнай брыгады асаблівага прызначэння, казаць пра адраджэнне гістарычнага Валожына не выпадае.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Новая сенсацыя на раскопках у Полацку: археолагі знайшлі скарб старажытных візантыйскіх манет

Высветлілася, што за людскія парэшткі выкапалі падчас будаўніцтва кацельні ў Дзяржынску

Музей у Ветцы збірае сродкі на ўнікальны экспанат XVIII стагоддзя

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
16
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
4
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930