Знайсці
18.09.2023 / 13:3930РусŁacБел

У цэнтры Мінска пабудаваная рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу? Там ён зможа не толькі працаваць і жыць, але і лячыцца

У новым расследаванні на падставе атрыманых дакументаў афіцэры «Белпола» расказваюць пра пабудову, якая размясцілася ў самым цэнтры Мінска — у скверы каля Свіслачы над вуліцай Першамайскай. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», гэты будынак стане рэзідэнцыяй старшыні Усебеларускага народнага сходу. Гэта раскошны палац: ёршык у туалеце там каштуе 600 рублёў, снегагенератар у СПА-зоне за 118 тысяч, а «штучнае сонца» будзе кампенсаваць недахоп сонечнага святла. «Наша Ніва» мае і фоты будынка.

Схема генеральнага плана новай рэзідэнцыі. Скрыншот відэа osbbelpol / YouTube

Супрацоўнікі «Белпола» атрымалі сотні дакументаў, якія датычаць новай будоўлі. Сярод іх — дэталёвыя планы, дызайн-канцэпцыі, кантракты, дамовы аб пастаўках, каштарысы на закупы. Крыніцай фінансавання з'яўляецца дзяржаўны бюджэт.

Белполаўцы сцвярджаюць, што ўпэўніліся ў тым, што дакументы зʼяўляюцца сапраўднымі. У працэсе падрыхтоўкі расследавання з дапамогай валанцёраў быў распрацаваны 3D-тур па некаторых памяшканнях.

Новы абʼект знаходзіцца ў так званым «урадавым квартале» па вуліцы Чырвонаармейская, 15. Раней у гэтым будынку размяшчалася аддзяленне афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра — гэта значыць, прэзідэнцкай бальніцы. 

На фота ўнізе вы бачыце, як выглядала рэзідэнцыя на этапе рэканструкцыі год таму. Цяпер яна гатовая да здачы.

Так выглядала рэзідэнцыя на этапе рэканструкцыі год таму. Цяпер яна гатовая да здачы. Фота: Наша Ніва

Адпаведна схеме генеральнага плану рэканструкцыі на тэрыторыі будзе знаходзіцца асноўны будынак, кантрольна-прапускны пункт, паркоўка, дызель-генератарная ўстаноўка, фантан, нейкая дэкаратыўная кампазіцыя. На тэрыторыі ёсць парк, у якім плануецца размясціць альтанку-ратонду коштам амаль 151 тысяча рублёў.

У матэрыяле прадстаўлены падрабязныя планы ўсіх чатырох паверхаў будынку. Мы спынімся толькі на найбольш адметных дэталях.

Першы паверх

На першым паверсе размесціцца пункт пропуску са сканерам коштам 28 тысяч рублёў і чатырма металадэтэктарамі, з якіх два расійскія і два амерыканскія агульным коштам 67 тысяч 530 рублёў.

Адметнасцю гэтага паверха зʼяўляецца VIP-спа. Акрамя басейна, там будзе размяшчацца «дарожка Кнэйпа», якая прадугледжвае чатыры ванначкі для ног з кантраснымі тэмпературамі і масажам ступняў. Агульны яе кошт — звыш 115 тысяч рублёў.

Частка СПА-зоны новай рэзідэнцыі. Скрыншот відэа osbbelpol / YouTube

У СПА-зоне таксама размесціцца крыасауна коштам 100 тысяч даляраў ЗША па курсе на момант падпісання дамовы. Побач з ёю размесціцца «сонечны пакой» коштам звыш 62 тысяч рублёў. Ён абсталяваны ўнікальнымі прыборамі «штучнае сонца», якія сінхранізуюць біярытмы чалавека і кампенсуюць недахоп сонечнай энергіі.

Як адзначае вытворца, гэтая канструкцыя аднаўляе гарманальны цыкл, стабілізуе абмен рэчываў, умацоўвае імунную і нервовую сістэмы, што садзейнічае актыўнаму даўгалеццю.

Другой адметнасцю СПА-зоны зʼяўляецца душ уражанняў. Ён складаецца з дзвюх частак — «тропікі» і «сібірская ноч» — агульным коштам звыш 93 тысяч рублёў.

План СПА-зоны новай рэзідэнцыі. Скрыншот відэа osbbelpol / YouTube

Адметнасцю СПА зʼяўляецца VIP-зона. У ёй размесцяцца шыкоўная гідрамасажная ванная коштам звыш 55 тысяч рублёў, пяць лежакоў коштам 11 210 рублёў кожны. А ў цэнтры гэтай зоны — снегагенератар для вытворчасці снегу ў рэжыме круглагадовай эксплуатацыі. Ён каштуе звыш 118 тысяч рублёў.

Там жа размешчаны VIP-сауна (фінская) коштам 110 тысяч рублёў і VIP-парная (хамам) коштам звыш 184 тысяч рублёў.

