Знайсці
22.09.2023 / 11:3511РусŁacБел

З Балгарыі высылаюць трох чалавек, звязаных з Беларускай праваслаўнай царквой. Хто яны?

Учора стала вядома, што Балгарыя высылае двух грамадзян Беларусі — служачых Беларускай праваслаўнай царквы. Краіну мусіць пакінуць і святар з Расіі, таксама вядомы беларускім вернікам. Расказваем, што гэта за людзі. Адзін з іх арганізоўваў вайскова-патрыятычныя клубы.

Протаіерэй Яўген Павяльчук. Крыніца: podvorie-sofia.bg

Згодна з паведамленнем Дзяржаўнага агенцтва нацбяспекі Балгарыі, з краіны маюць з’ехаць грамадзянін Расіі і грамадзяне Беларусі (іх ініцыялы прыводзяцца па-руску — Н. З., і Е. П., і В. Б. адпаведна), таксама ім забаронена наведваць Балгарыю цягам пяці гадоў. Прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава патлумачыла, што гаворка ідзе пра настаяцеля падворка РПЦ у Сафіі архімандрыта Васіяна (Мікалая Змеева), сакратара патрыяршага падворка Яўгенія і супрацоўніка храма.

Афіцыйна прычыны высылкі сфармуляваныя так: «Меры прымененыя ў сувязі з іх дзейнасцю, скіраванай супраць нацыянальнай бяспекі і інтарэсаў Рэспублікі Балгарыя».

Архімандрыту Васіяну Змееву 48 гадоў. У Беларусь ён трапіў у верасні 2015-га, праз паўтары гады пасля таго, як туды быў прызначаны іншы расіянін — былы кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел (Панамароў). Пасада Змеева ў Беларусі — прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім экзархаце.

Архімандрыт Васіян Змееў. Фота: podvorie-sofia.bg

Акрамя гэтага, на той час ігумену Васіяну далі свой храм — Пакроўскі прыход у Мінску, дзе той некалькі гадоў служыў настаяцелем. Адзначым, што гэты храм знаходзіцца на праспекце Пераможцаў і зусім блізка да Драздоў, то-бок гэта не бедны прыход, не кажучы і пра магчымасць завязаць у гэтым прыходзе належныя сувязі.

У 2016-м Змееву далі сан архімандрыта, а ў сакавіку 2018-га перавялі з Мінска ў Сафію. 12 верасня 2023-га архімандрыту забаранілі ўезд у Паўночную Македонію, таксама з краіны выслалі трох расійскіх дыпламатаў. Тлумачэнне на ўсіх адно — здзяйсненне расіянамі дзеянняў, якія парушаюць Венскую канвенцыю аб дыпламатычных зносінах.

Праваслаўны публіцыст Ілля Забяжынскі пракаментаваў падзеі вакол Змеева: «Пішуць, што архімандрыт кожны месяц катаўся ў Паўночную Македонію і муціў там у царкоўных колах за падтрымку РФ у вайне. Балгарскі ўрад, а Балгарыя — сябар НАТА і адзін з самых актыўных пастаўшчыкоў зброі Украіне, — таксама заклапаціўся праз гэтае пытанне. […] У царкоўным асяроддзі БПЦ я чуў нямала гісторый, як настаяцель рускага падворка ў Сафіі карумпіруе балгарскіх мітрапалітаў фінансава, а таксама праз старыя кадэбэшныя сувязі, падаграваючы іх прапуцінска-кірылаўскія пазіцыі і сімпатыі».

Акрамя рускага архімандрыта, Сафію мусіць пакінуць і протаіерэй Яўген Павяльчук, сакратар падворка РПЦ. Гэты беларус быў прызначаны ў Сафію ў ліпені 2019-га года, а да таго служыў у мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры — тым самым, што аказвае падтрымку расійскай арміі на Данбасе, збірае для яе дапамогу і агітуе пісаць лісты акупантам.

Перад тым, як трапіць у Мінск, Павяльчук служыў у Гродне, дзе адказваў на епархіяльным узроўні за супрацоўніцтва з ваеннымі структурамі.

Падчас свайго служэння Яўген актыўна арганізоўваў у епархіі вайскова-патрыятычныя клубы: 2007 год — «Дружына» ў Шчучыне, 2009 год — «Славяне» ў Гродне. У 2011-м годзе ў епархіі таксама былі створаныя клубы «Ваявода» і «Белая Русь». 

Там дзяцей вучылі карыстацца зброяй, ладзілі заняткі рукапашнага бою і фізічнай падрыхтоўкі. У 2015-м годзе «Наша Ніва» апублікавала расследаванне, якое сведчыла пра сувязь гэтых клубаў з прарасійскімі актывістамі, дзейнымі сілавікамі і казакамі. І ў 2017-м годзе Павельчука пераводзяць у Мінск: спачатку на некалькі месяцаў у храм Афанасія Брэсцкага, а потым — у Свята-Елісавецінскі манастыр.

Што да другога высланага беларуса, то ў мясцовых медыя пішуць, што гаворка пра Уладзіміра Банько — аднайменны фатограф рабіў здымкі богаслужэнняў, размешчаныя на сайце падворка.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Больш патрыяршага прадстаўніка ў Беларускім экзархаце не будзе?

На фестывалі, арганізаваным Свята-Еліcавецінскім манастыром, падлеткаў вучылі збіраць і разбіраць аўтаматы

Хто такі казак Пятро Шапко, які спрабуе забараніць бел-чырвона-белы сцяг?

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
30
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
10
1
відьма/адказаць/
22.09.2023
Васіян Змеев
ну й хвамілечка ))
0
Міколка/адказаць/
22.09.2023
Пытанне , калі справа ідзе аб святарах РПЦ - розніцы ўжо няма. Бо сумленных святароў што з РПЦ, што з БПЦ ужо выгналі.
23.09.2023
відьма, не кажыця:) прам анехдот
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930