Так выглядала рэзідэнцыя на этапе рэканструкцыі год таму. З жоўтага будынак зрабілі блакітным. Фота: Наша Ніва

Другі і трэці паверхі

Другі паверх адведзены пад працоўныя памяшканні. Там размяшчаюцца кабінеты, залы для перамоваў, прэс-цэнтр і канферэнц-зала на 42 месцы.

Так выглядала рэзідэнцыя на этапе рэканструкцыі год таму. Цяпер яна гатовая да здачы. Фота: Наша Ніва

На трэцім паверсе сярод розных памяшканняў размешчана абедзенная зала на 38 чалавек. Асаблівасцю гэтага памяшкання зʼяўляецца вітраж на столі, які выкананы ў стылі беларускага арнаменту коштам звыш 72 тысяч рублёў.

3D-візуалізацыя залы для правядзення нарадаў новай рэзідэнцыі. Скрыншот відэа osbbelpol / YouTube

На тым жа паверсе знаходзіцца зала для нарадаў на 21 месца. З іх 20 крэслаў коштам 907 рублёў кожнае і адно крэсла коштам 3558 рублёў. Стол для правядзення нарадаў абышоўся ў суму звыш 71 тысячы рублёў. Камплект штораў у гэтае памяшканне каштуе амаль 30 тысяч рублёў. Столь памяшкання ўпрыгожвае вітраж з васількамі (прывітанне Бондаравай!) коштам амаль 225 тысяч рублёў.

3D-візуалізацыя вітражу на столі ў зале для правядзення нарадаў. Скрыншот відэа osbbelpol / YouTube

Сярод іншых памяшканняў выдзяляюцца бібліятэка, для якой было закуплена 2 тысячы кніг на суму звыш 68 тысяч рублёў, і працоўны кабінет кіраўніка з вітражом на столі коштам звыш 78 тысяч рублёў. Крэсла ў кабінет абышлося дзяржаўнаму бюджэту ў 5 156 рублёў, стол — у 8 134 рублі і пісьмовы набор з малахіту коштам 5940 рублёў.

На тым жа паверсе знаходзіцца спальня кіраўніка і санвузел. Кошт аднаго ёршыка складае амаль 600 рублёў, трымальніка для туалетнай паперы — 295 рублёў.

3D-візуалізацыя часткі санвузла новай рэзідэнцыі. Скрыншот відэа osbbelpol / YouTube

Тумба пад умывальнік абышлася дзяржбюджэту ў суму амаль 6600 рублёў. На ёй — мыльніца коштам 1656 рублёў. Два трымальніка для ручніка каштавалі 3312 рублёў.

3D-візуалізацыя умывальніка. Скрыншот відэа osbbelpol / YouTube

Чацвёрты паверх

У гэтай рэзідэнцыі кіраўнік зможа не толькі працаваць і жыць, але і лячыцца.

Чацвёрты паверх адведзены пад кабінеты для персаналу: начальніка асабістай аховы, асабістага доктара, працэдурны. Апошні абсталяваны апаратурай фізіятэрапеўтычнай накіраванасці: біяптрон, апарат магнітатэрапіі, апарат для электратэрапіі, для УВЧ-тэрапіі, ультрафіялетавы апраменьвальнік і іншыя.

Як сцвярджаецца ў расследаванні, фінальны кошт рэканструкцыі і абсталявання абʼекта складае 43 мільёна 645 тысяч 943 рублі, што па курсе на 1 жніўня 2023 года складала 14 мільёнаў 400 тысяч даляраў ЗША.

«Белпол» мяркуе, што гаворка пра новую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», гэта ў задуме рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу. Такую новую пасаду Аляксандр Лукашэнка прапісаў у Канстытуцыі ў 2022 годзе. Уладальнік гэтай пасады мае паўнамоцтвы кантраляваць прэзідэнта краіны, што дало падставы думаць, што яна задуманая пад самога Лукашэнку на перыяд калі ён пастарэе і захоча перадаць уладу падкантрольнаму сабе пераемніку.

Чытайце яшчэ:

Фонд Навальнага рассакрэціў рэзідэнцыю Пуціна з «салонам прыгажосці»

Стала вядома, каму належыць «рэзідэнцыя прэзідэнта» на радзіме Лукашэнкі ў Александрыі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
які ж гэта савок/адказаць/
19.09.2023
гэта капіталізм з нечалавечым тварам. вось гэта што
0
іх не пераробіш/адказаць/
20.09.2023
бабруйчанін, але мы з мужам)
былі наведвалі тамака ягоную бабушку..
з брыгады машэрава..
я думало - нуў.. можа хоць яны нармальныя.. праз 3 пакаленні
па ходу, што не 
0
Проста жыхар/адказаць/
27.09.2023
Дзеля справядлівасці, на вітражы як быццам бы лён, а не васількі.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера